Лета ў рытме свята працягваецца. Спартыўна-культурны фестываль «Вытокі» ў гэтыя выхадныя прымае Навагрудак. Праграма нязменная: алімпійскі квэст, майстар-класы, выстаўкі, канцэрт арганнай музыкі, яркае шоу. І ўсё гэта з каларытам старажытнага горада. Кожны ахвотны знойдзе для сябе занятак па душы. А тым, хто хоча проста расслабіцца і выдатна правесці час, варта ўнесці ў свае планы на выхадныя канцэртную праграму фестывалю «Вытокі». У Навагрудку добры настрой гледачам будуць дарыць заслужаныя артысткі Беларусі Ірына Дарафеева і Жанэт, арт-група «Беларусы», група «Дразды», спявак Герман, прадстаўніца Беларусі на «Славянскім базары» Ганна Трубяцкая і многія іншыя цікавыя артысты. Сумна дакладна не будзе. Арганізатар канцэртных праграм фестывалю «Вытокі», дырэктар прадзюсарскага цэнтра «Залатыя галасы» Алеся Кузняцова расказала, чаму канцэртная праграма свята — тое, што варта ўбачыць.


— Алеся, раскажыце, калі ласка, што ў гэтым годзе новага ў канцэртнай праграме фестывалю «Вытокі»?

— Сёлета мы дадалі тэатралізаваную частку, прысвечаную важным старонкам гісторыі кожнага горада. Усюды яна розная. Зараз ідзе Год гістарычнай памяці. Кожнае месца ў нашай краіне ўнікальнае, кожнае мае сваю цікавую гісторыю. Але не ўсе пра гэта ведаюць. І ў год гістарычнай памяці было б лагічна пазнаёміць шырокую аўдыторыю са знакавымі момантамі з гісторыі горада. У Рэчыцы — шлях «з варагаў у грэкі», у Століне — тэатр Радзівілаў. Літаральна за восем хвілін акцёры разыгрываюць паміж сабой гісторыю, з якой гледачы могуць убачыць, што адбывалася на гэтых землях, як людзі тут жылі, што іх хвалявала. Гэтым мы падкрэсліваем прыгажосць і багацце нашай зямлі, нагадваем пра традыцыі, закладзеныя нашымі продкамі. Рэжысёр гэтай замалёўкі — Уладзіслава Арцюкоўская.

— У Навагрудку такой старонкай стануць статуты Вялікага Княства Літоўскага. Раскрыйце, калі ласка, сакрэт, як артысты пакажуць звод законаў?

— Мне пашчасціла на свае вочы бачыць арыгінал аднаго са статута падчас гастроляў па Прыбалтыцы. І я здзівілася, што магу яго прачытаць: старабеларуская мова нам зразумелая. Справа ж не толькі ў зводзе законаў. А ў тым, што на нашых землях узнік самы першы звод законаў, ён быў напісаны ў тыя часы, калі ў многіх еўрапейскіх краінах нічога падобнага не існавала. І пазней гэты звод стаў асновай для канстытуцый многіх краін. Я думаю, мы павінны аб гэтым казаць і падкрэсліваць такое дасягненне нашых продкаў. Тым больш што Навагрудак — першая сталіца Вялікага Княства Літоўскага, першай дзяржавы на нашых землях.

— Па вопыце фестывалю ў Рэчыцы і Століне, як людзі рэагуюць на такую пастаноўку?

— У Рэчыцы падчас самай першай пастаноўкі я мэтанакіравана назірала за гледачамі. Мы эксперыментуем, і нам цікава паглядзець, як людзі на гэта рэагуюць. І мінакі, якія проста падышлі паглядзець, што тут адбываецца, сядалі ў зале і заставаліся. Відаць, ім гэта цікава. Мы падаём гістарычныя факты ў незвычайнай форме: з канфліктам, драмай, наколькі гэта магчыма за восем хвілін. Такая пастаноўка будуецца па ўсіх тэатральных законах і выглядае вельмі цікавай.

— Цікавы і канцэрт арганнай музыкі. У мінулым годзе ён вылікаў вялікі рэзананс.

