На Мядзельшчыне ходзіць багата легенд пра Нарач. Што і не дзіва: усё ж гэта самае вялікае возера ў нашай краіне (амаль 80 квадратных кіламетраў), за што яго нават часам завуць беларускім морам. Уласна, адна з версій аб паходжанні сведчыць, што калі мясцовых жыхароў у чужых краях пыталіся, адкуль тыя прыехалі, людзі не без гонару адказвалі, што адтуль, дзе знаходзіцца «нарачытае» (знакамітае, адметнае) возера.


...Па здароўе

Багатая азёрамі (тут іх некалькі дзесяткаў), Мядзельшчына здавён прыцягвала гасцей. Тут любілі адпачываць магнаты, у 30-ыя гады ехала польская шляхта. У даваенныя гады сюды прыбылі навукоўцы даследаваць мясціны для пабудовы бальнелагічнага комплексу. Але Вялікая Айчынная перарвала ўсе планы, і да іх даследчыкі вярнуліся толькі ў канцы 1950-ых. Тут былі адкрыты мінеральныя крыніцы (яны падобныя па хімічным складзе і лячэбнаму выкарыстанню на воды Нальчыка, Тараскуля, Друскінінкая і Трускаўца).

Паступова тэрыторыя пачала абрастаць санаторыямі, аздараўленчымі і турыстычнымі базамі. Здраўніцы «Прыазёрны», «Нарач», «Белая Русь», «Сосны», «Спутнік», «Нарачанскі бераг», «Журавушка» сёння маюць выдатныя базы, сучаснае медыцынскае абсталяванне, прапануюць багаты комплекс паслуг. 

Можа таму ў адну з легенд пра возера Нарач, якую тут часта падаюць турыстам, уплятаюць словы пра тое, што вада ў мясцовых азёрах маладзільная. Паводле такой легенды, раней у гэтых мясцінах не было ніякіх азёр, а толькі вялікія лясы. І жыла тут дзяўчына Нара, непрыгожая, але з вельмі чуйным сэрцам. Адзін з вандроўнікаў, які быў уражаны дабрынёй дзяўчыны, падарыў ёй чароўнае люстэрка, здольнае выконваць просьбы. Зазірнула Нара ў яго — і ператварылася ў прыгажуню. Стала яна яшчэ больш клапаціцца пра людзей. Хто прыходзіў да яе і зазіраў у люстэрка, атрымліваў тое, чаго хацеў: прыгажосць, маладосць, здароўе. Прачуў пра дзівосы багаты зайздросны пан і вырашыў адабраць сабе чароўную рэч. Нара, якая не захацела аддаваць люстэрка, кінула яго на зямлю, каб хоць так тое паслужыла людзям. Разбілася яно на кавалкі — з больш вялікіх атрымаліся азёры, з дробных — крыніцы (у курортнай зоне іх каля 1,5 тысяч). А з самага буйнога кавалка, падобнага на сэрца, узнікла возера Нарач, сама ж дзяўчына ператварылася ў чайку, якая лётае над яго хвалямі. 

У чароўнае возера не ўпадае ніводнай ракі, а выцякае з яе адна Нарачанка. Ёсць у «беларускім моры» і востраў кахання — кажуць, калі маладыя пасля вяселля прыедуць на яго на тры дні і за ўвесь час прабывання ні разу не пасварацца — сям’я будзе моцнай. Яно і зразумела, умовы на востраве кахання не з лепшых — месца гразкае, камароў хмары. Сапраўды, пасля такіх выпрабаванняў ужо ніякія складанасці маладых не напужаюць.

Сярэдняя глыбіня возера 6-7 метраў, водмелі і пясчаныя пляжы выдатна падыходзяць да адпачынку бацькоў з дзецьмі. Побач з возерам размясціўся Нацыянальны дзіцячы аздараўленчы комплекс «Зубраня». 

