З пункту гледжання гісторыі храм у гонар Святой Тройцы ў Круглым зусім яшчэ малады. Налета яму спаўняецца ўсяго 20 гадоў. Але сюды ўжо прыходзяць людзі, якім ён цікавы яшчэ і як турыстычны аб’ект. Іх прываблівае тое, што іконы і роспіс на сценах зроблены вядомымі прафесійнымі мастакамі Ларысай Журавовіч і Аляксандрам Росінавым.


Грошы на прыгажосць

Нярэдка храмы носяць яшчэ і статус музеяў. Іконы і фрэскі — таксама творы мастацтва. Тым больш гэта сакральнае месца, дзе жыве, лічы, душа населенага пункта. Нават падбор ікон зроблены з улікам канкрэтнай мясцовасці — гістарычных падзей, якія тут адбываліся; святых, якіх шануе мясцовае насельніцтва. Ну а калі вядома, што абразы зроблены таленавітай рукой вядомага майстра, цікавасць узрастае.

Настаяцель круглянскага храма айцец Генадзь Кажаноўскі — звычайны свяшчэннік з глыбінкі і вялікіх грошай, каб плаціць за ўбранства, у тым ліку і мастацкае, не мае. Але не сядзіць склаўшы рукі і разам з паствай клапоціцца пра ўтрыманне свайго храма. Пры царкве створаны Цэнтр духоўнай адукацыі і развіцця, дзе збіраюцца прыхаджане па інтарэсах. Нехта малюе, нехта вяжа, нехта вышывае. Усё гэта, а таксама смачныя хрусткія булачкі, якія пякуць вернікі, на раённых святах разыходзіцца з лёту. Не затрымліваюцца і велікодныя ўпрыгожванні. Дзмітрый Бараўцоў, напрыклад, робіць цудоўныя вырабы з воску, Тамара Фурс размалёўвае яйкі-пісанкі. Некалькі гадоў запар вернікі вырабляюць да Вялікадня амаль двухметровыя свечкі. На працягу года вырабы стаяць у спецыяльна зробленых ёмістасцях па баках ад салеі і запальваюцца на час агульнай малітвы. На продаж ідуць невялічкія свечкі, упрыгожаныя пацеркамі. Попыт на такія эксклюзіўныя вырабы заўсёды ёсць, а грошы, атрыманыя ад продажу самабытных тавараў, зробленых з малітвай, ідуць на ўпрыгожванне храма, каб богаслужэнне яшчэ і эстэтычна ўздзейнічала на прысутных. Не шкадуюць тут сродкаў і на дапамогу гораду. Напрыклад, купілі пару гадоў таму планетарны тэлескоп, каб школьнікі маглі праводзіць практычныя заняткі па астраноміі («Звязда» пісала пра гэта 7.01.2023 г.). У школе тэлескопа няма. Практычныя заняткі працягваюцца да сённяшняга дня. Магчыма, нехта з падлеткаў, разглядваючы ў тэлескоп Вялікую Мядзведзіцу, праз нейкі час зацікавіцца і хрысціянскімі каштоўнасцямі. Шляхі Гасподнія неспавядальныя.

— Я родам з Палесся, запомнілася, што ў нашым сельскім храме стаялі вельмі высокія свечкі, прычым настолькі, — расказвае пра свой вопыт свяшчэннік, — што іх запальвалі з дапамогай палкі. Яны стаялі ўпрыгожаныя штучнымі кветкамі каля іканастаса. Усё было драўлянае, у тым ліку і храм, але пажараў не здаралася. Як агонь ад свечкі ідзе ўгору, так і наша малітва ляцела да Госпада. Гэта карцінка з дзяцінства дагэтуль у мяне перад вачыма. Прывесці ў храм можа што заўгодна. Нездарма мы адрадзілі традыцыю са свечкамі і ў нашым прыходзе. Наогул хочацца шмат чаго зрабіць, але стрыножваюць фінансы. Робім усё паціху. І за гэта дзякуй Богу!

Духоўны мост

Намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай дзейнасці Круглянскага Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Анастасія Блашко, яна ж дачка свяшчэнніка, праводзіць экскурсію. Святыя ўгоднікі глядзяць са сцен нібы жывыя. На барабане пад купалам эпізоды з Новага Запавету. Аляксандр Росінаў зусім нядаўна скончыў работу над імі.

