7 ліпеня 2022 года ў 18.00 у Рэспубліканскай мастацкай галерэі “Палац мастацтва” адбудзецца адкрыццё выставачнага праекта Беларускага саюза мастакоў “Альгерд Малішэўскі. Эпоха”, прымеркаваны да 100-гадовага юбілею вядомага мастака і настаўніка. Выстава падрыхтавана пры падтрымцы Мінскага дзяржаўнага мастацага каледжа імя А.Глебава.
У экспазіцыі прадстаўлены жывапісныя работы выдатнага мастака, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, ветэрана вайны Альгерда Адамавіча Малішэўскага (1922 – 1989) з калекцыі Беларускага саюза мастакоў і з сямейнага збору Эліны Малішэўскай.
Акрамя твораў А.Малішэўскага ладную частку выставы складаюць работы яго вучняў у Мінскай мастацкай вучэльні імя А.Глебава, дзе мастак выкладаў з 1953 па 1981 гады – былых дыпломнікаў, студэнтаў, якіх заўжды ахопліваў сваёй увагай і дапамогай. Сярод іх Зоя Літвінава, Святлана Каткова, Георгій Скрыпнічэнка, Мікалай Селяшчук, Алег Маціевіч, Уладзімір Гардзеенка, Міхаіл Рагалевіч, Васіль Сумараў, Уладзімір Уродніч, Мікалай Апіёк, Уладзімір Зінкевіч, Мікалай Цудзік, Мікалай і Марыя Ісаёнкі, Сяргей Малішэўскі, Генадзь Козел, Уладзіслаў Куфко, Алег Назаранка і шмат хто яшчэ. Немагчыма сабраць і прадставіць усіх вучняў майстры ў рамках адной выставы, але нават па гэтым, далёка няпоўным коле мастакоў, якія сёння самі з’яўляюцца ўжо вядомымі ў Беларусі творцамі, можна гаварыць пра несумненны педагагічны талент А.Малішэўскага. Пра эпоху яго велізарнага ўплыву на моладзь падчас іх навучання, іх станаўлення як асобаў і мастакоў.
Альгерд Малішэўскі быў майстрам экспрэсіўнай, вобразнай сюжэтна-тэматычнай карціны, цудоўным каларыстам, які таленавіта і віртуозна валодаў фарбамі на палатне і лічыў жывапіс не проста “афарбаванай карцінкай”, а эмацыянальным арганізмам, праз які свет успрымаецца жывым, паўнакроўным і непасрэдным. Яго творчы ўзлёт адбыўся ў 1960-я гады, якія сталі для нашага мастацтва пераломным момантам, перыядам зараджэння новых форм пластычнай мовы. “Ён паслядоўна і настойліва шукаў новыя сістэмы кампазіцый, іх паэтыку і пластычныя прыёмы. Смела ўваходзіў у кола праблем – ад паглыбленага аналізу заканамернасцей прыроды да складанага роздуму пра свет і чалавека... Здаецца, ён забаўляўся, спалучаючы жоўтае з сінім, рудое з ліловым, чырвонае з зялёным, вохру з блакітным. Гуляў у колеры, як дзеці гуляюць у кубікі. Гэтая “гульня” была ягоным жыццём. Малішэўскі даў новую ролю колеру ў жывапісе, выявіў ягоную самастойную каштоўнасць”, пісаў мастацтвазнаўца, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Барыс Крэпак.
Пошук – адзін з прынцыпаў на ўсім творчым шляху А.Малішэўскага. Пошук праз колер, фактуру, рытм, святло. Менавіта пошук стаў асновай ягонай творчай дзейнасці.
Альгерд Малішэўскі аддана любіў жывапіс: французскіх імпрэсіяністаў, “барбізонцаў”, Веранэзэ, Тыцыяна, Эль Грэка, Ван Гога, Дэрэна, Каровіна, асабліва – Сезана, лічыў іх эталонам для кожнага творцы. Нягледзячы на ваеннае юнацтва, бласлаўляў гармонію ў мастацтве, апяваў радасць чалавечага існавання – у пейзажах, нацюрмортах… А партрэты – Аляксандра Кішчанкі, Аляксандры Некраш, Марыны Мельячэнка, Марыі Макарэвіч, Галіны Арцімовіч, палачанкі Ніны Кныш, Андрэя з голубам… У іх мастак шукае адказы на хвалюючыя яго пытанні: які ён, чалавек, як ён знітаваны з сучаснасцю, з асяроддзем. Нават “банальныя” сюжэты з аператарамі МТЗ, будаўнікамі Чыжоўкі, партрэтамі брыгадзіраў, медыкаў, нафтавікоў, мастак ператвараў у феерверкі фарбаў. Але галоўнае, што гучыць у палотнах Альгерда Малішэўскага – уся неўтаймаванасць душы жывапісца, захапленне роднай зямлёй і яе людзьмі.
Альгерд Адамавіч Малішэўскі (1922 – 1989)
Нарадзіўся 8 верасня 1922 г. у Бабруйску.
Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.
У 1952 г. закончыў факультэт жывапісу Харкаўскага мастацкага інстытута.
Удзельнік мастацкіх выставак з 1956 г.
Сябра Беларускага саюза мастакоў з 1965 г.
Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1977).
1953 – 1981. Выкладаў у Мінскім мастацкім вучылішчы.
Працаваў ва ўсіх жанрах станковага жывапісу. Аўтар карцін “Мы вернемся”, “Гады вайны”, “Салдаты – сыны Радзімы”, “Хатынь”, “Маці”, “Пратэст супраць вайны”, “Металургі”, “Сяброўкі”, “Брыгада”; партрэты хірурга С. Секача, брыгадзіра-палявода В. Прыступчыка, Г. Дарашкевіч, “Партрэт студэнта”, лірычных пейзажаў “Міншчына”, “Вясна”, ”Калы”, “Вясна ў Чыжоўцы” і інш.
Творы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь, фондах Беларускага саюза мастакоў.
Выстава працягнецца да 24 ліпеня 2022 года.
Адрас: г. Мінск, вул. Казлова 3, “Палац мастацтва”.
Час працы: аўторак-нядзеля з 11:00 да 20:00; панядзелак – выхадны дзень.
Тэлефоны для даведак: +375 (17) 395-15-49; +375 (29) 264-68-48 (МТС).
З інфармацыяй пра мінулыя і будучыя выставы можна азнаёміцца на сайтах Беларускага саюза мастакоў: www.belartunion.by, Палаца мастацтва: http://artpalace.by/ На нашай старонцы ў Facebook: https://facebook/com/mastatstva