Наяўнасць турбрэнда павінна павысіць прывабнасць Беларусі для турыстаў

 "Эфект ад наяўнасці турыстычнага брэнда павінен быць у павелічэнні колькасці турыстаў, якія прыязджаюць у Беларусь, у іх пазітыўным настроі і жаданні пабываць тут зноў. Упэўнены, так і будзе", - лічыць намеснік міністра. Пры гэтым ён падкрэсліў, што брэнд - не самамэта, ён толькі дадатковы інструмент ідэнтыфікацыі і папулярызацыі як мінімум на турыстычным рынку. "Сам па сабе ён не вырашае ўсе праблемы, звязаныя з аказаннем турпаслуг. Але брэнд дае магчымасць сфарміраваць сучасны вобраз Беларусі, павялічыць канкурэнтаздольнасць сярод іншых краін, павысіць нашу інвестыцыйную прывабнасць, зрабіць радзіму больш пазнаваемай праз вобразы і сімвалы. Адзін з міжнародных экспертаў сказаў, што пасля таго, як іншаземец чуе назву той ці іншай дзяржавы, на працягу некалькіх секунд у яго ў галаве павінна ўзнікнуць маляўнічая асацыяцыя - усплыць турбрэнд. Ён выклікае цікавасць да пазнання і супастаўлення. Граніцы мы адкрылі, засталося як трэба праінфармаваць іншаземцаў пра нас", - адзначыў Міхаіл Партной. Паводле яго слоў, валоданне турыстычным брэндам - вялікая эканамічная, сацыяльная і юрыдычная работа, а таксама вялікая адказнасць. "Мы доўга вывучалі міжнародны вопыт, вызначалі, па якім шляху пайсці. Уважліва сачылі і за Расіяй, якая займаецца турбрэндам з 2015 года", - сказаў Міхаіл Партной. Пры гэтым Беларусь усё ж пайшла крыху іншым шляхам. "Пачалі з маштабнага даследавання, якое правялі сумесна з праектам "Падтрымка ўстойлівага развіцця турызму ў Беларусі", што фінансуецца Еўрасаюзам. Вывучылі туррэсурсы краіны і магчымасці іх выкарыстання ў брэндынгу тэрыторый. У мінулым годзе спецыялісты праекта распрацавалі брэнд-канцэпцыі пяці пілотных дэстынацый - Гродна і Аўгустоўскага канала, Пружан, Нарачы, Полацка і Мсціслава. Быў таксама прапанаваны праект брэнда краіны, які прэзентавалі на міжнароднай канферэнцыі па брэндынгу турдэстынацый. Форум прайшоў у Мінску сумесна з Сусветнай турысцкай арганізацыяй. На гэтай жа канферэнцыі прадставілі яшчэ тры пробныя канцэпцыі, якія мы распрацавалі з беларускай дызайн-студыяй PG-branding", - расказаў намеснік міністра. 

Перад тым, як аб'явіць нацыянальны конкурс, было праведзена маштабнае апытанне іншаземцаў і беларусаў, што расказалі, якой яны бачаць Беларусь, яе жыхароў. На аснове анкетавання было сфарміравана тэхзаданне. Далей сумесна з прадстаўнікамі рэкламных агенцтваў, маркетынгавых кампаній, турыстычных арганізацый, грамадскіх аб'яднанняў былі сфармуляваны крытэрыі ацэнкі канкурсантаў. Па іх з 24 работ да грамадскага абмеркавання дайшло 17. У фінал трапяць 3 канцэпцыі. Вердыкт вынесе экспертны савет, які ўзначальвае намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка. Далей наперадзе вялікая работа па папулярызацыі брэнда. Абавязаны падключацца маркетолагі, спецыялісты ў галіне гандлю, рэкламавання гандлёвых марак, вытворцы рознай прадукцыі, пачынаючы ад значкоў, маек, сумак і заканчваючы брэндзіраваннем транспарту, вуліц, друкаванай прадукцыі. "Мы абавязкова будзем прадстаўляць турбрэнд на выстаўках і перш за ўсё турыстычных, каб да яго прывыклі, каб наша краіна стала больш прыкметнай і пазнаваемай, - расказаў намеснік міністра. - З'яўленне турбрэнда - дадатковая інфападстава, магчымасць прыцягнуць увагу да нашай краіны. Думаю, у студзені-лютым ён павінен ужо з'явіцца на публіцы. Якраз будзе час абкатаць яго перад II Еўрапейскімі гульнямі".