Упрыгожаныя буйнымі кветкамі магноліі, палі рознакаляровых нарцысаў і цюльпанаў, стройныя сакуры, што асыпаюць бязважкія пялёсткі на дагледжаныя дарожкі... Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю. Далёка не ўсе мінчане і госці сталіцы ўключаюць яго наведванне ў праграму выхаднога дня. І дарэмна: тут можна атрымаць мноства станоўчых эмоцый.
Схаваны паміж шумнымі вуліцамі ў цэнтры Мінска, батанічны сад падорыць пачуццё гармоніі з прыродай.
І калі вы стаміліся ад гарадскога шуму і мітусні, зараз пабываць тут цяпер самы час, бо вясна — пара цвіцення.
Вядома ж, у першую чаргу Цэнтральны батанічны сад Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь — аб’ект навуковы. Тут вывучаюцца розныя аспекты фізіялогіі раслін, уплыў на прыроднае асяроддзе гаспадарчай дзейнасці чалавека, шляхі мінімізацыі негатыўнага ўздзеяння на экалогію. Але гэта таксама 93 га гармоніі і эстэтыкі ў цэнтры амаль двухмільённага мегаполіса. Ну, а калі вы захапляецеся садоўніцтвам, то наведванне будзе цікавае вам яшчэ і з практычнага пункту гледжання. У Ганцавіцкім раёне ў батанічнага саду ёсць галіновая лабараторыя інтрадукцыі і тэхналогіі ягадных раслін, расказаў вучоны сакратар Цэнтральнага батанічнага саду НАН РБ Павел Белы, дзе на плошчы каля 44 га ў палявых умовах эксперыментальна апрабуюцца новыя сарты пладова-ягадных культур.
— У многіх на слыху сёння буякі высакарослыя, журавіны буйнаплодныя, — адзначае суразмоўца. — Гэта адзін з аб’ектаў вывучэння навукоўцаў батанічнага саду. На тэрыторыі саду можна набыць саджанцы — як атрыманыя іn vіtro (у прабірцы, па сучасных тэхналогіях), так і традыцыйнымі спосабамі. Але ў гандлёвым павільёне мы пабываем пазней, а пакуль — проста прагуляемся па алеях і палюбуемся калекцыямі саду, якія якраз зацвітаюць…
Нарцысы і Паляна Перамогі
У калекцыі нарцысаў батанічнага саду — 437 сартоў, у тым ліку ўласнай селекцыі: «Лунный свет», «Фонарик», «Світанак», «Лунцік» створаны вядомым беларускім селекцыянерам Людмілай Завадскай.
— Сёлета калекцыя пачала цвісці крыху раней, чым звычайна, — распавядае вядучы аграном лабараторыі інтрадукцыі і селекцыі арнаментальных раслін, куратар калекцыі нарцысаў і лілей Алена Асіпук. — Ужо квітнее букетная група нарцысаў, яны маюць прыемны водар: у некаторых сартоў ён лёгкі, у іншых — яскрава выяўлены. Квітнее і папулярная сёння ў кветкаводаў махровая група, якая мае півонепадобныя кветкі. Акрамя таго, квітнее група разрэзнакарончатых, самая маладая — яна была выдзелена ў 1975 годзе.
У батанічным садзе кветкаводы могуць набыць лукавіцы розных сартоў нарцысаў і лілей, дадалі супрацоўнікі:
— Выкопванне праводзіцца ў канцы лета, у жніўні, і мы даем у продаж цікавыя сарты. А пакуль можна палюбавацца кветкамі і выбраць, што вы захочаце набыць.
Ад поля нарцысаў наш шлях ляжыць у зацененую прахалодную алею, і тут, у густым цені, знаходзіцца ўнікальная экспазіцыя — сад ценевынослівых раслін. Гэтыя расліны заўсёды цікавяць азеляняльныя арганізацыі, тлумачыць загадчыца лабараторыі інтрадукцыі і селекцыі арнаментальных раслін Наталля Белавусава. Цікавяцца імі і ўладальнікі «асабістых сотак», бо з дапамогай гэтых раслін можна добраўпарадкаваць зацененыя куткі ўласнага саду.
— Тут прадстаўлены асартымент раслін, якія могуць расці ў цені, у дастаткова экстрэмальных умовах. Гэта і гаранка (эпімедыум), яе кветкі нагадваюць архідэю; і такая цікавая расліна, як купена, далей бачым увулярыю…
У «ценявым садзе» высаджана каля 100 відаў і сартоў на некалькіх участках: паўцень, сухі і вільготны цень, густы цень. Экспазіцыя гэта новая, была створана ў 2021 годзе, яна ўвесь час развіваецца і змяняецца. Так, нядаўна тут з’явіўся сорт бадану «Падарунак Алтая» — ён быў створаны беларускімі селекцыянерамі сумесна са спецыялістамі Алтайскага батанічнага саду.
Над асветленай сонцам палянай далей па алеі ўзнімаецца ўверх калонападобны дуб. Пакуль дрэўца маладое і невысокае, але ў перспектыве яно вырасце вялізным і магутным. Дубок гэты пасадзіла сёлета 8 мая, напярэдадні Дня Перамогі, дэлегацыя маладых вучоных. Акцыя сімвалічная — у гонар 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
— Гэта Паляна Перамогі, — тлумачыць старшыня Савета маладых навукоўцаў батанічнага саду Яўген Кандратаў. — І тут прадстаўнікі Прэзідыума Савета маладых вучоных Нацыянальнай акадэміі навук напярэдадні свята Перамогі пасадзілі дуб. Дуб чарэшчаты — наша спрадвечная беларуская парода. Так мы хацелі ўвекавечыць памяць аб Вялікай Айчыннай вайне і вызваленні Беларусі. Дуб — калонападобны (то-бок дрэва мае форму калоны), паводле задумы арганізатараў акцыі, сімвалізуе абеліск.
Бансай і ружы
Ёсць у батанічным садзе і яшчэ адна новая экспазіцыя — «Японскі сад». Пакуль што яна не завершана, але ўжо сёння тут нібыта кавалачак Усходу пасярод Мінска.
— Экспазіцыя выканана ў ландшафтным стылі з архітэктурнымі прыёмамі традыцыйнага японскага мастацтва, — гаворыць загадчыца сектара ландшафтнай архітэктуры і фітадызайну Цэнтральнага батанічнага саду Алена Пузанкевіч. — Вы бачыце розныя адсыпкі, расліны сфарміраваны ў традыцыях бансай.
Бансай — старадаўняе японскае мастацтва вырошчвання дакладнай копіі вялікага дрэва ў мініяцюры, адзін з напрамкаў дэндраарту.
Наведвальнікі батанічнага саду могуць палюбавацца іглічнымі і ліставымі раслінамі бансай (калі казаць больш дакладна, фарміраваныя расліны не ў скрыні ў памяшканні, а на свежым паветры, носяць у Японіі назву «нівакі», тлумачыць суразмоўніца).
Экспазіцыя закладзена ў 2022 годзе. У далейшым яе цэнтрам стане чайны павільён, дзе будуць праходзіць чайныя цырымоніі. Пакуль можна палюбавацца флорай Далёкага Усходу — дэкаратыўнымі раслінамі з Карэі, Японіі і Кітая.
Калі кветкі для вас (як для большасці людзей, што далёкія ад батанікі) — гэта ў першую чаргу ружы, то менавіта калекцыя руж, каля 300 відаў і сартоў, у Цэнтральным батанічным садзе — «асноватворная».
— У нас прадстаўлены ўсе сартавыя групы, і менавіта гэтая калекцыя, мабыць, адна з самых папулярных у наведвальнікаў, — кажа Наталля Белавусава. — Можам пахваліцца легендарным сортам Глорыя Дэй (Glorіa Day), створаным французскім селекцыянерам у гады Другой сусветнай вайны.
Адна з найстарэйшых калекцый батанічнага саду — рададэндраны і магноліі. Яна была закладзена ў далёкім 1966 годзе маладым вучоным Іванам Бацяноўскім. А самі рададэндраны — адна з найбольш старажытных раслін на нашай планеце: іх найбліжэйшыя продкі былі сучаснікамі дыназаўраў. Экспазіцыя размешчана пад хвоямі: рададэндраны любяць кіслыя глебы і негусты цень.
— Род рададэндранаў адносіцца да сямейства верасовых і налічвае каля 1300 відаў і больш чым 10 тысяч сартоў, — расказвае навуковы супрацоўнік лабараторыі інтрадукцыі і селекцыі арнаментальных раслін Таццяна Мінкавец. — Растуць рададэндраны на ўсіх кантынентах. У Беларусі ў натуральных умовах можна сустрэць від Рададэндран жоўты — у Лельчыцкім і Жыткавіцкім раёнах. Гэтая расліна знаходзіцца пад аховай дзяржавы.
У калекцыі батанічнага саду прадстаўлена больш як 70 відаў і больш як 140 сартоў рададэндранаў.
— Сёлета і гэтая калекцыя пачала квітнець вельмі рана — ужо ў канцы сакавіка. Першымі «прачнуліся» далёкаўсходнія віды, яны вельмі парадавалі багатым цвіценнем. Цяпер зацвітае вялікая група лістападных і вечназялёных, — кажа спецыяліст.
Працягласць цвіцення рададэндранаў — усяго 10–15 дзён, так што варта паспяшацца: гэта сапраўды вельмі прыгожа. Супрацоўнікі батанічнага сада заўважылі, што наведвальнікі любяць тут фатаграфавацца.
У цэлым калекцыя дрэў і хмызнякоў, якія ўвесну прыгожа квітнеюць, вельмі «фатагенічная»: калі патрэбныя прыгожыя фотаздымкі, то вам сюды.
Літаральна на днях у садзе з’явілася яшчэ адна новая экспазіцыя. Яна была закладзена падчас нядаўняга майскага суботніка кіраўніцтвам Нацыянальнай акадэміі навук.
— Тут прадстаўлены рэдкія дэкаратыўныя яблыні, 23 сорты. Для прыгажосці кампазіцыі дададзены барбарыс (чырвоналістая і жаўталістая форма) і кізіл, — тлумачыць куратар калекцыі прыгожаквітнеючых дрэў і хмызнякоў Андрэй Котаў. — Гэты куток будзе прыгожы і летам, і ў зімовы час.
«Зорны настрой» і саджанцы
Кветкаводам і садоўнікам-аматарам даўно вядомая крама пры ўваходзе ў батанічны сад. Але цяпер і ў самім садзе ёсць гандлёвы павільён.
— Тут больш пакаёвых кветак, чым у краме пры ўваходзе. Ёсць узоры пладовых раслін. Хіт продажу — саджанцы буякоў розных сартоў. Таксама можна набыць розныя шматгадовыя дрэвы і кустарнікі, — расказвае прадавец Ірына Новік. — Усе расліны маюць невялікі аб’ём, каб было зручна аднесці іх дадому ў руках.
Акрамя таго, у павільёне прапануюцца ахаладжальныя напоі, чай і кава, ёсць сувенірная прадукцыя.
— Да нас наведвальнікі прыходзяць не толькі па пакупкі, але і як у аранжарэю — пазнаёміцца з новымі сартамі раслін, — дадае прадавец.
Саджанец буякоў тут каштуе ад 5.94 да 6.60 рубля.
— Прадстаўлены саджанцы як мікракланальныя (вырашчаныя ў прабірцы), так і атрыманыя стандартным спосабам — чаранкаваннем, — тлумачыць яна.
Ну, а мы ідзём далей і трапляем на Алею касманаўтаў. Калі ў 2018 годзе ў Мінску праходзіў XXXІ Міжнародны кангрэс Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў, дзейныя касманаўты з многіх краін свету пасадзілі на гэтай алеі па саджанцы ядлоўцу віргінскага сорту «Скайрокет». Цяпер дрэўцы падраслі, і хутка сярод іх з’явіцца яшчэ адно, якое пасадзіць Марына Васілеўская, першы касманаўт у гісторыі суверэннай Беларусі, расказалі супрацоўнікі батанічнага саду.
«Зорны настрой» сёлета падтрымлівае і цэнтральны партэр пры галоўным уваходзе ў сад. У гонар 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў цэнтральная клумба аформлена ў выглядзе святочнага салюту.
— На кветніках у выглядзе зорак будуць высаджаны чырвоныя бягоніі, а прамяні ўпрыгожаць жоўта-аранжавыя аксаміткі. Атрымаецца агністы, яркі салют. Экспазіцыя сімвалізуе Перамогу, — тлумачаць суразмоўцы.
Яркая і маляўнічая калекцыя півоняў некалі насіла «тытул» галоўнай кветкавай экспазіцыі Цэнтральнага батанічнага саду. Гэтае гордае званне сёння ёй жадаюць вярнуць. Прыгожы куток саду папулярны і ў садаводаў, і ў моладзі: калі півоні квітнеюць, гэта адна з найлепшых у садзе лакацый для фотасесіі. Як і экспазіцыя цюльпанаў («Наш гонар, больш за 550 відаў і сартоў», кажуць супрацоўнікі). І, вядома, сад магнолій — туды на фотасесію адпраўляцца можна ўжо цяпер, а можна і пазней: розныя віды і сарты маюць розныя тэрміны цвіцення.
Калекцыі «Кветкі Беларусі», вядома, складана параўнацца з пышным цвіценнем руж або магнолій. Але гэтая экспазіцыя ўнікальная ў першую чаргу з навуковага пункту гледжання. Ды і людзі з развітым эстэтычным густам ацэняць яе някідкую прыгажосць.
— Тут сабраны дэкаратыўныя расліны нашай мясцовай флоры — каля 70 відаў. Экспазіцыя знаёміць наведвальнікаў з тымі прыгожаквітнеючымі раслінамі, якія растуць у нас у прыродзе. Сёння многія з іх рэдкія. Будуюцца гарады, пракладваюцца дарогі, і неўзабаве мы можам у натуральных умовах гэтыя расліны ўжо не ўбачыць. Таму так важна захаваць іх для нашых дзяцей і ўнукаў, — падкрэслівае загадчыца лабараторыі інтрадукцыі і селекцыі арнаментальных раслін Наталля Белавусава.
Ну і, вядома, менавіта цяпер — найлепшы час, каб наведаць экспазіцыю бэзу. Калекцыя стваралася на працягу многіх гадоў, налічвае больш за 300 узораў. Гэта «прадстаўнікі» 270 відаў і сартоў, у тым ліку беларускай селекцыі, і 17 з іх — вынік селекцыйнай працы навукоўцаў Цэнтральнага батанічнага саду НАН РБ. Ёсць тут, дарэчы, сорт «Марэсьеў», створаны ў 1948 годзе: пялёсткі кветак маюць загнутыя канцы і нагадваюць лопасці прапелера.