6-7 мая ў Жыткавіцкім раёне прайшлі фестываль нематэрыяльнай культурнай спадчыны «Карагоднае кола» і рэспубліканскі семінар «Захаванне нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі: міжнародны і нацыянальны вопыт». Удзельнікі абодвух мерапрыемстваў далучыліся да жыхароў вёскі Пагост, дзе старанна зберагаецца вясновы абрад «Юраўскі карагод». У 2019 годзе абрад быў уключаны ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, якой патрабуецца тэрміновая ахова.
Вясновы абрад штогод у Пагосце праходзіць 6 мая — у дзень памяці вялікамучаніка Георгія (Юрыя, Ягорыя). Як заўважыла загадчыца мясцовага клуба- бібліятэкі Ірына Торчык, у гэтай вёсачцы абрад ніколі не перарываўся, у той час, як у многіх іншых мясцовасцях, дзе сёння праводзяцца народныя вясновыя святы, яны адноўлены. Уласна, Пагост гэта ўжо не проста вёсачка, дзе зберагаюцца традыцыі, але і крыніца натхнення для народных калектываў, прадстаўнікоў устаноў кульутуры, якія старанна збіраюць звесткі пра спадчыну, зберагаюць яе, апытваюць носьбітаў, запісваюць песні, развучваюць танцы, вяртаюць традыцыі.
Сёння і ў суседніх з Пагостам вёсках гучаць юраўскія песні, дзяўчаты плятуць вянкі з барвінку, праходзяць абрады ў полі, якія скіраваныя на ласку зямлі, добрыя ўраджаі, водзяцца карагоды, удзельнікі абрадаў абыходзяць двары і жадаюць гаспадарам дабрабыту. Але, як заўважылі жанчыны, што прыйшлі на свята ў Пагост з іншых вёсачак Жыткавіцкага раёна, нават у тых з іх,.што знаходзяцца побач, могуць быць свае асаблівасці і ў песнях, і ў элементах абрада і нават у каравайных традыцыях. Дарэчы, булка, што выпякаецца да Юр’я ў Жыткавіцкім раёне, называецца карагод (цеста для яе і для вясельнага караваю можа замешвацца па-рознаму). У межах фестывалю калектывы розных вёсак прэзентавалі сваі караваі, песні і некаторыя элементы мясцовых традыцый. У, Пагосце і вёсцы Старажоўцы каравай упрыгожваюць ралцамі — галінкамі пладовых дрэў, гэта як адзін з сімвалаў будучага ўраджаю. А на адным з карагодаў можна было пабачыць і бэз (які пладоў не дае).
Фестываль «Карагоднае кола» распачаўся ў Пагосце. У мэтах захавання мясцовай традыцыі ўстановай адукацыі «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў», у супрацоўніцтве з Міністэрствам культуры, Галоўным упраўленнем культуры Гомельскага аблвыканкама, Жыткавіцкім райвыканкамам рэалізуецца грунтоўная праграма мерапрыемстваў пры падтрымцы Фонда нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Фестываль нематэрыяльнай культурнай спадчыны — як раз адно з буйнейшых мерапрыемстваў, якое ладзіцца ў гэтым кірунку. Ён у тым ліку паказвае, якім чынам сёння можна, так бы мовіць, працаваць са спадчынай. Калі захавальнікамі выступаюць пераважна прадстаўнікі старэйшага пакалення, вельмі важна выхоўваць тых, хто будзе працягваць і пашыраць практыку правядзення Юраўскіх святаў на тэрыторыі старажытнай Тураўшчыны.Пастаянных жыхароў у Пагосце нямнога. Калі сюды на Юраўскі карагод прыязджаюць сотні турыстаў, ужо трэба думаць, як размеркаваць гасцей і зменшыць нагрузку на мясцовую супольнасць. Без падтрымкі суседзяў тут ужо не абысціся. Дарэчы, на Юр’я можна прыехаць і да іх. Гасцям будуць рады у аграгарадку Рычоў, вёсках Чэрнічы і Старажоўка. На Троіцу народны фальклорна-этнаграфічны ансамбль «Лянок» кліча ў вёску Буразь. Там жа ў Буразі, а таксама ў Пагосце ў верасні можна паглядзець на абрад «Жаніцьба Коміна». У Старажоўцы і Рычове будуць чакаць на Пакроўскім і Міхайлаўскіх кермашах. Гэта мясцовая назва свята, якая прымеркаваная да пэўнай хрэсціянскай урачыстасці, такое народнае гулянне адрозніваецца ад кірмашоў, дзе звычайна гандлююць. Калі будзе жаданне наведаць мясцовыя святы, альбо пазнаёміцца, напрыклад, з вясельнымі, сямейнымі абрадамі, гасцям трэба толькі загадзя звязацца з кіраўнікамі адпаведных філіялаў Жыткавіцкага раённага цэнтра народнай творчасці і арганізацыі вольнага часу насельніцтва.
Гэтым разам ўдзельнікамі фестывалю стала каля 200 чалавек. У Пагост прыехалі фальклорныя калектывы Гомельшчыны і Міншчыны, носьбіты і пераемнікі традыцый Тураўшчыны, спецыялісты ў сферы аховы нематэрыяльнай культурнай спадчыны з розных абласцей Беларусі. Для ўдзельнікаў — гэта выдатная магчымасць пазнаёміцца з вопытам адзін аднаго, разам пашукаць рашэнні, звязаныя з аховай спадчыны.
У фестывалі «Карагоднае кола» бралі ўдзел фальклорныя калектывы Жыткавіцкага раёна — «Міжрэчча», «Дубравіца», «Веціца», «Спасаўка», «Сцвіжанка», «Лянок», «Хільчанка», сямейны ансамбль «Абібок». З Лельчыцкага раёна прыбыў фальклорны калектыў «Каханачка», з Веткаўскага — «Стаўбунскія вячоркі», з Любанскага — «Напарачка», з Мінску — спеўны гурт «Стажары», з Ракаву — «Гасцінец». Далучыліся і ўзорныя дзіцячыя калектывы «Калыханка» з Міншчыны і «Вянок» з Валожынскага раёна. Шмат добрага настрою, звонкіх песень і задорных танцаў паказалі госці з Вялікага Ноўгарада — фальклорны тэатр «Кудзесы» падзяліўся, якія Юраўскія традыцыі ёсць у іх.
Юр’я ў Пагосце аб’яднала прадстаўнікоў розных пакаленняў. Тут вельмі радаваліся моладзі, якая, будзе і далей працягваць традыцыі. У свяце бралі ўдзел студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, якія вывучаюць народныя спевы, і ўжо шмат паспелі пераняць непасрэдна ў носьбітаў Тураўшчыны.
А ўвечары і на наступны дзень свята прымаў Тураўскі гарадскі дом культуры, дзе прайшлі вечарына традыцыйных беларускіх танцаў і канцэрт-прэзентацыя «Захавальнікі спадчыны».На адзін дзень невялікая вёсачка ператварылася ў сапраўдную спеўную сталіцу. Акрамя асобна створаных святочных пляцовак, дзе госці фестывалю маглі паспяваць ці патанчыць, у клубе, на вуліцы носьбіты і фальклорныя калектывы дзяліліся тым, што пачулі, запісалі, перанялі ў папярэднікаў.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