Пра экскурсію на бярозаўскі «Шклозавод «Нёман» у кантэксце прамысловага турызму

Калі раптам вас больш не ўражваюць прыродныя краявіды і гістарычныя альбо культурныя аб’екты нашай радзімы, звярніце ўвагу на справы рук чалавечых. Задаволіць патрэбу новых уражанняў і цікавых адкрыццяў у межах Беларусі дапаможа прамысловы турызм. Хоць усе мы ведаем, што прагуляцца па цэхах дзеючай вытворчасці звычайна не так ужо і проста.


Таму ў краіне для аматараў заводскай рамантыкі і тых, хто жадае ведаць, з чаго зробленыя рэчы вакол, усё больш актыўна развіваецца гэтая вобласць турызму.

Да таго ж у нашай краіне ёсць прадпрыемствы, якія могуць здзівіць і папоўніць вопыт кожнага беларуса-вандроўніка. Толькі ў Гродзенскай вобласці можна знайсці з дзясятак цікавых месцаў, таму гэтым разам мы адправіліся, бадай, на адну з самых знакамітых і цікавых вытворчасцяў у самы прамысловы раён рэгіёна — Лідскі, горад Бярозаўку.

Менавіта ў гэтым невялікім, але папулярным месцы больш за сто гадоў працуе «Шклозавод «Нёман». Ён мэтр прамысловага турызму ў Беларусі. Тут вырабляюць вазы, куфлі і фужэры, якімі кожны беларус дакладна карыстаўся. Экскурсій прадпрыемства прапануе дзве — у музей, дзе выстаўлены работы віртуозных майстроў-шкловыдзімальнікаў, і на саму вытворчасць, дзе горача і вельмі цікава. Але аб усім — па парадку.

Дэманстрацыя крышталю

Варта заўважыць, што прамысловы турызм пакуль могуць прапанаваць далёка не ўсе беларускія вытворчасці. Працэнт прадпрыемстваў, якія ладзяць экскурсіі, пакуль зусім не высокі. Хоць у Гродзенскім аблвыканкаме лічаць важным развіваць гэтую галіну турызму, каб у цэлым павялічыць прывабнасць рэгіёна для падарожнікаў.

У Гродзенскай вобласці вытворчыя экскурсіі праводзіліся больш чым на 200 прадпрыемствах у 2019 годзе, у 2020 годзе — больш чым на 100 прадпрыемствах. У Смаргонскім, Лідскім раёнах і горадзе Гродна — платна.

— Пік прамысловага турызму быў у дапандэмійны час, у 2019-м. Тады прыкладна на двухстах прадпрыемствах Гродзенскага рэгіёна пабывала 74,5 тысячы турыстаў. Летась гэтая лічба крыху перавысіла 11 тысяч, а колькасць заводаў, на якія можна было з’ездзіць, скарацілася ўдвая. Справа ў тым, што на гэта паўплывала пандэмія каранавіруса, з-за якой доступ на прадпрыемствы быў цалкам або часткова абмежаваны, — заўважыла Таццяна ЛІДЗЯЕВА, намеснік начальніка ўпраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама.

Аб папулярнасці вытворчага турызму на Гарадзеншчыне сведчаць лічбы. Толькі на шклозаводзе «Нёман» у Бярозаўцы ў дапандэмійным годзе з экскурсіямі пабывала звыш 16 тысяч турыстаў, у тым ліку са Швецыі, Кітая, Расіі, Украіны, Эстоніі.

Забыць візіт у Бярозаўку на шклозавод «Нёман» не атрымаецца. Праверана на ўласным досведзе — упершыню на прадпрыемства я трапіла, калі вучылася ў школе. Дзіўным здаецца ўсё, але перш за ўсё маштабы і тэхналогіі.

Усё гэта, як нам распавядаюць, выкарыстоўвалася практычна сотню гадоў таму і механіка ўжываецца і цяпер. Таму якім бы індустрыяльна прарыўным ні здавалася мінулае стагоддзе, нішто не замяніла ручную вытворчасць мясцовых шкловыдзімальнікаў. І справа не ў адсутнасці машын — штампаванае шкло тут таксама выходзіць з канвеера, — а ва ўнікальнасці ручной тэхналогіі, папулярнай ды асабліва каштоўнай ва ўсім свеце.

— Экскурсія па цэху праходзіць каля паўгадзіны, але, як правіла, тое, што адбываецца, так уражвае наведвальнікаў, што яны гатовыя стаяць і глядзець на работу майстроў гадзінамі, — распавядае Алена НАГУЛЕВІЧ, спецыяліст па экскурсійнай рабоце на шклозаводзе «Нёман». — У цэху па вытворчасці крышталю турысты знаёмяцца з тэхналагічным працэсам выпрацоўкі вырабаў, пачынаючы ад выдзімання і да ўпакоўкі гатовага вырабу. Таксама можна пазнаёміцца з работай майстроў, якія вырабляюць высокамастацкія нешампаваныя вырабы. Да прыкладу, паназіраць за працэсам стварэння крыштальных чаравічкаў, кошыкаў або сумачак.

Цяпер у асноўным на прадпрыемства прыязджаюць беларускія турысты. На шклозаводзе «Нёман» у Бярозаўцы ў апошнія выхадныя з экскурсіямі пабывала каля паўтысячы чалавек.

