Не апошнюю ролю ў гэтай захапляльнай паездцы адыграла публікацыя ў газеце «Звязда». На яе старонках мы неаднойчы звяртаемся да тэмы захавання прыроднага багацця, у тым ліку крыніц Гродзенскай пушчы — помнікаў прыроды мясцовага значэння. Артыкул на гэту тэму зацікавіў гродзенскую творчую інтэлігенцыю, і многія захацелі праехаць па ўнікальных мясцінах. Паездка стала першай масавай экскурсіяй, арганізаванай гродзенскім творчым калектывам «Крыніца». Менавіта яго намаганнямі выйшлі з небыцця тыя самыя крыніцы. На энтузіястах трымаецца і арганізацыя крынічнага маршруту, які мае не толькі аздараўленчы кірунак, але і пазнавальны.


Па слядах старажытнай брычкі

У склад творчай экспедыцыі ўвайшлі літаратары, педагогі, навукоўцы, музыканты, грамадскія дзеячы, краязнаўцы і проста нераўнадушныя да свайго краю людзі. Да гродзенцаў далучыліся жыхары горада-спадарожніка Скідзеля і Гродзенскага раёна.

— Мы даўно збіраліся зрабіць вандроўку да гэтых крыніц, і такая нагода нарэшце адбылася. Мы ўбачылі, якая вялікая работа зроблена, адкрылі для сябе невядомыя мясціны, зачараваліся краявідамі, увогуле, тым, што дала нам прырода і падтрымлівае чалавек, гэта вельмі важна і дарагога варта, — выказала свае пачуцці ўдзельніца падарожжа Таццяна Савянкова.

Жанчына прыехала з невялікай, але знакамітай вёскі Мількаўшчына, дзе працуе захавальніцай фондаў літаратурна-краязнаўчага музея Элізы Ажэшкі. Менавіта тут нарадзілася славутая пісьменніца, з якой звязана гісторыя адной з крыніц Гродзенскай пушчы. Кажуць, Эліза Ажэшка часта прыязджала ў старажытны касцёл у пасёлку Гожа на беларуска-літоўскім памежжы, а потым заварочвала да крыніцы, каб набраць вады. Аб гэтым расказала гід падарожжа, кіраўнік гродзенскага творчага аб’яднання «Крыніца» Тэрэза Белавусава, продкі якой якраз і жылі ў гэтых мясцінах. Па яе словах, яны неаднаразова бачылі гродзенскую пісьменніцу, якая праязджала тут на сваёй брычцы. У гонар знакамітай гродзенкі гэтая крыніца і названа. Кажуць, што вада тут — свайго роду эліксір маладосці: захоўвае скуру ад старэння. Такое вось паданне склалася на працягу не аднаго стагоддзя.

Летась у рамках праекта грамадзянскіх ініцыятыў тут з’явілася шыльда, навес са скульптурнай кампазіцыяй, альтанка, брукаваны і драўляны насціл, вялікія дубовыя крэслы-калодкі.

— Вандроўка пераплятаецца з нашымі адукацыйнымі і турыстычнымі маршрутамі, такімі як «Дарогамі Элізы Ажэшкі і Чэслава Немена», «Дарогамі Алаізы Пашкевіч (Цёткі)», «Малая радзіма Элізы Ажэшкі». Маршруты, якія звязаны з імем Ажэшкі, уключаюць вёскі Гродзенскага і Мастоўскага раёнаў, тут ішлі шляхі пісьменніцы, якая, дарэчы, вядомая не толькі сваімі творамі, але і шырокай дабрачыннай дзейнасцю, у прыватнасці адкрыццём школ для бедных, — паведаміла Таццяна Савянкова.
Яна зазначыла, што новы маршрут да крыніц Гродзенскай пушчы садзейнічае вяртанню да роднай прыроды і спадчыны. Таксама ўдзельніца вандроўкі выказала спадзяванні, што грамадскіх актывістаў падтрымаюць і мясцовыя ўлады: каб сапраўды адпавядаць помнікам прыроды, крыніцы патрабуюць яшчэ шмат намаганняў.

Нястрачаная спадчына

Усе ўдзельнікі першага творчага падарожжа па новым крынічнам маршруце адзначалі энтузіязм творчага аб’яднання і яго кіраўніцы Тэрэзы Белавусавай. Як яна сама расказала, вадой з крыніц карысталася не адно пакаленне яе продкаў. Ведалі яны і аб гаючых яе ўласцівасцях. Так, бабуля Мар’яна свой запавет перадала маці Тэрэзы Іосіфаўны — Ганне.

