Апошні летні месяц праходзіць пад знакам падзейнага турызму. Музычныя, гістарычныя, гастранамічныя і іншыя фестывалі, як рэгіянальныя, так і нацыянальныя, запрашаюць усіх ахвотных. Ну а кульмінацыяй стане 17 жніўня — у гэты дзень у Беларусі пройдзе адразу тры знакавых мерапрыемствы, якія сталі сапраўднымі турыстычнымі брэндамі нашай краіны — «Бацькава булка» у Свіслачы, «Шлях цмока» ў Бярэзінскім біясферным запаведніку і «Кліч Палесся» ў Нацыянальным парку «Прыпяцкі». Калі яшчэ не вызначыліся, куды паехаць, — паспяшайцеся, бо кожны з фестываляў мае свае незабыўныя фішкі і асаблівасці. І адзінае, чаго не варта рабіць ў гэты выхадны — заставацца дома.
Што выбраць?
Як жа арыентавацца ў мерапрыемствах, што праходзяць у розных рэгіёнах? Як уключыць іх у сваё падарожжа ці наадварот, прымеркаваць да фестывалю сваю паездку ў той ці іншы рэгіён? На рэсурсах belarus.travel і belarustourіsm.by асвятляюцца ўсе найбольш яркія падзейныя мерапрыемствы рознага маштабу.
Акрамя таго, у сацыяльных сетках Нацыянальнага агенцтва па турызме — ВКонтакте, Інстаграме, Фейсбуку, а таксама ў тэлеграм-канале ПознайБеларусь асвятляюцца мерапрыемствы, якія набліжаюцца. Гэта таксама зручны інструмент для турыстаў, дзе размешчана дынамічная інфармацыя пра падзеі, што адбудуцца ў бліжэйшыя выхадныя і на наступным тыдні.
У сталіцы ў жніўні гасцей запрашаюць на гастранамічны фестываль Vulіtsa Ezha, музычна-культурны фэст «Культурныя традыцыі сталіцы», які праводзіцца на розных пляцоўках у цэнтры горада — на плошчы Свабоды каля Ратушы, у Ракаўскім прадмесці на тэрыторыі былога хлебазавода, тэрыторыі Верхняга горада і інш. Ну а ў краіне знакавымі фестывалямі жніўня, безумоўна, стануць «Бацькава булка», «Шлях цмока» і «Кліч Палесся».
Хлебныя шэдэўры «Бацькавай булкі»
Каравай-фэст «Бацькава булка» пройдзе 17 жніўня ў Свіслачы Гродзенскай вобласці. Як вядома, яго ідэя з’явілася пасля наведвання кіраўніком дзяржавы Свіслацкага раёна. Падчас візіту на хлебапякарню ён прадэгуставаў мясцовую прадукцыю і высока яе ацаніў. Было вырашана правесці невялікае мерапрыемства для прафесіяналаў і аматараў хлебапячэння, якое з часам перарасло ў фестываль.
— Асноўная яго задача — аднаўленне традыцый хлебапячэння, — расказвае намеснік старшыні Свіслацкага райвыканкама, прадстаўнік аргкамітэта па правядзенні каравай-фэсту «Бацькава булка» Юрый Кулікоў. — Акрамя таго, мы імкнемся паказаць няпросты шлях хлеба да нашага стала, разнастайнасць беларускіх традыцый, і, безумоўна, прадэманстраваць той прадукт, які атрымліваецца на выхадзе.
У першых фестывалях «Бацькава булка», якія праходзілі ў 2022 і 2023 гадах, удзельнічалі прафесійныя калектывы па выпечцы хлеба і невялікая колькасць аматараў.
З кожным годам колькасць удзельнікаў расце. Сёлета гэта 36 прафесійных калектываў з усіх куткоў Беларусі, якія займаюцца вырабам хлеба на прамысловай аснове.
І каля 50 пекараў-аматараў. Ганаровымі гасцямі свята стане дэлегацыя з Баграціёнаўска Калінінградскай вобласці — горада-пабраціма Свіслачы. І хоць фестываль — гэта найперш спаборніцтвы прафесіяналаў, кожны наведвальнік зможа пакаштаваць іх хлебныя шэдэўры.
