Няма відовішча, страшнейшага за вёскі, з якіх раз і назаўсёды сышло жыццё. За хаты, якія пустымі вокнамі-вачаніцамі нібыта запрашаюць зайсці ў госці, дзе, акрамя смецця і запусцення, нічога няма. Але няма і відовішча больш карыснага для памяці, сэрца і душы.


Праз 35 гадоў тэма Чарнобыльскай аварыі застаецца актуальнай і балючай. Але праз цемру гэтай трагедыі прабіваецца святло надзеі. Некаторыя небяспечныя элементы з невялікім тэрмінам паўраспаду ўжо распаліся і больш не пагражаюць свету, чалавецтва навучылася змагацца з наступствамі катастрофы, прырода аднаўляе сябе сама. І словы «чарнобыльская зона» ўспрымаюцца не толькі як месца, да якога страшна набліжацца. Цяпер гэта перспектыўная і цікавая дэстынацыя. Усё больш турыстаў жадаюць вярнуцца ў 1986 год і на свае вочы ўбачыць наступствы самай страшнай тэхнагеннай катастрофы ХХ стагоддзя. Зрабіць гэта можна ў Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалагічным запаведніку, які з 2018 года могуць наведваць турысты. За тры гады сюды прыязджалі турысты з многіх краін, нават з такіх далёкіх, як Аўстралія, Чылі, Інданезія, Карэя. І, зразумела, гэта цікавы напрамак для беларускіх турыстаў.

З нагоды гадавіны трагедыі Нацыянальнае агенцтва па турызме правяло выязны семінар па Гомельскай вобласці для кіраўнікоў і прадстаўнікоў турыстычных кампаній, экскурсаводаў, гідаў і ўсіх зацікаўленых з мэтай знаёмства з новым турыстычным маршрутам. У падарожжа адправілася і карэспандэнт «Звязды».

Ад сельскагаспадарчых угоддзяў да запаведных лясоў

Да 1986 года ніхто не ўяўляў, што на Гомельшчыне будзе запаведнік. Меліяраваныя балоты, урадлівыя глебы, дасведчаныя спецыялісты — галоўнай тут была сельская гаспадарка. Пакуль 26 красавіка 1986-га свет не перакуліўся, а населеныя пункты не былі эвакуіраваны. У лютым 1988 года пастановай ЦК КПБ і Савета Міністраў БССР «Аб ходзе выканання работ па ліквідацыі ў рэспубліцы наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС» было вырашана тэрыторыю зоны адсялення лічыць зонай адчужэння і забараніць там любую сельскагаспадарчую дзейнасць. Так на карце Беларусі з'явіўся яшчэ адзін запаведнік, які аб'дноўвае тэрыторыі трох раёнаў — Хойніцкага, Брагінскага і Нараўлянскага.

Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік у лічбах — гэта плошча ў 216 877 гектараў, са знешняй мяжой у 367 кіламетраў, у тым ліку з граніцай з Украінай у 121 кіламетр. Гэта яшчэ і 96 пакінутых населеных пунктаў, дзе да аварыі жыло больш за 22 тысячы чалавек. Запаведнік — гэта і 54 віды млекакормячых, з якіх тры ўнесены ў Чырвоную кнігу (мядзведзь, зубр і рысь), 25 відаў рыб і 280 відаў птушак. Тут сабраны амаль усе прадстаўнікі беларускай флоры і фаўны. А нядаўна быў заўважаны і рэдкі госць беларускай прыроды — конь Пржавальскага.

Галоўная задача запаведніка — прадухіленне вынасу радыенуклідаў за яго межы. Для гэтага штат навукоўцаў з пяці розных аддзелаў пастаянна кантралюе змяненне радыяцыйнай абстаноўкі, праводзіць мерапрыемствы па рэабілітацыі забруджаных тэрыторый, забеспячэнні натуральнага развіцця экасістэм. Тэрыторыя запаведніка падзелена на тры раёны, на 16 лясніцтваў. Умоўна ўвесь запаведнік падзелены на дзве часткі — запаведную, моцна забруджаную радыенуклідамі, дзе ўдзел чалавека мінімальны, і эксперыментальна-гаспадарчую. На 700 гектарах былых сельскагаспадарчых зямель зараз вырошчваюцца розныя пладова-костачкавыя і дэкаратыўныя культуры, функцыянуе пчалапасека, працуюць тры вытворчыя ўчасткі па дрэваапрацоўцы і нават ферма, дзе жывуць племянныя коні пароды «Рускі цяжкавоз». Патэнцыял і магчымасці гэтых зямель маглі б быць карыснымі для сельскай гаспадаркі, эканомікі краіны, але цяпер тут могуць праводзіцца толькі эксперыменты.

