Гісторыка-мастацкі музей у Лідзе, у якім мне нядаўна ўдалося пабываць, як адна ўстанова культуры, быў арганізаваны ў пачатку 2000-х. Да гэтага ў горадзе асобна працаваў Лідскі краязнаўчы музей і мастацкая галерэя «Лідзея». Усе гэтыя гады мясцовыя спецыялісты вялі вялікую працу па даследаванні гісторыі краю, назапашвалі матэрыялы па храналогіі Лідчыны.


Сёння музейны збор уключае некалькі дзясяткаў музейных калекцый і складае звыш сарака тысяч адзінак асноўнага фонду і больш за пяць тысяч навукова-дапаможнага. Тут я пагрузілася ў атмасферу «Хрушчоўкі 60-х», убачыла адну з самых буйных калекцый самавараў Беларусі і больш падрабязна даведалася пра важную функцыю музея.

Музейны працэс

У падпарадкаванні Лідскага гісторыка-мастацкага музея знаходзіцца дом Валянціна Таўлая і Лідскі замак. Як патлумачыла дырэктар установы Вольга ПІЛІПЧУК, у кожнага з гэтых аб’ектаў свая функцыя.

— Музей з’яўляецца захавальнікам гістарычнай экспазіцыі, праз якую адбываецца адлюстраванне гістарычнага працэсу развіцця Лідчыны ад каменнага стагоддзя да стагоддзя інфармацыйных тэхналогій. З літаратурнай дзейнасцю краю можна пазнаёміцца, наведаўшы мемарыяльны пакой беларускага паэта Валянціна Таўлая, які жыў і працаваў у Лідзе. А Лідскі замак уяўляецца асобным унікальным гістарычным месцам, — заўважае Вольга Віктараўна.

Вялікую цікавасць уяўляе сам музей, які размяшчаецца ў цэнтры горада. Справа ў тым, што прыстаўка «гісторыка-мастацкі» сустракаецца ў Беларусі не так часта, а здарылася гэта таму, што ў пачатку 2000-х краязнаўчы музей Ліды быў аб’яднаны з галерэяй «Лідзея». Таму ўстанова працуе адразу па двух кірунках — выяўленчае мастацтва і гісторыя краю.

Сёння музей складаецца з дзесяці выставачных залаў, пры гэтым яшчэ ў дзвюх завяршаюцца рамонты. Тут сабрана дваццаць пяць музейных калекцый і налічваецца звыш сарака тысяч адзінак асноўнага фонду і больш за пяць тысяч захоўвацца ў навукова-дапаможным. Экспанаты размяшчаюцца на двух паверхах, прычым разнастайнымі прадметамі застаўленыя нават холы.

Кіраўнік музея падчас экскурсіі заўважае, што ў Лідзе імкнуцца літаральна кожны квадратны метр увесці ў музейны працэс. Тым больш колькасць каштоўных прадметаў, якімі варта было б ганарыцца, пастаянна павялічваецца, а гэта значыць, што іх трэба паказваць.

— Нягледзячы на тое, што музей спрабуе прыцягнуць турыстаў, яго першапачатковай функцыяй застаецца даследчая дзейнасць. У нас у калектыве працуюць не экскурсаводы, а навуковыя супрацоўнікі, якія, безумоўна, могуць праводзіць экскурсіі, чытаць лекцыі, весці разнастайныя мерапрыемствы, быць акцёрамі і музыкамі, аднак першаснай іх задачай з’яўляецца вывучэнне нашага краю. Таму мы павінны пісаць навуковыя працы, працаваць у фондах і даследаваць навуковыя прадметы, — заўважае кіраўнік музея.

Каштоўнасць рэчаў

Навукова-даследчая праца з’яўляецца адным з галоўных напрамкаў работы ўстановы. Яна прызнана назапашваць, апрацоўваць і ўводзіць у навуковы і культурны абарот разнастайныя аб’екты спадчыны, будзь яны матэрыяльныя або нематэрыяльныя. Кожнае новае пакаленне ўносіць свае нюансы ў разуменне сутнасці музея, а, такім чынам, і яго дзейнасці, якая вызначаецца асаблівасцямі канкрэтнай эпохі. Але ў розныя перыяды гісторыі, нягледзячы на ўласцівыя музеям і эпосе асаблівасці, гэтыя ўстановы з’яўляюцца даследчымі з аднаго боку, а з другога — культурна-адукацыйнымі цэнтрамі.

