Ва Уладзіміра Караткевіча ёсць цудоўны верш «Беларуская песня»: «Дзе мой край? Там, дзе вечную песню пяе Белавежа, // Там, дзе Нёман на захадзе помніць варожую кроў, // Дзе на ўзвышшах Наваградскіх дрэмлюць суровыя вежы // І вішнёвыя хаты глядзяцца ў шырокі Дняпро. // Ты ляжыш там, дзе сіняя Прыпяць ласкава віецца, // Дзе Сафія плыве над Дзвіною, нібы карабель... // Там, дзе сэрца маё з першым крокам, як молат, заб’ецца, // Калі б нават сляпым і глухім я прыйшоў да цябе». У песні гэтай своеасаблівымі акордамі гучаць і матывы твораў мастакоў. Яны ў розных кутках Бацькаўшчыны нарадзіліся, а без іх мелодыя роднай зямлі няпоўная. Без тых, хто родам з Капыльшчыны, таксама. 


Капылянкі ў творах Малевіча

Галоўная карціна Казіміра Малевіча «Чорны квадрат» вядомая ва ўсім свеце. Кошт яе перавышае 20 мільёнаў долараў. Няма сумнення, што ў далейшым павялічыцца. Што да таго, дзе нарадзіўся Казімір Севярынавіч, спрэчкі вядуцца даўно. І раней не адмаўляўся беларускі след у яго біяграфіі. Яшчэ выдатны беларускі краязнаўца і адраджэнец Мікалай Каспяровіч у 1927 годзе пісаў у артыкуле «Матэрыялы да вывучэння віцебскай краёвай літаратуры і мастацтва»: «Па паданні, Малевіч паходзіць з сяла Малева Мінскай ці Віцебскай губерні». Хоць пасля даследчыкі сышліся на тым, што з’явіўся на свет у Кіеве. Аднак пытанне ўдакладніў філосаф і гісторык Уладзімір Конан. Ён выказаў меркаванне, што бацькам Казіміра Малевіча мог быць этнограф і фалькларыст С. Малевіч. 

Імя і імя па бацьку яго невядома. Ён склаў зборнік «Белорусские народные песни». А яшчэ з’яўляецца аўтрам даследавання «Белорусский нищенский Лазарь». Тэкст яго, як сведчыў сам С. Малевіч, запісаў ад лірніка Восіпа Адамацкага з Лоцвінаў Талядовіцкай (Цялядавіцкай. — А. М.) воласці Слуцкага павета. Той, у сваю чаргу, запомніў гэтую песню ад нейкага сляпога лірніка з Цімкавіцкай воласці.

Дзякуючы гэтаму Казімір Малевіч і «наблізіўся» да Капыльшчыны. Канчатковую пэўнасць, зразумела, мог бы ўнесці ён сам. Аднак, паколькі неаднаразова перапісваў біяграфію, у сведчаннях назіраюцца разыходжанні. Найбольш праўдзівы жыццяпіс 1927 года. У ім месцам свайго нараджэння і назваў Капыль. Пра гэта гаварыў і ў лекцыях, якія чытаў у берлінскім Баўхазе — Вышэйшай школе будаўніцтва і мастацкага канструявання. 

Што ён сапраўды капылянін, перакананы і ўнучаты пляменнік Казіміра Севярынавіча Ігар Малевіч. Пра гэта яму некалі казала яго бабка Ульяна. Гэтыя звесткі можна пачарпнуць з яго кнігі «Восхождение на крест судьбы». Як упэўнены ён, «малюнкі маленства адкрылі Казіміру разуменне філасофіі часу і не бачнай іншым інтуіцыі Майстра». З гэтага «выраслі» «жнеі з трохкутнікам сагнутых фігур». Адсюль і «перасячэнне прасторы квадратаў вёдраў на карамысле капылянкі з трохкутнай прасторай шырокапанарамнага „кравецкага кажуха“».

К. Малевіч «Жніво», 1913 г.
К. Малевіч «Жніво», 1913 г.

Пабачанае ў раннія гады суправаджала яго ўсё жыццё. Яно ж, як вядома, было няпростым і абмежавалася датамі 23 лютага 1878 года — 15 мая 1935-га. Але стварыў надзіва шмат. 

Урну з прахам Казіміра Малевіча пахавалі пад Масквой, у Нямчынаўцы. На магіле паставілі драўляны помнік. Створаны Мікалаем Суеціным, ён уяўляў сабой белы куб з чорным квадратам. У пасляваенны час і помнік гэты, і магіла зніклі. Ёсць, аднак, меркаванне, што прах яго развеялі ў Віцебску, Петраградзе, той жа Нямчынаўцы, і, канешне, у Капылі. Усе гэтыя месцы былі яму вельмі дарагія. Нельга не пагадзіцца з Ігарам Малевічам: «Казімір Малевіч — геній зямлі Беларускай — ужо больш чым стагоддзе аказвае трансментальны ўплыў на ўсіх нас [...]». Хіба што не абысціся без невялікага, але істотнага дапаўнення: і геній Капыльшчыны.

Апранаў «Песняроў»

Невялікая вёска Вострава — радзіма мастака тэатра, жывапісца Івана Пешкура. Востравам яе, хутчэй за ўсё, назвалі таму, што ўяўляла востраў, акружаны балотамі. Невялікая цяпер, а 13 кастрычніка (часам называецца 21 снежня) 1921 года, калі нарадзіўся ў ёй Іван Пешкур, ды і нават у пасляваенныя гады была немалой. Як успамінаў Іван Іванавіч, да вайны ў ёй было больш за 400 жыхароў. Працавала пачатковая школа, скончыўшы якую ён працягваў вучобу ў Крывасёлкаўскай сямігодцы — за нейкія два кіламетры ад Вострава. Дарэчы, яе, тады адзінаццацігодку, у 1964 годзе скончыў і аўтар гэтых радкоў. 

Разам з Іванам Пешкурам у ёй вучыўся і Іван Грыб, будучы партызанскі камандзір. Іх дарогі зноў сышліся ў Вялікую Айчынную вайну. Іван Пешкур ваяваў у атрадзе, які Грыб узначальваў. А, скончыўшы Крывасёлкавую школу, падаў дакументы ў Віцебскае мастацкае вучылішча. Прапанаваныя пейзажы, напісаныя ў ваколіцах Вострава і Крывасёлак, а таксама партрэты простых вяскоўцаў сведчылі аб яго таленце. У гэтым упэўніліся і Уладзімір Хрусталёў, Іван Ахрэмчык, Фёдар Фогт, якія сталі яго выкладчыкамі. 

Іван Пешкур. Эскіз дэкарацыі да оперы «Чыа-Чыа-сан» Дж. Пучыні, 1975 г
Іван Пешкур. Эскіз дэкарацыі да оперы «Чыа-Чыа-сан» Дж. Пучыні, 1975 г

Падчас вучобы прыйшло і новае захапленне, што і паўплывала на яго далейшы мастакоўскі шлях. Любіў хадзіць на спектаклі Другога Беларускага дзяржаўнага тэатра, цяпер Нацыянальны тэатр імя Якуба Коласа. Прыглядаўся да дэкарацый, часам ловячы сябе на думцы, што, калі б была магчымасць, аформіў бы іх інакш. 

Выкладчыкі верылі ў яго творчыя магчымасці. Не сумняваліся, што вучобы ў вучылішчы яму недастаткова. Пасля заканчэння навучання прапанавалі паступаць у Ленінградскую мастацкую акадэмію імя І. Рэпіна. Аднак з пачаткам савецка-фінляндскай вайны быў прызваны ў армію. Удзельнічаў ва ўзяцці лініі Мангергейма. Гэта быў крок насустрач смерці. Аднак пашанцавала. 

Неаднойчы глядзеў у вочы смерці і ў гады Вялікай Айчыннай, будучы ў партызанскім атрадзе Івана Грыба разведчыкам. Вайна для яго скончылася з вызваленнем Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Стаў працаваць мастаком у Беларускім дзяржаўным тэатры оперы і балета. Школу афарміцельскага майстэрства праходзіў пад кіраўніцтвам вопытнага мастака-дэкаратара Сяргея Нікалаева. Першыя ўласныя дэкарацыі выканаў да оперы «Русалка» А. Даргамыжскага, балета «Шчаўкунок» П. Чайкоўскага. 

Нямала зрабіў і з’яўляючыся галоўным мастаком Беларускага тэатра юнага гледача. Афармляў спектаклі як з класічнага рэпертуару, так і сучаснага. Толькі ў ТЮГу за 13 гадоў аформіў звыш 100 спектакляў. Сярод іх былі і пастаноўкі па творах беларускіх аўтараў: «Мядовы месяц» К. Губарэвіча, «Папараць-кветка» і «На хвалях Серабранкі» І. Козела, «Не верце цішыні» І. Шамякіна і іншыя.

Ствараў дэкарацыі для ўрадавых канцэртаў. Па яго эскізах былі пашыты і касцюмы для «Песняроў». Не забываў і пра сваіх землякоў. Наведваючыся ў Цімкавічы, падказваў кіраўніку мясцовага самадзейнага тэара Зінаідзе Раманенцы, як лепш аформіць спектакль. У тым, што гэтаму калектыву было прысвоена ганаровае званне «Народны», у пэўнай ступені і яго заслуга.

Працаваў Іван Пешкур і ў галіне жывапісу. Пейзажы «Бярозы», «Крыжоўка», «Рака Вяча», «Заслаўе», «Зімовы далі» і іншыя — прызнанне ў любові да роднай Беларусі. Дыяграма ж «Лагер у Трасцянцы» (сумесная праца з мастаком Яўгенам Красоўскім) — адлюстраванне адной з самых страшных трагедый часоў гітлераўскай акупацыі. 

