Лістапад у Беларусі прысвечаны паляўнічаму турызму. Штогод у нашу краіну з такімі мэтамі прыбываюць 7-8 тысяч замежнікаў. Для іх праводзіцца каля 2,5 тысячы паляўнічых тураў. Паляваць прыязджаюць у асноўным на капытных жывёл (казулі, ласі, алені) і птушак. Пры гэтым колькасць жывёл паступова расце. Напрыклад, лік ласёў перавысіў 45 тысяч асобін, высакародных аленяў — 47 тысяч. Пра магчымасці беларускіх паляўнічых гаспадарак і асаблівасці такога віду турызму расказалі спецыялісты.
70 лесапаляўнічых гаспадарак, 80 паляўнічых баз
На паляўнічым турызме ў цэлым сёння будуецца паляўнічая гаспадарка, адзначыў начальнік аддзела паляўнічай гаспадаркі Мінлясгаса Аляксандр Казарэз. Прамысловае значэнне палявання паступова адыходзіць на другі план, пераважае спартыўная частка, і, адпаведна, яно часта разглядаецца як непасрэдна турызм. Паляўнічы турызм мае два складальнікі — унутраны і ўязны. Яны дастаткова актыўна развіваюцца.
У мінулым годзе быў зароблены больш як 21 мільён рублёў на ўнутраным паляўнічым турызме, рост склаў каля васьмі працэнтаў. На ўязным паляўнічым турызме зарабіць удалося звыш 8,5 мільёна рублёў. У цэлым па краіне рост склаў каля 30 %. Летась было праведзена каля 2,5 тысячы паляўнічых тураў з удзелам замежных паляўнічых, рост склаў каля 26 %.
— Зараз праходзіць дыверсіфікацыя вонкавага паляўнічага турыстычнага рынку. Больш прыязджаюць расіяне — каля 90 % уязных турыстаў. Прыцягвае іх наш узровень развіцця паляўнічых гаспадарак. За 20–30 гадоў вельмі шмат зроблена ў іх развіцці: нарошчванне турыстычнага патэнцыялу, захаванне культурных асаблівасцяў палявання і самае галоўнае — нарошчванне рэсурснай базы паляўнічай гаспадаркі, — адзначыў прадстаўнік Мінлясгаса.
Дарэчы, рэсурсны патэнцыял у Беларусі вельмі высокі. Колькасць ласёў ужо перасягнула 45 тысяч асобін. У выніку дзяржаўнай палітыкі па рассяленні высакароднага аленя, якая актыўна праводзіцца, колькасць гэтага віду павялічылася больш чым у 20 разоў за апошнія 30 гадоў і складае 47 тысяч асобін. Акрамя таго, у краіне цяпер больш як 130 тысяч казуль, таму рэсурсная база прыцягвае турыстаў-паляўнічых.
Колькасць мядзведзяў у Беларусі таксама расце. Ужо два гады сістэмна ўлічваецца колькасць папуляцыі гэтых жывёл. Асноўная іх частка засяроджана на поўначы краіны, але актыўна рухаецца наперад да цэнтральнай часткі. І ёсць звесткі аб тым, што від іх сустракаецца і на поўдні Беларусі. Рост колькасці гэтага віду звязаны з дзейнасцю паляўнічых гаспадарак — ахова ўгоддзяў, паляпшэнне кармавых умоў для драпежніка, нарошчваецца колькасць капытных.
У Беларусь прыязджаюць для палявання ў асноўным на капытных жывёл (казулі, ласі, алені) і ненармаваныя віды дзічыны (птушыная дзічына). У краіне 70 лесапаляўнічых гаспадарак, якія маюць 80 камфартабельных паляўнічых баз. Дзве арганізацыі непасрэдна актыўна займаюцца турызмам — гэта галіновы тураператар «Белдзяржпаляванне» і заказнік «Налібоцкі». Яны імкнуцца сумяшчаць паляўнічы і экалагічны турызм.
Аляксандр Казарэз адзначыў, што ў Беларусі адно з самых лаяльных у Еўропе заканадаўстваў па ўездзе паляўнічых у краіну.
Колькі каштуюць туры?— Асноўная праблема для паляўнічых, якія ўязджаюць, — гэта афармленне зброі. У нас яно не забюракратызавана. Ёсць і такая працэдура, як арэнда паляўнічай зброі, яна нядрэнна працуе, бо не заўсёды паляўнічы паспявае аформіць сваю зброю на вываз.
Кошт тура залежыць ад некалькіх фактараў, адзначыў Аляксандр Казарэз.
— Туры праводзяцца рознага ўзроўню. У нас прынята падзяляць туры, асабліва калі мы працуем з расійскімі паляўнічымі, на трафейнае і мясное паляванне. Некаторыя турысты прыязджаюць, каб здабыць прадукцыю з дзічыны, такі тур таннейшы. А трафейнае паляванне — эксклюзіўнае, таму што здабываюцца трафейныя жывёлы, і яны каштуюць даражэй, таму што іх трэба даўжэй гадаваць, сачыць за імі, арганізоўваць паляванне на іх. У сярэднім загоннае паляванне ў лесапаляўнічых гаспадарках каштуе 7–15 тысяч рублёў.
