Пра тое, што горад Лунінец, як і цяперашнія аграгарадок Дзятлавічы і вёска Мялесніца, амаль 230 гадоў уваходзілі ў склад сярэднявечнага праваслаўнага манастыра, ведаюць нямногія. А навукоўцы да гэтага часу спрачаюцца аб гісторыі ўзнікнення абіцелі. Адны сцвярджаюць, што святыня ў Дзятлавічах заснавана ў 1570 годзе: князь Канстанцін Астрожскі на сваіх землях залажыў манастыр і годна надзяліў яго ўладаннямі. Пасля Брэсцкай уніі манастыр быў зачынены на некалькі гадоў. Аднаўленнем і будучым росквітам ён абавязаны каралеўскаму двараніну Канстанціну Далмату (?—1622).

Ці стане для лунінчан сёлетняе 400-годдзе памяці мецэната галоўнай духоўнай падзеяй? 230 гадоў уваходжання райцэнтра і навакольных вёсак у склад манастыра — сур'ёзны тэрмін. Але і пасля закрыцця яго прайшло ўжо больш за 150 гадоў! Практычна не засталося матэрыяльных сведчанняў абіцелі. Але захаваліся дакументы. На некаторыя з іх і звернем увагу.


«Движимый благочестивой ревностью»

Стагоддзі данеслі да нас гэтае імя — Канстанцін Багданавіч Далмат. Вядомыя больш яго справы, чым біяграфія. Год нараджэння ў Вечнасці, як прынята казаць у духоўным асяроддзі, — 1622. Гэта быў час гвалтоўнага насаджэння ўніі ў з большага праваслаўнай дзяржаве. Адданы веры продкаў магнат пакінуў завяшчанне, дзе былі такія словы: «...Движимый благочестивой ревностью о поддержании православия, преследуемого уже возникшей тогда унией, с согласия и жаления своей жены Анны из дома Юрковских»... Вось і першы запавет ад мецэната: дамагацца згоды ў сям'і, мужу і жонцы прымаць сумесныя рашэнні!

Галоўнае ж, Канстанцін Далмат запісаў на Дзятлавіцкую Спаса-Праабражэнскую царкву свае маёнткі — вёскі Дзятлавічы, Лунінец і Мялесніцу разам з жыхарамі. У дароўным запісе была пастаўлена ўмова, каб кіева-пячэрскія манахі заснавалі тут праваслаўны мужчынскі манастыр.

Інвестара (так цяпер гучыць слова «фундатар») манастыра не спынілі ваганні іншых магнатаў, да якіх належаў па знатнасці і багацці. Як і большасць адукаваных жыхароў нашых тэрыторый, Канстанцін Далмат заўсёды памятаў аб прыналежнасці да першай дзяржавы на землях усходніх славян, аб хрышчэнні Кіеўскай Русі. Не здрадзіўшы духоўна, былы ўладальнік нашых мясцін застаўся ў гісторыі і Беларусі, і краю.

Паміж 1622 і 1625 гг. адбылося ўзвядзенне абіцелі. Поўная назва манастыра — Нова-Пячэрскі (таму што заснаваны манахамі Кіева-Пячэрскай лаўры) Дзятлавіцкі (па месцы размяшчэння) Спаса-Праабражэнскі манастыр.

Традыцыя друкавання кніг

Значная ў завяшчанні мецэната і такая ўмова: «Чтобы из доходов оного монастыря всегда содержимо было по 12 монашествующих, по 12 вдов и по 12 сирот, коих последних и обучать...». Вось адкуль пайшлі першыя вучні ў нашым краі, тут — вытокі духоўнасці, пісьменнасці, міласэрнасці, культуры Лунінеччыны!

Традыцыямі міласэрнасці прасякнута сацыяльная сфера, якая апекуе ўдоў і сірот, састарэлых і нямоглых. Аб гістарычнай памяці цяперашніх работнікаў Лунінецкага раённага ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва сведчыць фотаальбом «Служба добрых людзей» (2019). Кніга захавала імёны і біяграфіі ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, якія пасля вызвалення раёна ў ліпені 1944 года прыйшлі з партызанскіх атрадаў, а пазней — вярнуліся з франтоў і сталі на чале Лунінецкага райсабеса, як называлі гэту структуру органаў улады ў народзе. 100-гадовы юбілей сістэмы сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь гістарычным выданнем адзначылі далёка не ў кожным раёне нашай краіны!