— У памяць аб сваіх продках я назвала адну з крыніц Марыянай — злучыла ў гэтай назве два імёны — бабулі і маці. Я памятаю, як яны хадзілі сюды ранкам па ваду, бо менавіта перад усходам сонца вада мае лекавую сілу. Каб спусціцца да крыніцы, якая знаходзіцца глыбока ў нізіне, мясцовыя жыхары зрабілі лесвіцу. А некалькі гадоў таму сіламі Гродзенскага лясгаса і вайскоўцаў лесвіцу абнавілі, паставілі парэнчы, дубовыя стол, крэслы і лаўку. Цяпер тут можна набраць вады і крыху адпачыць, — расказала Тэрэза Іосіфаўна. Яна таксама прыгадала, як частавала крынічнай вадой гродзенскага губернатара Уладзіміра Караніка, калі ён заехаў сюды падчас суботніка.

А гродзенская паэтэса Тамара Мазур у лекавых уласцівасцях вады ўпэўнілася асабіста. Ёй крыніца Марыяны дапамагла пазбавіцца ад адной праблемы з вокам. Дарэчы, аб гэтых якасцях вады мясцовыя жыхары ведалі здаўна і карысталіся ёй.

Аказалася, у дзяцінстве Тамары таксама была адна крынічка, да якой яна часта любіла хадзіць. Да гэтай пары памятае, як піла з маленькіх прыгаршчаў ваду і падстаўляла пад струмень вусны і ножкі. Свае пачуцці яна выказала ў вершы «Сок зямлі», які напісала менавіта да гэтай паездкі, і расказала падчас падарожжа.

— І той вобраз стаіць у мяне перад вачыма да гэтай пары, хоць даўно няма той крынічкі, той асакі і таго берага ракі. На жаль, мой верш пра страчанае, незахаванае. І каб не энтузіязм нашых гродзенскіх актывістаў, невядома, які б лёс напаткаў і гэтыя крыніцы, — выказала сваю думку паэтэса. — Лічу, што захаванне спадчыны пачынаецца перш за ўсё з таго, што дае нам прырода, чым карысталіся нашы продкі і збераглі для нас, ахутаўшы скарбы, як абярэгам, легендамі і паданнямі.

Вандроўцы ў значнай ступені паспрыяла і наша падпісчыца Ларыса Салей, якая больш за сорак гадоў выпісвае і чытае «Звязду». Яна зацікавіла артыкулам і арганізатараў паездкі. Кажа, што захацелася паглядзець тыя мясціны, дзе простыя людзі, амаль без усялякай падтрымкі, здолелі не толькі захаваць спадчыну продкаў, але і зрабіць яе набыткам для будучых пакаленняў. Каштоўным для яе аказалася і сустрэча з былымі калегамі і знаёмымі, з якімі не бачылася больш за трыццаць гадоў.

Пляцоўкі для навукі і творчасці

Тэрэза Белавусава расказала ўдзельнікам паездкі аб навуковым аспекце даследавання крыніц. Такая работа тут вядзецца сістэматычна на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў прадстаўнікамі лабараторыі гідрагеалогіі і гідраэкалогіі Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі. Аналіз вады паказаў яе слабамінералізаваны склад, празрыстасць і бактэрыяльную чысціню. Дзякуючы гэтым даследаванням, шэсць крыніц Гродзенскай пушчы летась атрымалі статус помнікаў прыроды мясцовага значэння.

Прыемна, што ў навукоўцаў ёсць аматары і сярод школьнікаў. Так, у Гродзенскай гімназіі імя Карскага адзін з дакладаў на канферэнцыі «Румлёўскія першацветы» якраз быў прысвечаны стану дадзеных крыніц. Загадчыца вучэбна-метадычнага аб’яднання гімназіі Наталля Аляшкевіч лічыць, што наступным крокам павінна стаць экскурсія школьнікаў па новым маршруце. Каб яны адчулі адказнасць за стан навакольнага асяроддзя і ставіліся да прыродных рэсурсаў па-гаспадарску.

А спадчына ў гэтым сэнсе на Гродзеншчыне сапраўды багатая. І, як аказалася, не ў поўнай ступені даследаваная.

— Хто б ведаў пра гэтыя крыніцы, калі б гродзенкай не быў падняты на грамадскі ўзровень гэты каштоўны пласт. Тэрэза Белавусава стараецца захоўваць спадчыну, якая дасталася ад бацькоў і бабулі, бо яны здаўна верылі ў лекавую моц крынічнай вады. Аказваецца, ёю карысталіся і 200 гадоў таму з аздараўленчымі мэтамі, а, як паказваюць навуковыя даследаванні, вада сапраўды мае шмат карысных мінеральных рэчываў. Наша сучасніца не толькі імкнецца гэта зберагчы, але і далучае да прыроднага багацця ўсіх навокал, — заўважае ўдзельнік вандроўкі Аляксандр Ганчароў.

