У Мінску, на плошчы Свабоды, у першы дзень лета адбылося маштабнае мерапрыемства, мэтай якога было бліжэй пазнаёміць беларусаў з унікальнай культурай Паднябеснай. Форум «Чай для гармоніі свету» арганізаваны Міністэрствам культуры і турызму КНР, Пасольствам Кітая ў Беларусі і Мінгарвыканкамам.


Наўрад ці хтосьці будзе спрачацца, што чай — не проста напой. Гэта цэлы пласт самабытнай культуры, прычым не толькі ў краінах, дзе ён расце, але і практычна паўсюдна, куды яго прывозяць ужо не адно стагоддзе. Напрыклад, дарэвалюцыйная культура чаявання ў Расіі (з самаварам і абаранкамі) або англійскі «файф-о-клок» маюць мала агульнага (акрамя самога чаю, які, зрэшты, і смаку іншага, і заварваецца інакш) з кітайскай чайнай цырымоніяй, і ўсё ж першапачаткова бяруць пачатак ад яе. Савецкая «традыцыя чаявання» на начных кухнях — таксама свайго роду культурны пласт. Сёння, працуючы за камп’ютарам, далёка не ўсе беларусы п’юць каву, многія выбіраюць менавіта чай і паволі піць яго могуць цэлы дзень. Кітайцы, дарэчы, свой аўтэнтычны напой так часта не п’юць: чайная цырымонія патрабуе засяроджвання на працэсе, а проста заварыць пакуначак чаю ў кіпені або ўсыпаць з пачка трохі заваркі ў кубак для краіны з такой няўяўна старажытнай культурай чаявання — напэўна, «не камільфо». Найстаражытнейшы напой, паводле легенды, увёў ва ўжыванне адзін з першых імператараў Кітая Шэнь Нун у трэцім тысячагоддзі да нашай эры. У Еўропе ж чай сталі піць каля 400 гадоў таму. На тэрыторыю сучаснай Беларусі ён пачаў завозіцца з Кітая яшчэ ў XVІ стагоддзі, а ў XVІІ — яго ўжыванне распаўсюдзілася ва ўсіх пластах грамадства.

Духоўны падтэкст

Увогуле, невыпадкова чай удастоены ўласнага свята, нават двух. Міжнародны дзень чаю, згодна з рэзалюцыяй ААН, адзначаецца 21 мая, а ў шэрагу краін Дзень чаю святкуюць яшчэ і 15 снежня. У 2022 годзе «Кітайскія традыцыйныя тэхналогіі прыгатавання чаю і звязаных з імі звычаяў» былі ўключаны ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва ЮНЕСКА. Пасля гэтага чайная культура Кітая, якая сыходзіць каранямі ў глыбокае мінулае, звярнула на сябе ўвагу ўсяго свету, адзначаюць у Пасольстве Кітая ў Беларусі. У Паднябеснай чай увасабляе духоўны падтэкст нацыянальнай культуры, сяброўскія сувязі і мірнае суіснаванне паміж людзьмі, гармонію паміж чалавекам і прыродай, а таксама ўзаемаўзбагачэнне культур розных краін, падкрэслілі арганізатары культурнай падзеі.

— Чай выступае пасрэднікам, з дапамогай якога людзі розных этнічных груп і розных народаў маюць магчымасць узаемадзейнічаць і натхняць адзін аднаго, — сказаў, адкрываючы мерапрыемства, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол КНР у Беларусі Се Сяаюн. — Гэты напой не толькі ўзнімае дух і захоўвае здароўе, а дапамагае зносінам паміж людзьмі. Чаяванне стварае гарманічную атмасферу і ўмацоўвае паразуменне.

Чай у Беларусі любяць не менш, чым у Кітаі, падкрэсліў пасол:

— Гэты напой падобны да моста сяброўства, што цесна злучае Кітай і Беларусь, якія знаходзяцца за тысячы міль. Ідэі гармоніі і інклюзіўнасці, закладзеныя ў традыцыі чаявання, адпавядаюць такім тэндэнцыям эпохі, як адкрытасць, супрацоўніцтва і ўзаемнае культурнае ўзбагачэнне, — рэзюмаваў ён.