— Сапраўды, у мінулым годзе на кожным канцэрце былі поўныя залы. Але мы ж хочам абнаўляцца. І я прапанавала сёлета разгледзець нейкі іншы фармат. Але калегі сказалі, што адназначна трэба пакідаць канцэрт арганнай музыкі. У нейкай ступені гэта ўнікальная падзея. Арган — не распаўсюджаны інструмент, але ён традыцыйны для Беларусі. Наш арганіст Валерый Шмат захоплены музыкант. І акрамя таго, што вядомы як кіраўнік арт-групы «Беларусы» і кампазітар, арганная музыка — яго хобі. І аднойчы ён сам стварыў чарцяжы, па якіх і зрабілі гэты арган. У чым яго ўнікальнасць? Інструмент не электронны, а семплерны. Гэта азначае, што на ім можна іграць гукамі іншых рэальных арганаў. Валерый садзіцца за інструмент і вырашае, што сёння ён будзе граць гукамі аргана, які знаходзіцца ў Лондане ці ў Берліне. І ён можа пра кожны з гэтых арганаў расказаць. Людзі прарабілі вялізную работу, яны запісалі гучанне кожнай клавішы пры кожным рэгістры кожнага асобна ўзятага аргана. І гэтая тэхналогія дазваляе выбраць патрэбны арган.

У мінулым годзе ў Мінску мы вырашылі правесці эксперымент: любім гэта. У канцэртнай зале «Верхні горад» мы паспрабавалі спалучыць два арганы — духавы з канцэртнай залы і наш семплерны. Спачатку Валерый выступаў на духавым, а затым перайшоў на семплерны. І глядач мог сам вырашыць, у чым іх розніца.

Унікальнасць канцэрта арганнай музыкі і поспех у тым, што Валерый не толькі іграе і спявае, а паглыбляе ў розныя музычныя эпохі, стылі, напрамкі. І людзі адчуваюць усе грані музыкі. А публіка ўсюды аднолькавая. Што ў сталіцы, што ў раённым цэнтры людзі аднолькава адчуваюць цудоўнае і адгукаюцца на гукі аргана.

— Падзяліцеся, калі ласка, як рыхтаваць праект, які праходзіць кожныя два тыдні і пры гэтым у кожным горадзе са сваімі асаблівасцямі?

— У мінулым годзе была адна канцэпцыя, адна каманда артыстаў, аднолькавая для ўсіх праграма. І мы кожныя два тыдні ездзілі ў розныя гарады. Але было дастаткова цяжка растлумачыць мясцовым арганізатарам, што такое «Вытокі». Сёлета з гэтага пункту погляду прасцей. Мы ўжо бачым цікавасць, гараджане самі просяць у наступным годзе правесці фестываль у іх. Сёлета ў кожным горадзе мяняецца спіс артыстаў. Усюды разам з намі вандруюць арт-група «Беларусы», віртуоз-балалаечнік Аляксандр Варанішча і група «Дразды», нязменны і вядучы — акцёр тэатра і кіно Руслан Чарнецкі. Усе астатнія артысты — сюрпрыз для горада. І іх трэба сабраць разам. Гэта не заўсёды проста. Але дапамагае вопыт. Я амаль 20 гадоў займаюся арганізацыяй канцэртаў, гастрольных тураў. З арт-групай «Беларусы» было такое, што ў нас за 17 дзён было 13 канцэртаў у трох розных краінах. І трэба было арганізаваць усе пераезды. Таму дзякуючы вопыту мы спраўляемся. У нас выдатная каманда арганізатараў. Для мяне вялікі гонар і радасць — займацца гэтым фестывалем. І я вельмі рада, што выбралі наш прадзюсарскі цэнтр «Залатыя галасы». Нягледзячы на вялікі аб'ём працы, мы атрымліваем каласальнае задавальненне.

— Фестываль «Вытокі» раскрывае спартыўны, турыстычны патэнцыял горада. А ці не было ў вас думак раскрыць яго творчы патэнцыял і прыцягнуць да ўдзелу ў канцэртнай праграме мясцовыя калектывы?

— Уключыць у канцэртную праграму мясцовыя калектывы, якія ты не бачыў, — вялікая рызыка. Але мы даём мясцовым талентам сябе раскрыць, выступіць на фестывальнай сцэне. Для гэтага і праводзіцца вакальны конкурс. Найлепшых спевакоў дакладна не прапусцім!

— Дарэчы, раскажыце, калі ласка, як праходзіць вакальны конкурс...

