Гарадскі пасёлак Езярышча, што знаходзіцца ў Гарадоцкім раёне Віцебскай вобласці, вядомы ў краіне як «беларускае запаляр’е». Яно і нядзіўна, бо менавіта гэты населены пункт — рэкардсмен па самых нізкіх тэмпературах і самых высокіх снягах. Ці развіваюць мясцовыя ўлады «халодны» брэнд, як жыхары прыручылі стыхію і якія яшчэ турыстычныя разынкі ёсць у Езярышчанскім сельсавеце — адказ на гэтыя і іншыя пытанні карэспандэнт «Звязды» знайшла на месцы, завітаўшы на «беларускі паўночны полюс».

00.jpg
Надвор’е ў той студзеньскі дзень спрыяла выдатнаму падарожжу. Калі выязджалі з Віцебска, тэрмометр паказваў доўгачаканы за тыдзень моцных маразоў нуль, а сонейка радавала хай і не цяплом, але прыемным для зімы святлом. Але, як высветлілася на месцы, у Езярышчы зіма гаспадарыла па поўнай.

Сённяшнія магчымасці

Гарадскі пасёлак Езярышча з’яўляецца апошнім беларускім населеным пунктам на еўрапейскім маршруце Е95 перад граніцай з Расіяй. Праз яго праходзіць аўтамагістраль М-8 і чыгунка, што вядзе на Санкт-Пецярбург, таму інфраструктура пасёлка выглядае характэрна: ёсць і новая запраўка, і невялічкая гасцініца «Пралеска» з кафэ. Цяпер тут пражывае крыху больш за 1700 чалавек, а некалі колькасць мясцовага насельніцтва перавышала чатыры тысячы.

Старажылы памятаюць часы, калі тут былі бальніца, радзільны дом, некалькі буйных прадпрыемстваў і школ, але і сёння ў Езярышчы ёсць ўсе ўмовы для камфортнага жыцця. Бальніцу з шырокім пералікам спецыялістаў замяніла амбулаторыя, школа ў пасёлку засталася адна са 113 вучнямі, працуюць таксама дзіцячы садок, пошта, аптэка, бібліятэка, пост МНС і лясніцтва. Праводзіць вольны час можна ў Доме культуры, а каму трэба больш умоў для заняцця спортам і творчасцю, могуць адправіцца ў райцэнтр Гарадок, да якога паўгадзіны шляху на аўтамабілі. Што радуе вока — у адным пасёлку ажно дзевяць крам без уліку прыездаў шматлікіх аўталавак, яшчэ і два разы на тыдзень працуе местачковы рынак. Аўталаўкі абслугоўваюць навакольныя вёскі, у якіх жывуць усяго некалькі чалавек. Так, крама на калесах рэгулярна прыязджае ў Ляхоўку да адзінага яе жыхара — 85-гадовага дзядулі, які яшчэ трымае гусей.

Мясцовыя цікавінкі

Аматары даўніны летам могуць завітаць на паўвостраў возера Езярышча, дзе знаходзіцца гарадзішча. У XІV стагоддзі тут размяшчаўся двухпавярховы драўляны палац, які адыгрываў ролю ўмацаванага фарпоста на паўночным захадзе Вялікага Княства Літоўскага. Потым на паўвостраве размяшчалася суконная фабрыка. Руін-сведкаў той даўніны не засталося, але сама атмасфера месца з дапамогай фантазіі можа перанесці турыстаў на некалькі стагоддзяў назад. Цяпер востраў з’яўляецца арніталагічным заказнікам, дзе гняздуюцца птушкі, некаторыя з якіх занесены ў Чырвоную кнігу. Цікава іншае: на возеры Езярышча ёсць нямала астравоў, адзін з іх носіць назву Рабінавы. Улічваючы значную глыбіню вады, ад самага берага да вострава пралягае пясчаная сцяжына, па якой можна па пояс дайсці да Рабінавага, а адтуль — на Гарадзішча. Сцяжына гэтая вузкая, няправільны крок — акунешся з галавой, таму выпраўляюцца ў такую разыкоўную вандроўку летам толькі мясцовыя жыхары. А вось зімой, нават калі лёд моцны, на гэтым месцы заўсёды віднеюцца праталіны. Тут жа, на беразе маляўнічага возера, якое з’яўляецца адным з самых вялікіх у Беларусі, мясцовыя ўлады арганізавалі зону адпачынку, дзе летам праводзіцца свята рыбака, турзлёты. Уздоўж берага раскінуўся дэндрапарк, які быў закладзены сельсаветам у 2000 годзе.

