Значная частка артэфактаў гродзенскіх замкаў праходзіць праз рукі рэстаўратараў. У Гродне такіх спецыялістаў адзінкі. Таму работы ў іх заўсёды хапае. Асабліва напружаная яна падчас падрыхтоўкі новых экспазіцый у горадзе. Апошнім часам значнае месца ў іх працы занялі экспанаты для новых залаў Старога замка, дзе прайшла даволі маштабная рэканструкцыя. Над чым сёння працуюць спецыялісты гэтай рэдкай прафесіі? Аб гэтым расказалі і шмат цікавага паказалі ў Цэнтры рэстаўрацыі і даследавання Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея.


І куфар, і самавар...
Такі цэнтр пачаў дзейнічаць пяць гадоў таму ў рамках трансгранічнага праекта. Ён размясціўся ў адным з гістарычных будынкаў горада па вуліцы Акадэмічнай. Калісь двухпавярховы асабняк належаў вядомаму гродзенскаму лекару, але за больш чым 100-гадовую гісторыю прыйшоў у аварыйны стан. Як расказаў начальнік аддзела даследавання і рэстаўрацыі Іван Кірыковіч, нядаўна тут завяршыўся рамонт, і ўмовы працы спецыялісты ацэньваюць як досыць спрыяльныя. Тут прасторна, у кожнага ёсць не толькі свая майстэрня, але і свой кабінет. Праўда, чакалі і абсталяванне, якое было заяўлена ў праекце, але транш быў спынены. У прыватнасці, павінна была паступіць фумігацыйная камера, у якой экспанаты ачышчаюцца ад грыбка і іншых арганічных пашкоджанняў. Цана такой камеры дасягае 90 тысяч еўра. Магчыма, яе набыццём цяпер будзе займацца сам музей. Каб пазбавіцца шкоднага ўздзеяння лакаў і фарбаў, набыта выцяжная шафа. Таксама ёсць ультрагукавая ванна.

У рамках праекта закуплены ноўтбукі, мэбля, рабочыя сталы. Тут можна размясціць і прылады для працы, і самі прадметы. А яны надзвычай цікавыя. Напрыклад, рыхтуецца чарговая выстаўка ў Новым замку, якая прысвечана вандроўкам. Адным з экспанатаў будзе стары куфар пачатку ХХ стагоддзя.

— У куфры трэба зняць лішнюю ржу на метале, потым метал стабілізуем, пакрыем яго спецыяльным складам, пасля гэтага прыступім да апрацоўкі скураной паверхні, яе трэба пачысціць. Гэты экспанат набыты самім музеем. На выстаўцы будзе прадстаўлена вялікая калекцыя куфраў, якія ўжо прайшлі рэстаўрацыю, — паведаміў Іван Кірыковіч.

На гэту выстаўку пойдзе і вялікі армейскі самавар 1947 года выпуску. У ім змяшчаецца 22 літры, ці 200 кубкаў, кіпню. Самавар давядуць да бляску, будуць зроблены драўляныя ручкі, нададзены эфект пацініравання ці, кажучы прасцей, старэння.

Поршні на гродзенскім замчышчы
Асабліва адказны і напружаны перыяд работы прыпаў на падрыхтоўку да адкрыцця першай чаргі Старога замка. Даволі шмат экспанатаў было знойдзена падчас раскопак, відавочна, што яны мелі патрэбу ў рэстаўрацыі. Гэта розныя металічныя і скураныя вырабы, прылады сярэднявечнай зброі, прадметы быту, рэшткі адзення і абутку. У адным з пакояў цэнтра якраз цяпер ідзе рэстаўрацыя старажытнага скуранога абутку.



— У нас захоўваюцца шматлікія віды скуры розных перыядаў. Яна знаходзяцца ў фондах, паступова прыходзіць іх чарга. Напрыклад, у мяне на стале — абрэзкі скуры, якія будуць сабраны ў старажытны абутак — поршань. Гэта знаходкі ХІІІ стагоддзя, практычна з часоў заснавання Гродна. Як відаць, яны знойдзены падчас першых раскопак замчышча ў 20-х гадах мінулага стагоддзя. Я складаю гэты абутак з абрэзкаў на больш-менш падобную аснову. У выніку атрымаецца так званы поршань — найбольш распаўсюджаны абутак сярэднявечча. Нешта накшталт скураных лапцей, — расказала мастак-рэстаўратар Вольга Ціхінская.

Беручы пад увагу вялікую колькасць такіх скураных абрэзкаў, знойдзеных на замчышчы, можна меркаваць аб развіцці скуранога промыслу ў старажытным Гродне. Відаць, нямала было і майстэрань па вырабе абутку. У экспазіцыі Старога замка прадстаўлены поршні, ці пастолы, якія прайшлі рэстаўрацыю ў гэтым цэнтры.

Калега Вольгі па мастацка-рэстаўрацыйнай рабоце Таісія Санько займаецца аднаўленнем тэкстыльных вырабаў. Напрыклад, цяпер яна «чаруе» над суконным фрэнчам 40–50-х гадоў, які апошні раз насілі ў Воранаўскім раёне. Адзенне больш чым паўстагоддзя захоўваецца ў фондах і ў будучыні можа стаць адным з экспанатаў сялянскага побыту.

— Гэта верхняя вопратка, вельмі шчыльнае сукно, добра пашытае, нават плечыкі ёсць. Але відавочна, што яго насілі доўга, бо ёсць дзе-нідзе дзіркі, пацёртасці, усё гэта трэба аднавіць. Магчыма, падабраць вялены кампанент. З выварату нічога не выражаш, бо тады парушыцца цэласнасць вопраткі, што непажадана, — удакладніла Таісія.



