7 ліпеня 2022 года ў 17.00 у Рэспубліканскай мастацкай галерэі “Палац мастацтва” адбудзецца адкрыццё выставачнага праекта “Мастакі паўднёвага горада” трох маладых мастакоў Брэстчыны, сяброў Брэсцкага абласнога аддзялення Беларускага саюза мастакоў – Пятра Кузьміча, Таццяны Патворавай, Ігара Скавародкі.

 

Брэсцкія мастакі прадстаўляюць гледачам жывапіс, графіку, скульптуру і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Аб’дноўвае творцаў – імкненне да дасканаласці, эксперыменты і пошукі ў матэрыяле, сюжэтах, кампазіцыі, каларыце. І, безумоўна, тое, што жывуць і працуюць яны ў горадзе Брэсце, самым паўднёвым цэнтры Беларусі.

Паўднёвая месцазнаходжанне Брэста несумненна ўплывае на светапогляд аўтараў. Цёплы подых з Атлантыкі, багацце сонечных дзён у беларускім горадзе вызначае мастацкую скіраванасць творцаў, іх адчуванне жыцця. Святло, урачыстае і прасветленае, задае адмысловы настрой, стварае энергетку пазітыўных эмоцый, адчуванне радасці быцця. Гэта адлюстравана ў прадстаўленых работах – жывапісе, графіцы і арт-аб’ектах. У эмалях Пятра Кузьміча – гарачы агністы каларыт. Таццяну Патвораву вабяць залітыя святлом берагі паўднёвых краін. Беларускім сонцам прасякнуты жывапісныя работы Ігара Скавародкі.

 

Жывапіс Таццяны Патворавай і светаадчуваннем, і тэхнічнымі прыёмамі блізкі да імпрэсіянізму пачатку мінулага стагоддзя. Сакавітасць вобразаў, смелае валоданне пэндзлем, яркая палітра фарбаў, экспрэсія – напаўняюць жыццём кожную працу. Французскія паруснікі, набярэжныя загадкавага Амстэрдама, венецыянскія матывы, залітыя сонцам букеты, агні вячэрняга Піцера – усюды і ва ўсім мастачка бачыць жыццё, годнае ўвасабленні на палатне.

Пётр Кузьміч працуе ў досыць рэдкім для беларускага мастацтва матэрыяле – гарачай эмалі. Яго творы выразныя і лаканічныя, авангардныя і брутальныя. Дый сам матэрыял няпросты, непрадказальны тэхнічна, кожны раз стварае новы, непаўторны вобраз. Аб’екты Пятра Кузьміча заўсёды арыгінальныя каляровымі рашэннямі, формай. Бесперапынны рух тысячы адценняў колераў напаўняюць новым жыццём матэрыю яго работ.

Скульптура мастака прадстаўлена працамі з серыі “Метамарфозы” і “Рух”. Метамарфоза з аднаго боку адлюстроўвае змену ў форме, выглядзе аб’екта, з другога боку ўключае ў сябе пастаяннасць, паколькі пераўвасоблены аб’ект не знікае, а набывае іншую форму. У працах адлюстроўваецца бесперапынны працэс, трансфармацыя ідэй, формаў, прыёмаў, матэрыялаў як спосабаў мастацкага выражэння.

 

Творчасць Ігара Скавародкі адрозніваецца смелым абагульненнем форм у каляровыя плямы. Мастак піша шырока, упэўнена спалучае лесіроўку з пастозным мазком, напоўненым свячэннем. У яго жывапісных работах выдатна адлюстраваны камернасць беларускай прыроды, шырыня Браслаўскіх абшараў і рытмы Белавежскай пушчы. Ігар Скавародка – мастак самабытнай беларускай “спадчыны”.

Кожная праца на выставе самастойная і выразная. Але, спалучаныя ў агульнай экспазіцыі, работы раскрываюць шматграннасць творчага бачання, высокі прафесіяналізм аўтараў, яскравы мастацкі почырк.

 

Выстава працягнецца да 24 ліпеня 2022 года.

 

Адрас: г. Мінск, вул. Казлова 3, “Палац мастацтва”.

Час працы: аўторак-нядзеля з 11:00 да 20:00; панядзелак – выхадны дзень.

Тэлефоны для даведак: +375 (17) 395-15-49; +375 (29) 264-68-48 (МТС).

 

З інфармацыяй пра мінулыя і будучыя выставы можна азнаёміцца на сайтах Беларускага саюза мастакоў: www.belartunion.by, Палаца мастацтва: http://artpalace.by/ На нашай старонцы ў Facebook: https://facebook/com/mastatstva