Усё больш працоўных калектываў імкнецца захаваць памяць аб першапраходцах у падобных ілюстраваных альбомах, якія занатоўваюць гісторыю прадпрыемства або ўстановы. І гэта таксама — працяг запавету Канстанціна Далмата «на печатание книг, церкви Божией потребных». Ён матэрыяльна падтрымліваў дзейнасць навукова-літаратурнага гуртка Кіева-Пячэрскай лаўры, ахвяраваў вялікія грошы не толькі на будаўніцтва праваслаўных храмаў і манастыроў, але і на выданне кніг. Дакладна вядомыя дзве: «Беседы на Деяния св. Апостолов» Іаана Златавуста (1624) і «Толкование на Апокалипсис» Андрэя, архіепіскапа Кесарыйскага (1625), выдадзеныя цалкам на сродкі праваслаўнага мецэната.

У Расійскай дзяржаўнай бібліятэцы захоўваецца «Евангелле» Пятра Мсціслаўца, надрукаванае ў 1575 годзе ў Віленскай друкарні братоў Мамонічаў. У свой час гэтае выданне было падорана Канстанцінам Далматам заснаванаму ім жа ў Слуцкім павеце Цэпрскаму манастыру.

Верагодна, у кніжнай скарбніцы Дзятлавіцкай абіцелі было дакладна такое ж Евангелле ад таго ж фундатара. Пры манастыры на Палессі меўся вялікі збор богаслужэбнай і рэлігійнай літаратуры. Але ў 1718 годзе пры загадкавых абставінах згарэла багатая бібліятэка Кіева-Пячэрскай лаўры. Пачалі збіраць новыя выданні, далучыўшы «книжные собрания приписанных к Лавре монастырей, церквей и скитов». Відавочна, тады практычна ўся бібліятэка з Дзятлавіч была перавезена ў Кіеў.

Але нешта і засталося! Адно са старажытных выданняў аказалася ў раённым краязнаўчым музеі. Вокладка чарговага зборніка «Лунінецкая памяць. Дадатак 5. Кнігі і лёсы» (2013), прысвечанага праведзенаму напярэдадні Году кнігі ў Рэспубліцы Беларусь, праілюстравана рарытэтам пачатку XVІІІ стагоддзя з Дзятлавіцкага манастыра.

Сярод манахаў былі вядомыя высокаадукаваныя людзі — іх імёны вартыя асобнага нарысу. Наогул абіцель была светачам культуры ў лясістым, багністым і бездарожным кутку Палесся. І гаспадарка мелася самавітая! Як адзначана ў дакуменце, «...монастырь назван по селу Дятловичи, при котором и при реке Малой Цне положение свое имеет, будучи окружен лесами и болотами... Церковь там стоит во имя Преображения Господня, деревянная, новая, другие монастырские строения, а именно келий для настоятеля и братии — десять, поварня с пекарней, амбары для хлеба и содержания продуктовых припасов, сараи и конюшни — все деревянные». Вышэй згадана, што ў абіцелі мелася вялікая бібліятэка старажытных рукапісных і друкаваных кніг. Дапоўнім, што былі таксама пераплётная майстэрня, майстэрні па рамонце і абнаўленні царкоўнага начыння, невялікая іканапісная майстэрня, шпіталь, у якім манахі лячылі сродкамі народнай медыцыны не толькі сваіх братоў, але і жыхароў навакольных вёсак (вось адкуль «есть пошла» сфера аховы здароўя раёна!). А яшчэ манастыр меў пільню (лесапілку), кузню і пчальнік. Уся гэтая гаспадарка прыносіла значны прыбытак. У канцы XVІІІ — пачатку ХІХ стст. Дзятлавіцкі манастыр лічыўся адным з першых у Мінскай епархіі.

Дойліды і настаўнікі

Зразумелая значнасць юбілею Канстанціна Далмата для Дзятлавіч, Лунінца і Мялесніцы — дзякуючы абіцелі гэтыя паселішчы адзначаны ў сярэднявечнай гісторыі. Але таксама абавязаныя мецэнату жыхары старажытнага Кажан-Гарадка. У цэнтры паселішча захапляе Свята-Нікольскі храм — шэдэўр беларускага дойлідства. Драўляная царква пабудавана ў 1814-1818 гг. Параўнальна нядаўна сталі вядомыя імёны стваральнікаў храма. У Дзятлавіцкім манастыры на той час былі найлепшыя ў наваколлі спецыялісты па дрэве. Майстар-цясляр Сымон Канапацкі пабудаваў царкву ў Кажан-Гарадку, а майстар-разьбяр Іосіф Астапчык стварыў скульптурны ансамбль для гэтага храма.

Наступствы вайны 1812 года — спаленыя французскай напалеонаўскай арміяй гарады і вёскі, разбураная гаспадарка, неўраджаі — усё гэта пагоршыла стан Дзятлавіцкай абіцелі. Непасільным цяжарам ляглі таксама забеспячэнне прадуктамі і сродкамі Слуцкай духоўнай семінарыі, узвядзенне новых драўляных храмаў, якія манастыр пабудаваў у Лунінцы (1816) і Дзятлавічах (1823). У 1848-м вёскі сталі казённымі, а ў 1855 годзе манастыр быў зачынены.