Пасол выказаў надзею, што культурнае мерапрыемства «Чай для гармоніі свету», якое ўжо стала добрай традыцыяй, будзе садзейнічаць збліжэнню беларускага і кітайскага народаў на карысць абедзвюх краін. Гэты маляўнічы фестываль праводзіцца ў Мінску ўжо другі раз. Летась беларусы маглі пазнаёміцца з рознымі відамі чаю з кітайскай правінцыі Юньнань, сёлета акцэнт зроблены на культуры і традыцыях аўтаномнага рэгіёна Унутраная Манголія (дзе, дарэчы, розныя віды чаю прынята піць з малаком).

Вельмі важна, што Беларусь і Кітай працуюць не толькі на карысць эканамічных здзяйсненняў, але і для развіцця ведаў аб культуры нашых краін, адзначыла першы намеснік старшыні Мінгарвыканкама Надзея Лазарэвіч.

— Чайная цырымонія — гэта абмен ведамі і культурнымі традыцыямі, магчымасць пагутарыць і вырашыць любыя пытанні мірным шляхам, у згодзе, — дадала яна.

Старажытныя строі і гарлавыя спевы

Тыя мінчане і госці сталіцы, хто 1 чэрвеня пабываў на плошчы Свабоды, сапраўды маглі ўбачыць тое, чаго нідзе больш не ўбачыш (ва ўсякім выпадку, для таго каб атрымаць тыя ж уражанні і эмоцыі, прыйшлося б праехаць многія сотні кіламетраў). Разлік арганізатараў быў менавіта на самабытнасць і аўтэнтычнасць шматграннай і шматэтнічнай культуры Кітая. Гэтую ідэю падтрымаў канцэрт калектыву «Улань Муці» з Аўтаномнага раёна Унутраная Манголія. Дарэчы, традыцыйныя касцюмы Унутранай Манголіі (у якіх выступалі артысты) у Кітаі ўключаны ў лік Аб’ектаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны. А творчы калектыў удастоены многіх ганаровых узнагарод у Кітаі (у тым ліку Прэміі Вэньхуа за новы рэпертуар Міністэрства культуры і турызму КНР, Спецыяльнай узнагароды «Прэміі Вэньхуа» Міністэрства культуры і турызму КНР, прэміі Нацыянальнага праекта шэдэўраў выканальніцкага мастацтва за цудоўны рэпертуар, танцавальнай «Прэміі лотас»). Спецыяльна для канцэрта ў Беларусі артысты адабралі тыя нумары, якія лепш за ўсё дэманструюць характар і каларыт іх мясцовасці: старажытныя народныя песні, незвычайную інструментальную музыку і самабытныя танцы. Напрыклад, калектыў прадэманстраваў гледачам знакамітыя мангольскія гарлавыя спевы — асаблівы тып спеваў, пры якім выканаўца здабывае два гукі адначасова: звышнізкі (бас) і звышвысокі (свіст). Звышнізкі тон з’яўляецца апорным, яго вышыня пастаянная, звышвысокі ўтварае мелодыю, вышыня якой змяняецца па жаданні спевака. У выніку атрымліваецца вельмі цікавы эфект. А назвы нумароў, якія гледачы бачылі на сцэне, нібы пераносілі публіку ў далёкую і таямнічую Унутраную Манголію: «Легенда пра прыгажуню Сэньцзідэма», «Сярэбраная чаша», «Ардоскае пачуццё», «Васямнаццаць мелодый флейты», «Рэха Хуанхэ»…

Ну, а пазнаёміцца з усімі дэталямі набору для кітайскай чайнай цырымоніі можна было на пляцоўцы побач з канцэртнай залай «Верхні горад». Камплект маленькіх фарфоравых кубачкаў разнастайнай формы і чайнік тут жа можна было і набыць — у сярэднім рублёў за 70. Як і дзясяткі сартоў чаю. Прадаўцы ахвотна знаёмілі пакупнікоў з відамі чаю і спосабамі іх заваркі.

— Кітайскі чай па смаку значна адрозніваецца ад звыклага нам, — дзеліцца ўражаннямі наведвальніца Алена. Яна расказвае, што трапіла сюды выпадкова — пяцігадовая дачка ўбачыла маляўнічае дзейства і папрасіла маму зайсці паглядзець, што адбываецца.

— Я раней не разумела сябровак, якія п’юць толькі «сапраўдны кітайскі чай», спецыяльна ездзяць па яго на рынак, — кажа Алена. — Цяпер вось вырашыла пакаштаваць і сама. Мусіць, буду час ад часу купляць зялёны чай кітайскіх сартоў.

Маргарыта, студэнтка МДЛУ, кажа, што яна і яе сяброўкі прыйшлі на імпрэзу мэтанакіравана: цікава было паглядзець этнічную музычную праграму і пакаштаваць сапраўдны кітайскі чай.

