Адзін дзень выхадных заўсёды можна прысвяціць невялікай вандроўцы. У лістападзе кароткі светлавы дзень, і каб паспець усё ўбачыць, не варта ехаць далёка. Тым больш, што вакол Мінска шмат цікавых мясцін.


Шлях са Смілавічаў у «Парыжскую школу»

Усяго за 27 кіламетраў ад Мінска знаходзіцца гарадскі пасёлак Смілавічы. Сусветную вядомасць Смілавічам падарылі Хаім Суцін і Шрага Царфін, якія нарадзіліся тут. У энцыклапедыях пра іх пішуць як пра французскіх мастакоў яўрэйскага паходжання. Так, Хаім Суцін і Шрага Царфін — з плеяды выбітных майстроў «Парыжскай школы» — знакамітай супольнасці мастакоў з розных краін, якія атабарыліся ў Францыі. У часы Суціна і Царфіна ў «Парыжскай школе» былі і іншыя нашы суайчыннікі: Марк Шагал і Восіп Цадкін з Віцебска, Міхаіл Кікоін з Гомеля, Роберт Генін з Магілёўскай вобласці, Яўген Знак з цяперашняга Уздзенскага раёна, Осіп Любіч з Гродна, Пінхус Крэмень са Шчучынскага раёна.

Дык вось, у Смілавічах ёсць музей «Прастора Хаіма Суціна», у якім вельмі душэўна раскажуць пра знакамітых землякоў. І ўсё гэта пад кубачак кавы ў адной з трох залаў музея, якая стылізавана пад французскую кавярню.

Другая цікавая лакацыя — музей кампазітара Станіслава Манюшкі. У Смілавічы ён пераехаў у 2019 годзе, а паўстагоддзя размяшчаўся ў школе пасёлка Азёрны Чэрвеньскага раёна. Музей унікальны тым, што ён — адзіны ў свеце. Станіслаў Манюшка, калі хто не ведае, стваральнік беларускай нацыянальнай класічнай оперы. А вось як яна называлася і хто аўтар лібрэта, раскажуць у музеі.

Музей Манюшка. Фота: БелТА.

Музей Манюшка. Фота: БелТА.

На пытанне: а якім бокам Манюшка да Смілавічаў, ёсць адказ. Па-першае, тут яго хрысцілі ў касцёле, які не захаваўся да нашых дзён, па-другое, маёнтак Убель, у якім ён нарадзіўся, недалёка. На месцы маёнтка зараз санаторый «Волма».

А ў саміх Смілавічах у стадыі рэканструкцыі сядзібна-паркавы комплекс Манюшкаў-Ваньковічаў. У свой час палац належаў дзеду кампазітара, таксама Станіславу.

Яшчэ адна мясцовая цікавостка — Смілавіцкая валюшна-лямцавая фабрыка. Гэта адзінае месца ў нашай краіне, дзе вырабляюць валёнкі.

Ля прахадной фабрыкі ёсць фірмовая крама, у суботу яна працуе да16 гадзін, у нядзелю — выхадны. А які будзе графік у вялікія выхадныя, можна ўдакладніць праз сайт фабрыкі.

Наведванне музея «Прастора Хаіма Суціна» магчыма па папярэднім запісе па нумары: +375 (29) 769-83-85

Візіт у музей Станіслава Манюшкі можна забраніраваць па тэлефонах: +375 (1714) 28-9-23, +375 (1714) 23-2-42

Сучасны манастыр: свае сайт і чайная

Са Смілавічаў можна трымаць шлях у вёску Малыя Ляды Смалявіцкага раёна. Тут размешчаны мужчынскі праваслаўны манастыр. Да візіту можна падрыхтавацца, зазірнуўшы на яго сайт.

Фота: travelphoto.club

Фота: travelphoto.club

Падарожнікам часам цікава вяртацца ў тыя мясціны, дзе некалі былі ўпершыню. Малыя Ляды гадоў 25 таму — гэта храм, а побач, у жылым корпусе манастыра — Лядзенская базавая школа. Цяпер тэрыторыя манастыра знаходзіцца за самавітай агароджай, жылы корпус адрэстаўраваны, зараз у ім, як і павінна быць, келлі.

У царкву пры манастыры прыязджае нямала паломнікаў. Для іх і для турыстаў ёсць уся неабходная інфраструктура. Карыстаецца папулярнасцю манастырская чайная. Тут пажылы манах спрытна ладзіць з кава-машынай, тэрміналам. Найбагацейшы выбар выпечкі, чайныя зборы, мёд — традыцыйны набор для такіх месцаў. Але рэцэпты ў кожнага свае. «Вось гэта печыва паспрабуйце адразу, яно асабліва смачнае, калі цёплае», — раіў манах. Печыва дзівоснае, а хлеб, прывезены з манастыра, даўжэй захоўваўся, чым завадскі.

Даведацца пра найлепшы час для наведвання кляштара ў якасці турыстаў можна па тэлефоне: ‎+375 (1776) 37-2-92

Стацкі саветнік і рэвалюцыянер з Блоні

Аграгарадок Блонь знаходзіцца за 60 кіламетраў ад Мінска. Тут у старажытнай сядзібе размяшчаецца Пухавіцкі раённы краязнаўчы музей.

Як часта бывала на тэрыторыі сучаснай Беларусі, за некалькі стагоддзяў маёнтак не раз мяняў гаспадароў. Апошнім уладальнікам маёнтка, у якім акрамя сядзібнага дома, былі вадзяны млын, сыраварня, крухмальны завод і іншыя вытворчасці, стаў Іосіф Бонч-Асмалоўскі. Стацкі саветнік набыў сядзібу па вельмі выгаднай цане.

Адзіны сын Іосіфа, Анатоль захапіўся рэвалюцыйнымі ідэямі, далучыўся да народнікаў. Перакананні каштавалі маладому чалавеку адлічэння з Пецярбургскага ўніверсітэта, таму ў 1879 годзе ён вярнуўся ў маёнтак бацькі, які не падзяляў поглядаў сына. Зрэшты, канфлікту бацькоў і дзяцей не наканавана было разгарэцца, таму што вяртанне Анатоля амаль супала са смерцю яго бацькі. Апошні аставіў завяшчанне на карысць сына, але з умовай, што ён не мае права прадаваць маёмасць.

Анатоль быў двойчы жанаты, ад двух шлюбаў у яго сямёра дзяцей. Цяпер яго нашчадкі жывуць у Расіі, Германіі, Швейцарыі. Яго праўнучка, пісьменніца Марына Бонч-Асмалоўская склала генеалагічнае дрэва роду. Яна сабрала сваякоў з усіх краін, каб разам наведаць сядзібу ў Блоні. Прадстаўнікі роду Бончаў-Асмалоўскіх прыехалі ў музей з падарункамі — прывезлі некалькі рэчаў, якія належалі Анатолю.

Акрамя кабінета Бонч-Асмалоўскага, у музеі прадстаўлены і іншыя экспазіцыі: «Народны побыт краю»; «У гады ліхалецця. Вайна»; «Знакамітыя людзі краю»; «Літаратурная Пухавіччына».

Яшчэ адзін варты ўвагі аб’ект у Блоні — унікальная драўляная Троіцкая царква, пабудаваная ў 1826 годзе. З тых часоў у храме захоўваецца абраз Найсвяцейшай Багародзіцы, асабліва шанаваны вернікамі.

А калі з Блоні пераехаць у Мар’іну Горку, то там працуе мастацкая галерэя музея, у якой прадстаўлены карціны Генрыха Бржазоўскага, Леаніда Гоманава, Барыса Рэпіна, Аляксандра Пашкевіча і іншых, скульптара Аляксандра Фінскага. А яшчэ ёсць экспазіцыі, прысвечаныя Якубу Коласу і Алесю Бачылу, прыродзе Пухавіччыны.

Адным словам, культурнае жыццё ёсць і за МКАД. Галоўнае, каб было жаданне да яго далучыцца.

Маргарыта ДРАЗДОВА

Фота аўтара