..Па ўражанні

Сёння гасцей на Мядзельшчыне прымаюць дзве гасцініцы, 95 аграсядзіб, створана 15 турстаянак.

Распрацавана больш за 40 турыстычных маршрутаў. Штолета ў Мядзель з’язджаюцца ўдзельнікі рэспубліканскага прыгодніцкага забегу, на якім трэба некалькі кіламетраў бегчы па вадзе. Тут можна знаёміцца з прыродай Нацыянальнага парку Нарачанскі, радзімай Максіма Танка, пабываць у галерэі Васіля Пятровіча Шаранговіча (дзе захоўваецца больш за 130 работ мастака), наведваць аб’екты Першай і Другой сусветных войнаў ці адкрываць сакрэты старажытных мястэчак. 

Як сведчаць архелагічныя даследаванні, яшчэ з даславянскіх часоў тут людзі сяліліся ўздоўж берагоў азёр. У пісьмовых крыніцах Мядзел як горад—крэпасць упершыню ўзгадваецца з 1324 года (для параўнання, першы запіс пра Вільню зафіксаваны за 1323 год). Дарэчы, абедзьве гэтыя лічбы ўзятыя з лістоў князя Гедыміна. Узнік горад спачатку ля возера Мядзел, але ў ХІІІ стагоддзі, калі здарыўся мор, людзі, якім пашчасціла ацалець, вырашылі пакінуць праклятае месца. Новае замчышча было пабудавана на беразе возера Мястра. Мясцовыя жыхары і сёння легендарныя мясціны завуць «Замак» , і мараць, што калісьці там зноў паўстане крэпасць, якая будзе выкарыстоўвацца ў турызме.

Нельга забывацца, што менавіта на гэтай азёрнай зямлі створаны адзіны ў Беларусі курортны пасёлак «Нарач». Раней тут была рыбацкая вёска Купы. Азёры і лясы здавён кармілі месцічаў. У Мядзельскім музеі народнай славы могуць распавесці пра масавае паўстанне нарачанскіх рыбакоў — было гэта за панскай Польшчай, калі мясцовым жыхарам забаранілі лавіць рыбу. Мужыкі працягвалі ўсё роўна выходзіць на возера, псавалі лодкі і сеці арандатара, якому ўлады перадалі возера Нарач.

Турысты, што праходзяць па экасцежцы «Блакітныя азёры» — унікальным узгорыста-азёрным прыродным комплексе Беларускага Паазер’я, кажуць, што пабывалі ў беларускай Швейцарыі. Маршрут сапраўды маляўнічы — высокія ўзгоркі чаргуюцца з глыбокімі азёрнымі катлавінамі, увесну тут квітнеюць вялікія паляны з ландышамі. Скандынаўскі ледавік пакінуў тут з дзесятак азёр, якія злучаюцца ракой Страчай. Можна пасядзець на беразе возера Глубля (глыбіня больш за 40 метраў) з празрыстай вадой з блакітна-зялёным адценнем, якое даюць вапнавыя адклады на дне, ці ля цёмнага Мёртвага возера, дзе ніхто ніколі не купаецца...

Свая легенда ёсць у Баторына — быццам, калі Стэфан Баторый пад вясну па замерзлым яшчэ возеры вятаўся з нарабаванымі багаццямі, падводы пайшлі пад ваду з усімі скарбамі. У спякоту многа людзей адпачывае на возеры Белае (ці, як яно пазначалася на старажытных мапах — Бледнага). Вада тут мяккая, быццам мыльная, крэйдавага адцення, а пляжы з белым пясочкам. Мясцовыя жыхары для адпачынку выбіраюць Рудакова, кажуць, у яго няма дна.

Паміж азёрамі Нарач і Мястра размясціўся дэндрасад, дзе сабрана больш за 500 відаў раслін з розных куткоў свету. 

На Мядзельшчыне няма буйных прадпрыемстваў, яна знаходзіцца ўбаку ад ажыўленых трас, і таму раён быў абраны для прамысловага вырошчвання лекавых раслін. Але пазней узнікла ідэя ў гэтых экалагічных мясцінах стварыць Аптэкарскі сад, дзе людзі змогуць больш даведацца пра незвычайны свет раслін, у тым ліку тых, гісторыя якіх налічвае ўжо мільёны гадоў. Так, гінгка білоба, што прыжылася і ў гэтым экскурсійна—турыстычным комплексе, прыйшло з мезазойскай эры. Пры стварэнні Аптэкарскага сада быў выкарыстаны вопыт манастырскіх садоў і агародаў, якія былі распаўсюджаны ў сярэднявеччы, з крыжападобным дзяленнем участку, дакладна акрэсленымі сцежкамі, геаметрычнымі лініямі. Багата тут і інтэрактыўных аб’ектаў — зялёны лабірынт, вясёлкавая альтанка, дом траўніцы і фіта-гасцёўня, дзе можна з падказкамі спецыяліста самастойна зрабіць напой з улікам уласцівасцяў пэўных зёлак. Тут распавядаюць пра лекавыя асаблівасці раслін і паданні, з імі звязаныя. Сюды можна прыехаць са сваімі посцілкамі і ўладкавацца, напрыклад, пад квітнеючай сакурай, ці пад наглядам экскурсавода адшчыкнуць некаторыя з зёлак, расцерці паміж пальцамі, і патануць ў водары.

... На дэгустацыі

Ну як у традыцыйных рыбацкіх вёсках не адведаць каралеўскай юхі! Сюды дадаюць у тым ліку вугра, што «гасцюе» ў мясцовых азёрах. А яшчэ на Мядзельшчыне захаваліся старажытныя вінакурні, куды запрашаюць на экскурсіі і дэгустацыі. Так, адзін з будынкаў УП «Ілаўскае» ўзведзены ў 1832 годзе. Сёння гэта шматпрофільнае прадпрыемства, дзе вырабляюцца фруктова-ягадныя і пладова-ягадныя віны, бярозавы сок, павідла і таматныя соўсы, а таксамы першыя беларускія кальвадосы. Тут спрабуюць аднаўляць старадаўнія рэцэпты па вырабе він, без кансервантаў і фарбавальнікаў, з мясцовай сыравіны. Ілаўскі брэнд — віно з буякаў, менавіта дзікіх, бо садовыя ягады не дадуць такога водару.

Яшчэ адна вінакурня ХІХ стагоддзя дзейнічае ў аграгарадку Нарач (былое мястэчка Кабыльнікі, дзе некалі вырошчвалі коней і гандлявалі імі). Прадпрыемства для напоеў выкарыстоўвае толькі змягчоную спецыяльна падрыхтаваную ваду. Напоі з гэтага невялікага завода ўжо добра вядомыя ў Беларусі, тут разліваецца мінеральная вада «Нарач», віскі «Блэк Джэк» і «Скапа», настойка «Нарачанская», а мясцовы самагон, якія вырабляецца на сучасным нямецкім апараце, прывозіць з конкурсаў залатыя медалі. Тут купажуюць і разліваюць каньяк, вінакурня супрацоўнічае з вінзаводамі Грузіі, Малдовы, Іспаніі.

Пакаштаваць свежаспечанага хлеба (ці нават паўдзельнічаць у яго вырабе) можна ў этнакультурным комплексе «Наносы Адпачынак». Тут знаходзіцца адзіны ў Беларусі дзеючы вадзязяны млын, створаны музей хлеба. Наогул, у Наносах ёсць на што паглядзець: сабрана самая багатая калекцыя самавараў у Беларусі — найбольшы экспанат царкоўны, на 200 літраў, самы маленькі — памерам з напёрстак (такі дзіцячы посуд вырабляўся да царскіх дзяцей). Ёсць тут і самавары тэт-а-тэт, на двух чалавек, эгаісты — на адну персону, паходні, у якіх можна рабіць адразу тры стравы, вырабы незвычайных форм — удзельнікі міжнародных конкурсаў. А яшчэ ў комплексе створаны музеі самагонных апаратаў і рэтратэхнікі, дом паляўнічых і рыбалоўных трафеяў, яхтклуб і канюшня. 