— У Беларусі любяць чай, а п’юць яго ў кожнай сям’і па-рознаму, — разважае яна. — Мне, напрыклад, падабаецца ўлетку піць гарачы чорны чай упрыкуску з шакаладным марожаным, лепш за ўсё — з «Каштанам». Толькі важна, каб марожанае, па кантрасце з гарачым чаем, было моцна замарожаным, таму заўсёды спачатку кладу яго хвілін на дзесяць у маразілку. Разумею, што такі перапад тэмператур шкодны для зубной эмалі, але ж смачна!

Каліграфія і сянцы

Тут жа разгарнуў палаткі фестываль кітайскай кухні, дзе можна было пакаштаваць, напрыклад, традыцыйную кітайскую локшыну (вастрыню прапаноўвалася рэгуляваць самастойна — гэтае пытанне кухары ўдакладнялі ў кожнага пакупніка), а таксама стравы Унутранай Манголіі. Кітайская кухня, наогул, на аматара: камусьці занадта востра, камусьці зашмат духмяных зёлак. Але калі ўжо палюбіў яе, то назаўжды, распавёў адзін з тых кухараў, што працавалі на мерапрыемстве:

— Для кітайскай традыцыі характэрна ўменне гатаваць хутка і ў мінімальнай колькасці тлушчу. Так больш карысна і смачна, чым варыць, смажыць або запякаць тыя ці іншыя прадукты доўга, як прынята ў еўрапейскай і, у прыватнасці, у беларускай кухні. Пры мінімальным тэрмічным уздзеянні і мяса, і гародніна захоўваюць свае зыходныя ўласцівасці. Каб страва гатавалася хутка і раўнамерна, усё рэжуць на маленькія кавалачкі. У выніку інгрэдыенты ўбіраюць максімум водараў спецый.

На культурным форуме было шмат майстар-класаў. Іх праводзілі як прадстаўнікі дэлегацыі, што прыехалі непасрэдна на мерапрыемства, так і спецыялісты Кітайскага культурнага цэнтра ў Мінску і чатырох Інстытутаў Канфуцыя (БДУ, МДЛУ, БНТУ, БДУФК). Зразумела, гасцям праекта было прадстаўлена тое, з чым ва ўсім свеце асацыіруецца Паднябесная: каліграфія і традыцыйны кітайскі жывапіс (дзятву вучылі маляваць панду, дарослых — выводзіць пэндзлем іерогліфы). А таксама баявыя мастацтвы. Адкрыў мерапрыемства знакаміты кітайскі танец дракона — старажытнае нацыянальнае відовішча. Фігурай дракона кіруюць каля дзесяці (а часам і больш) чалавек, зладжаныя рухі якіх ствараюць ілюзію, што фігура жывая. Базавыя рухі танца могуць быць знойдзены ў большасці кітайскіх баявых мастацтваў. Дракон традыцыйна сімвалізуе ў Кітаі сілу і годнасць. Акрамя таго, гэтая міфічная істота прыносіць людзям поспех.

Прадставілі на гэтым маляўнічым свяце жыхарам Беларусі госці з Кітая і тыя грані сваёй нацыянальнай культуры, пра якія мы амаль не ведаем: ад традыцыйнага ўсходняга выразання з паперы (у чымсьці падобнага на нашу выцінанку) да гравюр, сярэбраных упрыгажэнняў, вырабаў з кашміру і аўтэнтычных мастацтваў жыхароў рэгіёна Ордас — разьбы па скуры і высокамастацкіх вырабаў з сукна. А яшчэ тут можна было пагуляць у кітайскія шахматы — сянцы. Правілы гульні прапаноўвалася прачытаць у спецыяльнай інструкцыі, якую раздавалі арганізатары майстар-класа. Але знайшоўся сярод наведвальнікаў і чалавек, які выдатна гуляе ў «кітайскія шахматы». Чыёй перамогай скончыўся «паядынак» за шахматнай дошкай паміж кітайскім і беларускім майстрамі сянцы, я не дагледзела — надта вабіў водар ад палатак з ежай. Але гонар за нашых суайчыннікаў адчула: аказваецца, сярод беларусаў ёсць нават людзі, якія ўмеюць гуляць у мудрагелістую ўсходнюю гульню з больш чым двухтысячагадовай гісторыяй, якая, дарэчы, у 2012-м была ўключана ў Сусветныя інтэлектуальныя гульні.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА