Сёння грамадскі транспарт, як і некалькі дзесяцігоддзяў таму, з'яўляецца асноўным сродкам перамяшчэння для вялікай колькасці людзей. І калі апошнім часам сістэма транспартных зносін удасканальваецца і атрымлівае новыя формы, такія як электробусы і наземнае метро, то ў культурнай сталіцы Беларусі — Віцебску — дагэтуль можна акунуцца ў гарадскую рамантыку і пракаціцца на трамваі. Карэспандэнт «Звязды» выправілася ў рэйкавую вандроўку па горадзе на Дзвіне і даведалася, чаму каляровыя вагоны так прывабліваюць жанчын-кіроўцаў.


З гісторыі

Віцебск нездарма называюць радзімай беларускага трамвая. Яго гісторыя пачалася ў далёкім 1896-м, менавіта тады Віцебская ўправа заключыла дагавор з грамадзянінам Францыі Фернанам Гільёнам. У ёй было сказана, што Гільён атрымлівае канцэсію на будаўніцтва і эксплуатацыю трамвая ў Віцебску на 40 гадоў. Ён павінен быў пабудаваць за свае грошы электрычную чыгунку з усім неабходным для яе абсталяваннем, уключаючы электрастанцыю магутнасцю 425 кВт. Дарэчы, будаўніцтва гэтай электрастанцыі стала неверагоднай удачай для горада: з яе дапамогай асвятляліся губернатарскі палац, штаб Дзвінскай ваеннай акругі, суд, гасцініца, лазарэт і тэатр.

У маі 1898-га першы трамвай выехаў на маршрут. Што паказальна, у Маскве гэты від транспарту стаў выкарыстоўвацца толькі праз год, а ў Санкт-Пецярбургу — праз дзевяць гадоў. Віцебскі трамвайны парк складаўся з 18 маторных і 16 прычапных вагонаў, а даўжыня маршруту была ўсяго 5,1 кіламетра. Цікавы факт: у пачатку 20-х гадоў XX стагоддзя ў ганаровыя машыністы Віцебска быў прыняты Уладзімір Ільіч Ленін.

Сёлета паўночная трамвайная дынастыя спраўляе 125-гадовы юбілей, а каляровыя электрычныя вагоны і дагэтуль штодзённа выходзяць на свае маршруты. Віцебскі трамвай з'яўляецца не толькі неад'емным элементам гарадской інфраструктуры, але і амаль унікальным відам транспарту: на сённяшні дзень толькі ў чатырох гарадах Беларусі — Мінску, Віцебску, Мазыры і Наваполацку — працуе гэты сродак зносін. А тым, хто хоча не толькі пракаціцца па вуліцах культурнай сталіцы, варта зазірнуць у Музей гісторыі віцебскага трамвая, які размяшчаецца ў трамвайным дэпо.

Неабсяжная прастора па-за шклом

Пракаціцца па маршруце № 2 мяне запрасіла кіроўца Таццяна Герман, якая працуе ў трамвайным дэпо ААТ «Віцебскаблаўтатранс» ужо шаснаццаты год. Сёння ў экіпажы з Таццянай Мікалаеўнай шчыруе кандуктар, таму мы можам паразмаўляць падчас руху.

Стаць кіроўцай вялікага транспарту Таццяна марыла з дзяцінства — любіла разам з бацькам выпраўляцца ў далёкія аўтобусныя падарожжы, але ў сілы свае дзявочыя моцна не верыла: здавалася, што да такой адказнай работы дапускаюць толькі мужчын. А пасля, калі працавала кандуктарам у тралейбусным дэпо, ёй прапанавалі скончыць адпаведныя курсы. «Я вагалася: абіраць тралейбус або трамвай, але свёкар падказаў, што мне, такой худзенькай, не справіцца з «рагамі», якія часта прыходзіцца папраўляць у тралейбуса. Цяпер жыцця свайго без вагона не ўяўляю», — расказвае жанчына.

Таццяна Герман.

Таццяна Герман.

Падабаецца Таццяне Мікалаеўне неабсяжная прастора, якая адкрываецца па-за шклом — тады яна адучвае сябе значнай для гэтага свету. А яно так і ёсць: на працягу доўгіх гадоў жанчына няспынна развозіць урачоў, ратавальнікаў, педагогаў, дзяцей. І гэта вельмі важна: усведамляць, што твая работа штодзённа дапамагае сотням не менш важных прафесій. «Гэта нялёгкая справа: ненармаваны графік, праблемы са здароўем, складанасці на дарозе. Без любові да прафесіі можна хутка здацца, але я люблю яе і кожны дзень саджуся ў кабіну з хваляваннем», — усміхаецца суразмоўніца.

Яшчэ адзін адметны бок — работа з людзьмі, якая, вядома, не заўсёды мае пазітыўную афарбоўку. Але многія з пасажыраў другога маршрута ўжо ведаюць спадарыню Герман, вітаюцца і віншуюць са святамі, а яна, у сваю чаргу, часта чакае «сваіх» пасажыраў, якія не паспяваюць на трамвай.

За змену «двойкі» набягае 108 кіламетраў, у сярэднім трамвай паспявае зрабіць круг менш чым за гадзіну. Працуюць кіроўцы пазменна: з самае раніцы і з абеду. На першую змену прыходзіцца ўставаць каля 3 гадзін раніцы, каб да выезду ў 5 паспець дабрацца да дэпо, прайсці медагляд, атрымаць дазвол на работу вагона і пуцявы ліст. А вяртаюцца кіроўцы з апошняй змены дадому каля дзвюх гадзін ночы!

Але не бывае ліха без дабра: калісьці менавіта бясконцыя рэйкі пазнаёмілі Таццяну Мікалаеўну з мужам: ён таксама працуе ў дэпо на аварыйнай машыне. Дома з ненармаваным графікам Таццяны Герман звыкліся даўно. Надзейнае плячо ў хатніх справах ёй, акрамя мужа, падстаўляюць два сыны. Вось і мінулае 8 Сакавіка прайшло для жанчыны ў кабіне, пакуль мужчыны дома рыхтавалі святочны стол.

«Паветра» на сувязі

Тым, хто яшчэ не зазірнуў да кіроўцы праз акенца, варта ведаць, што ў трамвая няма стырна — яго ролю выконвае рычаг, які называецца «кантролер». Функцый у яго толькі тры: ход, тормаз і «нейтралка». Яшчэ цікава, што ўвесь маршрут трэба трымаць нагу на педалі экстраннага тармажэння: яно прымяняецца рэдка, тады вагон спыняецца хутчэй і раздаецца характэрны звон.

Яшчэ з цікавых кнопак на прыборнай панэлі — «пясочніца». У кожнага трамвая ёсць адсек, з якога пясок сыплецца на рэйкі, калі трамвай ідзе на юз. Назвы прыпынкаў, якія свецяцца ў салоне бягучай стужкай, таксама пераключае сам кіроўца. Пры неабходнасці (калі, напрыклад, у дарозе трамвай мяняе маршрут) выкарыстоўваюць мікрафон.

На сувязі з усімі кіроўцамі тралейбусаў і трамваяў заўсёды знаходзіцца дыспетчар, які прымае заяўкі аб неналежным стане дарогі, інфармуе пра здарэнні і змены. Па рацыі кіроўцы віншуюць адзін аднаго са святамі, але расказваць анекдоты ў дарозе нельга. Вось і для нас прыйшло паведамленне ад дыспетчара з пазыўным «Паветра» аб здарэнні на плошчы Перамогі, аднак пакуль мы праехалі некалькі прыпынкаў, рэйкі былі вызвалены.

Абслугоўваннем трамваяў у дэпо займаюцца майстры, слесары-механікі, слесары-электрыкі, а за парадак і чысціню ў вагоне адказвае брыгада прыбіральшчыкаў. Уяўляеце, колькі вагонаў за ноч трэба прывесці ў парадак? Таму нам, пасажырам, трэба лішні раз падумаць: а ці варта ляпіць жвачку пад сядзенне?

Пра зайца і здарэнні

«Трамвай можа разагнацца да 80 кіламетраў у гадзіну, аднак гэта толькі ў мэтах эксперыменту. Звычайна вагон ідзе з хуткасцю 20-30 км/г. Але многія кіроўцы аўтамабіляў і пешаходы не разумеюць, што 18-тонная машына не можа спыніцца ўмомант», — працягвае знаёміць з прафесіяй Таццяна Герман.

Зіма і восень — напэўна, самы складаны час для кіроўцаў трамваяў. Узімку небяспеку ствараюць абледзянелыя рэйкі, часта стрэлкі не пераводзяцца аўтаматычна: прыходзіцца кожны раз на так званых перакрыжаваннях пераводзіць іх уручную. Восенню лісце пад коламі вагона «гарыць» і ператвараецца ў слізкую масу, праз якую трамвай ідзе на юз, а можа і сысці з рэек. Летам і цёплай вясной працаваць адна любата, асабліва калі раніцай горад яшчэ спіць.

«Наколькі часта пад трамвай выбягаюць пешаходы?» — пытаюся я. «Парадкам. Звычайна гэта падлеткі ў навушніках або тыя, што ўтаропіліся ў тэлефоны. Гэта вялікая праблема нашай моладзі сёння, бацькі павінны праводзіць рэгулярную работу з дзецьмі адносна правілаў паводзінаў на дарозе. Сваім сынам я не дазваляю перамяшчацца па горадзе ў навушніках, бо бачыла, чым такія гісторыі заканчваюцца», — расказвае Таццяна Мікалаеўна.

Але часта гісторыі з сумным канцом здараюцца не толькі з-за саміх пешаходаў. Напрыклад, трамвайныя прыпынкі з выхадам на дарогу — зона павышанай рызыкі, дзе людзі павінны быць максімальна ўважлівымі. Аднойчы на вачах у Таццяны аўтамабіль збіў дзяўчыну, якая спяшалася на трамвай. Цяпер кіроўца не адчыняе дзверы, пакуль сама не ўпэўніцца ў тым, што аўтаўладальнікі з абодвух бакоў спыніліся канчаткова.

Нягледзячы на тое што адносна аўтобусаў і тралейбусаў з удзелам трамвая менш за ўсё здараецца ДТЗ, перагароджваць рэйкі машынамі і «падразаць» вагон нельга — затрымка адной такой адзінкі грамадскага транспарту збівае агульны графік руху цэлага дэпо.

«Бываюць, вядома, і такія пешаходы, на якіх скардзіцца нельга. Аднойчы за адзін дзень сустрэла на рэйках на ўскраіне горада зайца і вожыка. Апошні, дарэчы, аказаўся вельмі кемлівы: пачакаў, пакуль я праеду, і пабег далей», — дзеліцца ўспамінамі жанчына.

Часта ў транспарце забываюць рэчы, але яны амаль заўсёды вяртаюцца да ўладальнікаў. Так, Таццяна Мікалаеўна знайшла і вярнула бацькам хлопчыка тэлефон, а вернутая жаночая сумачка адгукнулася не толькі шакаладкай і падзякай, але і прэміяй ад кіраўніцтва дэпо за чалавечнасць. Аб знаходках кіроўцы таксама паведамляюць дыспетчару па рацыі.

Некалькі гадоў таму на некаторых маршрутах абілечваць пасажыраў сталі самі кіроўцы, што значна ўскладніла рабочы працэс. І, напэўна, многіх турбуе пытанне: чаму такі білет на 5 капеек даражэйшы за той, што выдае кандуктар? Гэтую розніцу ніхто не кладзе сабе ў кішэню, кіроўцам толькі выпісваюць прэмію за выкананы план продажаў. Нягледзячы на павышаную ўвагу пры абілечванні, Таццяна Герман працуе без аварый, пацвярджэннем гэтаму з'яўляюцца выдадзеныя кіраўніцтвам пасведчанне і значок.

«Тэхніку трэба любіць такой, якая яна ёсць, слухаць і адчуваць — тады прафесія будзе прыносіць задавальненне», — усміхаецца Таццяна Мікалаеўна на развітанне.

Я сышла на прыпынку, а «двойка» пад надзейным кіраўніцтвам пяшчотных жаночых рук паехала далей насустрач новым уражанням.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

фота аўтара