Партнёрамі фестывалю таксама з’яўляюцца каледжы Гродзеншчыны і Брэстчыны, летась дзевяць з іх прадэманстравалі сваю прадукцыю. Акрамя таго, удзельнічаюць прадпрыемствы «Хлебпрама» і «Белкаапсаюза».
Галоўным прадстаўленнем свята стане пастаноўка, якая раскажа гісторыю пра гаспадара, які ўмее падтрымаць парадак у сваёй хаце і, калі будзе трэба, — пастаяць за сваю Радзіму. На цырымоніі адкрыцця па традыцыі збяруць карту Беларусі з маленькіх «бацькавых булак».
Упершыню напярэдадні фэсту адбудзецца конкурс прафесіяналаў хлебапячэння з прысваеннем асаблівага знака якасці «Бацькава булка». Лагатып каравай-фэсту пераможцы змогуць размяшчаць на сваёй прадукцыі. Найлепшыя конкурсныя вырабы будуць прадстаўлены на фестывалі на выставе «Хлеб як шлях жыцця».
Сёлета ў гонар 80-годдзя вызвалення Беларусі на мерапрыемстве прадэманструюць узоры «хлеба Перамогі», «блакаднага хлеба», а ў гонар пакарэння космасу спякуць «касмічны хлеб», а таксама выставяць для дэгустацый прадукт па асаблівых рэцэптах, напрыклад, «манастырскі хлеб».
Пляцоўка «Хутарок па-гаспадарску» будзе добраўпарадкавана як прывал-бліндаж з палявой кухняй-пякарняй і салдацкай кашай.
З цюкоў саломы складуць зоны адпачынку і месцы для наведвальнікаў. Вакол пляцоўкі размесцяцца экспазіцыя ваеннай тэхнікі, стралковы цір, ваенна-палявая кухня з пачастункамі.
Яшчэ адна навінка — «Гаспадар-шоу». Яго гасцей чакаюць гульні і забаўкі: стральба з лука, паляўнічы рог, майстар-клас па колцы дроў і распілоўцы бярвення, валоданні пугай і многае іншае. Сфатаграфавацца кожны зможа ў новай фотазоне «Бацькоўскі кут» і на аднайменнай тэматычнай выставе-конкурсе работ прадпрыемстваў Свіслацкага раёна.
У кожнага будзе магчымасць спячы сваімі рукамі так званую «Бацькаву булку» (дарэчы, такую назву носіць не што іншае як салодкая здобная «пляцёнка»). Кульмінацыяй фестывалю стане дэгустацыя 5-метровай «Бацькавай булкі», зробленнай рукамі свіслацкіх хлебапёкаў.
У рамках свята падрыхтавана культурная праграма. На галоўнай сцэне выступяць вядомыя беларускія выканаўцы, сярод якіх Ірына Дарафеева і ансамбль «Чысты голас». Галоўным хэдлайнерам вячэрняй праграмы стане расійская група «Міраж» і яе салістка Маргарыта Суханкіна.
Асаблівасць сёлетняга фестывалю — спартыўны складнік. Зрэшты, не толькі спартыўны, але і вясёлы. Адным з конкурсаў стане «Бацькава міля». Каманды, а іх каля двух дзясяткаў, паспаборнічаюць у набліжаных да вытворчасці хлеба жартаўлівых гульнях-станцыях. Напрыклад, збяруць зерне ў збанкі на станцыі пад назвай «Зернезбор», паспрабуюць загнаць курыцу ў загон на станцыі «Курыныя забегі» і інш.
Знойдзецца занятак і для аматараў сапраўдных спаборніцтваў. З удзелам федэрацыі лёгкай атлетыкі да пачатку фестывальных мерапрыемстваў будзе праведзены легкаатлетычны забег па вуліцах Свіслачы, дзе возьмуць удзел як прафесіяналы, так і аматары бегу. Спартыўнай кульмінацыяй стане ўжо традыцыйная баскетбольная сустрэча паміж камандай Гродзенскага аблвыканкама на чале з Уладзімірам Каранікам і камандай Свіслацкага райвыканкама на чале з яго старшынёй Аляксандрам Вярсоцкім.
Для маленькіх гасцей свята будуць працаваць дзіцячыя атракцыёны, каруселі, арэлі, батуты, анімацыйна-гульнявая праграма з мыльнымі бурбалкамі, фотасесіяй, пеннай дыскатэкай, фестывалем фарбаў.
Завершыцца каравай-фэст "Бацькава булка«святочным салютам і дыскатэкай, якую арганізуе радыё «Мір».
Начной сцежкай па «Шляху цмока»
— Дата 17 жніўня выбрана не выпадкова. Мы як прадстаўнікі прыродаахоўнай арганізацыі маем дакладныя прагнозы надвор’я і ведаем, што менавіта ў гэтыя дні будзе добрае надвор’е, а нашым гасцям гарантаваныя камфортныя ўмовы, — паабяцаў дырэктар ДПУ «Бярэзінскі біясферны запаведнік», прадстаўнік арганізатара фестывалю «Шлях цмока» Андрэй Пракошын.
Фестываль славянскай міфалогіі «Шлях цмока» пачынаўся 10 гадоў таму з невялікага местачковага мерапрыемства. Як раз тады ў запаведніку арганізавалі музей міфалогіі і міфалагічную сцежку, якія аб’ядналі ў Цэнтр міфалагічнага турызму. Гэта стала магчымым дзякуючы ўдзелу і перамозе ў конкурсе па лініі ПРАААН праекта Бярэзінскага біясфернага запаведніка. На атрыманы грант і быў арганізаваны турыстычны аб’ект.
Ён хутка заваяваў аўдыторыю, тым больш што ў Беларусі ніша, звязаная з міфалагічным турызмам, аказалася свабоднай. Спачатку тут проста знаёмілі гасцей з музеем і міфалагічнай сцежкай, прычым толькі з гідам, які расказвае гісторыю і легенды, што дае магчымасць цалкам паглыбіцца ў атмасферу, у якой жылі нашы продкі.
З цягам часу ў запаведніку пачалі праводзіць і міфалагічны фестываль. Дарэчы, адбывалася гэта ў лістападзе — часта з дажджом і снегам. Лепельскі раён паралельна праводзіў свой фестываль «Лепельскі цмок запрашае ў госці». Было вырашана аб’яднацца, і з той пары ён носіць вядомую назву «Шлях цмока». Калі першы аб’яднаны фестываль сабраў крыху больш за 200 чалавек, то праз чатыры гады ў яго ўжо больш за тры тысячы наведвальнікаў.
Што ж прыцягвае ўдзельнікаў і гасцей фэсту? Тое, што мерапрыемства незвычайнае і не падобна на іншыя. Найперш сваёй начной экскурсіяй па міфалагічнай сцежцы. Кожны год праграма мяняецца, улічваючы водгукі гасцей.
— Пачыналі з анімацыйных персанажаў, якія сустракалі гасцей, што рухаліся па сцежцы, уступалі з імі ў дыялог, і ў такой інтэрактыўнай форме асвятляліся падзеі з міфалогіі. Цяпер мы напоўнілі сцежку рознымі тэхнічнымі штукамі, каб выклікаць эмоцыі — радасць, здзіўленне, страх. Нашы партнёры прывозяць сучасныя тэхнічныя сродкі, і нашых гасцей чакае Пярун з маланкамі, Зіма са снегам і іншыя міфалагічныя персанажы са сваім уздзеяннем на людзей. Мы ўжо завяршылі продаж білетаў на начную экскурсію. Сёлета аказалася шмат ахвотных — мы не чакалі столькі. Прадалі тысячу білетаў і закрылі продаж, бо не хочам расчароўваць наведвальнікаў, калі хтосьці нешта не ўбачыць з-за натоўпу альбо не пачуе. Сцежка будзе працаваць да чатырох раніцы, — расказаў Андрэй Пракошын.
Другая, не менш важная частка фестывалю — музычная. Хэдлайнерам вячэрняй праграмы сёлета будзе расійская група Green Apelsіn. Акрамя гэтага, выступяць такія групы, як «Свои Рядом», The Stokes, сімфанічны аркестр CLASSІC ENERGY. Начная танцавальная праграма працягнецца да трох гадзін ночы на фестывальным полі. Фінальная яе частка — вогненнае шоу, дзе выступіць вогненны цырк «Kresіva».
А пачнуць працаваць фестывальныя пляцоўкі з 12 гадзін дня. Дзённая праграма ўключае выступленні музычных і танцавальных калектываў, работу тэатра «Батлейка». На сцэне музыку ў этнастылі сыграе група «Дрэва жыцця», танцавальныя майстар-класы правядзе калектыў «Моtіon dance». Будзе працаваць нейравыстаўка ад галерэі «Фарба», дзе можна паглядзець створаныя з дапамогай нейрасетак вобразы з міфалогіі з элементамі віртуальнай рэальнасці, а таксама паўдзельнічаць у квэсце.
