Такі высокі тытул атрыманы за дасягненне высокіх паказчыкаў у сацыяльна-эканамічным развіцці за 2022 год. Для месцічаў узнагарода асабліва значная, бо сёлета раённы цэнтр адзначае юбілейную дату — 525 гадоў заснавання горада Дзятлава. І да гэтай даты тут падышлі з высокімі паказчыкамі. Аб тым, што паспрыяла такому поспеху і новых магчымасцях Дзятлаўскага раёна гутарым са старшынёй райвыканкама Андрэем Садоўскім.


— Андрэй Уладзіміравіч, паколькі ў спаборніцтве ацэньваліся дасягненні мінулага года, якія вы б адзначылі ў ліку важных?

— Мінулы год быў багаты на знакавыя падзеі для Дзятлаўскага раёна. Перад намі стаялі складаныя задачы, якія можна лічыць праверкай на трываласць. Але тым больш радасна ад таго, што многае ўдалося дасягнуць. Забяспечана стабільнае сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёна, амаль удвая павялічыўся экспарт, на 120 % вырасла заработная плата, такія ж тэмпы росту назіраліся ў аб'ёме інвестыцый у асноўны капітал. За мінулы год раён атрымаў 57 мільёнаў рублёў чыстага прыбытку, або 201,3 % да ўзроўню 2021 года.

Зроблены значны рывок у будаўніцтве жылля. За мінулы год уведзена ў эксплуатацыю больш як 3,6 тысячы «квадратаў» — як новых, так і пасля рэканструкцыі нежылых будынкаў.

— Паколькі раён у значнай ступені сельскагаспадарчы, як забяспечваецца харчовая бяспека?

— У Дзятлаўскім раёне шэсць сельскагаспадарчых арганізацый і 14 фермерскіх гаспадарак. У галіне занятыя 18 тысяч чалавек. Можна сказаць, што па ўсіх напрамках сельгасвытворчасці ў 2022 годзе адбыўся даволі высокі рост у параўнанні з папярэднім годам. Асабліва парадавалі такія культуры, як рапс, лён, цукровыя буракі і агародніна. З прыбыткам спрацавала жывёлагадоўля. На карову ў сярэднім за год атрымана 5,6 тысячы кілаграмаў малака, прырост склаў амаль 830 кілаграмаў. Усе сельгаспрадпрыемствы выканалі планы паставак прадукцыі на перапрацоўку.

— Ці ёсць перспектывы па інвестпраектах? Як вядома, такія праекты павінны ажыццяўляцца ў кожным раёне.

— Дзякуючы інвестыцыям раён развіваецца. Назіраецца тэндэнцыя да павелічэння тэмпаў росту па прыцягванні інвестыцый. Гэта дае магчымасць набываць новую тэхніку, сучаснае абсталяванне, ствараць новыя працоўныя месцы, павялічваць заработную плату. Значным праектам можна назваць прадпрыемства па выпуску перадызаляваных і водаправодных труб. Тэрмін рэалізацыі — 2020—2025 гады. Прадпрыемства выпускае імпартазамяшчальную прадукцыю, што дапамагае супрацьстаяць санкцыйнаму ціску. Таксама нашы прадпрыемствы займаюцца мадэрнізацыяй кацельных установак, каб павысіць эфектыўнасць вытворчасці прадукцыі.

— Ведаю, што раён шукае магчымасць развівацца ў турыстычным напрамку. Чым цікавая Дзятлаўшчына для турыстаў?

— Брэндавым святам раёна стаў «Зэцэльскі фэст» — фестываль сямейнага конкурсу і адпачынку. Фестываль пакуль малады, але яго папулярнасць расце. Разам з тым наш край багаты сваёй гісторыяй, нам ёсць што паказаць і чым здзівіць гасцей. Усяго ў склад 15 распрацаваных турыстычных маршрутаў уваходзіць 55 аб'ектаў.

Дзякуючы санаторыям «Радон» і «Альфа Радон», актыўна развіваецца аздараўленчы турызм. Варта адзначыць, што па аб'ёме экспарту турыстычных паслуг усёй Гродзенскай вобласці наш раён займае 70 працэнтаў.

