Мінск стаў міжнароднай сталіцай адпачынку. У Нацыянальным выставачным цэнтры «БелЭкспа» з 23 да 25 красавіка прайшла 23-я вясенняя Міжнародная выстаўка-кірмаш «Адпачынак-2021». Прадстаўнікі турыстычных арганізацый, аграсядзіб, санаторыяў, забаўляльных комплексаў сабраліся разам, каб даць старт новаму турыстычнаму сезону і абмеркаваць, як будзе развівацца сфера сёлета. У межах выстаўкі прайшлі майстар-класы ад рамеснікаў, міні-рэканструкцыі гістарычных падзей, варкшопы і прэзентацыі новых турыстычных маршрутаў. «Адпачынак-2021» — самая буйная турыстычная выстаўка ў Беларусі, якая стала выдатнай пляцоўкай для наладжвання дзелавых сувязяў, пошуку новых кліентаў і атрымання ведаў аб новых трэндах індустрыі.


Прывітаў удзельнікаў і гасцей выстаўкі генеральны сакратар Сусветнай турысцкай арганізацыі Зураб Палалікашвілі. Па яго словах, выстаўка «Адпачынак-2021» з'яўляецца важнай пляцоўкай для ўкаранення новых ідэй і развіцця супрацоўніцтва, што дазволіць турызму «стаць драйверам у працэсе аднаўлення ад наступстваў крызісу». У сваім прывітальным слове ён падзякаваў Беларусі за развіццё турызму і асабліва — турызму ў вёсцы: «Дазвольце выказаць падзяку вашай краіне за ініцыятывы развіцця турызму ў сельскай мясцовасці.  Гэта прыярытэт у нашай рабоце».

Намеснік міністра спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Міхаіл Партной падкрэсліў, што ў цэнтры выстаўкі «Адпачынак-2021» — унутраны турызм. Кожны рэгіён прадставіў свае адметнасці ў сферы адпачынку і гасціннасці. Дзякуючы разнастайнасці эксклюзіўных прапаноў кожны турыст знойдзе для сябе цікавы варыянт адпачынку. Менавіта такім чынам па-новаму раскрываецца турыстычны патэнцыял краіны: «Гэтая выстава — добрая пляцоўка для руху наперад. Турыстычныя патокі патроху аднаўляюцца. Хацелася б, вядома, каб гэта адбывалася хутчэй. Разам з тым вакцынацыя зробіць сваю справу: граніцы, мы думаем, пачнуць паступова адкрывацца, і мы будзем падарожнічаць. Для Беларусі адкрыццё граніц не стане нечаканасцю — мы прапануем якасны турыстычны прадукт на любы густ».

Адкрыць у сабе творчыя здольнасці

На шматлікіх стэндах выставы былі прадстаўлены традыцыйныя заняткі, якія абавязкова зацікавяць турыстаў, — беларускія рамёствы. Асабліва ў гэтым вызначылася дэлегацыя з Мсціслава. Рыгор Свядомскі паабяцаў навучыць усіх ахвотных разьбе па дрэве. Майстар прывёз з сабой міні-галерэю сваіх найлепшых вырабаў. Па яго словах, замежныя турысты гатовыя плаціць любыя грошы, каб набыць творы мастацтва з беларускіх дрэў, зробленыя беларускімі майстрамі. А каваля Сяргея Кудзікава ведае кожны, хто хоць раз бываў на буйных мерапрыемствах рэспубліканскага маштабу. Сярод сучасных беларускіх рамеснікаў ён сапраўдная зорка. «Як рамеснік я магу прапанаваць турыстам цікавы варыянт баўлення вольнага часу — майстар-клас па кавальскай справе. Пакажу, як на самай справе працавалі сапраўдныя кавалі. Разам са сваімі калегамі мы можам правесці гістарычную рэканструкцыю рыцарскага бою, прадэманстраваць рыцарскія даспехі, даць майстар-клас па гістарычным боі, фехтаванні. Усе бачылі гэта па тэлебачанні або ў інтэрнэце, але не кожны меў магчымасць прымераць рыцарскія даспехі, сфатаграфавацца ў іх. На жаль, гэтае звяно, якое я прадстаўляю, ужо выпадае са сферы інтарэсаў людзей і асабліва моладзі. Сёння кузня ўспрымаецца як нешта дзіўнае. Людзі не разумеюць, як вырабы з металу можна рабіць сваімі рукамі, а не на заводах. І мая задача, як і маіх калег, — захаваць, паказаць і перадаць гэтыя навыкі. Я ўваходжу ў клуб рамеснікаў, кожны дзень 70 майстроў робяць ювелірную работу, ствараюць незвычайныя рэчы. Людзей часам не здзівіць архітэктура, яны могуць шмат дзе яе бачыць. А старыя рамёствы — заўсёды цікава. Тым больш калі турысты самі ўключаюцца ў працэс, прымяраюць фартух каваля і робяць нешта сваімі рукамі. А калі яны ад'язджаюць з сувенірамі, то ўражанні застаюцца на ўсё жыццё. Я ўпершыню на такой выставе і вельмі задаволены. Гэта выдатная пляцоўка для абмену вопытам і наладжвання сувязяў з калегамі для будучай сумеснай працы», — падзяліўся мсціслаўскі каваль.

