Зайздрошчу цяперашнім школьнікам. Пра славутасці малой радзімы ім цяпер на ўроках расказваюць, яны разам з настаўнікамі ладзяць экспедыцыі, вывучаюць ваколіцы на прадмет цікавінак, памятных месцаў, розных гістарычных адзнак. У нас было іначай. Каб на ўроку гісторыі ды расказаць пра закінуты культавы будынак — пра што вы гаворыце?! На дварэ стаяў ваяўнічы атэізм, а школьнікам кожную вясну нагадвалі аб недапушчальнасці паходаў да капліцы ў Велікодную ноч. Бацькі часам згадвалі пра ранейшыя прыгожыя цэрквы, ды і то мімаходзь, храмы спалілі ў вайну, калі яны былі яшчэ дзецьмі.

Двор з воласцю

У 1943 годзе на тэрыторыі цяперашняга Пачапаўскага сельсавета былі знішчаны дзве прыгожыя царквы з бутавага каменю: адна — у вёсцы Пачапава, другая — за чатыры кіламетры — у вёсцы Вялікая Сваротва. Пра апошнюю, незвычайную царкву ў імя Святой Тройцы, у якой некалі хрысцілі маіх бацькоў, зараз гаворка. Яна сапраўды выглядае непрывычна, бо не зусім звычайнай формы, зробленая з трох сцен. У аснове пабудовы — класічны роўнастаронні трохвугольнік. Спецыялістамі адзначана, што ў Беларусі другой такой царквы няма.

Звесткі пра яе можна знайсці ў розных гістарычных даведніках. Багатую гісторыю мае не толькі храм, але і маёнтак Сваротва, ад якога засталіся толькі рэшткі вялікай дубовай алеі. «Двор Сваротва з воласцю Сваротаўскай» пазначаны ў метрыках ВКЛ яшчэ з 1498 года. У розны час Сваротвай валодалі магнаты Юдзіцкія, Тызенгаўзы. На пачатку ХІХ стагоддзя гаспадарамі Сваротвы становяцца Незабытоўскія. Апошняй гаспадыняй «Двара» мясцовыя жыхары называюць пані Грудзінскую. Яе яшчэ мая бабуля згадвала. Магчыма, гэта прозвішча ў замужжы адной з дачок кагосьці з Незабытоўскіх. Дык вось тая пані засталася ў памяці месцічаў як руплівіца дабрачыннасці: не забывала бедных, хворых, дапамагала вясковай школе. Пры жыцці маёй бабулі Сваротву аднавяскоўцы называлі Дваром і не іначай: «Пайшла ў Двор, прыйшоў з Двара».

У сярэдзіне ХХ стагоддзя Сваротваўскі маёнтак напаткала такая ж доля, як і многія суседнія. 

Яго разбурылі, разнеслі па цагліне, па каменьчыку. Калі б не малюнкі Напалеона Орды, ніхто б і не даведаўся, як выглядаў той маёнтак. На карціне відаць: сядзібны дом, узведзены Якубам Незабытоўскім, узвышаўся над астатняй ваколіцай. Як і ў большасці маёнткаў таго часу, побач былі афіцына і гасцявы дом, аранжарэя, з гаспадарчых пабудоў — лядоўня, кузня, сталярня, гумно. Акварэль Орды перадае матэрыяльнае ўвасабленне хоць і не раскошы пабудоў, але нейкую асаблівую элегантнасць архітэктуры.

Нават цяжка паверыць, што такой некалі была Сваротва. Сёння ў гэтай вёсцы не засталося нічога з аб’ектаў сацкультбыту, а большасць насельніцтва складаюць пенсіянеры.

Ад драўлянага да каменнага

У першай чвэрці ХVІІІ стагоддзя ўладальнікам Сваротвы быў Мікалай Аўсяны, грамадска-палітычны дзеяч ВКЛ. Вось ён і пабудаваў у 1747 годзе храм у імя Святой Тройцы, унікальны па сваёй архітэктуры. Храм меў форму правільнага трохвугольніка. Пабудову вянчалі чатыры купалы з крыжамі: большы — у цэнтры і тры меншыя — па кутах.А ў 1823 годзе ўжо новыя гаспадары Незабытоўскія на месцы старой драўлянай царквы пабудавалі новую каменную, якая поўнасцю паўтарыла архітэктурнае аблічча папярэдняй. Храм меў па тры акны і адны дзверы ў кожнай сцяне. Вуглы атынкаваныя і арыгінальна дэкарыраваныя адзіночнымі ўстаўнымі калонамі. Вакол храма пабудавана невысокая агароджа, таксама з бутавага каменю і валуноў. Дакладна вядома, што спачатку храм быў уніяцкі, а пасля далучэння ўніятаў да праваслаўя стаў праваслаўны.

Чаму ў Сваротве пабудавалі менавіта такі, нехарактэрны для нашых мясцін, храм, застаецца загадкай. Апошнім часам мне давялося чытаць розныя версіі, навуковыя і калянавуковыя разважанні. Усе яны маюць права на існаванне і будуць, несумненна, цікавыя турыстам, што захочуць наведаць славутасць.

Версіі і здагадкі

«Трохвугольныя кампазіцыі прыцягвалі буйных майстроў і тэарэтыкаў архітэктуры сваёй эксперыментальнай дзіўнасцю, магчымасцю развіваць і ўскладняць прывычныя матывы, што і было самамэтай для архітэктараў эпохі барока», — піша расійскі даследчык Аляксей Якаўлеў. Такія храмы з’явіліся спачатку ў Францыі, Італіі, Германіі, а затым і ва Усходняй Еўропе. Магчыма, гаспадары маёнтка захацелі мець спрошчаную копію нейкага заходнееўрапейскага храма і заказалі яе архітэктару.

Яшчэ адна версія: напачатку храм узводзілі як масонскае збудаванне. Тады і да нашых магнатаў даходзіла еўрапейская мода на ўсялякія нефармальныя суполкі. Адна з галін такога аб’яднання гуманістычнай накіраванасці — камандорыя мальтыйскіх рыцараў — знайшла сваіх прыхільнікаў на тэрыторыі сучаснага Баранавіцкага раёна. А чым масоны горшыя? Але ўсё гэта, вядома, здагадкі, і не больш.

Мне асабіста найбольш сімпатычная экуменістычная версія. Экуменізм — рэлігійны рух, які выступае за аб’яднанне ўсіх хрысціянскіх канфесій. І вось уваходы з трох бакоў храма ўказвалі на тое, што католікі, праваслаўныя і ўніяты заходзілі ў царкву праз розныя дзверы, а маліцца маглі каля аднаго алтара. Можа, хто з былых гаспадароў Сваротвы падзяляў погляды экуменістаў.

А вось айцец Георгій Сапун, які адрадзіў зруйнаваны храм, меў сваю, крыху празаічную, версію. Ён лічыў, што пры будаўніцтве магло не хапіць грошай на чацвёртую сцяну, і тэрмінова памянялі архітэктурны план, альбо месца на царкву не хапіла на нейкай абмежаванай прасторы. Магло быць і такое...

Падзвіжнік Георгій Сапун

І яго, Георгія Савіча, у кантэксце гаворкі пра царкву варта згадваць нароўні з фундатарамі і будаўнікамі — Аўсяным і Незабытоўскім. Бо каб не сельскі святар Георгій Сапун, не было б гэтай царквы даўно, ніхто не спрачаўся б пра версіі яе ўзнікнення, не згадвалі б турысты Вялікую Сваротву.

Яго, Георгія Сапуна, біяграфія цягне на цэлую кнігу альбо кінасцэнарый. Далёка не ўсе прыхаджане, асабліва з маладзейшых, ведалі, які няпросты і пакручасты жыццёвы шлях у іх бацюшкі, колькі выпала на яго долю. Нарадзіўся Георгій у 1924 годзе ў вёсцы пад Валожынам у сям’і сельскага святара. Скончыў Навагрудскую настаўніцкую семінарыю. У вайну дапамагаў партызанам. А калі ў 1944-м яго прызвалі на фронт, сына прыйшоў праводзіць бацька-святар. Апошняе і стала ракавым для юнака. Яго, як сына служыцеля культу, не адправілі ў армію, арыштавалі і саслалі ў лагер у Сібір. Дрэвы ў тайзе пілаваў, у шахце працаваў. У 1947 годзе рашыўся ўцячы. Паводле яго слоў, дапамог другі ссыльны, добры чалавек. Яго дачка дастала ваенную форму, і 23-гадовы хлопец рушыў у бок Беларусі, дабіраўся да радзімы ў асноўным на дахах цягнікоў. У 1954 годзе паступіў у Мінскую духоўную семінарыю. Некаторы час служыў у Слонімскім раёне, а пасля быў накіраваны ў Пачапава. Служыў у невялічкай капліцы на мясцовых могілках і амаль паўвека збіраў грошы і выношваў планы адраджэння царквы ў сваім прыходзе.

