Сёння ў сталічным мікрараёне Сосны адбылося адкрыццё экалагічнай сцежкі «Шышкі», прымеркаванай 80-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Удзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця прынялі міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Масляк, намеснік старшыні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Алег Корзун, старшыня Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Валянцін Шатраўка. Карэспандэнты «Звязды» высветлілі, чым будзе радаваць гараджан новая экасцежка.
Экалагічная сцежка «Шышкі» — месца сапраўды ўнікальнае. Гасцей тут чакае займальнае падарожжа па тэматычных зонах (усяго 16 станцый) з казачнымі героямі і інтэрактывам. Маршрут першай лініі экасцежкі адукацыйны. Ён дазваляе азнаёміцца з разнастайнасцю флоры і фаўны. Для лепшага ўспрымання інфармацыі прадугледжаны гульнявыя зоны, прыпыначныя пляцоўкі «Знаёмцеся, дрэвы», «Шышкі сасновага лесу», «Царства раслін», «Пошукавая паляна», а таксама «Атэль для насякомых».
«Ужо стала добрай традыцыяй напярэдадні важных дзяржаўных святаў адкрываць знакавыя ганаровыя месцы і аб’екты для адпачынку. І дадзеную экалагічную сцежку мы не проста так назвалі „Шышкі“, — распавёў кіраўнік адміністрацыі Заводскага раёна Уладзімір Шыбека. — Гэты аб’ект з’яўляецца выключным, свайго роду жамчужынай, таму што жыхары мікрараёна, адміністрацыя, кіраўнікі прадпрыемстваў усе разам унеслі свой уклад, пачынаючы ад работы, заканчваючы крэатыўнымі ідэямі і рэалізацыяй усяго таго, што можна тут убачыць. Так, напрыклад, у рамках раённага конкурсу былі вызначаны лепшыя лаўкі, якія сёння ўпрыгожваюць гэтае месца. Інтэрактыў, які прадстаўлены тут, дазваляе комплексна судзіць аб той канцэптуальнай ідэі, якая была закладзена ў аснову экалагічнай сцежкі».
Гэта месца добраўпарадкавана для жыхароў раёна. Па словах Уладзіміра Шыбекі, сёння важна не толькі карыстацца прыродным ландшафтам, але і аднаўляць і знаходзіць агульныя падыходы, дзе людзі з прыродай будуць адно аднаму дапамагаць. Дарэчы, на працягу года плануецца рэалізаваць яшчэ адну экалагічную сцежку ў сталічным мікрараёне Чыжоўка.
Новую экалагічную сцежку «Шышкі» ўладкавалі ў лясным масіве ў канцы вуліцы Акадэміка Красіна за сярэдняй школай № 144 і дзіцячым садам № 419. Тут можна ўбачыць самыя разнастайныя аб’екты расліннага і жывёльнага свету, краявідныя ландшафтныя кампазіцыі, малыя архітэктурныя формы.
«Мы двойчы пераносілі адкрыццё, — адзначыў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Масляк. — Хацелася, каб гэта быў не толькі аб’ект у частцы экалагічнай асветы, але і каб уся прылеглая тэрыторыя была прыведзена ў парадак. Вялікая падзяка камунальным службам, адміністрацыі Заводскага раёна за стараннасць, праяўленую ва ўладкаванні экалагічнай сцежкі і прылеглай тэрыторыі. Напэўна, гэта апошні мікрараён у раёне, у якім адсутнічала такое месца для адпачынку. Перакананы, што гэта толькі пачатак і нам ёсць, да чаго імкнуцца».
Паводле яго слоў, на працягу апошніх пяці гадоў мясцовымі выканаўчымі, распарадчымі органамі ўлады, у тым ліку абласнымі выканкамамі і Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам праводзіцца дастаткова сур’ёзная і маштабная работа па добраўпарадкаванні. «У рамках гэтай работы ствараюцца зоны адпачынку, экалагічныя сцежкі. Тэрыторыя нашай краіны на 43 працэнтаў пакрыта лясамі. 39 працэнтаў тэрыторыі — землі сельскагаспадарчага прызначэння, яшчэ 6 працэнтаў занята балотнымі ўгоддзямі. Напэўна, было б няправільна не паказваць людзям гэтую прыгажосць. Зараз у нашай краіне актыўна развіваецца экалагічны турызм. Вялікая ўвага надаецца і развіццю экалагічных сцежак», — падкрэсліў міністр.
Сёння ў сталіцы адкрыта і паспяхова функцыянуе 21 экалагічная сцежка. «Гэта найбольш актуальна ў горадзе, дзе няма магчымасці ў поўнай меры атрымаць асалоду ад прыродных рэсурсаў, якая ёсць у рэгіёнах. Таму неабходна ствараць такія аб’екты, надаючы ім сур’ёзную ўвагу, такім чынам прыцягваючы людзей ва ўдзел у экалагічнай культуры і асвеце. Прыемна, што ў прэзентацыі новай экалагічнай сцежкі актыўны ўдзел прымаюць дзеці. Маё меркаванне: з самага ранняга ўзросту дзіцяці трэба прывіваць не толькі да традыцый нашай дзяржавы, але і да культуры аховы навакольнага асяроддзя, вучыць беражліва да яе ставіцца, паказваць ландшафтную біялагічную разнастайнасць», — дадаў Сяргей Масляк.
З улікам таго, што побач з мікрараёнам Сосны размяшчаецца досыць вялікі лясны масіў, тут ёсць, куды развівацца. «Адкрыццё экасцежкі — гэта толькі адзін з першых этапаў далейшага добраўпарадкавання дадзенай тэрыторыі. Экасцежка дазваляе не толькі акунуцца і знайсціасалоду ад прыроды, але і атрымаць веды ў галіне эканомікі», — падагульніў ён.
На палянках пляцоўкі «Іглічныя дрэвы» ўстаноўлены лавачкі, скрыні, стэнды з картай маршруту. У зоне адпачынку можна сустрэць вавёрак і нават пакарміць іх. Для гэтага прадугледжаны спецыяльныя кармушкі. На выхадзе з экалагічнай прасторы «Шышкі» змантаваны дзіцячы спартыўны комплекс, які прыйдзецца па душы самым юным гараджанам.
«Па добрай традыцыі два разы на год: да Дня Незалежнасці і да Дня горада мы адкрываем новыя зоны адпачынку, — сказаў намеснік старшыні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Алег Корзун. — Сёння іх налічваецца 45. Да Дня Незалежнасці мы адкрылі дзевяць новых зон. Прыемна ўсведамляць, што людзі жывуць не толькі ў цэнтры горада, але і на ўскраінах. Тым не менш, мінчане ўсюды маюць патрэбу ў дабрабыце і камфортным адпачынку. Адкрыццё экасцежкі — гэта вялікая і значная падзея, бо не толькі камунальныя службы, але і дзеткі, прадпрыемствы і арганізацыі прымалі актыўны ўдзел у яе добраўпарадкаванні. Гэта знакавая падзея не толькі для мікрараёна, але і для горада. Мы робім усё магчымае, каб людзям было камфортна, утульна. Прыходзячы сюды, бачачы гэты выдатны сасновы лес, сапраўды ўзнікае жаданне пераехаць у гэты мікрараён».
Дарэчы, ва ўладкаванні экасцежкі вялікі ўклад унеслі ўдзельнікі рэспубліканскага суботніка 20 красавіка. Тады супрацоўнікі і прадстаўнікі адміністрацыі, упраўлення па адукацыі, прадпрыемства «Мінскзеленбуд», ЖЭС Заводскага раёна сталіцы, дзеці і іх бацькі, педагогі, неабыякавыя грамадзяне, якія пражываюць на тэрыторыі мікрараёна Сосны, чысцілі лес, каб яго частка змянілася ў карысную экалагічную прастору.
Фота Кацярыны УРБАН