— Выступленні на фестывалі — гэта ўжо паўфінал. Да гэтага ўсе ахвотныя прысылаюць нам на сайт відэа сваіх жывых выступленняў. Адразу скажу, што ёсць тыя, хто спрабуе хітраваць і прысылае відэа выступлення пад фанаграму. У нашым журы прафесійныя музыканты, і яны заўсёды могуць адрозніць жывы гук. Таму так рабіць не трэба. Журы адбірае сем чалавек у катэгорыі 12—16 гадоў і сем чалавек у катэгорыі 17—30 гадоў. Яны і выступаюць на фестывальнай сцэне перад публікай і перад журы. Уладальнікаў першых месцаў мы запрашаем на фінал. У мінулым годзе пераможца ў дарослай катэгорыі па Гродзенскай вобласці стаў таксама пераможцам шоу «Х-фактар». Сёлета ён едзе ў Навагрудак ужо як артыст. У фінале вакалісты спаборнічаюць за Гран-пры фестывалю. У мінулым годзе яго атрымала юная брастаўчанка Сафія Рустамава. Яна атрымала аўтарскую песню, напісаную спецыяльна для яе кампазітарам Валерыем Шматам, і прэзентавала яе ў навагоднім эфіры тэлеканала «Беларусь 1». А цяпер яна з гэтай песняй адкрывае фестываль. «Вытокі» — гэта першы крок да асабістага Алімпу.

— Алеся, падчас фестывалю было нешта такое, што б вас вельмі здзівіла ў нашых людзях?

— Сёлета ў вакальным конкурсе мяне вельмі здзівіла Брэсцкая вобласць. Адбіраючы канкурсантаў, члены журы былі ў замяшальніцтве. Яны казалі, што можна адбіраць усіх! Але трэба было выбраць толькі 14 чалавек. Яны ўсе былі выдатныя! Дзяўчынка 16 гадоў выдала шыкоўнае мецца-сапрана, у яе акадэмічны голас, як у опернай спявачкі. Якраз тады ў журы быў саліст Вялікага тэтра Тарас Прысяжнюк, ён падкрэсліў, што ў гэтай дзяўчынкі вялікая будучыня. Яшчэ адна дзяўчынка-народніца спявала цудоўныя песні, якія цікавыя і сёння. Адна канкурсантка ўжо на фестывалі сказала, што ў яе ёсць тэхрайдар. Я яго пачытала — у «Драздоў» прасцей. Зранку прыехалі яе музыканты, падключалі сваю апаратуру. Атрымалася вельмі цікава, салістка эстрадніца, а музыканты — у стылістыцы сельскага бэнда з баянам, скрыпкай. На тым конкурсе ўсе былі супер.

Што датычыцца гледачоў... Зноў жа, Брэсцкая вобласць. Столін вельмі спадабаўся. Калі мы на першую рабочую сустрэчу туды прыехалі, у нас спыталі, ці ведаем, хто такія палешукі. Мы, канешне, адказалі, што гэта людзі, якія жывуць на Палессі. Але нам сказалі, што паляшук — гэта той, «хто поле шукае». Яны ўмеюць і працаваць, і адпачываць, вельмі адкрытыя. І на «Вытоках» мы гэта адчулі.

— А калі казаць пра фестывальныя гарады, якія запомніліся больш?

— У мінулым годзе мне запомнілася ўсё лета, калі мы пераязджалі з аднаго горада ў другі. Чатыры дні на тыдзень праходзілі ў фестывальным горадзе. Потым на пару дзён у Мінск — і зноў на фестываль. Запомнілася Орша, гэта быў другі горад у мінулым годзе. Атмасфера надзвычай сямейная. Адпрацаваўшы амаль да 11 вечара — мы ж цэлы дзень за сцэнай — я пайшла па каву. Стала ў чаргу і ўбачыла людзей, якія не скардзіліся на чэргі, а ўсміхаліся. Яны абмяркоўвалі свята, як яно ім спадабалася. Гэта атмасфера ўсеагульнай радасці настолькі зараджае, што ўжо хочацца рабіць наступны праект. Вось адкуль бяруцца сілы — ад рэакцыі людзей, дзеля якіх рыхтуеш свята.

— Алеся, на ваш погляд, у чым унікальнасць фестывалю «Вытокі»?

— Фестываль сатканы з яркіх момантаў, у якіх кожны можа для сябе нешта знайсці. На першы погляд, гэта супрацьлеглыя рэчы, але яны знаходзяцца побач. І гэтая мазаіка дае фестывалю «Вытокі» ўнікальнасць. Калегі з іншых краін з цікавасцю назіраюць за фестывалем. Ну дзе яшчэ ўбачыш спартыўныя спаборніцтвы і адначасова, напрыклад, майстар-клас па маляваных дыванах, старажытнай беларускай традыцыі ці канцэрт арганнай музыкі і спаборніцтвы па брэйк-дансе. Усё гэта аб'ядноўвае фестываль «Вытокі». Усё гэта на розныя густы, на рознага гледача і на тых, каму цікава ўсё.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з асабістага архіву гераіні і НАК Беларусі