Зіма сёлета выдалася марознай і снежнай. Але замест таго, каб ныць і скардзіцца на холад, ці не лепш атрымаць задавальненне ад сапраўднага зімовага надвор’я? Спецыялісты сферы турызму сцвярджаюць, што зімовы сезон можа быць не ў меншай, а можа, і ў большай ступені багаты на турыстычныя ўражанні, чым летні. Прычым для іх атрымання можна нават не выязджаць з роднай Беларусі, галоўнае — быць мабільным і адкрытым новым эмоцыям, вывучыць прапановы на пераднавагодні, навагодні і калядны сезон і не ленавацца спланаваць свой маршрут.
Фота: pixabay.com
Лыжы, цюбінг, снаўборд
Гэтыя варыянты, як кажуць, ляжаць на паверхні — снегe шмат. Турыстычная сфера краіны падрыхтавалася да такога развіцця падзей, ды і ўвогуле да навагодняга сезона.
— У гэтым годзе ўсіх ахвотных чакае шмат зімовых атракцый ва ўсіх рэгіёнах Беларусі, — адзначае дырэктар Нацыянальнага агенцтва па турызме Дзмітрый Марозаў.
Заўважым, што атракцыі ў турызме — гэта не проста нейкія лакацыі або экскурсіі, а цэлая сістэма мерапрыемстваў, накіраваных на фарміраванне ў турыста яркіх эмоцый і незабыўных уражанняў. То-бок, уласна, тое, дзеля чаго чалавек пакідае свой дом і адпраўляецца ў турыстычную паездку. Бо любы турызм — з’ехалі вы на край свету ці ўсяго за 50 кіламетраў — гэта ў першую чаргу эмоцыі.
Але пачнём якраз з таго, што «на паверхні», — з зімовых відаў актыўнасці, якія не патрабуюць далёкіх паездак. Інфармацыю аб лыжных трасах паблізу ад вашага населенага пункта можна атрымаць на парталах belarustourіsm.by або belarus.travel. Зрэшты, і без падказак любому прыйдуць на розум Сілічы, Лагойск, Раўбічы, а мінчане ўспомняць Сонечную даліну ў Курасоўшчыне.
— Але гэтымі знакамітымі комплексамі спіс не абмяжоўваецца, — дадаў Дзмітрый Марозаў. — Ва ўсіх рэгіёнах на базе розных спартыўных комплексаў падрыхтаваны для турыстаў аб’екты зімовага адпачынку з магчымасцю размяшчэння і пракату інвентара.
Абсталяваны таксама ў краіне дзясяткі месцаў для катання на цюбінгах, адзначыў спецыяліст. Ёсць тыя, дзе цюбінг можна ўзяць на пракат (платныя), а таксама бясплатныя, куды можна прыйсці з уласным цюбінгам. На ўсіх гэтых аб’ектах строга вытрымліваюцца правілы тэхнікі бяспекі, запэўнілі спецыялісты. У прыватнасці, у Мінску абсталявана ў агульнай складанасці 14 лыжных трас і 23 горкі для катання на цюбінгах, дадала начальнік аддзела па развіцці турызму Інфармацыйна-турыстычнага цэнтра «Мінск» Ганна Сажнева.
— За бяспеку на абсталяваных горках для катання на цюбінгах ў сталіцы адказваюць камунальныя службы, «Зелянбуд», ЖЭУ і «Рамаўтадар», — сказала яна.
Не забыты і аматары паляўнічага турызму: у гэтым зімовым сезоне свае паслугі ў розных рэгіёнах Беларусі прапануюць 136 дамоў паляўнічага і рыбака.
Шанц убачыць зубра
Цяпер — выдатны час для экатурызму, падкрэсліў Дзмітрый Марозаў. Нацыянальныя паркі і іншыя прыродаахоўныя аб’екты прапануюць мноства самых розных экскурсій і камфортнае гасцінічнае размяшчэнне. І менавіта зімой, завярнуў увагу спецыяліст, вялікая верагоднасць убачыць зуброў — брэнд нашай краіны — ва ўмовах дзікай прыроды. У гэтую пару буйныя жывёлы выходзяць на палі ў пошуках травы ў светлавы час, чаго ўлетку не робяць.
— У Беларусі ёсць сапраўды ўнікальныя месцы, у прыватнасці, Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік, — сказаў кіраўнік Нацыянальнага агенцтва па турызме.
