Слаўгарад не Львоў з яго могілкамі-музеем, дзе можна хадзіць паўдня, адкрыўшы рот, пад уздзеяннем гучных імён, помнікаў і эпітафій. Там ёсць і прафесійныя экскурсаводы, і спецыяльна распрацаваны маршрут. Туды едуць спецыяльна па эмоцыі. У Слаўгарадзе ўсё інакш. Замест экскурсавода — супрацоўнік «Жылкамгаса», ды і маршруту канкрэтнага няма — хутчэй гэтакі экспромт. Але асабіста мне спадабалася. Тут і старадаўнія пахаванні, і вядомыя імёны, і гід з веданнем справы.


Уладзімір Карасцялёў працуе ў Слаўгарадскім «Жылкамгасе» наглядчыкам могілак. Кажучы простай мовай, займаецца арганізацыяй пахаванняў: ад выдзялення месца да аказання дапамогі з копкай магілы і ўсталяваннем надмагілля. Ён жа адказвае за парадак на могілках. У райцэнтры іх, дарэчы, тры. У прафесіі Уладзіміра нічога незвычайнага няма, уся асаблівасць у тым, як ён падыходзіць да сваёй справы.

Слаўгарадскаму «Жылкамгасу» наогул шчасціць з аматарамі гісторыі. Дзякуючы ім у старадаўнім парку на беразе Сажа ажыла некалькі старонак далёкага мінулага, калі тут былі замак, млын, абарончы вал. Зроблена ўсё гэта за кошт грантаў пад адмысловыя праекты, якія пісалі спецыялісты прадпрыемства. Тайны слаўгарадскага некропаля не менш цікавыя.

— Не страшна па могілках хадзіць? — на ўсялякі выпадак цікавіцца гід. — Гэта ж іншая рэальнасць. Не для слабанервных.

Экскурсію пачынаем з вуліцы Чырвонаармейскай. Там, дзе пахаваны вядомы мастак Фёдар Тулаў — той самы, чые работы знаходзяцца ў самых знакамітых музейных калекцыях: Траццякоўскай галерэі, Рускім музеі і Эрмітажы ў Санкт-Пецярбургу, у Смаленскім, Калужскім, Адэскім музеях. У старадаўнім Прапойску ён жыў з 1830 года ў маёнтку Аляксандра Іванавіча Бенкендорфа — стрыечнага брата вядомага графа Аляксандра Хрыстафоравіча Бенкендорфа. Фёдар Тулаў, акрамя мастацтва, захапляўся яшчэ механікай і астраноміяй. У маёнтку, кажуць, была невялічкая абсерваторыя, адкуль таленавіты партрэтыст назіраў за зоркамі разам з гаспадаром дома.

— Тулаў памёр, калі яму было ўсяго 63 гады. Спачатку ён быў прыгонным, але Бенкендорф даў яму вольную, — удакладняе мой гід і кліча далей.

На пліце, якая датавана 1850 годам, пазначана, што пад ёй ляжыць васьмігадовая Марыя, дачка Міхайлы Якаўлевіча Корабцава, мясцовага памешчыка. Калісьці на краі слаўгарадскага парка быў шыкоўны сад гэтага заможнага сямейства.

— Пліта вельмі добра захавалася, — адзначае Уладзімір. — Я наогул адсочваю пільна, каб старадаўнія надмагіллі не знікалі. Была спроба вывезці пліту мастака Тулава, але своечасова спахапіліся.

Звяртаю ўвагу на велізарны — метры тры ў вышыню — крыж з граніту. Належыць Вользе і Сяргею Маргуновым, якія памерлі з розніцай у тры гады — у 1969-м і 1972-м. Крыж уражвае памерамі, але знаўца тутэйшага некропаля абмяжоўваецца каментарыем: стаіць ужо даўно. І мы ідзём далей. Месцамі ледзь праціскаемся паміж агароджамі.

— Раней наогул кожны як хацеў, так і хаваў, — уздыхае наглядчык і строга дадае, што з нядаўняга часу гэта рэгулюецца.

Праходзім міма помніка, з якога глядзіць яшчэ даволі маладжавы твар.

— Гэта Андрэй, мой сусед, — кідае на хаду суразмоўнік. — Быў дэканам універсітэта ў Магілёве. Бачыў яго жывым і здаровым, а літаральна праз дзень даведаўся, што ён памёр.