За мінулы год у Беларусі было праведзена больш як 2,5 тысячы паляўнічых тураў для ўязных турыстаў. Усяго ў нашу краіну прыехала за гэты час каля 7-8 тысяч замежных паляўнічых.
Чым прывабіць расійскіх турыстаў?
Намеснік дырэктара РУП «Белдзяржпаляванне» Аляксандр Іваноў адзначыў, што, як галіновы тураператар Мінлясгаса, прадпрыемства прааналізавала сярэднія цэны на паляванне ў Расіі і ўстанавіла сярэднерасійскі цэннік, каб турыстам з гэтай краіны было камфортна паляваць у Беларусі.
— Ім трэба несці пэўныя выдаткі — дарога, афармленне дакументаў, таму мы ўстанавілі такі кошт. Акрамя таго, чым жа яшчэ мы прыцягваем грамадзян Расіі? Гэта камфортныя тэрміны палявання, якія дазваляюць рацыянальна выкарыстоўваць рэсурсы жывёл без шкоды для папуляцыі. Таксама мы можам прапанаваць пашыраны комплекс паслуг: поўнае дакументальнае суправаджэнне, сустрэча турыстаў, суправаджэнне на час правядзення палявання і многае іншае, таму што часта ўзнікаюць некаторыя пытанні са знаходжаннем і афармленнем дакументаў, — расказаў Аляксандр Іваноў. — Паляўнічыя, якія прыязджаюць, знаходзяцца пад нашай поўнай апекай, і для іх падарожжа праходзіць без клопатаў.
Аднак у паляўнічым турызме сёння недастаткова размясціць інфармацыю на інтэрнет-рэсурсах.
— Так, гэта працуе, але патрэбна вялікая работа, каб турыст прыехаў, атрымаў тое, што хацеў, і пасля расказаў сваім сябрам-паляўнічым. Як бы мы ні рэкламавалі сябе на розных рэсурсах, колькі б ні выкладвалі прыгожых здымкаў, у паляўнічым турызме больш за ўсё працуе сарафаннае радыё. Калі кліент застаўся задаволены, прыедуць і яго сябры, знаёмыя, сваякі, — дадаў Аляксанр Іваноў.
Рэспубліканскі заказнік «Налібоцкі» карыстаецца вялікай папулярнасцю як паляўнічы, так і экалагічны турыстычны аб’ект і ў беларусаў, і ў расіян. Госці з суседняй краіны прыязджаюць, як правіла, на індывідуальныя туры, у тым ліку сем’ямі. У момант, калі адзін з членаў сям’і знаходзіцца на паляванні, іншыя адпраўляюцца на турыстычную экскурсію па двух экасцежках заказніка: «Сябрынскае скрыжаванне» і «Белакорац». Таксама распрацаваны веласіпедныя маршруты рознай працягласці, папулярнасцю апошнім часам карыстаецца экскурсія на квадрацыклах. Гэта трохгадзінная паездка на адлегласці каля 30 км з прыпынкамі на экасцежцы «Сябрынскае скрыжаванне» і наведваннем урочышча Цякава, дзе жывуць тарпанападобныя коні.
— Сёлета правялі ўжо чатыры туры з расіянамі, два з якіх індывідуальныя. Па іх выніках было зароблена каля 50 тысяч рублёў, — расказаў дырэктар рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Налібоцкі» Дзмітрый Бобрык. — Шмат на тэрыторыі заказніка прыватных аграсядзіб, дзе створаны камфортныя ўмовы для пражывання паляўнічых турыстаў.
Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў (БТПР) правяло амаль тысячу паляўнічых тураў для іншаземцаў у бягучым годзе. Гэта самы буйны паляўнічы карыстальнік на тэрыторыі краіны, які займае 64 % ад агульнай плошчы ўгоддзяў у Беларусі.
— Сёлета мы пачалі зніжаць кошт палявання для расіян у найбольш аддаленых для іх Гродзенскай і Брэсцкай абласцях. У мінулым годзе гаспадаркамі аб’яднання быў праведзены 941 тур, у якім узялі ўдзел больш як дзве тысячы замежных грамадзян. Атрымана выручкі звыш трох мільёнаў рублёў. Сёлета праведзена ўжо больш чым 900 паляўнічых тураў з удзелам замежных грамадзян. Выручка склала звыш 2,5 мільёна еўра. Удзел у паляўнічых турах узялі каля 1,8 тысячы замежных паляўнічых, — распавёў начальнік упраўлення паляўнічай гаспадаркі РДГА «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў» Сяргей Цабрук.У паляўнічых угоддзях БТПР актыўна развіваецца ўязны турызм і праводзіцца вялікая работа па прыцягненні замежных турыстаў. Таварыства пастаянна ўдзельнічае ў выстаўках у Маскве.
Ён нагадаў, што цяпер праходзіць самы масавы сезон палявання — на капытных, а таксама нядаўна пачалося пушное паляванне.
Як разабрацца ў мностве прапаноў?
На сайце belarustourіsm.by зроблены агляд паяўнічага турызму і прапановы па розных кірунках і аб’ектах. Падрабязная карта размешчана на партале Belarus.travel, дзе маюцца апісанне размяшчэння, профільная інфармацыя па паляванні, у які сезон якія варыянты палявання прапануюцца па дзясятках аб’ектаў. Больш падрабязная інфармацыя — на сайтах паляўнічых гаспадарак.