— Экскурсіі па цэху праводзяцца не толькі для груп, але і індывідуальна. Гэта значыць, што калі вы сям’я і вас чацвёра чалавек, то патрапіць на завод вы можаце па папярэднім запісе. Уся экскурсійная праграма будзе такой жа насычанай, поўнай і цікавай, як і для групы ў пяцьдзясят чалавек, — кажа суразмоўніца.

Арганізацыяй экскурсій на завод займаецца спецыяліст па экскурсійнай дзейнасці. Для гэтага існуе папярэдні запіс з 8.00 да 17.00 гадзін у буднія дні. Тэлефоны можна знайсці на афіцыйным сайце шклозавода «Нёман»..

Да канца нашай экскурсіі па заводзе, Алена Нагулевіч заўважае, што калі глядзіш на агонь і як чалавек працуе — гэта зачароўвае, а на шклозаводзе «Нёман» усё ў адным, таму ў людзей гэта выклікае непадробнае захапленне.

Ніткі і непаўторная форма

З нядаўняга часу на прадпрыемстве стала адпрацоўвацца новая тэхналогія. Гаворка ідзе аб вытворчасці вырабаў з венецыянскай ніткай.

— Шкляныя вырабы з венецыянскай ніткай, якія мы можам бачыць у многіх найбуйнейшых музеях свету, былі зробленыя на востраве Мурана, што ў Венецыі, — растлумачыў Васіль САМАХВАЛАЎ, вядучы мастак шклозавода «Нёман». — Адсюль і пайшла іх назва.

Вядома, што першыя ўзоры гэтага шкла прыдумалі ў Рыме, але асаблівае развіццё шкло з венецыянскай ніткай у канцы XIII стагоддзя атрымала менавіта ў Венецыі, як ужо гаварылася, на востраве Мурана. Прычым шкловыдзімальнікам забаронена было пакідаць востраў. Так нарадзілася ўнікальнае муранское шкло, сакрэт якога трымалі ў таямніцы шматлікія стагоддзі. Не ўсе сакрэты яго стварэння раскрытыя і сёння. Аднак на шклозаводзе «Нёман» рызыкнулі паспрабаваць адрадзіць унікальны стыль стварэння дэкараванага посуду.

— Звычайна гэта калектыўная праца. Адзін майстар бярэ жалезную трубку, набірае вадкае шкло з вялікай печы. Расплаўленая шкляная маса лёгка прыстае да трубкі. Другі майстар у гэты час разагравае спецыяльныя каляровыя штапікі. Гарачы ком, атрыманы ў выніку, ён бярэ трубкай. Дзве распаленыя даўбешкі злучаюцца, а калі адна з іх адцягваецца, атрымліваецца каляровая нітка. Нітка намотваецца на шкляную даўбешку. У канцы сцекладуў выдзімае, нібы мыльную бурбалку, хоць вазу, хоць графін, хоць блюда — усё, што заўгодна. Пры гэтым майстар трымае ўсю масу на вазе, якім бы цяжкім ні быў будучы выраб, і адначасова фармуе яго пры дапамозе інструментаў, — растлумачыў Васіль Самахвалаў.

Пакуль з венецыянскай ніткай працуе толькі эксперыментальна-мастацкая брыгада пад кіраўніцтвам майстра Валерыя Багінскага. Каб пачаць серыйную вытворчасць прадукцыі, трэба, каб тэхналогія была адпрацаваная і вывераная. Таму каляровая гама нітак і непаўторная форма — гэта тое, што пастаянна ўдасканальваюць майстры.

Прыгожа і функцыянальна

Не меншую цікавасць выклікае музей завода. Удзельнікаў экскурсіі знаёмяць з гісторыяй стварэння шклозавода «Нёман», а таксама аўтарскімі мастацкімі работамі са шкла, экспазіцыя якіх тут шырока прадстаўлена. Кажуць, што некаторым з іх больш за стагоддзе.

Музейныя залы поўныя ўнікальных экспанатаў, якія пачалі збіраць з пачатку мінулага стагоддзя. Таксама тут размешчаны работы майстроў розных пакаленняў. Прычым за кожным з іх гісторыя такая ж незвычайная, як і форма, якую стварыў аўтар.

Па словах Алены Нагулевіч, мастакі ў шкле выказваюць свае думкі і ідэі.

— Мастакі — гэта людзі, якія хочуць паказаць свае думкі ў вырабах, але не адмяняюць функцыянальнасці створаных прадметаў са шкла. Гэта вельмі проста — у вазу вы можаце паставіць кветкі, на блюда раскласці цукеркі. Таму фактычна кожны выраб, прадстаўлены ў музеі, дэманструе не толькі прыгажосць, але і сваю функцыянальнасць.

Доказ таму — шахматная дошка з адпаліраванага крышталю. Усе фігуркі акуратна вывастраныя, зіхацяць на сонечным святле. Гуляць такімі, думаецца, з аднаго боку сабе даражэй, з другога — напэўна, надзвычайнае задавальненне.

Акрамя таго, тут прадстаўлена знакамітае дымчатае шкло, крышталь і вырабы — пераможцы на розных выставах і конкурсах. У цэлым — вочы разбягаюцца, таму, што тут яшчэ дадаць? Трэба браніраваць экскурсію!

Аліса СКІБА

Фота аўтара