— А вось Міхаіл Граншчыкаў, — прыпыняемся каля чарговага помніка. — Быў у Слаўгарадзе даволі багаты калгас — «Кастрычнік». Я школьнікам там кожнае лета падпрацоўваў. Памятаю, у яго катар быў з двума маторамі, для 1970-19-80-х гадоў гэта было вельмі крута. Але ж і ён быў няпросты, адным словам — перадавік. І камуніст да мозгу касцей. Аднаму вядомаму ў Слаўгарадзе таварышу аплявуху даў, калі той у 1990-я гады змяніў ідэалогію. А магілы вось непадалёк адна ад адной знаходзяцца. Перад смерцю ўсе роўныя.

Па дарозе да яшчэ адной слаўгарадскай славутасці Уладзімір паказвае на нічым не прыкметную магілу. Тут ляжыць чалавек, якога пахавалі ў 2013 годзе. А пенсію працягвалі налічваць, і яна назапашвалася на рахунку. Родныя нябожчыка пра гэта не ведалі. Усё высветлілася, калі мой суразмоўнік пачаў правяраць інфармацыю па тых, хто пахаваны на могілках.

— А гэта самы знакаміты чалавек са слаўгарадскіх аўтарытэтаў, — прыпыняемся каля чарговага помніка, з партрэта якога на нас глядзяць добрыя вочы самавітага мужчыны з барадой. — Па значнасці я б яго нават з Тулавам параўняў бы. Батоўкін Мікіта Ермалаевіч! Знакаміты наш канявод, пра якога ведаў увесь Савецкі Саюз. Адкрываеце інтэрнэт, і там шмат што пра яго напісана.

Прыемна было пачуць такія словы, бо Мікіта Ермалаевіч, дэпутат Вярхоўнага Савета СССР, адыграў вельмі значную ролю і ў лёсе майго дзеда Васіля Іванавіча Санташова. Наогул, для сям'і маёй маці ён быў накшталт анёла-ахоўніка.

Чарговы пункт прыпынку — старадаўняе надмагілле Аляксандры Фёдараўны Сушчынскай, жонкі протаіерэя. Сам бацюшка, яе муж, пахаваны каля слаўгарадскага храма Раства Прасвятой Багародзіцы. А яна знайшла супакой тут, на прыходскіх, як яны тады называліся, могілках. Жанчына памерла ў 1893 годзе, калі ёй было, як і Тулаву, 63 гады.

— Шкада, што пра многіх, акрамя даты нараджэння і смерці, болей нічога не вядома, — перажывае гід. — Спачатку рэвалюцыя, потым вайна — ніякіх архіваў не захавалася.

А вось на гэтым помніку амаль немагчыма разабраць словы.

— Гэта Феакцістаў, чырвонаармеец, які быў забіты «за ўстанаўленне савецкай улады», — дапамагае расшыфраваць Уладзімір. — Яму ўсяго 25 гадоў, калі загінуў. Магіла была закінутая, але наш дырэктар даў каманду яе аднавіць.

Месца смутку настройвае на лірычныя разважанні. Тут востра адчуваецца бег часу. І наша месца ў ім. Сумна глядзець на закінутыя магілы. Некаторыя помнікі ціснуць дрэвы. «Мы пакрыху іх зразаем, — быццам бы апраўдваецца Уладзімір. — Гэта не танная паслуга. Да таго ж небяспечна іх пілаваць — можна пашкодзіць помнікі. Але самі родныя нябожчыкаў не спяшаюцца паклапаціцца пра захаванасць магіл. Наадварот: яшчэ і дрэва могуць пасадзіць. Не думаюць, што праз некалькі гадоў гэта стане пагрозай для надмагілля».

На вочы трапляе помнік Аляксею Васільевічу Шэдаву.

— Гэта наш герой, — з гонарам кажа Уладзімір. — У парку да нядаўняга часу стаяў стары будынак, падчас вайны там было нямецкае гестапа. Дык вось Шэдаў, зусім малады тады хлопец, зняў вартавых і вызваліў палонных. Гэты подзвіг апісваецца ў кнізе «Памяць» Слаўгарадскага раёна. Вельмі паважаны быў чалавек. Пэўны час працаваў дырэктарам другой школы.

З тых, кім ганарыцца Слаўгарад, Пётр Макаравіч Ляўкоў, поўны кавалер трох ордэнаў Славы.

— Лічы, Герой Савецкага Саюза, — заўважае Уладзімір.