У Івана Іванавіча было шмат творчых планаў, аднак 12 кастрычніка 1980 года ён трагічна загінуў.

І ў Траццякоўцы капыльскі след

Гэтае кароткае паведамленне БелТА ў сярэдзіне 1987 года абышло ўсе рэспубліканскія газеты, прагучала па радыё. Заслужаны мастак РСФСР Пётр Розін большую частку сваёй творчай спадчыны — каля 100 палотнаў, эскізаў — завяшчаў землякам, перадаўшы іх Капыльскаму краязнаўчаму музею. Адна толькі недакладнасць была ў інфармацыі — месцам нараджэння яго называлася вёска Вашканы. На самай справе — гэта былі Вошкаты. Але доўгі час малой радзімай Пятра Ісакавіча лічыўся Слуцк. Так захацелі бацькі. Ды і звалі яго Пейсах, па бацьку Іцкавіч. З’явіўся на свет 15 чэрвеня 1913 года. Таму і завяшчаў землякам так шмат твораў, што згадкі пра сваю родную вёску, пра Капыльшчыну пранёс 
праз усё сваё жыццё (памёр 12 верасня 1984 года).

Той, хто аднойчы пабываў у Вошкатах (гэта недалёка ад Капыля), не мог не звярнуць увагі на дубы-волаты, што ўладарна захапілі цэлую паляну. Магутным дрэвам споўнілася не адна сотня гадоў. Каля гэтых дубоў і праходзіла маленства Пятра Розіна. Сюды ён часта прыходзіў, вяртаючыся з заняткаў у капыльскай школе. Аб многім думалася ў цішы дапытліваму хлапчуку. Імклівая плынь новага жыцця прымушала яго па-сталаму, сур’ёзна асэнсоўваць з’явы і падзеі.

Маляваць любіў з ранніх гадоў. У школьным сшытку занатоўваў алоўкам выявы родных аселіц. Часам накідваў штрыхамі партрэт аднакласніка ці каго-небудзь з аднавяскоўцаў. Тыя, пабачыўшы малюнкі, не хавалі свайго захаплення. Гэтае прыязнае стаўленне да яго першых работ у многім прадвызначыла і далейшы лёс. У 1929 годзе, закончыўшы сярэднюю школу, падаў заяву ў Віцебскі мастацкі тэхнікум. Праўда, першым разам не пашанцавала, сказалася адсутнасць тэарэтычнай мастацкай падрыхтоўкі. Ды не засмуціўся, а старанна рыхтаваўся. Праз год зноў падаў дакументы. 

Пасля была вучоба ў Кіеўскім дзяржаўным мастацкім інстытуце, у які паступіў у 1936 годзе. Але закончыць не паспеў. У першы ж дзень Вялікай Айчыннай вайны добраахвотнікам пайшоў на фронт. Вучобу прадоўжыў пасля Перамогі, стаўшы адразу студэнтам трэцяга курса Маскоўскага мастацкага інстытута імя Васіля Сурыкава. Дыплом аб вышэйшай мастацкай адукацыі атрымаў з адзнакай. 

П. Розін «Пацёмкінцы», 1956—1957 г.
П. Розін «Пацёмкінцы», 1956—1957 г.

У гісторыю савецкага выяўленчага мастацтва ўвайшоў як майстар гістарычнага жанру і манументальна-бытавой карціны, а таксама партрэта. Яго творы дэманстраваліся на розных выстаўках, што праводзіліся ў Савецкім Саюзе. Найлепшыя траплялі і на замежныя паказы. Іх ахвотна набывалі музеі — Траццякоўка, Рускі музей, не кажучы пра абласныя: Адэса, Арол, Растоў-на-Доне, Кастрама, Пскоў, Курск...

Паездкі на Капыльшчыну падказалі серыю «Родныя мясціны». Узіраешся ў гэтыя карціны, замалёўкі, эскізы — і такое адчуванне, што ўвачавідкі бачыш тое, што некалі ўзрушыла іх аўтара. Бярозкі на ўзлеску, шырокія далягляды, калі, здаецца, неба зліваецца з зямлёй; роўнядзь свежаскошанага лугу, блакітная павуцінка рэчкі. І, канешне ж, вошкатаўскія дубы... Гэта ўсё яго малая радзіма, родны кут, такі дарагі і блізкі.

* * * 
Творчасць згаданых мастакоў нагадвае і пра тое, што празорліва выказаў і народны паэт Беларусі Пімен Панчанка:

Пакуль сонца не згасне, пакуль свецяцца зоры, 

Беларусь не загіне, будзе жыць Беларусь!

Зоркі, запаленыя выдатнымі капыльскімі творцамі, таксама неўміручыя, бо яны, радуючы талентам сучаснікаў, святлом сваім сягаюць і ў заўтрашні дзень, асвятляючы шлях нашчадкам. 

Алесь МАРЦІНОВІЧ