02.jpg

Дарэчы, на тэрыторыі Езярышчанскага сельсавета нямала азёр і рэчак. Напрыклад, возера Белае каля вёскі Сурміно славіцца чысцінёй вады. Старажылы расказваюць, што калі не было студняў, пітную ваду набіралі адсюль. А вось паблізу ляснога возера Ісцо, глыбіня вады ў якім не больш за паўтара метры, у савецкі час планавалі пабудаваць санаторый-прафілакторый. Справа ў тым, што тут былі знойдзены вялікія залежы сапрапелю, якія выкарыстоўваюцца ў гразелячэнні. Магчыма, калі б тая ідэя была рэалізавана, сёння пад Езярышча на беларускі курорт прыязджалі б з усяго свету. Добра вядома на тэрыторыі вобласці езярышчанская рыба, якая ў рыбакоў і спажыўцоў карыстаецца заслужаным аўтарытэтам.

Ёсць у местачкоўцаў яшчэ адна славутасць — плаціна на рацэ Обаль. З яе, расказваюць людзі, і пачаў засноўвацца пасёлак. З-за перападаў узроўню вады ў жыхароў асушаліся студні, таму плаціна кантралюе сітуацыю і сёння. Не змагла зруйнаваць езярышчанскую славутасць і леташняя вясенняя паводка, хіба толькі прыйшлося падкладваць мяшкі з пяском. А вось моладзь улетку выкарыстоўвае гэты невялікі вадаспад у якасці гідрамасажнай ванны, што рабіць не рэкамендуецца.

Яшчэ ў Езярышчы знаходзіцца помнік у выглядзе савецкага лёгкага танка Т-70. Ён з’яўляецца сапраўднай баявой адзінкай з 16, якія вызвалялі пасёлак у гады Вялікай Айчыннай вайны падчас Гарадоцкай наступальнай аперацыі. Танк быў падбіты пад Езярышчам у 1943 годзе, ён усталяваны на магіле камандзіра 159-й танкавай брыгады Сямёна Паўлавіча Хайдукова. У 2010 годзе танк хацелі перанесці ў Віцебск на Алею Славы, аднак мясцовыя жыхары адстаялі сваю памяць. Аб тым, што на гэту тэму ў «Звяздзе» пісаў і Анатоль Кляшчук, мне расказаў старшыня Езярышчанскага сельскага Савета Сяргей Якушэвіч.

Побач з магілай Хайдукова размяшчаецца брацкая магіла, у якой пахаваны каля 300 байцоў. У 2022 годзе напярэдадні Дня Перамогі яна была адкрыта пасля маштабнай рэканструкцыі, сродкі на якую вылучыў абласны Савет дэпутатаў. Усяго на тэрыторыі пасёлка 9 воінскіх мемарыялаў і брацкіх пахаванняў, на тэрыторыі сельсавета — 21. Кожнае з іх дагледжана не толькі школай і арганізацыямі, але і мясцовымі сем’ямі па асабістай ініцыятыве.

Жамчужына Езярышча — метэастанцыя, якая працуе з 1926 года. Толькі надвор’е тут не прагназуюць, а проста перадаюць звесткі ў Белгідрамет. Рэкордаў і сапраўды хапае: у 1940-м годзе быў зафіксаваны мароз 41,5 градуса, а 23 верасня 1973 года ў Езярышчы выпаў снег! 10 студзеня 2007 года зафіксавалі тэмпературу 10,4 градуса са знакам «+», а вось роўна праз 17 гадоў, у 2024-м, я асабіста адчула мінус 4 — не рэкорд, але з абласным цэнтрам розніца.

Усім вятрам назло

У Езярышчы я паспрабавала знайсці адказ на пытанне: як у зацяжным холадзе жывуць людзі? Аказалася, так жа, як і на астатняй тэрыторыі нашай краіны. Нельга сказаць, што ў Віцебску ўжо амаль наступае лета, а ў Езярышчы пануюць завірухі. Тэмпературная розніца з абласным цэнтрам усяго некалькі градусаў. А вось калі параўноўваць клімат пасёлка з Брэстам, то ў канцы красавіка, калі на Брэстчыне самы разгар палявых работ, у Езярышчы толькі сыходзіць снег. Тут цыкл земляробства пачынаецца на майскія святы, з-за зацяжных халадоў у людзей часта вымярзаюць клубніцы, пладовыя дрэўцы і кветкі, але і з гэтым местачкоўцы навучыліся змагацца. Такіх нізкіх тэмператур, як у 1940-я гады, ужо даўно няма. І выпадкаў, каб людзі насмерць замярзалі, тут не памятаюць. Ёсць, вядома, асобы, якія пад уздзеяннем «зялёнага змея» засыпалі ў гурбах снегу і адмарожвалі канечнасці, але такіх няшмат. У 1990-я гады на возеры фіксавалі здарэнні, калі людзі на снегаходах і аўтамабілях правальваліся пад лёд.

Нягледзячы на тое, што апошнія некалькі гадоў зіма шчодра засыпае паўночны рэгіён, такіх снягоў, як у савецкія часы, усё ж такі няма. Дарослыя ўспамінаюць, што будучы дзецьмі можна было на санках і лыжах катацца з дахаў хлявоў. А маці старшыні Езярышчанскага сельсавета Сяргея Якушэвіча ўспамінала, што некалі снег валіў так, што дарога ад Гарадка да граніцы была падобная на снежны тунэль — вышыня покрыва была вышэйшай за аўтобус.

03.jpg

Для мясцовых дзяцей, як і ўсіх астатніх, школьныя заняткі адмяняюцца пры марозе ў 25 градусаў з хуткасцю ветру больш за тры метры за секунду. З пачатку года навучэнцы толькі адзін раз былі вызвалены ад заняткаў, бо дзеці моцна мёрзлі, пакуль чакалі аўтобус. А з ацяпленнем у сучаснай установе адукацыі, у якой некалькі гадоў таму праводзілі капітальны рамонт, праблем няма — пасялковая кацельня спраўляецца выдатна.

Насуперак стэрэатыпам людзі ў Езярышчы не злыя ад моцнага холаду, а, наадварот, дружныя. «Мы выраслі ў такім клімаце, таму для вяскоўцаў зіма — гэта звычка. Можа, таму ў нас так шмат доўгажыхароў — холад захоўвае маладосць», — разважае мой суразмоўца Сяргей Якушэвіч.

Соль зямлі езярышчанскай

Людзей, якія з’яўляюцца гонарам гарпасёлка, у Езярышчы не мала. Адна з жывых легенд — Наталля Арсенцьеўна Карэнчукова, якой 104 гады! У пасёлак жанчына трапіла ў 30-я гады мінулага стагоддзя землеўпарадчыкам, нарадзіла двух дачок, і грымнула Вялікая Айчынная вайна. Муж Наталлі пайшоў на фронт, а яна з двума дзецьмі засталася на акупаванай тэрыторыі, хавалася ў лесе, выжывала і цягнула за сабой малых. Вярнуўшыся дамоў у 1943–1944 гадах, жанчыну сустрэлі толькі голыя сцены. А пасля тыф забраў дзвюх дачок, з фронту прыйшла пахаванка. Як у гэтай мужнай жанчыны хапіла сіл пачаць жыццё спачатку, невядома, але цяпер Наталля Арсенцьеўна поўная сіл і энергіі, умела карыстаецца камп’ютарам і гутарыць з сябрамі і дзецьмі па відэасувязі, абрабляе плантацыі клубніц.

Уладзіміра Аляксеевіча Іванова называюць у гарпасёлку не іначай як геніем або мясцовым Кулібіным. У 82 гады ён стварае самаробныя электрычныя цуды, сярод апошніх — лавушкі для кратоў і гукавое прыстасаванне, каб слухаць пчол зімой. А пчол ва Уладзіміра Аляксеевіча ажно дзевяць домікаў, сам разам з жонкай займаецца вытворчасцю мёду. Але самая незвычайная яго распрацоўка, якую, думаю, уяўляў сабе мала хто, гэта ліфт у драўляным доме! З-за праблем з нагамі з самага дзяцінства мужчына, калі будаваў сваімі рукамі дом, вырашыў зрабіць сабе ліфт на другі паверх. І ўжо 40 гадоў гэта няхітрая канструкцыя, зробленая па самай эканамічнай тэхналогіі гаспадара, бесперапынна працуе.