Амаль чвэрць стагоддзя ён узначальваў Гродзенскі політэхнічны каледж, а цяпер прысвячае сябе паэзіі. У яго творчым багажы ёсць і паэма пра гісторыю ўзнікнення адной знакамітай крыніцы. Згодна з паданнем, на тым месцы праваліўся цэлы горад, цяпер западзіна каля вёскі Прывалка — самае нізкае месца ў Беларусі. Углыб яе і цячэ крыніца Райгарад, якая атрымала назву ад былога паселішча. Гэту гісторыю ў паэтычнай форме і расказаў аўтар удзельнікам экскурсіі.

— Мы ўсе знаходзіліся ў гармоніі з прыродай і паказалі маршрут з творчага боку. Гучала цудоўная музыка лаўрэата абласной прэміі імя Дубко Дзмітрыя Казекі, песні ў выкананні артысткі вакальнага ансамбля «Гармонія» Вольгі Строк, вершы Галіны Самойла і Тамары Мазур. Усё гэта адбывалася на фоне крыніц, ваду з якіх усе пакаштавалі. Прырода — гэта і ёсць наш скарб, наша багацце, яна дае сілы і натхненне, — выказала свае пачуцці арганізатар паездкі і захавальніца крыніц Тэрэза Белавусава.

З гэтым меркаваннем пагадзіліся ўсе ўдзельнікі першага масавага выезду па крынічным маршруце. Бо вяртанне да прыроды — на карысць кожнаму чалавеку. Прырода зараджае энергіяй, знімае стомленасць, стварае душэўную раўнавагу. У гэтым перакананы і дацэнт кафедры земляробства Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта, а па сумяшчальніцтве яшчэ і гродзенскі бард Аляксандр Філіпаў. Пад водны струмень гучалі яго філасофскія і лірычныя песні, прасякнутыя ўласнымі думкамі і пачуццямі. Тэма крыніц закранула барда-навукоўца з пункту гледжання іх папулярызацыі.

— Я чуў пра гэтыя крыніцы, але калі пабываў на іх сам, папіў вады, адчуў іх моц, можна сказаць. Думаю, было б вельмі добра, каб пра іх было больш інфармацыі. Я неяк бачыў тэлеперадачу пра крыніцы Белавежскай пушчы, было б вельмі добра, каб з’явілася такая праграма і аб нашых гродзенскіх крыніцах — помніках прыроды. Варта толькі іх крыху добраўпарадкаваць, і гэта будуць вельмі прыгожыя для турыстычнага адпачынку месцы. Думаю, у будучыні гэта справа працягнецца, стане больш экскурсій па гэтым маршруце. Магчыма, з’явяцца і нейкія рэгулярныя рэйсы, — выказаў меркаванне Аляксандр Філіпаў.

Энтузіясты спадзяюцца на падтрымку

Пакуль маршрут афіцыйна не зарэгістраваны, хаця ў Гродзенскім райвыканкаме зацікаўлены ў яго адкрыцці. Магчыма, з цягам часу так і адбудзецца. Бо гэта не толькі крыніцы. Напрыклад, па дарозе можна наведаць храм — помнік архітэктуры з цікавым музеем, пабываць на самым нізкім месцы Беларусі, убачыць вялікае сапрапелевае поле і ўсю прыгажосць Рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Гродзенская пушча». Сюды з Гродна можна дабрацца не толькі на аўтамабілі, але і на веласіпедзе: ад абласнога цэнтра да першай лакацыі — кіламетраў каля 30. Тэрэза Белавусава лічыць, што тут трэба развіваць інклюзіўны кірунак. Зацікавіць аздараўленчы маршрут і сталых людзей.

А гэта, у сваю чаргу, павінна пацягнуць за сабой добраўпарадкаванне крыніц. Асаблівую ўвагу варта аддаць воднаму пуцеправоду. Некаторыя трубы не лішнім было б замяніць на больш сучасныя, з экалагічных матэрыялаў, падрамантаваць лесвіцы і спускі. Пакуль помнікі прыроды не маюць адпаведных шыльдаў. На думку Тэрэзы Іосіфаўны, заказнік, як дзяржаўны прыродаахоўны аб’ект плошчай у 21 тысячу гектар, павінен мець гаспадара і свой статут. Магчыма, тады справы палепшацца і крыніцы набудуць выгляд, які будзе адпавядаць іх дзяржаўнаму статусу.

Між тым цікавасць да крынічнага маршруту расце. Стала вядома, што атрымана заяўка ад гродзенскага пансіяната для сталых людзей «Сасновы бор». У паездку мяркуюць адправіцца больш як дзесяць яго насельнікаў. Грамадскія актывісты ўпэўнены, што з дзяржаўнай падтрымкай маршрут будзе мець добры попыт і прынясе карысць людзям.

Маргарыта УШКЕВІЧ
Фота Тамары МАЗУР