Гасцей чакае і мноства іншых лакацый на тэму міфалогіі, «Майстэрня ўражанняў», майстар-класы беларускага клуба рамеснікаў, шмат фудкортаў, дзіцячых гарадкоў, рыцарскія турніры. Па білетах фестывалю можна будзе бясплатна наведаць музеі і заапаркі запаведніка.
Госці з Мінска могуць дабрацца на фестываль на арганізаваным трансферы (інфармацыю можна знайсці ў Інстаграме запаведніка). Гасцініцы і турыстычныя комплексы на дзень фестывалю ўжо цалкам заняты, але створаны палатачны лагер, куды ўжо раскуплена некалькі соцень месцаў, аднак іх колькасць не абмежавана. Акрамя таго, будзе працаваць вялікая паркоўка — арганізатары свята збіраюцца прыняць усіх ахвотных. Білеты каштуюць ад 15 да 55 рублёў.
За традыцыямі палешукоў — «На кліч Палесся»
Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый «Кліч Палесся» пройдзе 17 жніўня ў восьмы раз. Першы быў арганізаваны ў верасні 2010 года (ідэя яго стварэння таксама належыць кіраўніку дзяржавы) і сабраў тады каля пяці тысяч гасцей. У 2020-м наведвальнікаў было ўжо 15 тысяч, а у 2022-м — каля 40 тысяч. Сёлета арганізатары разлічваюць прыняць яшчэ больш гасцей.
— Фестываль стаў брэндам Нацыянальнага парка «Прыпяцкі». Яго мэта — захаванне і перадача традыцый, быту і звычаяў палешукоў, — расказвае намеснік генеральнага дырэктара па навукова-даследчай рабоце ДПУ «Нацыянальны парк «Прыпяцкі», каардынатар Фестывалю этнакультурных традыцый «Кліч Палесся» Андрэй Бяспалы.
У фестывалі ўдзельнічае больш за 10 раёнаў Брэсцкай і Гомельскай абласцей. Кожны з іх арганізуе сваю пляцоўку ў выглядзе падвор’я са сваім фудкортам і сцэнай, дзе выступяць калектывы народнай творчасці. Асобна будуць арганізаваны выстаўкі работ і майстар-класы рамеснікаў і майстроў народнай творчасці. У прыватнасці, 10 майстроў па разьбе па дрэве падрыхтуюць фігуры з дуба ў тэматыцы быту палешукоў.
Пройдзе і традыцыйны конкурс прыгажосці «Палеская прыгажуня». На галоўнай сцэне адбудзецца кавер-хор-шоу, дзе акрамя калектываў-пераможцаў народнай творчасці выступяць і эстрадныя выканаўцы.
У рамках фэсту будзе арганізавана дзелавая пляцоўка па падзейным турызме. Пройдзе энтназаафэст — кантактны мінізаапарк, а таксама інтэрактыўныя пляцоўкі «Беларусь старажытная», «Палявы кінатэатр», «Хлеб майго Палесся», выстаўкі «Паляванне і рыбалоўства» і «Турыстычнае Палессе», конкурс «Палеская рыбалка», дзе для ўдзельнікаў прыгатаваны прызы.
Для наведвальнікаў будзе арганізавана катанне на цеплаходах, маторных лодках, яны могуць наведаць сафары-парк і музей прыроды. Пройдуць майстар-класы па ганчарнай і кавальскай справах, саломапляценні і ткацтве. У рамках мерапрыемства пройдзе фестываль «Хлеб майго Палесся», дзе кожны ахвотны зможа паўдзельнічаць у працэсе выпечкі хлеба ці набыць гатовыя вырабы.
Гасцінічныя нумары нацыянальнага парка ўжо цалкам забраніраваны на перыяд фестывалю, але любы наведвальнік можа разлічваць на месца на палатачнай пляцоўцы. Пачатак работы фестывалю — 11 гадзін, а завершыцца ён святочным феерверкам у 22 гадзіны, гала-канцэрт працягнецца да 23 гадзін. Уваход на фестываль свабодны.