26 чэрвеня, Мінск.

Чарговы дзень II Еўрапейскіх гульняў прынёс беларускім спартсменам 4 узнагароды, з якіх адна вышэйшай пробы, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Адзінае сённяшняе золата для беларусаў заваявалі Вольга Худзенка і Марына Літвінчук, якія выйгралі фінальны заезд байдарак-двоек на 500 м. Яшчэ адну ўзнагароду на вяслярным канале ў Заслаўі здабыў байдарачнік Алег Юрэня, які стаў бронзавым прызёрам на дыстанцыі 1000 м. Першая ўзнагарода з'явілася ў стралкоў - Юрый Шчарбацэвіч стаў сярэбраным прызёрам у стральбе з малакалібернай вінтоўкі з трох пазіцый на 50 м. Пазней яшчэ адзін сярэбраны медаль у скарбонку беларускай каманды паклаў барэц вольнага стылю Алі Шабанаў, які заняў другое месца ў вагавой катэгорыі да 86 кг.

Усяго ў актыве зборнай Беларусі на Еўрапейскіх гульнях у Мінску 45 узнагарод (15 залатых, 11 сярэбраных, 19 бронзавых). Беларускія спартсмены перасягнулі ўжо свае медальныя дасягненні на I Еўрапейскіх гульнях - чатыры гады таму ў Баку ў іх было 43 узнагароды (10, 11, 22). У агульнакамандным медальным заліку дамашніх гульняў беларусы займаюць другое месца, уступаючы толькі расіянам, у якіх 63 медалі (28, 15, 20). На трэцяй пазіцыі атлеты Грузіі - 22 (6, 6, 10).

Крынiца: БелТА