Аднаўленне прыроды, закінутыя вёскі і рэальныя наступствы чарнобыльскай трагедыі ўсё больш цікавяць турыстаў. Гэта не проста экстрэмальны турызм, а магчымасць на свае вочы ўбачыць тое, пра што ўсе чыталі ці глядзелі па тэлебачанні. Для гэтага ў запаведніку распрацаваны сем экскурсійных маршрутаў. Але проста так на экскурсію туды не трапіць — спачатку трэба падаць заяўку, пачакаць, пакуль яе ўзгодняць, і толькі тады можна накіроўвацца ў бок Хойнікаў. Экскурсія па запаведніку праводзіцца толькі на яго транспарце ў суправаджэнні спецыялістаў і экскурсаводаў. Каб не пускаць нелегальных наведвальнікаў, на тэрыторыі запаведніка працуе восем стацыянарных кантрольна-прапускных пунктаў, дзе вядзецца кругласутачнае дзяжурства. Менавіта з пункта пропуску і пачынаецца экскурсія.

Назад у мінулае

Удзельнікі выязнога семінара Нацыянальнага агенцтва па турызме наведалі маршрут № 2, які ўключае 10 лакацый. Пачынаецца ўсё з інструктажу аб правілах паводзін у зоне адчужэння на кантрольна-прапускным пункце «Бабчын». Вёска Бабчын — радзіма вядомага беларускага паэта Міколы Мятліцкага. У 1986 годзе з вёсцы было эвакуіравана 728 чалавек, а школа, бібліятэка, магазін, Дом культуры засталіся. На тэрыторыі былой вёскі размешчаны музей Палескага радыцыяйна-экалагічнага запаведніка, адкрыты ў 2006 годзе да 20-й гадавіны трагедыі. Музей невялікі, але змястоўны. Экспазіцыі знаёмяць з гісторыяй стварэння запаведніка, прадстаўлены рэдкія фотаздымкі, пропускі, прылады, якія выкарыстоўваліся для даследавання забруджаных тэрыторый. Прадстаўлена калекцыя чучал жывёл і птушак, якія жывуць на тэрыторыі запаведніка. У адной з залаў музея можна ўбачыць побыт жыхароў гэтых мясцін 1986 года.

Наступны пункт экскурсіі — кормапрадпрыемства «Майдан». У савецкі час гэта было адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў па вытворчасці грануляванай мукі, пабудаванае на асушаных землях па апошнім слове тагачасных навукі і тэхнікі. Зараз пабудовы знаходзяцца ў напаўразбураным стане, а тэрыторыя зарастае дрэвамі і кустамі. Кантрольна-прапускны пункт «Майдан» размяшчаецца на мяжы 30-кіламетровай зоны адчужэння, створанай у 1986 годзе. Па левы і правы бок ад КПП — рады калючага дроту, гэтак жа, як і 35 гадоў таму. Кантрольна-прапускны пункт «Радзін», размешчаны на беразе Паганянскага канала, — бадай ці не самае маляўнічае месца экскурсіі. Да Паганянскага канала прымыкае збіральны канал. Акваторыя акружана гаямі, дрэвамі, а розныя віды верб на берагах нібыта аплакваюць былое жыццё.

У наваколлі вёскі Верхавая Слабада Брагінскага раёна 35 гадоў таму былі ўрадлівыя ворныя землі і ферма буйной рагатай жывёлы. Замест 87 жыхароў, адселеных у 1986 годзе, цяпер там «жывуць» маладыя сосны і бярозы. Прычым растуць яна проста на даху былой фермы, дэманструючы жыццёвую сілу прыроды і яе поўнае ўладарства ў гэтых месцах.

Вёска Выграбная Слабада да 1986 года была прыкладам вёскі часоў «развітога сацыялізму»: 362 жыхары, дамы сядзібнага тыпу, школа, фельчарска-акушэрскі пункт, магазін. Падчас Вялікай айчыннай вайны была спалена фашыстамі, але змагла аднавіцца, чаго не ўдалося зрабіць пасля чарнобыльскай катастрофы. Турысты ў Выграбной Слабадзе могуць убачыць як хаты даваеннага перыяду, так і сучасныя на 1986 год дабротныя дамы, пабудаваныя пасля вайны. Школа ўсе 35 гадоў чакае вучняў, на партах засталіся сшыткі, падручнікі, глобусы. Але на ўрокі прыходзяць толькі птушкі і дзікія жывёлы, якія цяпер тут паўнавартасныя гаспадары.

Вёска Жэрднае нібыта сышла са старонак знакамітага рамана «Людзі на балоце» Івана Мележа, ураджэнца Хойніцкага раёна. Гэтая тыповая вёска Гомельскага рэгіёна размешчана сярод лясоў, пяскоў і балот. Яна назаўсёды засталася ў 1930—1960 гадах, паказваючы турыстам усю гістарычную і архітэктурную сутнасць вёсак таго часу. Здаецца, зараз да грушы выйдзе Ганна Чарнушка ці Васіль Дзятлік. Але ніхто да грушы ў Жэрдным больш не выйдзе...

Поўная супрацьлегласць Жэрднаму — пасёлак Сонечны, прыклад пасёлку будучыні, які кануў у мінулае і ніколі не быў цяперашнім. Пасёлак пабудаваны для жыцця супрацоўнікаў саўгаса «Брагінскі», куды ехалі працаваць людзі з усяго Савецкага Саюза. Сонечны — гэта міні-квартал са шматпавярховымі дамамі, школай, дзіцячым садком і нават гандлёва-забаўляльным комплексам. Будавалі Сонечны апантана, не шкадуючы сродкаў, прымяняючы апошнія тэндэнцыі і тэхналогіі і не ведаючы, што ўсё гэта дарма. Пасялковы Дом культуры нават не паспелі дабудаваць. Дарэчы, на картах Сонечны так і не з'явіўся, яго банальна не паспелі аформіць. Цяпер былы сацыялістычны цуд хаваюць буйныя зараслі кустарнікаў і дрэў. А ў кватэрах у добрым стане захаваліся расчыненыя дзверы, праз якія ўжо ніхто не выйдзе насустрач. Побач з Сонечным размешчана вёска Піркі са своеасаблівай архітэктурай драўляных дамоў. Падчас вызвалення Беларусі ў 1943 годзе тут ішлі жорсткія баі. У брацкай магіле ў Пірках пахаваны воіны, якія ўдзельнічалі ў тых баях, сярод іх — два героі Савецкага Саюза Сяргей Галавашанка і Васіль Загайнаў.

Усяго на тэрыторыі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка размешчана 89 могілак, 53 помнікі, мемарыяльныя пліты, стэлы і абеліскі. Кожны год на Радаўніцу людзі прыязджаюць наведаць магілы сваякоў і магілы былых хат. Як адзначылі экскурсаводы, з кожным годам усё менш людзей вяртаецца ў мінулае. Хтосьці старэе, памірае, а магчыма, не хоча іншы раз вярэдзіць старыя раны. Для жыхароў гэтых вёсак катастрофай стаў не ўзрыў (яны яго не бачылі), а перасяленне, праз якое давялося прайсці.

Не масавы, але неабходны

«Мы прадаём турыстам эмоцыі: турызм — гэта эканоміка ўражанняў. Эмоцыі бываюць розныя. У туры па запаведніку мы адчуваем радасць ад аднаўлення прыроды, з аднаго боку. З іншага боку, мы бачым канечнасць і перарывістасць жыцця», — адзначыла кандыдат гістарычных навук Ірына Алюніна падчас круглага стала, арганізаванага Нацыянальным агенцтвам па турызме. Круглы стол у Хойніцкім раённым краязнаўчым музеі быў прысвечаны развіццю ўнутранага турызму ў зоне адчужэння. Сімвалічна, што круглы стол праходзіў у зале, дзе прадстаўлена выстава «Жыццёвы код» мастака Глеба Отчыка, прысвечаная 35-годдзю аварыі. Мастак, ураджэнец Гомельшчыны, на ўласным вопыце сутыкнуўся з наступствамі аварыі, што адлюстравалася ў яго творчасці.

Пасля выхаду серыяла «Чарнобыль» ад HBO увесь свет даведаўся пра ўраджэнца Брагінскага раёна Васіля Ігнаценку, пажарнага-ліквідатара, які адзін з першых тушыў рэактар і атрымаў смяротную дозу радыяцыі. У серыяле гісторыя Васіля і яго жонкі Людмілы, якая была з мужам да яго апошняга ўздыху, паказана як сімвал лёсаў усіх ліквідатараў і іх сем'яў. А турысты наведваюць помнік герою ў Брагіне.

«Асаблівасць нашага рэгіёна — чарнобыльскі турызм. Гэта не масавы від турызму і ніколі такім не будзе. Але трэба прыцягваць сюды людзей, паказваць ім гэтыя мясціны. Можна зрабіць акцэнт на тым, што ў беларускай частцы «зоны адчужэння» можна ўбачыць першародную прыроду», — падкрэсліла Вольга Кацянкова, загадчыца сектара турызму ўпраўлення спорту і турызму Гомельскага аблвыканкама.

Нягледзячы на тое, што гэты рэгіён трывала асацыюецца з чарнобыльскай трагедыяй, цікавых мясцін, не звязаных з аварыяй, тут хапае. Спецыяліст аддзела спорту і турызму Хойніцкага райвыканкама Ігар Назарчук расказаў пра славутасці краю. Дом-музей Івана Мележа, сядзіба Ястржэмбскіх, царква Пакрова Прасвятой Багародзіцы, сасна-каралева, абрад «Провады русалкі» ў вёсцы Вялікі бор уключаны у спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА — турыстам тут будзе на што паглядзець. Бо жыццё працягваецца.

Гадавіна чарнобыльскай трагедыі стала выдатнай падставай паказаць, што падарожжы ў чарнобыльскую зону — не страшныя, а неабходныя. Для чаго? На гэта пытанне кожны сам адкажа пасля наведвання зоны адчужэння.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота аўтара

г. Хойнікі