Не захавалася ні сцен, ні падмуркаў, але сучаснікі суцяшаюцца тым, што «останется память в народе». Можа, менавіта з сярэднявечча ў нас асаблівае стаўленне да сферы адукацыі і самых адданых яе прадстаўнікоў. У Лунінцы ж устаноўлены два помнікі настаўнікам — Якубу Коласу і Паўлу Сухому. Гэтыя гістарычныя асобы дасягнулі вядомасці ў іншых іпастасях, але ў нашым горадзе абодва давалі ўрокі юным лунінчанам. Сімвалічна, што помнікі ўзведзены на вуліцы, дзе размешчаны два школьныя будынкі (і нават трэці, што цяпер належыць іншаму ведамству), кожны з якіх адлюстроўвае розныя этапы развіцця сістэмы адукацыі Лунінеччыны.

Сучасныя прадстаўнікі многіх навучальных устаноў таксама набліжаюцца да вызначэння «адзінай прафесіі ад Бога» (усе астатнія — ад настаўніка). І вельмі важна ўсведамляць гэта грамадству, таму што, як пісаў паэт:

Разными были учителя

В человеческом общежитии,

Но на них держится наша земля,

Наши открытия...

Калі ў іншых гарадах расказваем пра лунінецкія помнікі, заўсёды гучаць удзячныя апладысменты: у гонар самых вартых настаўнікаў, на якіх кожнаму пашанцавала ў жыцці і якія пакінулі памяткі ў нашых сэрцах.

Амаль 150 гадоў гісторыя абіцелі заставалася ў забыцці. Але ў ХХІ стагоддзі Дзятлавіцкаму манастыру і яго фундатару пашчасціла на даследчыкаў. У іх ліку — беларускі кнігазнавец Юрый Лаўрык, навукоўцы з Пінска Аляксандр Ільін і Алена Ігнацюк. Але ўсё ж Дзятлавіцкі манастыр і Канстанціна Далмата для сучаснікаў адкрылі самі лунінчане. Пра абіцель першым прыгадаў Мікалай Калінковіч у кнізе «Лунінец» (1990) яе ж згадаў у нарысе Леў Коласаў для гісторыка-дакументальнай хронікі «Памяць. Лунінецкі раён» (1995).

Нядаўна ўкраінскі даследчык Аляксей Кузьмук апрацаваў ведамасць маёмасці манастыра за 1770 год. Адкрыліся бясцэнныя звесткі (уключаючы план абіцелі) па гісторыі Дзятлавіч і Лунінца.

Сярод зямельных уладанняў манастыра ў будучым горадзе ўказваецца некалькі ўчасткаў Баханова. На тэрыторыі менавіта гэтага ўрочышча, якое захаванае ў назве адной з вуліц мікрараёна, і размешчана Сіняя царква, як кажуць у народзе (у Дзятлавіцкім манастыры — вытокі старажытнай Чырвонай царквы, чарговы будынак якой быў закладзены ў 1912 годзе).

Знаёмствам з вышэйназваным дакументам мы абавязаныя выкладчыку Мінскіх духоўных акадэміі і семінарыі протадыякану Паўлу Бубнову. Магчыма, гэтыя звесткі адкрыліся Лунінцу дзякуючы часцінцы мошчаў прападобнага Нестара Летапісца Пячэрскага? Як вядома, мошчы святога знаходзяцца ў Кіева-Пячэрскай лаўры, а рукапісы манастыра — там жа, у Кіеве, у Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве Украіны.

Храму іконы Божай Маці «Спатоленне пагіблых» святыню падарыў Веніямін, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. У мінулым лютым Уладыка Экзарх наведаў сваю малую радзіму і ўзначаліў богаслужэнне ў новым храме Лунінца.

Герб Канстанціна Далмата стаў асновай геральдычнага сімвала сучасных Дзятлавіч. І гэта таксама можна лічыць помнікам двараніну, які захаваў гонар і сумленне, перадаўшы нашчадкам запавет цвёрдасці веры. Сёлета аграгарадок (самы вялікі па насельніцтве ў раёне — больш за 2,5 тысячы жыхароў!) папоўніцца і іншымі памятнымі знакамі. Так плануецца адзначыць юбілей падзей і асоб, дзякуючы якім глыбінка Палесся, як часта называюць лунінецкі край, захавала чысціню праваслаўнай веры і імкненне да духоўнай дасканаласці.

Таццяна КАНАПАЦКАЯ