Там, напрыклад, зроблены назіральныя пляцоўкі, якія дазваляюць турыстам, знаходзячыся ў бяспецы, апынуцца сярод статка зуброў, распавёў ён. Выправіўшыся туды зімой, вы гарантавана сустрэнеце гэтых волатаў, як і іншых унікальных прадстаўнікоў фаўны — да прыкладу, чорных буслоў і нават каня Пржэвальскага. Унікальнасць экасістэмы, якая склалася там, абумоўлена адсутнасцю на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў фактару ўплыву чалавека, і такога аб’екта больш няма не толькі ў нашай краіне, але, мабыць, у цэлым у Еўропе.
Праўда, вандраванне туды патрабуе ад турыста некаторай арганізацыйнай дзейнасці. Немагчыма прыехаць у запаведнік дзень у дзень і запатрабаваць экскурсію — спіс турыстаў павінен быць у арганізатараў тура загадзя. Таксама забаронена перамяшчацца па тэрыторыі запаведніка на ўласным транспарце — толькі на транспарце запаведніка.
— Але рэгламент дакладна прапісаны, запаведнік распісаў усе алгарытмы, і ніякіх праблем у турыстаў не ўзнікае, — запэўніў спецыяліст.
Можна звязацца напрамую з турыстычным аддзелам запаведніка або дзейнічаць праз турыстычныя кампаніі, якія прапануюць дадзеную экскурсію, адзначыў ён.
Зрэшты, убачыць зуброў можна і ў Белавежскай пушчы, заадно пабываўшы ў маёнтку Дзеда Мароза. І лепш за ўсё планаваць тур не на адзін, а на некалькі дзён, падкрэслілі спецыялісты сферы турызму.
— За некалькі гадзін турысты паспяваюць наведаць толькі аглядную экскурсію па пушчы, маёнтак Дзеда Мароза і вальеры з жывёламі. Шэраг цікавых аб’ектаў часта застаецца «за кадрам». Гэта і пушчанскі хутар, і археалагічны музей, і многае іншае, — распавёў Дзмітрый Марозаў.
Міфы і легенды
Уласна, турыстычныя падзеі пачынаюцца ўжо цяпер, і да навагодняга наплыву турыстаў можна паспець без таўканіны і спешкі атрымаць асалоду ад іх. Дарэчы, на belarus. travel запускаецца каляндар падзей, разлічаны найперш на тых, хто падарожнічае самастойна і сам плануе свой маршрут. Мерапрыемствы можна адсочваць як па даце, так і па лакацыях. Падборка сабрана па розных відах турызму па ўсёй краіне, ёсць магчымасць згенерыраваць уласны спіс славутасцяў. База прывязана да маршрутызатара — гэта дазваляе пракласці аптымальны маршрут. Больш за тое, у радыусе 20 км ад пракладзенага маршруту сістэма прапануе дадатковыя лакацыі і падзеі, якіх, заўважым, у пераднавагоднія дні ў краіне запланавана шмат.
Цікавыя мерапрыемствы чакаюць турыстаў перад Калядамі, у перыяд Адвэнту, расказаў Дзмітрый Марозаў. Шырока прадстаўлена міфалагічная і абрадавая частка свята. Так, напрыклад, Віцебскі рэгіён (Паазер’е) прапануе ўсім ахвотным сустрэцца з Зюзяй (нашым спрадвечным і аўтэнтычным Дзедам Марозам). Зрэшты, і ў гэтай сферы кожны рэгіён знойдзе чым здзівіць гасцей. Планаваць навагоднія «вакацыі» лепш загадзя: пасля 15 снежня не так проста будзе знайсці для размяшчэння месца з начлегам, папярэдзілі спецыялісты сферы турызму.
Санаторыі і прафілакторыі
А вось куды вы сапраўды — ну, амаль дакладна — спазніліся, дык гэта на санаторна-курортнае лячэнне. Амаль, таму што месцы яшчэ ёсць, але іх мала і яны растаюць з хуткасцю вясновага снегу.
— Ужо пачынаючы з верасня ішло актыўнае браніраванне навагодняга і каляднага перыяду, і сёння каля 94% ад агульнай магутнасці санаторна-курортных арганізацый ужо забраніравана, — адзначыў намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Аляксандр Цай. — На снежань у цэлым забраніравана каля 81% месцаў, 65% забраніравана на студзень і каля 50% — на люты. Ідзе браніраванне на летнія месяцы.