... І адкрыцці

Дзякуючы этнакультурнаму комплексу вёска стала вядомай далёка за межамі раёна, а раней сюды нават указальнікаў не было. Хаця куточак гэты сапраўды адметны, што можна адчуць, калі падняцца на аглядную вежу, стылізаваную пад млын. Знаходзіцца яна на паўвостраве возера Нарач, ці як мясцовыя кажуць, на касе, на носе. І хоць класічныя Наносы вядомы з ХІХ стагоддзя, новы комплекс — гэта толькі рамантычная рэканструкцыя пасялення. Узнаўляць усе ўмовы старой вёскі не было сэнсу — у кожным драўляным дамку ёсць усе выгоды цывілізацыі: святло, каналізацыя, лазневы комплекс. Але прынцыпова пры забудове «рамантычнай», утульнай для жыцця вёскі выкарыстоўваліся зрубы, увесь інтэр’ер драўляны, унутры няма ніякага пластыку, пячное ацяпленне, ля кожнага дамку — падвор’е з курамі, трусамі і цесаркамі, разбіваюцца градкі, каб госці маглі з іх сашчыкнуць свежую зеляніну. На гандлёвую плошчу комплекса па вялікіх святах са сваім таварам завітваюць месцічы.

Накірунак на Мядзельшчыну выбіраюць вернікі розных канфесій. Гэта край храмаў і цудадзейных абразоў. Тут знаходзіцца адзіны ў Беларусі Крыжовы Шлях — міні-копія Іерусамлімскай дарогі, па якой прайшоў асуджаны на смерць Ісус Хрыстос. Мясцовы краязнаўца, настаўнік гісторыі Валерый Ільюковіч распавёў легенду, звязаную з будаўніцтвам Мядзельскай Кальварыі. Мясцовы пан Антоній Кошчыц быў чалавекам набожным, але вельмі жорсткім. Доўга ў яго не было дзяцей, але каля сын нарэшце нарадзіўся, жонкі не стала. Даглядаць хлопчыка ўзялі маладую служанку. Толькі здарылася няшчасце — хлопчык загінуў. А дзяўчыну ў пакаранне жывой умуравалі ў каменны слуп. Неяк прыснілася Кошчыцу Божая Маці, якая сказала, што свае грахі ён можа адкупіць, калі пабудуе Крыжовы Шлях, і ўказала мясціны. У 1762 годзе дарога, на якой размяшчаліся аркі і капліцы з абразамі і фігурамі святых, была адбудавана. Калі беларускія землі ўваходзілі ў склад Расійскай імперыі, гэты комплекс прыйшоў у заняпад. У 30-ыя ён быў адноўлены, а ў Вялікую Айчынную вайну зноў зруйнаваны. І толькі ў 2000-х пры ўдзеле мясцовых святароў і вернікаў былі адбудаваны наноў 14 капліц. Тут адбываюцца фэсты перад Вялікаднем і на Свята Узвышэння Крыжа, прыязджаюць святары і ладзіцца імша. Кожны прыпынак Крыжовага Шляху — ці то каплічка, ці гара Трох Крыжоў — гэта магчымасць для вернікаў паглыбіцца ў Святое Пісанне, памаліцца, пакаяцца, пераасэнсаваць сваё жыццё.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Матэрыял падрыхтаваны на аснове выязднога семінара «Развіццё ўнутранага і ўязднога турызму Мядзельскага раёна», арганізаванага Нацыянальным агенцтвам па турызму.