Прадстаўнікі магілёўскага этнаграфічнага комплексу традыцыйных народных рамёстваў прапанавалі ўдзельнікам і гасцям выстаўкі зборы скрыпеню, вядомага таксама як іван-чай. Карысную расліну яны збіраюць у запаведным пячорскім гаі, дзе размяшчаецца комплекс. Напоі на аснове скрыпеню — візітка комплексу. Па словах гаспадароў, турысты раўнадушнымі не застаюцца.

Самымі папулярнымі на выстаўцы былі стэнды з дэгустацыямі, дзе майстры беларускай кухні паказалі сябе ва ўсёй красе. Сыры, каўбасы, саленні, сала, ягады, варэнне, мёд, знакаміты беларускі самагон, дамашні хлеб — гурманам было што ацаніць. Дарэчы, гастранамічны турызм — новы кірунак у беларускім турызме. Але нешта падказвае, што ён вельмі хутка стане папулярным ва ўсіх, хто жадае лепш пазнаёміцца з краінай.

Ад славянскіх багоў да індзейскіх забавак

Майстар-класы па розных традыцыйных беларускіх рамёствах, зборы карысных траў, знаёмства з кухняй і яшчэ мноства заняткаў, характэрных для беларускага народа і тым адметных, кожны турыст можа ацаніць у аграсядзібах. Паколькі галоўнай тэмай выстаўкі «Адпачынак-2021» быў унутраны турызм, прадстаўніцтва аграсядзіб было як ніколі вялікім. «Мы даўно так актыўна не ўдзельнічалі ў падобных выстаўках. Але паколькі сёлета акцэнт зроблены на ўнутраным турызме, то мы прадставілі мноства сядзіб. На мой погляд, аграсядзібы — гэта самае цікавае ў беларускім турызме. Гэта жывы від турызму, дзе ўсё ідзе ад чалавека да чалавека, ад гаспадара сядзібы да турыста. На выставе гаспадары сядзіб прадставілі ўсё, на што здольныя. Гэта паказвае, як людзі развіваюцца і, значыць, аграэкатурызму жыць, і ў будучыні ён можа стаць брэндам нашай краіны. На адным з круглых сталоў у межах выстаўкі мы абмяркоўвалі турызм у перыяд пандэміі. Спецыялісты адзначылі, што ў выязным і ўязным турызме адбываецца катастрофа. А ўнутраны турызм, у прыватнасці аграэкатурызм, выжыў, аказаўся дастаткова ўстойлівы да стрэсу. Вядома, наведвальнасць сядзіб знізілася працэнтаў на 20, але гаспадары адаптаваліся. У цэлым выстаўка «Адпачынак-2021» мне спадабалася, людзі паказалі сябе, рэалізавалі сваю прадукцыю, пазнаёміліся з калегамі», — адзначыла Валерыя Кліцунова, старшыня грамадскага аб'яднання «Адпачынак у вёсцы».

На выставе былі прадстаўлены як аграсядзібы «са стажам», так і тыя, якія толькі пачнуць работу ў новым сезоне. Прадстаўнікоў аграсядзібы «Утрына», што ў Віцебскай вобласці, было цяжка не заўважыць: касцюмы індзейцаў і два сабакі пароды хаскі, якія не пакінулі раўнадушнымі нікога. Як расказала гаспадыня сядзібы Наталля Мельнічэнка, канцэпцыя іх сядзібы — індзейскі парк забаў: «У нас праходзяць экскурсійныя праграмы «У госці да індзейскага правадыра», «У госці да індзейскай багіні», мы пасвячаем гасцей у індзейцы, катаем іх на хаскі. У нас цэлы заапарк — 20 сабак хаскі, кароўка Таша, талісман гэтага года, і яе сяброўкі — козачкі і авечкі. Мы рэгулярна ўдзельнічаем у такіх выстаўках, былі ў Маскве. Зацікаўлены, каб да нас прыязджалі не толькі беларускія турысты. І калі мы не будзем прыдумваць, як зацікавіць, не будзем сябе паказваць, за нас гэта ніхто не зробіць. У 2020 годзе, канешне, было цяжка, турыстаў менш, чым звычайна. Але мы выконваем усе супрацьэпідэміялагічныя меры, тым больш што мы знаходзімся на аддаленым хутары. Усім зараз цяжка, але ж трэба працаваць».

