Адказ на дадзенае пытанне з'явіўся пасля таго, як былі абследаваны самыя старыя дрэвы горада. Знаходзяцца яны каля знакавых гістарычных будынкаў і ў цэнтральным парку. Іх дакладны ўзрост устанавілі спецыялісты кафедры батанікі ГрДУ імя Янкі Купалы сумесна з калегамі Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі. Аказалася, што дрэвы не толькі могуць быць сведкамі гісторыі горада, але і самі здольныя прэтэндаваць на статус помнікаў прыроды.


Паркавы старажыл

Для таго каб вызначыць узрост дрэва, патрэбная спецыяльная прылада — керн. Гэта доўгі металічны бур з асобай сталі. Каштуе прылада даволі дорага — некалькі тысяч рублёў, хоць па выглядзе не скажаш. Загадчык кафедры батанікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы Алег Созінаў дэманструе яе ў дзеянні:

— Бачыце, унутры бур пусты. Што мы робім? Укручваем яго ў дрэва да цэнтра, вымаем, і ў жолабе з'яўляецца доўгі драўляны цыліндр. Па гадавых кольцах і вызначаем абсалютны ўзрост дрэва. Іншых варыянтаў няма.

Такім чынам дрэва атрымлівае свой пашпарт. І ён, трэба сказаць, даволі змястоўны. Па атрыманым матэрыяле можна прасачыць усё жыццё дрэва: суседства з іншымі пародамі, тагачасны клімат, якія шкоднікі маглі ў ім быць, калі былі пажары і многае іншае. Гэту інфармацыю можна расшыфраваць падэкадна дзякуючы навуцы — дэндрахраналогіі. Практычны аналіз праводзіцца ў спецыяльнай лабараторыі НАН Беларусі.

Мы знаходзімся ў цэнтральным гарадскім парку каля старога ясеня. Па словах навукоўца, дрэву гадоў 140 і яно ў добрым стане. Ствол па перыметры крыху больш за тры метры, а вышыня — роўна сорак метраў. Падобны ясень расце і за некалькі дзясяткаў метраў. Відаць, яны высаджваліся ў 1880-я гады для азелянення парку. У гэты перыяд гродзенскім губернатарам быў Аляксандр Пацёмкін, які, дарэчы, быў зацікаўлены ў будаўніцтве летняга тэатра ў тагачасным гарадскім садзе. Сам парк быў закладзены значна раней французскім батанікам Жанам Жыліберам. Аснову яго склаў батанічны сад. Тут раслі рэдкія прадстаўнікі флоры, прывезеныя з Ліёна. Многія добра прыжыліся на гродзенскай зямлі. Праз тры гады пасля стварэння сад лічыўся адным з найлепшых у Еўропе, тут налічвалася дзве тысячы відаў. Але пасля таго, як Жылібер пакінуў горад, яго калекцыя была вывезена ў Вільню, а парк прыйшоў у заняпад. Магчыма, пасадка ясеняў была спробай запоўніць апусцелы парк.

Равеснік Жылібера?

Да гэтага часу існуе легенда, што засталося дрэва — равеснік парку Жылібера, а значыць, яму павінна быць не менш за 250 гадоў. Праўда, на сёння ад дрэва застаўся толькі вялікі трухлявы пень і вызначыць яго ўзрост немагчыма. Ясень прызналі аварыйным і спілавалі. Рэшткі пакінулі, і выглядаюць яны вельмі велічна. А ў цэнтр гэтага пня пасадзілі новы ясень.

— Ідэя добрая. Мы сімвалічна саджаем ясень унутры старога. Але, на жаль, не ўлічылі відавую асаблівасць дрэў. Можна было высадзіць менавіта такі від, які тут рос, а не замяняць яго на іншы, — лічыць суразмоўнік і выказвае сваю прапанову: — Трэба, каб было больш інфармацыі аб дрэвах. У парку не хапае гісторыі. Гэта цэнтр горада. Тут бывае шмат турыстаў, ды і самім гараджанам было б цікава даведацца аб дрэвах у гістарычным кантэксце: што адбывалася ў той перыяд, калі іх высаджвалі, якая гэта была эпоха, чым адметная. Бо такія дрэвы — своеасаблівая машына часу. Яны даюць шмат інфармацыі аб тым, што адбывалася навокал. Можна і легенды нейкія ўспомніць.

Палац пад шатамі дубоў

Інфармацыйныя таблічкі ўжо з'явіліся каля двух дубоў звычайных, якія растуць на тэрыторыі Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея. Іх устанавілі самі супрацоўнікі музея. Пры даследаванні было падлічана, што аднаму дубу амаль 130 гадоў, другому — 150. Абодва растуць каля Новага замка. Узрост дубоў адсылае нас да эпохі Расійскай імперыі. У гэты час у палацы размяшчалася ваеннае ведамства — спачатку кадэцкі корпус, затым — ваенны шпіталь. Магчыма, дрэвы былі пасаджаны кадэтамі. Сам Новы замак будаваўся ў сярэдзіне XVІІІ стагоддзя як летняя рэзідэнцыя караля, тут праводзіліся генеральныя сеймы, у тым ліку і знакаміты Маўклівы сейм, у выніку якога Гродна перайшло ў склад Расіі. Так што дубы — сведкі многіх гістарычных падзей у горадзе. У савецкі час у былым палацы месціўся абкам партыі, а цяпер будынак уваходзіць у склад гісторыка-археалагічнага музея.

Дуб, якому за 150 гадоў, знаходзіцца ў цэнтры двара. У абхваце ён дасягае 370 сантыметраў, а яго вышыня 23,5 метра. Яго стан ацэньваецца як адносна добры, бо навукоўцы выявілі зачаткі гніення ў стрыжні. Але прастаіць ён яшчэ не адно дзесяцігоддзе, лічыць Алег Созінаў.

Дарэчы, як і другі даследаваны дуб на тэрыторыі палаца. Праўда, ён крыху маладзейшы за свайго «калегу» і мае 129 гадоў. З улікам узросту, гэты дуб з'явіўся тут у пачатку 1890-х гадоў, а старэйшы — у 1871 годзе.

— Дубы растуць марудна, таму не так хутка старэюць, як, напрыклад, таполі, якія хутка растуць, — канстатуе суразмоўнік. — Між тым, дубам часта прыпісваюць большы ўзрост, чым ёсць на самай справе. І многія паданні аб старых дубах, якім па 500-600 гадоў, далёкія ад рэальнасці. Гэта фантазія. Пакуль не прабурыш, узрост дрэва не вызначыш. З правераных дрэў старажылы маюць не больш за 400 гадоў. Хоць дубы сапраўды могуць расці і да тысячы гадоў.

Дарэчы, многія «ўзроставыя» дрэвы маюць дзяржаўны статус помнікаў прыроды, своеасаблівую «ахоўную грамату». Па словах Алега Созінава, на Гродзеншыне такіх нямала ў парках старажытных сядзіб. Напрыклад, у Свяцку, Уселюбе, Вердамічах, Руткевічах, Шчорсах. Ёсць дрэвы-доўгажыхары, якія выраслі самі, іх не садзіў чалавек. Гэта знакамітыя дубравы ў заказніках «Азёры», «Ліпічанская пушча», «Замкавы лес», на возеры Свіцязь. Цікавыя аб'екты ў плане дрэў-старажылаў знаходзяцца ў вёсцы Горні Лідскага раёна — там дрэвы-веліканы падпісаны, аб іх размешчана інфармацыя.

У заказніку «Азёры» дрэвам па 150-225 гадоў, яны вышынёй 40 метраў, што адпавядае 12-павярховіку.

А вось з узнаўленнем дубоў ёсць праблема, бо маладыя дубкі адчувальныя да замаразкаў. Не кожны дуб мае статус помніка прыроды. Адна з умоў — дрэва павінна быць не менш за 1,5 метра ў дыяметры. У гэтую катэгорыю, дарэчы, трапляюць і «замкавыя» дубы ў Гродне. Абласным камітэтам прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя будзе разгледжана пытанне па наданні дрэвам статусу помнікаў прыроды мясцовага значэння.

Таполя і ліпа на кантролі

Падчас даследаванняў была звернута ўвага і на старую ліпу ў Швейцарскай даліне горада. Абхват ствала яе — 275 сантыметраў, а вось узрост — усяго 75 гадоў. Пры гэтым наяўнасць значнай гнілі ў цэнтры дрэва патрабуе кантролю. Па разліках, ліпу саджалі ў першыя пасляваенныя гады. Гэта сведчыць аб тым, што ў горадзе не толькі аднаўлялі будынкі, але і аддавалі ўвагу азеляненню. Дарэчы, многія дрэвы ў цэнтры горада высаджваліся менавіта ў першыя пасляваенныя гады. Да гэтага перыяду адносіцца і канадская таполя ў парку Жылібера. Яна самая тоўстая з усіх абследаваных дрэў, яе абхват — 476 сантыметраў, а вышыня — 35 метраў. Гарадское асяроддзе значна паўплывала на яе стан. Навукоўцы зрабілі заключэнне, што дрэва аслабленае, каля падножжа ёсць вялікае дупло. Таму яго занеслі ў спіс небяспечных з-за рызыкі падзення. Пакуль далейшы лёс расліны не вызначаны.

Як расказалі ў лесагаспадарчым аб'яднанні, каля дрэў-старажылаў у Гродне будуць устаноўлены адпаведныя таблічкі з іх назвамі і ўзростам. Магчыма, будзе распрацаваны і турыстычны маршрут, звязаны з інтэрактыўным музеем лесу, які размясціўся ў старажытным будынку былой лясной адміністрацыі ў цэнтры горада.

У тэму:

У гарадскім парку з'явіўся куток адраджэння былой калекцыі яго заснавальніка Жана Жылібера. Там растуць ядомыя каштаны, айва, магонія, птэлея, лапіна, дэйцыя, яблыня Зібальда і іншыя экзоты. Летась у Швейцарскай даліне высаджана паўлоўнія. Яна цвіце буйнымі блакітна-фіялетавымі суквеццямі. Таксама будзе высаджана метасеквоя, якую Алег Созінаў прывёз з Батанічнага інстытута Санкт-Пецярбурга разам з рэдкім дрэвам гінкга. Дарэчы, яго саджанец вырас з насення, якое ўзята з 850-гадовага свяшчэннага дрэва ў Японіі. Атрымліваецца, дрэва «з радаслоўнай». Ёсць у парку цюльпанавае дрэва, лісты якога нібы абгрызеныя. Гродзенскія біёлагі чакаюць, калі яно зацвіце.

Маргарыта УШКЕВІЧ
Фота аўтара