— Сцены храма першапачаткова былі зроблены для далейшага роспісу пад фрэскі, — кажа Анастасія. — Храм будаваўся пры дапамозе Круглянскай ПМК-266 пад кіраўніцтвам тагачаснага начальніка Мікалая Патрончыка, вельмі неабыякавага чалавека. Грошай, каб упрыгожыць святыню, не было, і сцены пафарбавалі ў белы колер. Але хутка муры закрыліся іконамі, і неабходнасць у фрэсках адпала. Заставалася толькі прастора пад купалам. Спачатку збіраліся наклеіць туды іконы, вялі перагаворы з Масквой, але здарыўся каранавірус і справа запаволілася. А потым настаяцель запрасіў Аляксандра Росінава, які спачатку намаляваў медальёны з архангеламі, а потым размаляваў увесь барабан.

Айцец Генадзь кажа, што Бог бачыць намаганні вернікаў і дапамагае, таму сустрэчу з Аляксандрам Росінавым і Ларысай Журавовіч лічыць не выпадковай. Усё пачалося з адраджэння бялыніцкага і круглянскага храмаў.

— Нашым храмам значна дапамог дэпутат Палаты прадстаўнікоў І, ІІ і ІІІ скліканняў Уладзімір Канаплёў, — расказаў айцец Генадзь. — Будаўніцтва вялося пад непасрэдным яго патранажам. Адначасова будаваліся два храмы. Дарэвалюцыйны круглянскі пры савецкай уладзе разабралі і завезлі ў Бялынічы, дзе зрабілі інтэрнат для інвалідаў. Таму прыходзілася адбудоўвацца нанава. Іканастас заказалі ў Мінску, іконы і роспісы стваралі Ларыса Журавовіч і Аляксандр Росінаў, а два абразы — Мікалая Цудатворца і Ефрасінні Полацкай — напісалі сёстры жаночага Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра.

У Бялынічах руцэ Ларысы Журавовіч належыць ікона цэсарэвіча Аляксея, дзе ён разам з бацькамі — царом Мікалаем ІІ і царыцай Аляксандрай. У круглянскім храме таксама ёсць ікона з царскім сямействам, але тут страстацерпцы ўсе разам.

— Спачатку рабіла іконы для бялыніцкага храма, — расказвае мастачка. — А калі распісвала Галгофу, круглянскі бацюшка папрасіў зрабіць гэты сюжэт і для яго храма. У Круглым працавалі разам з мужам Вячаславам Астаф’евым — ён добры сталяр і дапамагаў мне аформіць ікону Святой Тройцы, якая знаходзіцца над уваходам.

Ларыса ўспамінае, што перажывала асаблівы стан душы, калі пісала іконы для храмаў.

— Думала пра Бога, — дзеліцца яна. — Я чалавек адказны і вельмі перажывала, каб людзей не падвесці. Адна справа — карціна, якую павесіш на сцяну, і не мае значэння, падабаецца яна каму або не. Храм — гэта месца, дзе ўсё ўплывае на душы людзей. І гэта дысцыплінуе. Ікона не карціна, але нешта сваё ты ўсё роўна ўпісваеш. Пра тую ж царскую сям’ю я чытала, у мяне асабістыя адносіны да яе. І гэта дапамагала ў рабоце. Калі пісала царскіх дзяцей, думала пра тое, наколькі жорсткімі могуць быць людзі, калі не пашкадавалі такую чыстую юную прыгажосць. Хацелася нешта для іх зрабіць.

У храме ёсць ікона святой роўнаапостальнай Ніны, якая таксама напісана Ларысай Журавовіч, але рабілася для прыватнай асобы. Прыхаджанка перадала яе храму.

— Храм — гэта мост паміж небам і зямлёй, — кажа Ларыса Журавовіч. — Мы настолькі хворыя душэўна і цялесна, што святыя становяцца нашымі ратавальнікамі праз стагоддзі. Той жа Свяціцель Мікалай, сэрца для яго адчынена, адчуваеш, што ён апякуе цябе. Для мяне гэта вельмі важная сфера ў творчасці, якая расказвае аб прыгажосці свету, складанасці чалавечага жыцця, гармоніі і дысгармоніі з тым, што навокал, — ва ўсіх сваіх разважаннях мы ўсё роўна звяртаемся да Бога.

