Літаральна за апошнія некалькі гадоў у рэгіёне знайшлі сваіх гаспадароў амаль усе значныя будынкі, якія маюць гісторыка-культурную каштоўнасць. Аднаўляюцца старажытны піўзавод, былая медыцынская акадэмія, палацавы комплекс у Свяцку... Летась прададзены з аўкцыёну яшчэ два палацавыя комплексы — Радзівілаў і Храптовічаў. Попыту спрыяюць і прывабныя ўмовы. Як правіла, такія аб'екты прадаюцца за адну базавую велічыню.

Палац, яшчэ палац...

     Як вядома, прадаць аб'екты са статусам гісторыка-культурнай каштоўнасці няпроста. Уласніка чакае нямала ўмоў і абавязацельстваў. Да таго ж і кошт даволі высокі. Таму гістарычныя аб'екты доўгі час могуць стаяць непрыдбанымі. Але летась у такой справе адчуўся пэўны рух, паведамілі ў камітэце «Гроднааблмаёмасць».

Напрыклад, былы палац Радзівілаў у Дзятлаве прадаваўся з 2020 года. Аб'ект знаходзіўся на балансе раёна. Агульная плошча двухпавярховага будынка складае 1,5 тысячы «квадратаў». Ёсць чатыры прыбудовы і зямельны надзел. Палац Радзівілы пабудавалі ў 1751 годзе ў стылі барока і ракако. Будынак неаднойчы мяняў уласнікаў. Некаторы час тут знаходзіліся шпіталь, прытулак для дзяўчат, школа. Да 2010 года — размяшчалася гарадская стаматалогія. Потым — гады запусцення.

     Сітуацыя змянілася пасля таго, як кошт аб'екта стаў амаль мінімальным. Палацам зацікавіўся расійскі бізнесмен. Як паведамілі ў Дзятлаўскім райвыканкаме, цяпер ён ужо трэці месяц з'яўляецца ўласнікам старажытнага палаца. Будынак, які ўваходзіць у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, абышоўся яму ў тры базавыя велічыні.

     Што канкрэтна плануе размясціць у старажытным будынку новы ўласнік, дакладна невядома. Ёсць меркаванне, што там можа з'явіцца рэабілітацыйны цэнтр альбо іншы аб'ект сацыяльнай накіраванасці. Ва ўсялякім выпадку, гэта стане вядома ў хуткім часе, паколькі бізнесмен павінен распрацаваць праектную дакументацыю на працягу двух гадоў, а максімум праз пяць — завяршыць рамонтныя работы і прадставіць будынак у яго новым абліччы.

За мінімальны кошт куплены летась комплекс аб'ектаў палаца Храптовічаў. Гэта сядзіба ў аграгарадку Шчорсы пад Навагрудкам — самае буйное радавое гняздо, якое належала дыпламату, міністру замежных спраў, апошняму канцлеру ВКЛ Іахіму Храптовічу. Палацава-паркавы ансамбль у стылі французскага класіцызму ўзводзіўся з удзелам знакамітага італьянца Джузепэ Сако. Сюды наведваліся каралеўскія, шляхетныя і знакамітыя асобы.

     У пачатку ХХ стагоддзя сядзіба прыйшла ў заняпад, сам палац згарэў у Першую сусветную вайну, але некаторыя аб'екты засталіся. У савецкі час у будынку былой бібліятэкі знаходзілася школа, у флігелі — дзіцячы садок і жылыя кватэры. Гаспадарчыя пабудовы адышлі да мясцовай гаспадаркі. Як і палац у Дзятлаве, сядзіба доўгі час пуставала, хоць і выстаўлялася на аўкцыён. Але жадаючых набыць яе не знаходзілася, пакуль стартавая цана не знізілася да адной базавай велічыні. У аддзеле эканомікі Навагрудскага райвыканкама паведамілі, што такія ўмовы выклікалі нават ажыятаж. Праўда, будынкі прадавалі паасобку. У выніку таргоў стартавая цана вырасла. Былы флігель быў прададзены за 23 тысячы рублёў жыхару Мінска. Палацавы ансамбль падзялілі паміж двума ўласнікамі. Напэўна, тут мяркуецца стварыць турыстычны комплекс з гасцініцай і музейнай экспазіцыяй. І ў гэтым ёсць логіка. Навагрудскі раён — адзін з самых папулярных у турыстаў, а старажытны аб'ект у новым выглядзе, вядома, зацікавіць многіх.

     Элітныя кватэры ў царскіх казармах

    Летась пасля некалькі беспаспяховых аўкцыёнаў у Гродне ўдалося прадаць два ўнікальныя аб'екты нерухомасці. І тут не абышлося без уплыву цанавога фактару. Спачатку будынкі былых царскіх казармаў выстаўляліся за 1,2 і 1,4 млн рублёў. І толькі пасля чацвёртай спробы, калі кошт знізіўся на 80 % — да 316 і 290 тысяч рублёў адпаведна, іх набыла кампанія «Палессежылбуд».

Будынкі былой царскай казармы па вуліцы Шчорса ўваходзілі ў склад вялікага ваеннага гарадка, які лічыцца найстарэйшым на тэрыторыі Беларусі. Першыя казармы закладваліся ў 1886 годзе. Усяго было ўзведзена звыш 20 разнастайных збудаванняў. У розныя перыяды тут стаялі ваенныя часці, месціўся шпіталь. Падчас нямецкай акупацыі ў гарадку стварылі «Шталаг-324», дзе ўтрымлівалі тысячы палонных савецкіх салдат.

     Да нашага часу дайшло некалькі казармаў, якія былі пераабсталяваны пад інтэрнаты. Некаторы час іх лёс быў пад пытаннем. Але будынкам пашанцавала з інвестарам, які ўжо меў вопыт аднаўлення падобных забудоў у Брэсце. Нават ёсць меркаванне, што праект з казармамі сёння ў трэндзе. Вось і ў Гродне забудоўшчык плануе іх адрамантаваць пад элітныя жылыя дамы з захаваннем гістарычных канструкцый. Трэба сказаць, што ўмовы даволі жорсткія — уся работа павінна быць завершана за тры гады. Між тым, праект рэканструкцыі ўжо цяпер здзіўляе. У будучых дамах пашыраць вокны, адкрыюць аўтэнтычную цагляную кладку, зробяць французскія балконы. Перабудова закране ўсе перакрыцці, яны будуць новыя. Што датычыць кватэр, то мяркуюць зрабіць як студыі па 28 «квадратаў», так і трохпакаёўкі на 70. Унутраны двор закрыты — тут размесцяцца дзіцячыя пляцоўкі і велапаркоўка. Кошт «квадрата» пакуль не агучваецца, затое вядома, што завяршыць рэканструкцыю тут плануюць да 2024 года.

     У Гродне пачаўся актыўны продаж будынкаў гістарычнага цэнтра. Гэта дамы па вуліцы Вялікая Траецкая, Карла Маркса, дзе будуць аб'екты грамадскага прызначэння, у прыватнасці, гасцініцы, хостэлы, крамы.

Падвёў азарт

     Аб'екты, як бачым, прадаюцца, і гэта добра. Але ёсць тут і адваротны бок. Не заўсёды іх набываюць сапраўдныя гаспадары. Бо толькі азарту і жадання нешта зрабіць недастаткова. Некаторыя інвестары не ў поўнай ступені разумеюць, з чым ім прыйдзецца сутыкнуцца. Бо набыццё аб'екта, які мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, накладвае істотныя абавязацельствы па яго ўтрыманні і аднаўленні. Не ўсе інвестары да гэтага гатовыя і ў фінансавым плане. Не знаходзяць патрэбныя рэсурсы, адпаведна, работы не вядуцца, аб'ект разбураецца, што ў рэшце рэшт прыводзіць да яго вяртання ў дзяржаўную маёмасць.

     З такой сітуацыяй сутыкнулася жыхарка Мінска, якая набыла ў Слоніме найстарэйшую сінагогу Беларусі за 30 тысяч рублёў. Перад гэтым будынак прайшоў некалькі аўкцыёнаў. Як паведамілі ў аддзеле культуры Слонімскага райвыканкама, уласніца вырашыла вярнуць аб'ект мясцовым уладам, бо палічыла, што не справіцца з аб'ёмам работ, які трэба было выканаць у вызначаны тэрмін. Праз асабісты дабрачынны фонд не ўдалося сабраць сродкі нават на праект рэканструкцыі, кошт якога склаў 50 тысяч долараў ЗША.

