Большую частку лета мы, на жаль, ужо пражылі. Але наперадзе яшчэ як мінімум чатыры тыдні цяпла і сонца, да таго ж жнівень — месяц масавых адпачынкаў.



Яшчэ нядаўна летні адпачынак трывала асацыіраваўся з падарожжам, часцей за ўсё — да мора. Гэтыя часы прайшлі (хочацца верыць, што не незваротна): сёння да мора — дорага, доўга ляцець, ды і наогул складана. Дык што ж рабіць, калі ў адпачынку вы засталіся дома? Як правесці свой сумленна зароблены за год вольны час так, каб адчуць, што сапраўды адпачыў — загарэць, наплавацца, атрымаць ўражанні і пазітыўныя эмоцыі?

Паспрабуем падысці да пытання рацыянальна.

Калі возера, то Нарач?

Людзі разумныя і дальнабачныя яшчэ зімой або ранняй вясной набылі пуцёўкі ў санаторыі або забраніравалі аграэкасядзібы на летні сезон. Калі вы пра свой адпачынак не паклапаціліся загадзя або лічыце, што вышэйпералічаныя варыянты неапраўдана дарагія — давядзецца стаць самому сабе тураператарам. Увогуле, у нашых шыротах усё залежыць ад надвор'я, і яно пакуль не падводзіць. Сонечных дзён у тым жа ліпені, напрыклад, было больш, чым пахмурных, — такое здараецца не кожнае беларускае лета, так што ловім момант. А купацца і загараць у Сінявокай ёсць дзе.

Пачнём з самых відавочных варыянтаў — Нарач, Браславы або тая ж Свіцязь. З плюсаў агульнапрынятых месцаў адпачынку — добраўпарадкаваныя пляжы, наяўнасць на іх ратавальнікаў (што немалаважна, калі вы з дзецьмі), бяспечнае дно без камянёў, карчакоў і бітага шкла, буйкі, якія абазначаюць пачатак сапраўднай глыбіні і г. д. З мінусаў — вялікая колькасць адпачывальнікаў, якія гэтак жа, як і вы, гэтым летам выбралі адпачынак паблізу ад дома. Але гэты мінус далёка не заўсёды праяўляе сябе. Напрыклад, чым далей вы ад вялікіх гарадоў, тым менш люднымі будуць пляжы. Асабліва калі выбіраць буднія дні, бо вы ў адпачынку і можаце дазволіць сабе адправіцца на пляж нават у панядзелак з раніцы. А вось наяўнасць вялікай колькасці санаторыяў па берагах папулярных азёр — якраз нядрэнна. Пляжы санаторыяў добраўпарадкаваныя, і часам можна ўладкавацца на іх або непасрэдна каля іх. Так вы атрымліваеце зручны падыход да вады, а часам і бонусы ў выглядзе водных горак для дзяцей або пракату лодак, катамаранаў, сёрф-дошак і г. д. Таксама на добраўпарадкаваных пляжах звычайна ёсць дзе купіць папіць і паесці.

Калі хочацца танней

Хоць пляжныя кафэ лепш абыходзіць увагай, калі ваша задача — сэканоміць. У краме па дарозе да возера вы купіце тую ж ваду танней, а хатнія бутэрброды замест бургераў і хот-догаў будуць да таго ж яшчэ і больш карысныя для страўніка. Той жа прынцып (далей — танней) датычыцца і пражывання, калі вы прыехалі на некалькі дзён або на тыдзень. Санаторый сярэдняй рукі на маляўнічым беразе ўпадабанага адпачывальнікамі возера будзе каштаваць ад 50 рублёў у дзень на чалавека (але думаць аб гэтым варыянце трэба было мінімум месяцы тры таму: ужо ў пачатку лета ў здраўніцах практычна ўсё было забраніравана). Аграсядзібы — прыкладна ў тых жа цэнавых межах (і браніраваць іх таксама трэба было загадзя: цалкам верагодна, усё будзе распісана на тыдні наперад). Застаецца гасцініца або кватэра на суткі ў найбліжэйшых населеных пунктах (яе пошукамі лепш заняцца яшчэ да выезду з дому). Калі казаць аб гасцініцы, не варта шукаць яе ў больш-менш буйных гарадах, лепш абраць невялікія і зусім не турыстычныя населеныя пункты ў ваколіцах «вашага» возера: абыдзецца на парадак танней за прыкладна аднолькавы нумар. Праўда, лепш папярэдне патэлефанаваць у абраную гасцініцу і ўдакладніць, ці паселяць вас. У маленькіх мястэчках і гасцініцы маленькія — прыехала пара-тройка камандзіровачных, і ўсё, месцаў няма. Калі вас цікавіць бюджэтны варыянт, выбірайце не прыватную, а максімальна «савецкую» дзяржаўную гасцініцу. Там усё будзе па-спартанску, проста дах над галавой, затое вельмі адэкватна па цане.