Таксама карыстаюцца папулярнасцю сплавы на байдарках. У дадзеным кірунку дзейнічаюць водныя маршруты: «Па хвалях Моўчадзі», «Шчара — рака партызанская», «Прынёманскія краявіды». Ёсць цікавы камбінаваны водна-пешы тур з элементамі анімацыі «Ад цара да самавара». Мы працуем над стварэннем сваёй турыстычнай мадэлі з выкарыстаннем мясцовых рэсурсаў. Іх нямала. Гэта і цікавыя гістарычныя мясціны, ландшафты, культурныя традыцыі, рэдкая флора — наведванне такіх лакацый будзе суправаджацца рознымі відамі транспарту, у тым ліку камбінаваным. Летась у Нацыянальным агенцтве па турызме быў атэставаны наш новы маршрут «Дарогамі Дзятлаўшчыны». Сюды ўвайшлі аб'екты, якія паасобку вядомыя турыстам, але мы вырашылі іх аб'яднаць у адзіную сетку. Гэта паклонныя валуны, археалагічнае гарадзішча «Талерка», анёл з Неапаля, сабор, які будаваўся сто гадоў, адзін з элементаў дугі Струвэ і многае іншае.

Летась мы ўрачыста адкрылі турыстычны маршрут «Партызанскай сцежкай па Ліпічанскай пушчы». Цяпер займаемся распрацоўкай новага гісторыка-пазнавальнага турыстычнага маршруту «На ўскрайку Ліпічанскай пушчы, альбо Накрышская гісторыя». Ёсць ідэя стварыць турыстычны кластар «Легендамі сівой даўніны: род Стравінскіх». Калісьці род валодаў гэтымі мясцінамі.

Бачым перспектыву ў развіцці гастранамічнага турызму. У такую работу ўключылася даволі шырокае кола грамадскасці. Напрыклад, школьнікі займаюцца вывучэннем страў сваіх продкаў, музей бярэ на сябе рэалізацыю міні-праекта «Жыццё продкаў праз адкрыццё свету беларускай кухні». Вынікам такой сумеснай работы павінен стаць выпуск «Кулінарнай энцыклапедыі Дзятлаўшчыны».

— Летась вам удалося знайсці гаспадара для старажытнага будынка, помніка архітэктуры ХVІІІ стагоддзя, былога палаца Радзівілаў. Аб'ект у далейшым будзе неяк звязаны з турыстычнай сферай?

— Так. Сапраўды, летась аб'ект выкупіў расійскі бізнесмен. Будынак патрабуе значных укладанняў, таму кошт продажу быў мінімальны — усяго тры базавыя велічыні. Што канкрэтна мяркуе размясціць у старажытным будынку новы ўласнік, дакладна невядома. Ёсць меркаванне, што там можа з'явіцца аб'ект сацыяльнай накіраванасці, які будзе даступны ў тым ліку для турыстаў.

Цяпер у графік па ўцягванні ў гаспадарчы абарот уключана дзевяць аб'ектаў. Большая частка з іх будзе прапанавана за адну базавую велічыню. Найбольш прывабным для пакупнікоў можна назваць комплекс былой турыстычнай базы.

— Што цікавага чакае жыхароў і гасцей горада падчас святкавання 525-годдзя Дзятлава? Калі адбудзецца свята?

— Мяркуем, што будзем святкаваць летам, цяпер удакладняем дату. Але праграма ўжо распрацавана. Прадпрыемствы і ўстановы рыхтуюць падарункі гораду ў выглядзе архітэктурных формаў і памятных знакаў. Адбудзецца фестываль талентаў. Будзе шырокая забаўляльная праграма з кулінарным фэстам, майстар-класамі, жывымі скульптурамі розных эпох і многім іншым.

Вядома, вядуцца работы па добраўпарадкаванні тэрыторый, навядзенні парадку. Спадзяюся, што да гэтага падключацца нашы прадпрыемствы, установы і жыхары горада. Мяркуем упрыгожыць вуліцы інсталяцыямі і кветнікамі.

— Мінулы год прынёс Дзятлаўскаму раёну заслужаную славу. У ліку 64 пераможцаў спаборніцтва раён будзе занесены на рэспубліканскую Дошку гонару. Якія планы на сёлетні год?

— Сапраўды, Дзятлаўшчына можа ганарыцца сваімі дасягненнямі. Але мы разумеем, што цяпер важна не толькі ўтрымаць пазіцыі, але і палепшыць развіццё раёна па ўсіх напрамках, значны акцэнт будзе зроблены на прамысловасці і сельскай гаспадарцы. Напрыклад, сёлета мяркуецца пашырэнне вытворчасці пластыкавых труб. Будзе арганізавана вытворчасць па дрэваапрацоўцы, адноўлена вытворчасць рафінаваных тлушчаў і маслаў з рапсу. Некаторыя з гэтых вытворчасцяў размесцяцца ў гарадскім пасёлку Наваельня. Гэты населены пункт мы плануем развіваць і ў сацыяльным плане. Будуць выдзелены сродкі на рамонт школы, добраўпарадкаванне вуліц. Да 1 Мая завершым рамонт раённай бальніцы. Сёлета плануем увесці ў эксплуатацыю тры новыя малочнатаварныя комплексы.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота з адкрытых крыніц