І ўсё ж здраўніцы яшчэ не запоўнены на 100% і можна паспець выкупіць пуцёўкі, каб з карысцю правесці навагоднія дні. Санаторыі распрацавалі шэраг медыцынскіх праграм, разлічаных на знаходжанне ад 3 да 14 дзён. З медыцынскага пункта гледжання 14 дзён пераважныя, але і за 3 дні можна адпачыць і стаць здаравейшымі. Карыстаюцца попытам і пуцёўкі выхаднога дня, расказаў спецыяліст.
Санаторна-курортныя арганізацыі нашай краіны — шматфункцыянальныя лячэбна-аздараўленчыя комплексы з шырокім пералікам медыцынскіх паслуг, разнапланавай арганізацыяй вольнага часу і харчавання, у тым ліку па тыпе шведскага стала, што прымальна для грамадзян еўрапейскіх краін, адзначыў ён. Калі за мяжой развіваецца спа-кірунак, у нас лячэнне ажыццяўляецца па профілі захворвання і аказваецца шырокі пералік медыцынскіх працэдур, у тым ліку дыягнастычных паслуг.
— У гэтым годзе за 9 месяцаў лячэнне і аздараўленне прайшлі больш за 1 млн 157 тысяч чалавек, выручка ад рэалізацыі паслуг адносна аналагічнага перыяду мінулага года ўзрасла на 30% і склала больш за 850 млн рублёў, — паведаміў Аляксандр Цай.
У тым ліку лячэнне і аздараўленне ў здраўніцах Беларусі прайшлі больш за 161 тысячу замежных грамадзян. У навагодні перыяд чакаецца, што санаторна-курортнае лячэнне пройдуць яшчэ каля 24 тысяч чалавек, дадаў спецыяліст. І калі звычайна суадносіны замежных грамадзян і грамадзян Беларусі ў сістэме айчынных санаторыяў складае прыкладна 30% і 70% адпаведна, то ў навагодні перыяд колькасць замежнікаў складзе каля 45% (або 11 тысяч чалавек).
Святочныя праграмы ў санаторыях краіны ўжо распрацаваны, ёсць што прапанаваць нават самаму прыдзірліваму наведвальніку, запэўніў ён. Кошт навагодняга банкета з канцэртнай праграмай складзе сёлета каля 226 рублёў, а сярэдні кошт аднаго дня знаходжання ў санаторыі ў навагодні перыяд — 115 рублёў.
А калі нікуды не ехаць?
Можна і не ехаць, а проста выйсці з дому і прайсціся па родным горадзе. Паўдзельнічаць у анімацыйных праграмах, прагуляцца па зімовых зонах гасціннасці, па гістарычным цэнтры вашага населенага пункта (гістарычныя цэнтры ўжо ўпрыгожваюцца да Новага года і змяняюцца літаральна на вачах).
Сталіца, як ёй і належыць, пачынае красаваць у ліку першых. Каляндар святочных і турыстычных сталічных падзей быў сфарміраваны яшчэ ў сярэдзіне кастрычніка, заўважыла Ганна Сажнева. Шукаць яго варта, дарэчы, на партале.
— Штогод мінчане і госці сталіцы атрымліваюць ад роднага горада навагоднія сюрпрызы. Мінулагодняя інтэрактыўная ёлка ў Верхнім горадзе многіх здзівіла. У гэтым годзе Верхні горад таксама паўстане казачным і новым. Напэўна, наведвальнікаў уразіць навагодні вернісаж, які дазваляе ў суправаджэнні віртуальнага экскурсавода здзейсніць падарожжа па вядомых карцінах, — расказала спецыяліст.
Асноўнымі лакацыямі свята ў сталіцы стануць пляцоўка каля Палаца спорту, галоўная ёлка на Кастрычніцкай плошчы і Верхні горад. Можна наведаць начную экскурсію па навагоднім Мінску, яна будзе цікавая не толькі гасцям горада, але і карэнным мінчанам. Што да турыстаў, то менавіта ад гэтай экскурсіі, як правіла, мноства захопленых водгукаў, расказала Ганна Сажнева. Акрамя таго, высокіх адзнак гасцей удастойваюцца спа-атэлі сталіцы і сетка ўстаноў «Аква-Мінск».
Ну, а да паслуг мінчан гэтай зімой — 31 каток і 31 хакейная каробка, а таксама экасцежкі ў кожным раёне горада. Дарэчы, паркі сталіцы таксама прапануюць наведвальнікам шэраг цікавых праграм і лакацый. І хоць сезон атракцыёнаў даўно скончыўся, там будзе чым заняцца ў навагоднія дні і дзецям, і дарослым.