Музейныя прадметы ў Лідскім гісторыка-мастацкім музеі набываюцца трыма спосабамі. Перш за ўсё, арганізацыя гатовая прымаць іх у дар, а таксама браць на часовае захоўванне з наступным выкупам або закупляць. Дарэчы, навуковыя супрацоўнікі могуць мець некаторыя сумневы наконт каштоўнасці тых ці іншых рэчаў, таму яны старанна даследуюцца і апісваюцца.

У будынку музея ў Лідзе арганізаваны пакоі адкрытага захоўвання, дзе на паліцах акуратнымі радамі свайго новага жыцця чакаюць разнастайныя прадметы мінулай эпохі. На шафах стаіць з дзясятак акардэонаў розных марак, за шклом акуратна расстаўленыя фарфоравыя фігуркі, у скрынях захоўваюцца дзясяткі пласцінак — усе гэтыя рэчы могуць калі-небудзь стаць часткай экспазіцыі. На маю здзіўленую заўвагу, што музей прымае такія простыя побытавыя рэчы, дырэктар заўважае, што «не ведаеш, калі прадмет стрэліць» і ўсміхаецца.

Як, напрыклад, здарылася з арганізацыяй пастаяннай выставы «Хрушчоўка 60-х», куратарам якой з’яўляецца Таццяна Нікіфарава. Тут аўтар праекта паспрабавала паказаць сапраўдны побыт савецкай эпохі з дапамогай старай падшыўкі газеты «Наперад», якая выпускалася на Лідчыне. Тут па крупінках была сабрана ўсё жыццё: наведвальнік трапляе ў пярэдні пакой, дзе стаіць трэльяж, а на ім арыгінальная «Масква» і «Шыпр» 60-х гадоў. Абедзенны стол, а ў куце — ложак, шафа з адзеннем. У буфеце захоўваюцца шклянкі і сервіз, а таксама шмат іншых арыгінальных прадметаў побыту. Усе яны з таго часу і захаваліся ў мясцовых жыхароў. Сама па сабе выстава інтэрактыўная — усё можна узяць у рукі.

Пасля гэтага мы бачым куфары, якія стаяць ў калідоры. Цэлыя і патрапаныя, старыя, розных памераў, яны стаяць на праходах паміж заламі і таксама чакаюць сваёй гадзіны. Але яшчэ больш цікавасці і нават захаплення выклікае выстава велізарнай калекцыі самавараў.

— Музей актыўна працуе з калекцыянерамі. Цяпер на адкрытым экспанаванні і захоўванні з наступным выкупам знаходзіцца калекцыя керамікі і самавараў лідчаніна Андрэя Фішбайна. Узрост гэтых начышчаных да бляску калекцыйных прыгажуноў вагаецца ад 60 да 150 гадоў. Каштуе калекцыя нямала, таму закупка адбываецца паступова, — звяртае ўвагу Вольга Віктараўна. — Летась музей выкупіў частку керамікі, у гэтым запланаваны выкуп яе рэшткаў.

Ёсць у гэтай унікальнай і, верагодна, адной з самых вялікіх калекцый Беларусі самавар для падарожжаў, разлічаны на адзін кубачак. Ёсць тут таксама рондалі, чыгуны, гліняныя і медныя «глякі», кераміка з розных рэгіёнаў краіны — сапраўдныя творы мастацтва, па якіх можна вывучаць гісторыю краю.

Горад майстроў

Не менш уражлівай з’яўляецца калекцыя мастацкіх работ Лідскага музея. У асноўным гэта творы мясцовых мастакоў, якія знакамітыя далёка за межамі не толькі Ліды, але і краіны. Прычым кожны год адбываецца закупка новых мастацкіх работ па чатырох кірунках: работы Бярозаўскага шклозавода «Нёман», жывапіс, графіка і скульптура.