Калі вы вырашылі пажыць каля возера некалькі дзён, узнікае пытанне харчавання, асабліва калі вы з дзецьмі або «сухамятка» вас у прынцыпе не задавальняе. У больш-менш буйных гарадах пры гасцініцах звычайна ёсць сталовая і/або рэстаран. У любым выпадку які-небудзь пункт грамадскага харчавання ў нашы дні з вялікай доляй верагоднасці можна знайсці паблізу ад гасцініцы нават у зусім невялікіх населеных пунктах. Мінчан і жыхароў абласных цэнтраў цэны (а часта і памер порцыі) там прыемна здзівяць. Выбар страў, праўда, невялікі, але калі вы загадзя да гэтага гатовыя, абавязкова знойдзеце што-небудзь прымальнае для сябе і дзяцей. Дарэчы, яшчэ ў маленькіх мястэчках можна пашукаць сталовыя прадпрыемстваў — часам туды пускаюць і старонніх, і гэта можа аказацца самым бюджэтным варыянтам.

Яшчэ адзін від пражывання для эканомных — кемпінгі. За двухмесную палатку вы заплаціце ў сярэднім 10—13 рублёў за суткі, за чатырохмесную — 20—25. У кошт звычайна ўваходзіць размяшчэнне палаткі, карыстанне кантэйнернай пляцоўкай (плюс смеццевыя пакеты), стаянка аўтатранспарту, вада, санвузел. Палаткі выдаюць напракат, як і спальныя мяшкі (каля 5 рублёў за суткі), турыстычныя дыванкі (звычайна 2 руб/суткі), шампуры (4 руб/суткі), мангалы і г. д. Палатку прыйдзецца ставіць самастойна — праўда, калі зусім ужо не атрымліваецца, на дапамогу прыйдуць супрацоўнікі кемпінга або суседзі. А ежу можна гатаваць на вогнішчы: адчуй сябе Рабінзонам. Праўда, і тут ёсць звычайны для гэтага лета нюанс — усе месцы могуць быць забраніраваны загадзя. Ці знойдзецца куток для вас, лепш зноў жа ўдакладніць перад выездам.

«Мы засталіся дома, хоць у папярэднія гады адпачынак праводзілі ў Турцыі, Егіпце, Балгарыі або ў іншых курортных краінах, якія былі адносна недарагія. Рызыкнулі выбрацца да мора, нават калі была пандэмія ковіду. У гэтым годзе спалохаў доўгі пералёт і ўзрослы кошт тураў, — расказвае 34-гадовая Сафія: — Дзеці (у мяне іх двое, старэйшы перайшоў у шосты клас, малодшы — у другі), вядома, разгубіліся, што мы не едзем да мора. Але паколькі мы на машыне, вырашылі знайсці «альтэрнатыву мору» ў Беларусі. Свіцязь я выбрала з-за легенды — падумала, можна будзе расказаць яе сынам, каб зацікавіць. А таксама з прагматычных меркаванняў: абяцалі добраўладкаваныя пляжы, пясчанае дно і ваду на некалькі градусаў цяплейшую, чым у астатніх вадаёмах. Вада і праўда аказалася вельмі чыстай і цёплай. Мы размясціліся побач з пляжам санаторыя: паблізу ад яго бераг таксама вельмі добры. У вадзе стаяла вялікая надзіманая горка, так што сыны былі задаволеныя. Вядома, горка прызначалася для дзяцей адпачывальнікаў, але і «чужых» не праганялі. Жыць мы вырашылі ў Карэлічах з меркаванняў эканоміі. І не памыліліся: суткі пражывання на траіх абышліся нам у суму каля 40 рублёў, а харчаванне ў кафэ па суседстве — усяго ў 12—15 рублёў на ўсіх за паўнавартасны абед. Калі казаць пра пакой, то, зразумела, у такіх гатэлях плаціш, па сутнасці, толькі за спальныя месцы. Але ж мы і прыходзілі ў гасцініцу толькі пераначаваць. Увечары, вядома, на такім адпачынку рабіць зусім няма чаго і пайсці няма куды. Але гэта — падстава правесці вечар з дзецьмі, бо дома на гэта ніколі няма часу. Пагуляць у настольную гульню або разам паглядзець сямейны фільм, прыхапіўшы з сабой з дома ноўтбук. У цэлым адпачынкам я засталася задаволеная. Пашанцавала, што не падвяло надвор'е. За гэтыя пяць дзён дзеці загарэлі так, што знаёмыя пыталіся, куды мы ездзілі адпачываць. Хапіла часу і на агляд славутасцяў і цікавых месцаў у ваколіцах Свіцязі. Наведалі ўнікальную драўляную царкву 1685 года, храм Святой Варвары, велічныя старадаўнія руіны ў вёсцы Беразавец, пабывалі на радзіме Адама Міцкевіча ў Завоссі, а на старажытным капішчы зусім нечакана для сябе трапілі нават на паганскае свята, якое, аказваецца, тут ладзіла моладзь з гістарычнай рэканструкцыі. Аказалася, што разрэкламаваныя славутасці іншых краін мы ведаем значна лепш, чым свае ўласныя. Так што пачалі адкрываць сваю краіну».

Невідавочныя варыянты

Зрэшты, самыя відавочныя варыянты — Нарач, Браславы, Свіцязь або, напрыклад, Мінскае мора, не заўсёды аказваюцца найлепшымі. Часам там занадта шмат людзей, занадта цесна, шумна і дорага. Але на тое Беларусь і Сінявокая, што месцаў для купання тут дастаткова. Можна іх пашукаць бліжэй або далей — Гугл у дапамогу. Дапусцім, Васькаўскае возера замест Нарачы, Вілейскае вадасховішча замест Мінскага мора або Удранка замест Драздоў. А можа, варта наведаць памятныя месцы дзяцінства? Калі вы там адпачывалі калісьці з бацькамі, чаму б не звазіць туды і ўласных дзяцей? Збіраючыся на такое возера, варта ўдакладніць, ці ёсць там зараз месцы для купання і наколькі яны добраўпарадкаваныя. Можа аказацца, што са «зраучнасцяў» на берагах не самых папулярных вадаёмаў — толькі распранальні, і калі для вас прынцыповы камфорт, гэта не ваш варыянт. Што асабліва датычыцца настальгічных «вадаёмаў з дзяцінства», МНС нагадвае: вельмі непажадана купацца на дзікіх неабследаваных пляжах, асабліва калі вы з дзецьмі.

Для многіх адпачынак — гэта яшчэ і фатаграфіі на фоне прыгожых пейзажаў або ў цікавых лакацыях. З гэтым якраз усё ў парадку — ёсць магчымасць увасобіць мноства ідэй для фотаздымкі і выкласці і сацсеткі фота, пра якія вас будуць пытацца: «А гэта дакладна ў Беларусі?». Ужо чаго-чаго, а жывапісных руін, таямнічых старадаўніх храмаў, помнікаў архітэктуры і чароўных прыродных куткоў у Беларусі хапае, і да многіх з іх дабрацца на машыне прасцей за ўсё якраз летам, калі суха. Сярод «інстаграмных» месцаў — «перакулены дом» у Дукорах, дракар у Суле, «тыбецкі» падвясны мост у Ручыцы, а, працягваючы водную тэматыку, напрыклад, вадаспад на рацэ Вятцы, найбуйнейшы сярод некалькіх беларускіх вадаспадаў. Там, дарэчы, цяпер ёсць нават сякая-такая інфрастуктура: лаўкі, альтанкі і спускі да вады.

Робім высновы. Выдаткаваць грошы ўсё роўна прыйдзецца — на дарогу, харчаванне і, пры жаданні, некалькі дзён пражывання паблізу абранага вадаёма. Плюс давядзецца ўключыць фантазію. Але пры наяўнасці гэтых складнікаў можна атрымаць дастаткова яркія «адпускныя» ўражанні. Галоўнае — не сядзець дома, не закопвацца ў паўсядзённыя справы, пастарацца вырвацца з руціны. Бо менавіта ў гэтым — галоўны эфект падарожжа: вы трапляеце ў іншае асяроддзе. Можна паспрабаваць дамагчыся гэтага і не ад'язджаючы далёка ад дома.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