    Летась сінагога зноў аказалася ў статусе пустой нерухомай маёмасці і вясной будзе паўторна выстаўляцца на аўкцыён. Кошт аб'екта вызначае райвыканкам. Дарэчы, ёсць даныя, што сінагогу ў Слоніме меў намер выкупіць фонд «Яўрэйская спадчына», аднак адмовіўся з-за тога ж вялікага аб'ёму работ. Падлічылі, што на рэканструкцыю патрэбна каля 5 млн еўра. Між тым, аб'ект у 1642 годзе быў пабудаваны за сродкі мясцовай яўрэйскай абшчыны. У свой час збудаванне было галоўным архітэктурным аб'ектам гандлёвай плошчы Слоніма.

Што на чарзе

     Тут зноў варта згадаць сядзібу Храптовічаў. Літаральна днямі на аўкцыён выстаўляецца даволі незвычайны аб'ект. Гэта былая вяндлярня, якая знаходзіцца непадалёк ад сядзібы і належыць аддзелу культуры Навагрудскага райвыканкама. Аб'ект мае круглую форму і даволі спецыфічны па сваёй канструкцыі. Чарговы продаж будзе весціся з паніжэннем кошту ў два разы і складзе амаль 10 тысяч рублёў. Патрабаванні да будучага ўласніка такія ж, як пры набыцці іншых аб'ектаў гісторыка-культурнай каштоўнасці — правесці рэканструкцыю і аднаўленне ў адпаведныя тэрміны і з умовамі ахоўных абавязацельстваў.

Таксама ў Навагрудку мяркуюць выставіць на аўкцыён старажытны двухпавярховы будынак, дзе некалі месцілася школа мастацтваў. Ці знойдуцца на яго прэтэндэнты, у аддзеле эканомікі райвыканкама не бяруцца сказаць. Як правіла, інтарэс да нерухомай маёмасці ўзнікае тады, калі аб'ект прапануюць за адну базавую велічыню. Пакуль з усімі папярэднімі зніжкамі кошт будынка складае 95 тысяч рублёў.

     У камітэце дзяржмаёмасці згадалі яшчэ адзін цікавы аб'ект, які знаходзіцца ў вёсцы Поразава Свіслацкага раёна. Сядзіба «Багудзенкі» будавалася ў канцы ХІХ стагоддзя мясцовым памешчыкам і з'ўяляецца помнікам драўлянага дойлідства. Доўгі час тут знаходзілася пасялковая бальніца, а апошнія гадоў 20 аб'ект пустуе. За гэты час ён ужо прадаваўся, але беспаспяхова. На найбліжэйшым аўкцыёне ў сакавіку стартавая цана на сядзібу складзе амаль 30 тысяч рублёў. Будучы ўласнік можа размясціць тут гасцініцу, кемпінг, выкарыстаць як агратурыстычны альбо адміністрацыйна-гаспадарчы аб'ект.

     Трэба сказаць, што апошнім часам змяніліся падыходы да рэканструкцыі гісторыка-культурных аб'ектаў трэцяй катэгорыі, якія лічацца каштоўнасцю мясцовага значэння. Некаторыя працэдуры спрасціліся, перададзены на ўзровень мясцовых уладаў, што дазваляе вырашаць пытанні рэканструкцыі больш аператыўна і актывізаваць інвестараў.

     Святлана Лендзіна, намеснік старшыні камітэта «Гроднааблмаёмасць»:
     
     — Летась у Гродзенскай вобласці ўцягнуты ў абарот 118 пустых аб'ектаў камунальнай уласнасці, пераважная большасць прададзена з аўкцыёну. Менавіта продаж з'яўляецца прыярытэтным спосабам уцягвання маёмасці ў гаспадарчую дзейнасць. Летась камітэтам дзяржаўнай маёмасці аблвыканкама праведзена звыш 420 аўкцыёнаў, у тым ліку электронных таргоў. Выручка ад продажу склала 5,5 млн рублёў, што ў два разы больш за папярэдні год. Колькасць праведзеных аўкцыёнаў у параўнанні з 2021 годам павялічылася на 32 %. Звыш двух дзясяткаў аб'ектаў выкупілі арандатары, 124 знесены. У выніку ўсіх мерапрыемстваў колькасць нявыкарыстаных плошчаў зменшылася больш чым на 111 тысяч кв. м.

     Сёлета плануецца прадаць 300 аб'ектаў. Інфармацыя аб продажы маёмасці размешчана на афіцыйных сайтах органаў выканаўчай улады і ў адзінай інфармацыйнай базе нявыкарыстанай маёмасці.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота з адкрытых крыніц

Крыніца