Арганізатарамі культурнага форуму выступаюць міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур пры садзейнічанні Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, аблвыканкамаў, Мінгарвыканкама і іншых арганізацый. Абмен вопытам, дэманстрацыя таго, як нясуць родную культуру за межамі нашай краіны, і шмат разнастайных мерапрыемстваў чакае гасцей і наведвальнікаў у бліжэйшыя некалькі дзён. 


Фота: БелТА

Фота: БелТА

— Фестываль мастацтваў беларусаў свету праводзіцца раз на тры гады. На жаль, пандэмія ўнесла свае карэктывы, таму перапынак юыў даўжэйшы. Мэтай дадзенага культурнага форуму з’яўляецца прэзентацыя дасягненняў нашай краіны і падтрымка творчых праектаў беларусаў за мяжой, — адзначыў намеснік начальніка ўпраўлення культуры і народнай творчасці міністэрства культуры Дзмітрый Слясарчык. — Праграма фестывалю сёлета будзе вельмі насычанай. У ёй прадугледжана правядзенне майстар-класаў для нашых замежных гасцей, якія прыехалі да нас (іх будзе каля 250 чалавек), адбудзецца таксама наведванне рэгіёнаў з канцэртамі нашых суайчыннікаў, каб не толькі ў сталіцы пабачылі тое мастацтва, з якім прыехалі да нас беларусы з-за мяжы. 

У сваю чаргу дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Вольга Якабсон, распавядаючы аб праграме для ўдзельнікаў форуму, адзначыла, што мерапрыемствы арганізатары выбіралі, арыентуючыся на ўзрост і пажаданні гасцей: 

— Праграмныя мерапрыествы ў нас распачынаюцца 20 верасня. Чакаем гасцей з Самары, Тальяці і шэрагу іншых гарадоў. Спадзяемся, што ўдзельнікам фестывалю наша праграма спадабаецца. Але самае галоўнае, што беларусы замежжа прыязджаюць да нас з цудоўным настроем, яны імкнуцца на сустрэчу са сваёй Радзімай. І таму ўсё, што мы ім прапаноўваем (сустрэчы, майстар-класы, канцэрты) прымаюць з радасцю, каб насыціцца беларускасцю, а потым, з’ехаўшы ў месцы свайго пражывання, забраць з сабой кавалачак нашай Беларусі да наступнай сустрэчы. 

Творчыя дэлегацыі зараз паціху з’язджаюцца ў Беларусь. У гэтым годзе плануецца ўдзел у фестывалі прадстаўнікоў беларускіх дыяспар з Расійскай Федэрацыі, Італіі, Казахстана, Эстоніі, ЗША, Арменіі і іншых краін. І вечарам 21 верасня адбудзецца адкрыццё фестывалю і гала-канцэрт у Мінскім гарадскім палацы культуры. Па словах арганізатараў, асноўная ідэя канцэрта — рушнікі «Шляхі дадому». Удзел у святочнай праграме прымуць не толькі госці, але і беларускія артысты. 

— Мы сёння распавядаем, як Беларусь сустракае сваіх сыноў і дачок, якія пражываюць за межамі краіны, але адчуваюць і не губляюць сувязі з ёю. Гэтыя людзі, я б сказаў, народныя дыпламаты, бо праз іх мы можам даносіць да краін, у якіх яны пражываюць, аб’ектыўную інфармацыю пра тое, як і чым жыве наша Беларусь, — сказаў Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак. — Безумоўна, нам вельмі важна падтрымліваць сваіх людзей, якія па розных прычынах апынуліся за межамі нашай краіны. Гэтаму напрамку надаецца шмат увагі. Прычым не толькі ў рамках такіх мерапрыемстваў, як фестываль, бо ўзаемадзеянне пастаяннае. Мы аказваем падтрымку нашым дыяспарам. Для іх набываюцца нацыянальныя касцюмы па заяўках суполак, перадаецца літаратура на беларускай мове, наша нацыянальная сімволіка. Так, за 2022 і 2023 год ужо аказана такая падтрымка на больш за 90 тысяч рублёў. Атрымалі падтрымку як прадстаўнікі нашых дыяспар у Расійскай Федэрацыі, так і ў Латвіі, Літве, Эстоніі, Іарданіі, Сірыі, Арменіі і іншых краінах. А ў гэтыя дні нам прыемна сустракаць нашых сяброў на іх радзіме.

Таксама рэалізоўваецца праект Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў «Аб’яднанні беларускай дыяспары за мяжой», які спрыяе ўзмацненню сувязяў па лініі культуры, адукацыі. І ў рамках сёлетняга фестывалю прадстаўнікі беларускіх дыяспар змогуць прадэманстраваць, як яны зберагаюць і развіваюць беларускую культуру. І ўвогуле арганізатары фестывалю заўсёды імкнуцца планаваць праграму так, каб сустрэчы яго ўдзельнікаў былі практыкаарыентаваныя. Разам з тым самімі беларусамі замежжа таксама рэалізоўваецца шмат розных ініцыятыў. 

— Я хачу спыніцца крыху на дзейнасці нашай дыяспары ў Іспаніі, а таксама распавесці пра іспанцаў, якія прыязджаюць у Беларусь. На сёлетнім фестывалі мы прадстаўлены калектывам «Беларусы свету», ім кіруе ўраджэнка Віцебска Інэса Салаўёва. Яго ўдзельнікі — іспанцы, якія спяваюць на беларускай мове, — распавядае кіраўнік Усеіспанскай асацыяцыі «ESBELARUS», дырэктар кансультатыўна-моўнага цэнтра «Лінгваландыя» (г. Мадрыд, Іспанія) Святлана Яськова. — Нягледзячы на геаграфічную адлегласць і нават адсутнасць прамых рэйсаў з Мадрыдам, іспанцы, наведаўшы аднойчы Беларусь, абавязкова сюды вяртаюцца зноў. Іх прывабліваюць турызм, аздараўленне і адукацыйныя праекты. Да прыкладу, з таго часу, калі Беларусь адмяніла візавы рэжым на перыяд Чэмпіянату свету па хакеі, мае студэнты наведваюць Мінск, а вяртаючыся, іспанцы распавядаюць пра нашу краіну і яе культуру сваім родным, сябрам. Тады я вырашыла падпісаць пагадненні з універсітэтамі Беларусі, і цяпер сюды летам прыязджаюць студэнты на стажыроўку. Яны людзі розных узростаў і прафесій. Прычым з года ў год назіраецца тэндэнцыя, што замест месяца людзі застаюцца тут значна даўжэй. 

Адукацыйныя праекты, курсы беларускай мовы, мерапрыемствы, выдавецкія праекты — гэта далёка не поўны спіс таго, чым жыве беларуская дыяспара ў Іспаніі. Так, напрыклад, выйшаў пераклад кнігі Васіля Быкава «Пайсці і не вярнуцца» на іспанскую мову, які здзейсніла Анхалес Маэстро, пасля таго, як яна двойчы наведала Беларусь, пабывала ў Хатыні. У святле гэтай кнігі з’явілася таксама ідэя перакласці «Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Караткевіча на іспанскую мову. Да новага года ў Іспаніі плануюць выдаць кнігу беларускіх зімовых казак. 

У Арменіі нашы суайчыннікі таксама займаюцца, творчасцю выпускаюць газету і актыўна працуюць з дзецьмі (для маленькіх беларусаў працуе лялечны тэатра «Лялька). 

— Лічу, у дзяцей трэба ўкладацца найбольш, каб яны, нарадзіўшыся за межамі Беларусі, усё роўна адчувалі сябе беларусамі, — кажа кіраўнік Ерэванскай беларускай абшчыны Арменіі «Беларусь» Ірына Пагасян. — Таксама мы адзначаем розныя святы. Напрыклад, Купалле праводзім на беразе возера ў гарах, пра што ведае ўся Арменія. Святкуем Дзень Перамогі, падтрымліваем нашых ветэранаў. А на фестываль прыехалі з калектывам «Родныя карані», з якім мы ўдзельнічаем у гала-канцэрце. 

Вядома, гэта толькі адзінкавыя прыклады таго, як зберагаюць і папулярызуюць беларускую культуру за мяжой нашы суайчыннкі. Але за кожнай такой ідэяй і яе рэалізацыяй стаяць рэальныя людзі, якія любяць сваю гістарычную радзіму і вучаць гэтай любові сваіх дзяцей, дзеляцца ёю са сваімі сябрамі. На тым і стаім. 

Алена ДРАПКО