Каб узнавіць адбіты жбан ці іншы посуд, робіцца яго камп’ютарны праект, потым пластылінавы і затым керамічны. Новы фрагмент спецыяльна адрозніваецца ад арыгінала, каб захаваць аўтэнтычнасць прадмета. Некаторыя рэчы набываюць патрэбную форму з невялікага чарапка. Такім чынам, можна атрымаць уяўленне, як выглядаў гэты посуд у старажытнасці. Пасля таго, як рэчы набылі другое жыццё, яны трапляюць у вітрыны музея.

Амаль усе экспанаты Старога і Новага замкаў Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея праходзяць праз рукі рэстаўратараў. Напрыклад, нядаўна была падрыхтавана экспазіцыя, прысвечаная генацыду ў гады Другой сусветнай вайны. Рэстаўратары аднаўлялі рэчы, якія былі знойдзены падчас раскопак месцаў масавага расстрэлу яўрэяў. У экспазіцыю трапілі грабеньчыкі, прылады для галення, мундштукі, абутак і... кулі.

Ін’екцыі для ікон
Рэстаўратары аднаўляюць не толькі экспанаты для чарговых выставак. Многія рэчы пасля таго, як прайшлі рэстаўрацыю, адпраўляюцца ў фонды. Яны ў музея даволі багатыя. Тут захоўваецца больш за 200 тысяч унікальных і каштоўных прадметаў, з і каля дзвюх тысяч ікон. Ёсць даволі незвычайныя. Напрыклад, ікона «Плашчаніца» нагадвае вялікае жывапіснае палатно. Мяркуецца, што яна напісана ў ХVІІ стагоддзі, а трапіла ў музей на пачатку 2000-х гадоў у вельмі дрэнным стане. Па словах мастака-рэстаўратара Аляксея Навумчыка, работа над яе аднаўленнем можа заняць паўгода.



— У іконы адбылася дэфармацыя паперы і палатна, яго неабходна замацаваць. Патрабуецца выканаць дубліраванне, пасля чаго шпрыцам ін’ектуецца рыбны клей у месцы, дзе неабходна дадатковае ўмацаванне. Гэтыя месцы праз некаторы час трэба расправіць прасам. Потым тытунёвая папера, якая кладзецца зверху, здымаецца. Пасля ўводзіцца спецыяльны грунт — так званая маска. Паверхня павінна быць максімальна роўнай. І толькі пасля ўсіх маніпуляцый можна прыступаць да лакафарбавага працэсу. Сёння дастаткова фарбаў, каб дабіцца патрэбнага эфекту, — расказвае аб паслядоўнасці сваёй работы Аляксей.

І дадае, што такая кансервацыя дазволіць не толькі надоўга захаваць ікону ў добрым стане, але і дазволіць паказаць цікавы экспанат наведвальнікам падчас выстаўкі.

Згодна з дакументамі, ікона напісана ў Расіі. Па словах рэстаўратара, у ёй спляліся розныя жанры. Разам з кананічнымі выявамі Хрыста і яго вучняў тут можна ўбачыць панараму, падобную да тых, што ёсць на карцінах Леанарда да Вінчы.



Дарэчы, рэстаўрацыя ікон выклікае інтарэс і ў наведвальнікаў Старога замка, дзе нядаўна адбыўся майстар-клас з удзелам Аляксея Навумчыка. Кожны мог назіраць за працэсам рэстаўрацыі адной з каштоўных ікон з фондаў гісторыка-археалагічнага музея. Экспанат дастаўлены сюды ў 90-я гады з мытні падчас спробы вывазу за мяжу. Дарэчы, такім чынам у музей трапіла даволі значная колькасць ікон. Асноўная калекцыя фонду фарміравалася менавіта ў савецкі час з прадметаў, перададзеных з храмаў альбо прынесеных прыхаджанамі. Многія іконы паступаюць у даволі крытычным стане.

— Ёсць тэхналогія рэстаўрацыі, навуковыя даследаванні, яны пачалі развівацца на пачатку ХХ стагоддзя, калі паўстала пытанне: што рабіць з такімі прадметамі? Раней, калі яны знаходзіліся пры храмах, старыя іконы на драўляных дошках пакрывалі новым грунтам, а зверху малявалі новыя выявы і вобразы. З росквітам культуры расло разуменне, што гэта каштоўнасць, і сталі шукаць розныя спосабы вярнуць ім былое аблічча, — расказвае майстар.



Дарэчы, іконы з двайным запісам неаднойчы праходзілі праз рукі рэстаўратараў. Напрыклад, трапляе экспанат для замацавання верхняга пласта, а пад ім аказваецца ніжняе пісьмо. І тады верхні пласт па кавалачках пераносіцца на іншую аснову. Такім чынам удаецца захаваць дзве каштоўныя выявы.

Пасля аднаўленчых работ іконы вяртаюцца ў фонды, час ад часу выстаўляюцца ў экспазіцыі. Магчыма, фондавыя запасы маглі б стаць больш даступнымі пры наяўнасці асобнага мастацкага музея. У адрозненне ад іншых абласных цэнтраў, у Гродне такога няма. Фондавыя экспанаты можна перыядычна ўбачыць у залах Старога і Новага замкаў, дзе праходзяць тэматычныя выстаўкі. Але плошчаў для пастаянных экспазіцый не хапае. Між тым для турыстычнага горада наяўнасць такога музея была б толькі плюсам.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара