Людзей з абмежаванымі магчымасцямі, а ў прыватнасці з праблемамі зроку, не так часта можна сустрэць на гарадскіх вуліцах. Але апошнім часам у старажытным цэнтры сустракаюцца нават цэлыя групы экскурсантаў, якія знаёмяцца з горадам навобмацак. Тактыльныя экскурсіі ўпершыню зладзілі работнікі гродзенскай бібліятэчнай сістэмы.


Аб чым даведваюцца ўдзельнікі экскурсій і якія прапановы ўносяць іх арганізатары для таго, каб палепшыць знаёмства з горадам?

У чарговым такім, трэцім па ліку, шпацыры ўзялі ўдзел восем чалавек. Усе яны інваліды па зроку, некаторыя зусім нічога не бачаць. Вось і для Ганны Янчулевіч падобная прагулка — сапраўдныя прыгоды. Але праблема са зрокам не стала перашкодай для адкрыцця роднага горада. І хаця яна не можа ўбачыць прыгожую архітэктуру гістарычнага цэнтра, старажытныя забудовы, замкі і палацы, іх вобразы ёй дапамагаюць ствараць бібліятэкаркі Ларыса Ланеўская і Ганна Шарэнда.

— Інклюзія даўно існуе ў нашай бібліятэцы, — расказала перад экскурсіяй Ганна Шарэнда. — Ёсць спецыяльна распрацаваныя цыклы для такіх сацыяльна неабароненых груп насельніцтва, якія называюцца «Будзем разам» і «Асаблівыя дзеці». Наша бібліятэка працуе і з першай дапаможнай школай, дзе вучацца дзеці з асаблівасцямі фізічнага і псіхафізічнага развіцця, і са школай для інвалідаў па зроку, і з вучнямі гарадской сярэдняй школы № 16, дзе вучацца дзеці з асаблівасцямі слыху. Мы працуем і з цэнтрам дзённага наведвання для інвалідаў. Не толькі наша бібліятэка працуе па інклюзіі ў горадзе, але такія экскурсіі — пакуль толькі наш эксклюзіўны праект.

Ганна — у мінулым прафесійны экскурсавод, а зараз працуе загадчыцай бібліятэкі № 5 у Гродне. Можна сказаць, што яна адзіны такога роду гід па горадзе. Менавіта яна распрацавала беларускамоўны тактыльна-інклюзіўны маршрут па гістарычным цэнтры, які назвала «Ад Фары Вітаўта да замкаў». Ён невялікі — усяго 500 метраў, але даволі насычаны, уключае ўсе асноўныя аб'екты, якія даюць поўнае ўяўленне аб горадзе для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

— Гэты маршрут склаўся таму, што ўсе аб'екты знаходзяцца ў зоне дасяжнасці. Да іх спакойна можна падысці, штосьці памацаць. Нашым удзельнікам трэба даць дакрануцца сваімі пальцамі, а не проста расказваць пра архітэктурны стыль ці нейкія іншыя асаблівасці. І праз людзей, праз будынкі, праз пахі, водары ідзе прыняцце горада, — распавядае Ганна і пачынае сваю экскурсію ад знака, які ўстаноўлены на месцы Фары Вітаўта.

Яна расказвае, што старажытны драўляны храм быў пабудаваны тут напрыканцы ХІV стагоддзя. Праз некаторы час на яго месцы ўзвялі каменны касцёл — самы вялікі на беларускіх землях. Святыня неаднойчы гарэла, і пасля вялікага гарадскога пажару ў 1889 годзе храм узнавілі як праваслаўны Свята-Сафійскі сабор. З 1920 да 1930 года гэта быў гарнізонны касцёл з элементамі готыкі. І хаця Фара Вітаўта выстаяла праз усе ліхалецці, яе лёс даволі сумны. Храм у 1961 годзе быў знесены для ўзвядзення новых пабудоў. Некалькі гадоў таму на месцы былога храма ўстаноўлена кампазіцыя ў выглядзе чорна-белай аркі.

Удзельнікі экскурсіі праслухалі гістарычны экскурс і навобмацак атрымалі ўяўленне аб выглядзе архітэктурнага аб'екта.