Лепей быць, чым не быць

Як ужо гаварылася, у 1943-м абедзве царквы спалілі. За 60 гадоў сцены-руіны зараслі дрэвамі, кустоўем і пакрысе разбураліся. Айцец Георгій да той пары адрадзіў Пачапаўскі храм і ў 2006 годзе, маючы ўзрост амаль 80 гадоў, узяўся за гэты — у Вялікай Сваротве. Мне шмат разоў даводзілася сустракацца і гутарыць з гэтым вясковым падзвіжнікам, сельскім інтэлігентам. Многія яго, мякка кажучы, не падтрымлівалі: «Навошта новы храм, калі менш чым за пяць кіламетраў ёсць дзейны, і той паўпусты?» Але ён не зважаў, толькі зрэдку нагадваў, што ўнікальнаму помніку даўніны, архітэктуры і духоўнасці лепей быць, чым не быць.

Пачынаў нястомны бацюшка сваю вялікую работу з фотаздымкаў. Заказаў некалькі соцень здымкаў храма, разаслаў па Беларусі і ў замежжа. Напісалі ў адной газеце, затым — у другой. І знайшоўся мецэнат. Да работы прыступілі, але не ўсё ішло гладка. На нейкі час работы прыпынялі з-за недахопу сродкаў. Але святар маліўся, прасіў, мясцовыя жыхары дапамагалі, чым маглі. Грошы збіралі, і будоўля зноў аднаўлялася. А ён штодня быў тут, дапамагаў сам, матушка Ганна гатавала ежу будаўнікам, ён прыносіў. Прасіў мясцовых мужчын папрацаваць, адным словам, быў душой гэтай будоўлі. Як ён гаварыў, з Божай дапамогай усё ж справу давёў да канца. І 19 ліпеня 2009 года архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Сцяфан асвяціў храм. Царкву аднавілі цалкам у ранейшым выглядзе, нават браму такую ж, як ранейшая, узвялі

На гадавіну асвячэння храма сабралася столькі людзей, што яны з цяжкасцю памясціліся ў яго сценах, аўтар гэтых радкоў была таму сведкай. Прыехалі дзеці, унукі мясцовых жыхароў, далёкія сваякі, што не былі ў родных мясцінах амаль паўстагоддзя. Прыехалі, вядома, і фундатары, і рупліўцы храма. Гэта свята адначасова стала святам вёскі.

Расказвалі тады, што з’яўляецца нямала ахвотных павянчацца тут альбо пахрысціць дзіця. Да адных з месцічаў сваякі прыязджалі з Чэхіі. З інтэрнэту даведаліся, што на іх гістарычнай радзіме з’явіўся незвычайны храм, і сваё дзіця вырашылі ахрысціць менавіта тут.

Першым святаром тут быў выпускнік Мінскай духоўнай семінарыі Антоній Маргун, які прыехаў са сваёй юнай матушкай Ліліяй. Потым працаваў другі святар, айцец Віталь. Сам жа Георгій Сапун у гэтай царкве не правёў ніводнай службы, казаў, што на будаўніцтве яго місія скончылася. А ў 2015 годзе протаіерэй Георгій Сапун адышоў у лепшы свет. Справа ж яго рук і нястомнай душы жыве.

У фундаментальным творы Анатоля Федарука «Старадаўнія сядзібы Берасцейшчыны» 2004 года выдання сваротаўскай царкве прысвечана некалькі сказаў. Аўтар з болем гаворыць, што гэты рэдкі помнік знаходзіцца ў поўным заняпадзе і патрабуе тэрміновай кансервацыі. Энцыклапедычны даведнік Кулагіна «Праваслаўныя храмы на Беларусі» (2001) размясціў інфармацыю пра гэтую царкву ў раздзеле «Страчаная спадчына». Хто б мог падумаць тады, што спадчына не будзе страчана, што руінам царквы не спатрэбіцца кансервацыя, што Свята-Троіцкі храм адродзяць у першапачатковым выглядзе!

Святлана ЯСКЕВІЧ