Летам на Ваўкавышчыне ў новай аграсядзібе прымаць гасцей будуць героі беларускай міфалогіі, вужыны кароль. Госці змогуць паўдзельнічаць у рыцарскіх турнірах, паспрабаваць свае сілы ў розных майстар-класах. Стэнды выставы «Адпачынак-2021» развеялі скептыцызм наконт беларускіх вёсак і даказалі, што аграсядзібы ні ў чым не саступаюць папулярным замежным курортам, у аўтэнтычным, незвычайным і яркім адпачынку — дакладна.

Праца дзеля адпачынку

Правядзенне выстаўкі-ярмаркі «Адпачынак-2021» — вялікі ўклад у развіццё дзелавога турызму ў Беларусі. У праграму былі ўключаны круглыя сталы, прэзентацыі новых турыстычных маршрутаў і турыстычнага патэнцыялу іншых краін. Пра свой турыстычны патэнцыял расказалі Індыя, Турцыя, Балгарыя, Сербія, Венесуэла — краіны, дзе беларусы могуць добра правесці свой адпачынак.

Вядучай тэмай выставы сёлета стала, вядома, развіццё турызму падчас пандэміі каранавіруса. Яе актыўна абмеркавалі ўдзельнікі круглага стала, арганізаванага Нацыянальным агенцтвам па турызме і Дэпартаментам па турызме Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь. Як адзначылі ўдзельнікі, нягледзячы на праблемы выязнога і ўязнога турызму, беларусы актыўна падарожнічаюць па роднай краіне, што вельмі добра. У першы дзень выставы было прэзентавана 17 новых экскурсійных маршрутаў па Беларусі і турыстычных праектаў. Некаторыя з іх маюць патрыятычную накіраванасць, як, напрыклад, маршрут «Патрыятычны імпульс» на Гомельшчыне ці «Яўрэйская сцежка» ў Смаргонскім раёне. Летам аматары веласіпедаў змогуць сумясціць прыемнае з карысным і падчас велапрагулак пазнаёміцца са славутасцямі Воранаўскага раёна ці паўдзельнічаць у фестывалі «Янаўскі ровар» у Іванаўскім раёне. Турыстычны інфармацыйны цэнтр «Полацк» прапануе гасцям праменад са знакамітым земляком, мастаком Іванам Хруцкім. А ў Навагрудку можна разам з гараджанкай адправіцца ў рэтра-падарожжа ў Навагрудак пачатку ХХ стагоддзя. Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы прапанаваў інтэрактыўную праграму «Вячоркі».

Выстаўка «Адпачынак-2021» паказала новыя паслугі ад тураператараў. Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Цэнтр-курорт» прадставіла актуальныя турыстычныя прапановы на вясну-лета 2021 года ў Беларусі і за яе межамі, турыстычны партал Vetlіva.ru — новыя туры па Беларусі. Выстаўка стала не толькі пазнавальным, але і адукацыйным мерапрыемствам. Бізнес-трэнер Дзмітрый Чарненак правёў семінар «Антыкрызісны інтэнсіў, ці Інструменты эфектыўных продажаў». Удзельнікі абмеркавалі асноўныя праблемы ў аказанні турыстычных паслуг, разам разабралі некаторыя выпадкі і вынайшлі інструменты іх вырашэння. Важным пунктам праграмы выстаўкі «Адпачынак-2021» стаў варкшоп LEІSURE & TRAVEL («Адпачынак і падарожжы»). У фармаце В2В (бізнес для бізнесу) тураператары і турагенты змаглі наладзіць дзелавыя сувязі, попоўніць спіс кантактаў і партнёраў, адкрыць для сябе новыя рынкі і пашырыць ужо існуючыя. За тры дні выстаўкі спецыялісты галіны абмеркавалі мноства важных пытанняў: дзелавы, медыцынскі, спартыўны, адукацыйны віды турызму. Закранулі тэму арганізацыі экскурсійных тураў, аказання транспартных паслуг, страхаванне ў турызме, гасцінічны сэрвіс.

Невядома, як каварная пандэмія будзе далей уплываць на турыстычную сферу. Але разнастайнасць стэндаў, мерапрыемстваў, мноства турыстычных аб'ектаў на выстаўцы «Адпачынак-2021» паказала, што Беларусь мае вялікі турыстычны патэнцыял. І кожны можа правесці тут бадай ці найлепшы адпачынак. І гэта, на хвілінку, без марскіх пляжаў.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Яна ХВЕДЧЫНА

*Рэклама на партале

*УНП 190276566