19 студзеня 2023 года ў 18.00 у Рэспубліканскай мастацкай галерэе “Палац мастацтва” (вул.Казлова, 3) адкрываецца выстава “Дынастыя”, прымеркаваная да 95-годдзя народнага мастака Беларусі Гаўрыіла Вашчанкі (1928-2014). У экспазіцыі прастаўлены знакавыя работы знакамітага беларускага творцы з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь, а таксама з калекцыі сям’і мастака. Побач з заснавальнікам мастацкай дынастыі свае работы прадстаўляюць яго сын Канстанцін Вашчанка і ўнучка Ангеліна Вашчанка.

 

Аднойчы ў Гаўрыіла Вашчанкі запыталі: “Якая праца ў вас самая любімая?” “Няма любімых, ёсць найбольш эмацыйна выпакутаваныя – тыя, што звязаны з маёй малой Радзімай, з маёй хатай, з маці”, – адказаў мастак. Гэтая думка, выказаная вядомым майстрам, чырвонай ніткай праходзіць праз выставу “Дынастыі”.

У творчасці Гаўрылы Вашчанкі няма туманнага эзатэрызму. Мастак заўсёды пісаў тое, што добра ведаў. Краявіды, што цешаць вока і будзяць фантазіі. Жыццё на родным Палессі, у краі, дзе нарадзілася любоў да народа, яго гісторыі, што так ярка прачытваецца ў яго жывапісных карцінах і манументальных працах. Немалую ролю адыграла вучоба ў Інстытуце прыкладнога і дэкаратыўнага мастацтва ў Львове, дзе ў першыя пасляваенныя гады панавала свабодная атмасфера еўрапейскага горада, стваральная для тых, хто імкнуўся да мастацтва... Адтуль жа было вынесена пачуццё самакаштоўнасці свайго, роднага, пачуццё, якое не выкажаш гучнымі словамі, але якое фармуе кірунак думак і творчых імкненняў.

Мастак, здаецца, усім сваім жыццём даказваў правільнасць уласнай пазіцыі: заўсёды будзь самім сабой – і цябе пачуюць людзі. У творчасці ён імкнуўся да абагульнення асабістага досведу, адгэтуль выразнасць думкі, кампазіцыі, каларыту…

На выставе ў Палацы мастацтва прадстаўлены праграмныя жывапісныя палотны Гаўрыіла Вашчанкі з музеяў і работы з калекцыі сям’і, мала або зусім невядомыя гледачу. Пастаянна займаючыся алейным жывапісам, Гаўрыіл Вашчанка актыўна працаваў і ў акварэлі, пастэлі. Але выкарыстоўваючы шырокі спектр розных тэхнік, ён увесь час заставаўся сабой, і нават у звыклым для сябе алейным жывапісе ўвесь час эксперыментаваў з каляровай асновай і тэкстурай мазка.

Канстанцін Вашчанка атрымаў прызнанне як мастак, фатограф і дызайнер. Тры дзесяцігоддзі ён паспяхова працуе ў галіне станковай, кніжнай і камп’ютарнай графікі. Прафесійна займаецца фатаграфіяй, кніжнымі выданнямі, плакатамі, календарамі, распрацоўвае наватарскія арт-аб’екты для адкрытай і камернай прасторы. Многія яго ініцыятывы атрымалі шырокую вядомасць як у Беларусі, так і за мяжой. Адна з іх – пяцігадовая праца над дызайнам шматтомнай факсімільнай рэпрадукцыі “Кніжная спадчына Францыска Скарыны”, якая была адзначана на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах “Мастацтва кнігі”. Апошняе дзесяцігоддзе было плённым для Канстанціна Вашчанкі ў галіне жывапісу. Цікавасць аўтара да жывапісу ўзнікла не без уплыву яго бацькі. Верагодна, што менавіта ад бацькі Канстанціну перадалася любоў да роднай зямлі, якая знайшла адлюстраванне ў яго жыцці і творчасці.

Ангеліна Вашчанка яшчэ вучыцца на кафедры графікі, але ўжо прымае ўдзел у выставах, ілюструе кнігі. Работы Ангеліны – працяг фантастычнага свету дзіцячых кніг і ўражанняў ад мастацкага свету карцін Гаўрыіла Вашчанкі, які абкружаў яе з нараджэння.

Наведаўшы выставу, глядач у першую чаргу зверне ўвагу на экспрэсію выяў, унутраную напругу ў працах, якія застануцца ў памяці і запатрабуюць філасофскіх разважанняў.

 

Выстава працягнецца да 12 лютага 2023 года.

 

Адрас: г. Мінск, вул. Казлова 3, “Палац мастацтва”.

Час працы: аўторак-нядзеля з 11:00 да 20:00; панядзелак – выхадны дзень.

Тэлефоны для даведак: +375 (17) 395-15-49; +375 (29) 264-68-48 (МТС).

 

З інфармацыяй пра мінулыя і будучыя выставы можна азнаёміцца на сайтах Беларускага саюза мастакоў: www.belartunion.by,

Палаца мастацтва: http://artpalace.by/

На старонцы ў Facebook: https://facebook/com/mastatstva