— Людзей, якія маюць сур'ёзныя абмежаванні па зроку, насамрэч нямала, — заўважае Ганна падчас экскурсіі. — Хоць іх нячаста можна сустрэць у горадзе. Таму такія экскурсіі — гэта добры вопыт сацыялізацыі, станоўчыя эмоцыі. Людзі адчуваюць, што імі зацікаўлены, што яны — паўнавартасныя грамадзяне, уцягнутыя ў гарадскую, культурную прастору, могуць атрымаць тое, чаго былі пазбаўлены. Сітуацыя мяняецца.

Група паціху пераходзіць ад аднаго будынка да другога. Для звычайных турыстаў на маршрут у 500 метраў хопіць паўгадзіны. Але ў інвалідаў па зроку тэмпы іншыя — нават невялікую адлегласць яны пераадольваюць значна даўжэй. Вось так, няспешна група рухаецца па вуліцы Замкавай, якая вядзе да сэрца горада — каралеўскіх замкаў. Праз гэту вуліцу ў каралеўскую рэзідэнцыю з'язджаліся ўдзельнікі сеймаў — магнаты і шляхта, працягвае Ганна свой аповед. Калісьці на вуліцы месцілася ажно шэсць палацаў, два з іх дайшлі да нашых часоў. Напрыклад, у асабняку Масальскіх — самым старым доме Гродна — ішлі здымкі кінафільма пра багацце Радзівілаў «Сляды апостала».

Каб дапамагчы інвалідам па зроку атрымаць уяўленне аб форме маштабных аб'ектаў, арганізатары экскурсіі падрыхтавалі спецыяльны альбом з выявай усіх асноўных славутасцяў маршрута. Такім альбомам можна карыстацца падчас экскурсій. Гэта макеты будынкаў, якія можна ў альбоме памацаць, ёсць і надпісы шрыфтам Брайля. Альбом, па словах арганізатараў, будзе папаўняцца новымі выявамі цікавых аб'ектаў.

— Было б нядрэнна, каб каля кожнага знакавага аб'екта стаялі такія міні-макеты, напрыклад, з пенапласту ці дрэва. Каб інваліды па зроку маглі іх мацаць і атрымліваць прадстаўленне аб аб'екце. А мы дапоўнім яго расповедам аб памерах будынка і іншай цікавай інфармацыяй. Дарэчы, такія макеты будуць цікавыя і ўсім турыстам, — лічыць Ганна.

На яе думку, гарадское інклюзіўнае асяроддзе не да канца прадуманае. Пакуль зроблены ў прамым сэнсе першыя крокі ў выглядзе пераходаў з тактыльнай пліткай. Але трэба ісці далей. Напрыклад, устанавіць інфармацыйныя стэнды са шрыфтам Брайля. Прычым яны павінны быць напісаны простай мовай. Таксама складана знайсці метадычныя рэкамендацыі па правядзенні спецыяльных экскурсій для людзей з аслабленым зрокам. Пакуль матэрыял прыходзіцца напрацоўваць праз уласны вопыт. Вялікі мінус — унутраныя памяшканні, якія наогул не разлічаны на такога роду экскурсіі.

Між тым запатрабаванасць у іх ёсць. Арганізатары ўжо атрымалі некалькі замоў на верасень. З просьбай правесці экскурсію для вучняў спецыялізаванай школы звярнуліся педагогі. Таксама выказалі жаданне прадстаўнікі медыцынскага каледжа, дзе таксама нямала навучэнцаў з праблемамі зроку.

— Гэты праект будзе пашырацца, — упэўнена суразмоўца. — Ім зацікавіліся ў абласным упраўленні спорту і турызму, запрасілі расказаць на канферэнцыі, якая была прысвечана інклюзіўнаму турызму і праходзіла ў мінулым годзе анлайн. Мне давялося выступіць з дакладам.

Яна настойвае на тым, што ў сферы турызму павінны быць гатовы працаваць і з такой катэгорыяй людзей. Напрыклад, у тых жа кавярнях. Дарэчы, у маршруце экскурсіі прадугледжана наведванне такой установы. Праз пахі ўдзельнікі ўспрымаюць гэта месца ў гарадскім асяроддзі. Але такі падыход несістэмны. Напрыклад, можна было б у некалькіх кафэ прапанаваць меню, у тым ліку, і са шрыфтам Брайля.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы горада Гродна