Наглядчык называе прозвішчы, пасады, рэгаліі. Ледзь паспяваю круціць галавой і пстрыкаць фотаапаратам. Гэта таксама гісторыя, якую трэба фіксаваць. Пройдзе яшчэ зусім мала часу і шмат што зменіцца. Своечасова зробленыя фотаздымкі дапамогуць аднавіць гісторыю.

Могілкі на вуліцы Чырвонаармейскай старадаўнія, тут і месца практычна ўжо не засталося, а ахвотных пахаваць тут сваіх родных меней не становіцца. Вязуць нябожчыкаў нават з Расіі. Людзі там пражылі жыццё, але быць пахаванымі жадаюць менавіта на радзіме.

— Тут жа пупавіна зарытая, — усміхаецца гід. — Вось і цягне іх родная зямля. Аднаго нядаўна з Сочы прывезлі. А бывае, што ўжо і месца няма, а родныя патрабуюць: пакладзіце менавіта тут.

Непрыкметна пераходзім на тэрыторыю суседніх могілак, якія значацца па вуліцы Гагарына. У народзе іх называюць яўрэйскімі.

— Тут пахаванні вельмі старадаўнія, — кажа Уладзімір. — У Прапойску жыло шмат яўрэяў. Гэта зараз яны раз'ехаліся хто ў Амерыку, хто ў Ізраіль. А раней на гэтых могілках часта людзей хавалі. Зараз — рэдкасць. Старыя пахаванні, на жаль, ніхто не даглядае. Даводзіцца рабіць гэта нам. Вельмі хутка ўсё зарастае. Кожнае лета выразаем кустоўе.

Дварняк з суседняга прадпрыемства адразу ж пазнаў ва Уладзіміры свайго. Дружалюбна завіляў хвастом і пабег насустрач. Прывык яго ўжо тут бачыць.

— Мару зрабіць паўнавартасны маршрут па могілках, — прызнаецца Уладзімір. — Скажам, прыедзе экскурсія на крыніцу, у парк зазірне, а мы турыстаў яшчэ і на могілкі запросім, тут шмат цікавага. Хай ведаюць, што ў Слаўгарадзе таксама не простыя людзі жылі, шмат чаго для сваёй радзімы зрабілі.

Вяртаемся зноў на вуліцу Чырвонаармейскую. Пакуль ідзём, назіральнік паспявае звярнуць увагу на помнікі хай і не такіх славутых асоб, але вельмі паважаных і шмат каму ў райцэнтры вядомых. Напрыклад, месца спачыну любімай не адным пакаленнем слаўгарадчан настаўніцы пачатковых класаў — Ніны Іванаўны Савосцінай. Праўда, на помніку ў яе прозвішча іншае — Камандзенка.

Яшчэ адны слаўгарадскія могілкі знаходзяцца на другім канцы горада, на вуліцы Чапаева. Яны больш позняга перыяду, хаця ёсць дастаткова старыя пахаванні. Мой гід звяртае ўвагу на масіўны помнік Марыі і Фёдару Старахазяевым. Кажа, што спрабуе знайсці падрабязнасці пра іх лёс. Падазрае, што гэта таксама не простыя людзі. Марыя памерла ў 1942 годзе, Фёдар — у 1978-м. Тут жа ёсць помнік «адважнаму і бясстрашнаму лётчыку ад удзячных нашчадкаў». Што за лётчык і хто гэтыя нашчадкі — невядома. Помнік, дарэчы, адносна новы.

Уласна, экскурсія завершана. Перад тым, як пакінуць месца смутку, Уладзімір яшчэ раз па-гаспадарску аглядае тэрыторыю.

— Магчыма, гучыць гэта дзіўна, але я люблю сваю работу, — прызнаецца ён. — Мне здаецца, што яна прыносіць шмат карысці. Пакуль людзі жывыя, заўсёды знойдзецца той, хто пра іх клапоціцца. А вось за мяжой жыцця шмат хто становіцца нікому не патрэбным. Так быць не павінна. Апошнім часам болей сыходзіць людзей. Напрыклад, сёння за дзень было тры пахаванні. І вельмі адчуваецца, што гораду не хапае морга. Нябожчыкаў вязуць здалёк, часам прывозяць вельмі позна, прыходзіцца хаваць ледзь не вечарам. Быў бы морг — праблемы не існавала б. Спрабуем звярнуць на гэта ўвагу раённых і абласных улад. І вельмі спадзяёмся, што нас пачуюць.

Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара
Слаўгарад