Гэта такое паслушэнства

Сяброўства айца Генадзя з мастаком Росінавым пачалося з гісторыі. Бацюшка папрасіў рэстаўрыраваць старую плашчаніцу, і мастак выдатна з гэтым справіўся. Аляксандрам напісана ікона Святой Тройцы, якая ляжыць на цэнтральным аналоі насупраць Царскіх варот. Яшчэ адна, дзе Гасподзь разам з дзецьмі, — на дзіцячым аналоі, які знаходзіцца побач з дарослым. Дзіцячы аналой, дарэчы, асаблівасць круглянскага храма.

Царква ў Круглым адна з нямногіх такога маштабу, дзе ўсе сцены запоўнены выявамі знізу даверху. І Аляксандр Росінаў вельмі шчаслівы, што мае да гэтага дачыненне.

— Я наогул жывапісец, асноўным спосабам заробку грошай лічу станковы жывапіс, — кажа ён. — А іканапіс для мяне — гэта паслушэнства. Калі ў свяшчэннікаў узнікае патрэба ў іканапісцу, а грошай, каб заплаціць, няма, яны звяртаюцца да мяне і тым самым адкрываюць магчымасць паслужыць Богу. З задавальненнем працую з круглянскім бацюшкам. Лічу яго сям’ю падвіжніцкай, яны ўвесь час стараюцца нешта зрабіць для храма, людзей, і вельмі ўдзячны яму за тое, што ён ніколі не пакідаў мае работы без фінансавай падтрымкі, па меры магчымасці аплачваў іх.

Аляксандрам Росінавым напісаныя іконы Бялыніцкай Божай Маці, святых Ксеніі Пецярбургскай, Матроны Маскоўскай, іншых святых. Але мастак лічыць, што хадзіць у храм, каб ацаніць творчасць іканапісца, няправільна. У іканапісу зусім няважна, рукой якога чалавека напісаны той ці іншы абраз. І нават прыхільнікі творчасці мастака павінны перад іконай звяртацца да Айца, Сына і Святога Духа і ніяк інакш. Калі выява святога не падштурхоўвае чалавека звярнуцца да Першавобраза, значыць, ікона сваёй мэтавай нагрузкі не выконвае. У храме трэба думаць пра святых на іконах, пра тое, як яны дасягнулі святасці. Тады захочацца зрабіць крок у тым жа кірунку.

— Наблізіць да Бога можа што заўгодна, — кажа Аляксандр. — Стройны храмавы спеў, урачыстая служба. Успомнім князя Уладзіміра, які захапіўся хрысціянствам пасля таго, як яго пасланнікі пабывалі на набажэнстве ў Вялікай Сафіі Канстанцінопаля. «Не ведаем, на небе мы былі або на зямлі», — так яны расказалі князю пра свае ўражанні.

— Ікона ў старадаўнія часы была багаслоўем для непісьменных, а для тых, хто яе піша, — богапазнаннем, — разважае мастак. — Андрэю Рублёву, як сведчыць паданне, Святая Тройца явілася ў духу менавіта ў такім вобразе. Ён Яе не выдумваў як свецкі жывапісец. Паслядоўнікі вядомых іканапісцаў часцей пішуць спіскі; капіруюць тых, каму Бог адкрыў сваю тайну. «Адзінаму Богу Слава!» — так мастакі падпісвалі свае іконы ў сярэднія вякі. Яны праслаўлялі Бога сваім майстэрствам. І рэдка бывае, што Бог сваім суработнікам не аддзячвае.

— Не кожнаму дадзены дар пісаць іконы, — згодны з мастаком айцец Генадзь. — Як, дарэчы, і артыкул газетны. Калі пішацца ікона, трэба трымаць пост. Піша мастак па благаславенні свяшчэнніка і абавязкова з малітвай. Наогул, дзень любога чалавека павінен пачынацца і заканчвацца з малітвай. Тады сувязь з Богам і будзе дзейнай.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

г. Круглае