На выставе, якую склалі абразы Божай Маці, у філіяле Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея «Выратаваныя мастацкія каштоўнасці» прадстаўлена больш за 150 экспанатаў. Гэта праваслаўныя іконы ХVІІ — пачатку ХХІ стагоддзяў з фондаў абласнога краязнаўчага музея, ёсць яшчэ абразы з рызніц Свята-Сімяонаўскага кафедральнага сабора, манастыра Раства Святой Багародзіцы, Маларыцкага храма Мікалая Цудатворца, а таксама з прыватнай калекцыі.


Як сказала куратар выставы, вядучы навуковы супрацоўнік абласнога краязнаўчага музея Алена Купрыянюк, выстава стала своеасаблівым падарункам брастаўчанам і гасцям горада да святаў: «Хацелася прыцягнуць увагу людзей да святла, дабра, любові, якія і ўвасабляе сабой Багародзіца. У экспазіцыі сярод іншых прадстаўлены рэдкія і вельмі рэдкія абразы, створаныя ў розны час рознымі майстрамі, але ўсе экспанаты аб’ядноўвае тое, што яны здольны закрануць самыя патаемныя струны душы чалавека, настроіць на ўспрыняцце духоўнага, узвышанага, падараваць надзею».

Назвай экспазіцыі сталі першыя словы трапара Казанскай іконе Божай Маці. Яна сапраўды заступніца руплівая за ўсіх людзей. Таму стагоддзямі моляцца Багародзіцы, просяць міласці і заступніцтва.

Выстава ўмоўна падзелена на некалькі раздзелаў. Першы прысвечаны зямному жыццю Прасвятой Багародзіцы. Шэраг ікон з увасабленнем двунадзясятых святаў заканчваецца абразом «Успенне Прасвятой Багародзіцы». У другім раздзеле змешчаны багародзічныя вобразы — як асноўныя іконаграфічныя тыпы, так і больш позняя іконаграфія. Трэці раздзел прысвечаны гімнаграфіі Багародзіцы, дзе прадстаўлены так званыя акафістныя іконы. Напрыклад, абраз вельмі рэдкай іконаграфіі «Дастойна ёсць».

— Выстава стала вынікам намаганняў як навуковых работнікаў, так і рэстаўратараў, — расказала далей яе куратар. — Гэта вельмі цікавая работа. У кожнага з абразоў сваё жыццё, свая гісторыя, часам вельмі цікавая, захапляльная, на мяжы дэтэктыўнага сюжэту. Напрыклад, абраз «Раство Багародзіцы» музею ў 1981 годзе перадала Брэсцкая мытня. Але быў ён далёка не такім, якім зараз бачаць наведвальнікі выставы. Абраз спрабавалі вывезці за мяжу распілаваным на дзве часткі. Да таго ж, кожную з частак цесна заматалі ліпкай стужкай, яшчэ больш агрэсіўнай за цяперашні скотч. Напачатку здавалася, што надзеі на аднаўленне мала. Але ж рэстаўратары зрабілі ўсё магчымае для выратавання «Раства». Яны змаглі аднавіць драўляную аснову і лакафарбавы слой. І сёння мы маем магчымасць убачыць абраз, напісаны ў 1914 годзе. Праўда, ледзьве прыкметная лінія распілу нагадвае пра няпросты лёс святыні.

Свая гісторыя ў абраза «Боская Маці Адзігітрыя» з царквы Раства Прасвятой Багародзіцы вёскі Шчэбрын Брэсцкага раёна. Гэты абраз можна лічыць сведчаннем барацьбы савецкай дзяржавы з рэлігіяй, якая вылілася ў закрыццё храмаў. Царкву ў названай вёсцы, як і ў многіх населеных пунктах тады, закрылі. На шчасце, у некага хапіла свядомасці не выкінуць стары абраз, а здаць яго ў музей. І хоць паступіў ён сюды ў сярэдзіне 1970-х гадоў у даволі гаротным выглядзе, рэстаўратары ўзяліся за работу. А калі падключыліся навукоўцы, то ўсе разам высветлілі, што абраз напісаны ў 1661 годзе. І такіх, намоленых стагоддзямі, ікон на выстве нямала.

Большасць абразоў створана ў розны час у Расіі. Ёсць напісаныя сучаснымі беларускімі іканапісцамі, ёсць тыя, што прадстаўляюць палескую школу. Несумненна, зацікавіць наведвальнікаў сучаснае ўвасабленне самага старадаўняга багародзічнага вобраза Беларусі — Купяціцкай іконы Божай Маці.

Выстава прадоўжыцца да сярэдзіны сакавіка.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара