Звон шчытоў і мячоў, клінкоў і кінжалаў, баявыя заклікі. Мужчыны і жанчыны, апранутыя ў адзенне сярэднявечча – такая рэчаіснасць нагадвала сцэнкі з кіно пра старадаўнія часы IХ-ХI стагоддзяў. На кастры награвалася вада для гарбаты, зялярка таўкла ў ступцы траўкі, паралельна распавядала сучаснікам пра карыснасць дароў лясоў і лугоў. Не менш цікавымі былі кропкі па рэканструкцыі танцаў, фефтавання, кавальстве, вырабе манет, пляценні букеціка-мотанкі.
Адчуць вагу сапраўднага даспеха, дакрануцца да сярэднявечнай зброі, паўдзельнічаць у тагачасным кірмашы, пачуць музыку і дыханне мінулых стагоддзяў — праграма цікавая і разнастайная, якую падрыхтавалі і прапанавалі ўсім прысутнічаючым на гістарычным свяце прадстаўнікі клубаў «Клан МакВітан» і «Волат». Баявое майстэрства дэманстравалі таксама клубы рыцарскай рэканструкцыі: «Вейна», «Хірд Воўкі», «Срэбны Пегас», «Аарбург». У асноўным на мячах і на іншай халоднай зброі вяліся двухбоі. На невялікім рысталішчы рыцары паказалі паядынак на дзідах, якімі змагаліся рыцары-коннікі, седзячы ў сёдлах. Калі ж іх збівалі, яны вялі барацьбу з ворагам пешшу ўсімі магчымымі і не магчымымі сродкамі. Цікавыя паядынкі і забавы ад рыцарскіх клубаў і супрацоўнікаў музея падаравалі гасцям свята часцінку Сярэднявечча.
Фота: Аляксандр ГРЫГОР’ЕЎ, Віктар ДРАЧОЎ