30 чэрвеня 2022 года ў 18.00 у Рэспубліканскай мастацкай галерэі “Палац мастацтва” (вул. Казлова, 3) адбудзецца адкрыццё персанальнай выставы Анатоля Кузняцова “Паміж белым і чорным”, прымеркаванай да 75-годдзя вядомага беларускага жывапісца. Выстава падрыхтавана грамадскім аб’яднаннем “Беларускі саюз мастакоў” пры падтрымцы Галерэі класічнага і сучаснага мастацтва DK Gallery.

“Паміж белым і чорным” – так называецца новая серыя работ мастака. У адрозненне ад папярэдніх карцін Анатоля Кузняцова, пабудаваных на прынцыпах яркай экспрэсіі, у новых творах яму характэрны шматзначнае нешматслоўе колеру і ўвага да ўнутранага руху ў прасторы палатна.

Не, колер, безумоўна, прысутнічае ў яго работах. Але каляровыя плямы – жамчужна- серабрыстыя, стрымана-карычневыя, нечаканыя акцэнты сініх, чырвоных, аранжавых – не перашкаджаюць адценням шэрага, магутным акордам чорнага, а хутчэй нагадваюць пратуберанцы вакол дамінуючай знакавай формы.

Палітра аўтара адрозніваецца багаццем філасофскіх, музычных, мастацкіх, паэтычных вобразаў. Анатоль Кузняцоў прымушае іх гучаць, размаўляць з гледачом. Поліфанічныя структуры, каларыстычныя фактуры – каб зразумець творчасць мастака, трэба адчуць авангардныя рытмы і трапяткія вібрацыі, якія сыходзяць ад яго палотнаў.

Вось ужо шмат гадоў Анатоль Кузняцоў з’яўляецца прыхільнікам мовы абстрактных форм, яго лічаць адным з найбольш яскравых прадстаўнікоў сучаснага беспрадметнага мастацтва. Выкарыстоўваючы ўвесь спектр выяўленчых сродкаў жывапісу, які складае канцэптуальную і матэрыяльную аснову яго работ, Анатоль Кузняцоў разгортвае на сваіх палотнах складаны, сплецены з тэзісаў і антытэзісаў дыскурс, прадметам якога з’яўляюцца яго пастаянныя разважанні пра сутнасць сённяшняга мастацтва.

 

Кароткая біяграфія

Нарадзіўся ў 1947 г., Хабараўскі край, Расія.

1976 – скончыў аддзяленне станковага жывапісу ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце (цяпер – Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў).

З 1983 г. – сябра Беларускага саюза мастакоў.

З 1988 г. – сябра творчага аб’яднання “Няміга-17”.

З 2000 г. – сябра Міжнароднага саюза мастакоў “Сонечны квадрат”, Масква, Расія.

2013 г. – медаль Францыска Скарыны.

2910 – спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзячам культуры і мастацтва.

2019 – заслужаны дзяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь.

З 1977 г. актыўны ўдзельнік рэспубліканскіх і міжнародных мастацкіх выстаў.

Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь, Полацкай мастацкай галерэі, Музеі Марка Шагала (г.Віцебск), Карціннай галерэі Г.Х.Вашчанкі (г. Гомель), Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі (г. Масква, Расія), у мастацкіх музеях Расіі, Францыі, Італіі, Латвіі, Галандыі, ЗША.

 

Выстава працягнецца да 24 ліпеня 2022 года.

 

Адрас: г. Мінск, вул. Казлова 3, “Палац мастацтва”.

Час працы: аўторак-пятніца з 11:00 да 20:00;

субота – нядзеля з 11:00 да 19:00. Панядзелак – выхадны дзень.

Тэлефоны для даведак: +375 (17) 395-15-49; +375 (29) 844-99-68 (МТС); +375 (29) 264-68-48 (МТС).


З інфармацыяй пра мінулыя і будучыя выставы можна азнаёміцца на сайтах Беларускага саюза мастакоў: www.belartunion.by, Палаца мастацтва: http://artpalace.by/ На нашай старонцы ў Facebook: https://facebook/com/mastatstva