Уладзімір Аляксеевіч родам з Езярышча, яму давялося жыць і працаваць у Адэскай вобласці, але ўсё ж такі мужчына вырашыў вярнуцца на радзіму. Скончыў будаўнічае вучылішча, пасля атрымаў спецыяльнасць кінамеханіка першага класа. Гарадоцкі Кулібін яшчэ ў 1962 годзе заняў першае месца на беларускай выставе з асабістай распрацоўкай у галіне кінапуску. Пабудаваў сваімі рукамі дом сабе і дачцэ, а пасля перакваліфікаўся ў электрыкі. 32 гады адпрацаваў у пасёлку на адным месцы. Не толькі заядлы вынаходнік, але і паляўнічы, Уладзімір Аляксеевіч быў адным з першых, хто ў 70-я гады мінулага стагоддзя сабраў радыёстанцыю і стаў прымяняць яе на паляванні.

Касалапае суседства

Мядзведзямі Гарадоцкі раён славіўся яшчэ з савецкіх часоў. Асабліва іх папуляцыя вырасла ў апошнія гады, амаль ва ўсіх раёнах Віцебскай вобласці фіксуюць з’яўленні бурых мядзведзяў. У Езярышчы выпадкаў, калі касалапы нападаў на чалавека не было, а вось тое, што мясцовыя жыхары і паляўнічыя сустракаюцца з гэтымі жывёламі твар у твар, — з’ява частая і непрыемная. Мой суразмоўца расказаў, як двойчы на адлегласці пятнаццаці метраў бачыўся з мядзведзем і мядзведзіцай. Жыхары аддаленых вёсак, асабліва пажылыя людзі, навучыліся не звяртаць увагі на мядзведжыя сляды пад акном, а вось маладыя сем’і, якія апошнім часам перабіраюцца ў экалагічна чыстыя вёскі, ставяць аўтаматычныя ліхтары і сірэны на выпадак такой сустрэчы. У Расіі мядзведзь баіцца чалавека, паляванне на яго дазволена, таму, мяркуюць людзі, касалапыя бягуць на беларускі бок, дзе паляванне на гэтых жывёл забаронена. Мясцовыя бачаць у гэтым праблему.

Беларуска-расійская міграцыя

Улічваючы, што праз 18 кіламетраў ад Езярышча ўжо Расія, многія з мясцовых жыхароў ездзяць на працу ў Невель. Той бок пусціў нават прамы аўтобус. Але і ў гарпасёлку пакрысе развіваецца малы бізнес: хтосьці прымае ў насельніцтва грыбы, ягады і слімакоў (у будучыні бізнесмен плануе пабудаваць слімаковую ферму), хтосьці выпускае піламатэрыялы, займаюцца рамонтам велікагрузаў і аказаннем транспартных паслуг. Расіяне актыўна набываюць закінутыя будынкі з мэтай арганізацыі малых прадпрыемстваў, а прадстаўнік Інданезіі набыў у пасёлку будынак былой спецыяльнай школы-інтэрната, каб запусціць там вытворчасць. Атрымаецца або не — час пакажа.

Ахвотна расіяне набываюць у пасёлку дамы пад дачу, летась сельсавет па 116 указе прадаў два такія будынкі. Выдатныя дарогі, развітая інфраструктура — чаму і не набыць домік у «беларускім запаляр’і»? Тым больш што нядаўна на чатырох вуліцах замянілі лініі электраперадач, людзі сталі актыўна ўсталёўваць электракатлы для ацяплення.

Падчас экскурсіі па гарпасёлку надвор’е рэзка змяніла свой настрой: мароз у мінус 4 пашчыпваў за рукі, а пасля ўзняўся моцны вецер з завірухай, закідваючы мне ў кішэні белыя, як пенапласт, шарыкі снегу. Паўночны полюс і ёсць паўночны полюс! Пакуль сваю кліматычную адметнасць мясцовыя ўлады не зрабілі раённым брэндам, але, магчыма, калісьці тут будуць ладзіць вялікае свята снегу. Пакуль жа раю заехаць у Езярышча хаця б летам — прыродныя краявіды тут уражваюць!

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

г. п. Езярышча

Фота аўтара