13 красавіка ў сталічным Палацы спорту адкрылася XXV Міжнародная выстава-кірмаш турысцкіх паслуг "Адпачынак-2023". Яе экспазіцыя аб’яднала каля трохсот удзельнікаў. За тры дні свой турыстычны патэнцыял, новыя праграмы і прапановы прадэманстравалі тураператары, санаторыі, музеі, аграсядзібы, медыцынскія і SPA-цэнтры, гатэлі, гасцініцы і загарадныя комплексы, а таксама страхавыя і транспартныя кампаніі.


Міжнародны статус выставы надалі замежныя краіны-ўдзельніцы: Расія, Узбекістан, Куба, Балгарыя, Палесціна, Грузія, Пакістан, Венесуэла.

Генеральным партнёрам выставы стала Ніжагародская вобласць, якая прадставіла маштабную экспазіцыю. У ёй можна было знайсці народныя мастацкія промыслы і трапіць на экскурсію па знакамітых пакгаўзам. У тэматычнай зоне «Ніжні Ноўгарад — маладзёжная сталіца Расіі» для наведвальнікаў гучала музыка і разгульвалі сімвалы Ніжняга Ноўгарада аляняня НіНо і дзяцел Гор. 

На прэзентацыі турыстычнага патэнцыялу Узбекістана выступіў Часовы Павераны ў справах Рэспублікі Узбекістан у Рэспубліцы Беларусь Рахматула Назараў.

— Узбекістан — гэта месца, дзе вы адчуеце поўную прыгажосць усіх чатырох сезонаў года. Узбекістан — унікальная краіна, якая мае велізарны турыстычны патэнцыял і багатую культурную гістарычную спадчыну, на тэрыторыі якой узнікалі і развіваліся найстаражытныя цывілізацыі і культуры. Тэрыторыя нашай усходняй краіны дзіўным чынам спалучае ў сабе высакагорныя даліны і гарачыя пустыні, гістарычныя комплексы, абсыпаныя помнікамі старажытнай архітэктуры і сучасныя мегаполісы.

У нашай краіне налічваюцца 7,4 тысячы аб’ектаў культурнай спадчыны, 209 з іх у складзе чатырох гарадоў — музеяў уключаны ў спіс аб’ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. У краіне ёсць 11 нацыянальных прыродных паркаў і дзяржаўных запаведнікаў, 12 заказнікаў, 106 музеяў, 37 тэатраў, 187 паркаў культуры і адпачынку.

— Хачу пажадаць знайсці магчымасць наведаць гасцінны Узбекістан, выказваю ўпэўненасць у тым, што цёплыя ўражанні ад паездкі захаваюцца ў вас на многія гады, — пасля прэзентацыі распавёў Рахматула Назараў. — Жадаю ўсім моцнага здароўя, мірнага неба, дабрабыту і працвітання!

Віктар ІВАНЧЫКАЎ

Фота аўтара