Наогул такога культурнага брэнда магло б і не ўзнікнуць, калі б не вялікая колькасць розных акалічнасцяў. Не загарэўся б Міхал Казімір Радзівіл «Рыбанька» ідэяй распачаць цікавы, як сёння кажуць, бізнес-праект, можа б, і не з’явілася такая вытворчасць на нашых землях, альбо не ўзніклі б высокамастацкія адметныя вырабы, слава пра якія разляцелася па ўсім свеце.
І натуральна, нічога б не атрымалася ў гэтай справе, калі б Радзівілы не займелі таленавітага майстра — Яна Маджарскага і не знайшлі да яго падыход, не стварылі ўмовы для таго, каб ён мог раскрыцца. Не было б, відаць, і слуцкіх паясоў, калі б майстру ўдалося ўцячы ад Міхала Казіміра. Даследчыкі натрапілі на дакументы, якія раскрывалі гэту незвычайную гісторыю. Ян Маджарскі каля дзесяці год не бачыў сваёй сям’і. На чужыне, каб забыцца на сваю адзіноту, ужываў алкаголь і, хутчэй за ўсё, не пакідаў надзеі дабрацца да Стамбула, да жонкі з дзецьмі. У красавіку 1761 года нясвіжскі камендант дакладаў Радзівілу, што персіяр Маджарскі захапіў з сабой два багатыя паясы, быццам для продажу, і сказаў, што выехаў да пана Магільніцкага. Але як высветлілася, майстар кінуўся ва ўцёкі. У пагоню Рыбанька, які ў той час знаходзіўся ў Варшаве на пасяджэнні Надзвычайнага сейма, выправіў аднаго са сваіх самых верных людзей — афіцэра Якуба Фрычынскага. Уцекача вярнулі. Больш за тое, паабяцалі даставіць са Стамбула яго сям’ю, што даручылі таму ж Фрычынскаму. Прыезд жонкі, трох дачок і сына моцна паўплываў на майстра. Вытворчасць стала актыўна развівацца. Відаць, майстра натхняла і тое, што яго справу падхапіў сын Леан…— Радзівілы скарысталі модныя павевы ў сваіх інтарэсах. Яны вялі сябе як спрактыкаваныя прадпрымальнікі. З аднаго боку, улічвалі попыт на кантушовыя паясы, з іншага, прапанавалі сваю мадэль, якая стала папулярнай, — заўважыў вучоны сакратар Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж» Андрэй Блінец. — Радзівілы адкрывалі першыя мануфактуры на беларускіх землях, то-бок яны стаялі ля вытокаў вытворчасці, скіраванай на продаж. А гэта не толькі кантушовыя паясы, але і шкло, шкляны посуд, більярдныя шары, табакеркі, навершы для кіёчкаў. Калі б не іх прага да стварэння нечага новага, не думаю, што вытворчасць кантушовых паясоў выйшла б на такі ўзровень.
Больш даведацца пра цікавінкі, звязаныя з вытворчасцю паясоў і родам Маджарскіх, можна ў калекцыённых залах нясвіжскага палаца «Слуцкія паясы». Выстаўка — першы сумесны праект Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка і Фонда развіцця і падтрымкі армяназнаўчых даследаванняў «АНІВ». Яго генеральны дырэктар Армен Хечаян падчас адкрыцця выстаўкі заўважыў, што мастацтва, гісторыя і культура дапамагаюць аб’ядноўваць народы. Кантушовыя паясы, створаныя армянскім майстрам, з’яўляюцца агульным здабыткам.І магчыма, знакамітыя паясы былі б не слуцкімі, а нясвіжскімі, калі б не памёр Геранім Фларыян Радзівіл, які не меў дзяцей, і Слуцк не перайшоў ва ўладанні яго брата Міхала Казіміра.
Інфармацыя, пададзеная на выставачных планшэтах, — гэта вынік амаль пяцігадовай работы калектыву даследчыкаў Фонду развіцця і падтрымкі армяназнаўчых даследаванняў «АНІВ» і Нацыянальнага гістарычнага архіва. Архівістам удалося адшукаць новыя факты, знайсці адказы на пытанні, вакол якіх раней вяліся спрэчкі. Дакументальныя крыніцы дапамаглі разабрацца з некаторымі міфамі і легендамі, звязанымі з вытворчасцю. У выніку была створана кніга «Маджарскія: армянскі род у гісторыі Беларусі».
Некаторымі новымі звесткамі падчас адкрыцця выстаўкі падзяліўся кандыдат гістарычных навук, архівіст, гісторык, адзін з аўтараў даследавання Дзяніс Лісейчыкаў.
Сярод пытанняў, на якія архівісты знайшлі адказы, — звесткі аб паходжанні Яна Маджарскага і яго ролі ў стварэнні новага брэнда. У рэвізіі дзейнасці персіярні 1765 года можна знайсці пацвярджэнні, што мэтр распараджаўся не толькі станкамі і людзьмі, занятымі на персіярне, але і загадваў «работамі і ўзорамі». Удалося разабрацца з блытанінай, калі ж пачалося ткацтва паясоў і колькі было фабрык. Вядомы нясвіжскі ардынат Міхал Казімір Радзівіл, які загарэўся ідэяй аб выпуску модных паясоў персідскага тыпу, запрасіў Яна Маджарскага да сябе. Стала вядома дакладная дата, калі пачала працаваць фабрыка, — 16 студзеня 1757 года. У гаспадарчым дзённіку Рыбанькі запісана, што з гэтага дня пачалі выплачвацца страўныя (сродкі на харчаванне) майстрам, якія працавалі ў Нясвіжы. Раней высоўваліся гіпотэзы, што фабрыка знаходзілася ў замку ці Альбе. З дакументаў вынікае, што яна размяшчалася на тэрыторыі Кансаляцыі (сёння ў тым месцы знаходзіцца раённая бальніца). Маджарскага спачатку запрашалі на фабрыку вырабляць шпалеры, макаты і вальтрапы для коней. А пазней аказалася, што добра пайшла справа з вытворчасцю паясоў. У Нясвіжы фабрыка працавала без малога 4 гады. Менавіта тут быў распрацаваны дызайн першых паясоў, а таксама былі знойдзены падыходы да вытворчасці. Вядома, што спачатку майстрам плата налічалася па колькасці рабочых дзён. Калі ж было прынята рашэнне плаціць за зробленыя вырабы, прадукцыйнасць вырасла ў разы. Даследчыкам удалося расшыфраваць гаспадарчыя запісы, якія рабіў Ян Маджарскі армянскай графікай.
На выстаўцы можна пабачыць выявы гістарычных асоб, артэфакты, знайсці даты, звязаныя з вытворчасцю паясоў і родам Маджарскіх.За той час, як фабрыка працавала ў Нясвіжы, было выткана каля сотні паясоў. З іх захавалася не больш дзясятка. Для параўнання, калі фабрыка перамясцілася ў Слуцк, такіх вырабаў былі зроблены тысячы. На паясах са Слуцку для прасоўвання брэнда ставіліся меткі. А вось пацвярджэнняў таму, што такая практыка існавала ў нясвіжскі перыяд, раней не было. Дзяніс Лісейчыкаў падзяліўся, што ўдалося знайсці новую інфармацыю, якая патрабуе далейшага вывучэння: у 1920-я гады адзін з аматараў старажытнасцяў, які вывучаў кантушовыя паясы з прыватных калекцый, замаляваў пояс з меткай з Нясвіжа…
Фота аўтара