Вольга Піліпчук заўважае, што Ліда багатая на творчых людзей, бо тут на сто тысяч насельніцтва налічваецца больш за сорак прафесійных майстроў, у якіх ёсць вышэйшая мастацкая адукацыя і не менш за дваццаць самадзейных. І гэты працэнт пастаянна павялічваецца, у тым ліку дзякуючы кафедры выяўленчых мастацтваў на базе Лідскай дзіцячай школы мастацтваў.

Сярод найбольш вядомых імёнаў чуецца прозвішча мастака Уладзіміра Мурахвера. Сёлета адзначаецца яго 90-годдзе. У сценах музея ў гонар гэтага арганізавалі выставу «Мастак і яго майстэрня», дзе прадстаўлены фарбы, пэндзлі, інструменты, карціны, нататнік, дзе мастак рабіў замалёўкі і накіды мадэляў са шкла, міні-партрэты людзей. Аўтарам праекта таксама з’яўляецца Таццяна Нікіфарава, якая заяўляе яго як сучасную кампазіцыю-канцэпт.

Аформлена выстава як шкляная шафа або вітрына, у якой захоўваюцца музейныя прадметы. Пры яго арганізацыі выкарыстоўваліся мастацкія плёнкі з нанесенымі на іх графічнымі накідамі мастака і нават цытаты, якімі ён любіў апеляваць пры жыцці. Шафа працуе на рассоўнай сістэме. Яе можна адкрыць, каб на момант стаць бліжэй да асабістых прадметах творцы.

Стараюцца супрацоўнікі гісторыка-мастацкага музея ў Лідзе таксама захаваць традыцыйную культуру краю. Справа ў тым, што горад з’яўляецца прамысловым і ў гэтым кірунку пачаў актыўна развівацца ў 20-я гады мінулага стагоддзя. У той час, тлумачыць кіраўнік музея, былі згубленыя многія традыцыі, звязаныя з рукадзеллем, і калі тэхналогію ткацтва ўдалося аднавіць, то семантыка згубілася.

— Далёка не кожная жанчына можа расшыфраваць узоры ручніка, які яна саткала, — заўважае Вольга Віктараўна.

За этнаграфічны кірунак у даследчай дзейнасці музея адказвае навуковы супрацоўнік Алена Клімовіч. Яна з’яўляецца аўтарам выставачнай прасторы «Этнаграфічная гасцёўня», дзе часта праходзяць сустрэчы з людзьмі, якія дэманструюць свае навыкі ткацтва і распавядаюць пра сакрэты тых ці іншых узораў.

Месца дыялогу

Варта адзначыць, што прастора музея ў Лідзе далёка не замкнёная сама на сабе. Па словах Вольгі Віктараўны, яны пастаянна арганізоўваюць разнастайныя праекты сумесна з іншымі ўстановамі. Калі раней музей прадстаўляўся замкнёнай і статычнай прасторай, то сёння гэтае месца не толькі для экспанавання, але і дыялогу.

— Кожны для сябе можа ў музеі адкрыць нешта сваё, нават маленькія дзеці, старшакласнікі, студэнты або дарослыя. Калі ў нас адкрываецца выставачны праект, то пад яго ствараюцца разнастайныя майстар-класы і іншыя мерапрыемствы па ўсіх напрамках, мастацкія, літаратурныя або гістарычныя, — дзеліцца Вольга Піліпчук.

Хоць час у невялікім горадзе безумоўна цячэ нашмат павольней. Кіраўнік музея заўважае, што не адразу ўдалося знайсці аптымальную працяглась выставы — справа ў тым, што Ліда — горад, які вельмі павольна жыве. Спярша навіна аб выставе праходзіць па СМІ і толькі на трэцім тыдні грамадзяне пачынаюць разважаць, ці варта ім схадзіць паглядзець экспазіцыю. Больш актыўна пачынаюць ісці толькі на чацвёртай, таму супрацоўнікі музея імкнуцца праводзіць выставы месяц ці больш.

Аднак, аб чым даводзіцца думаць загадзя, дык гэта аб доўгачаканай для горада падзеі — 700-годдзі, якое адбудзецца ў наступным годзе. Ужо зараз супрацоўнікі Лідскага гісторыка-мастацкага музея распрацоўваюць пілотныя праекты, якія павінны будуць здзівіць публіку і камернасцю, і інтэрактыўнасцю.

Аліса СКІБА
Фота аўтара