Нядаўна ў Гродне адбылася прафесійная атэстацыя экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў. Яна прайшла на базе Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Згодна з заяўкамі на ўдзел у прафесійнай атэстацыі жадала патрапіць каля трыццаці чалавек з Гродзенскай вобласці.


Як стаць экскурсаводам?

Здача атэстацыйнага іспыту ўключала камп’ютарнае тэставанне і гутарку па заяўленых экскурсійных маршрутах. Тыя, хто з поспехам прайшлі атэстацыю экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў, атрымалі спецыяльнае пасведчанне і бэйдж. Сёлета з 24 удзельнікаў тэставання толькі 10 змаглі атрымаць станоўчы вынік (трэба было адказаць правільна хоць бы на 60 % пытанняў).

Па словах Таццяны ЛЯДЗЯЕВАЙ, намесніка начальніка ўпраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама, у Гродне толькі ў трэці раз прайшла атэстацыя экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў. У мінулыя гады, каб пацвердзіць сваю кваліфікацыю, трэба было ехаць у Мінск. Справа ў тым, што ДУ «Нацыянальнае агенцтва па турызме» пайшла насустрач рэгіёнам і цяпер на базе Купалаўскага ВНУ можна здаць экзамен. Без моцных ведаў выпрабаванне дакладна не прайсці. Туды ўваходзіць мноства агульных пытанняў па гісторыі, мове, геаграфіі і архітэктуры.

Падрыхтавацца да маштабнага тэставання можна некалькімі спосабамі — самастойна або наведваючы спецыяльныя курсы. Іх арганізоўваюць спецыялісты Нацыянальнага агенцтва па турызме, сярод якіх шмат прафесіяналаў сваёй сферы. На днях быў абвешчаны набор на курсы экскурсаводаў вячэрняй формы навучання.

Прыкладны пачатак заняткаў — сярэдзіна лістапада бягучага года. Навучанне будзе праходзіць на працягу пяці месяцаў па два-тры разы на тыдзень. У праграму курсаў уключаны лекцыйныя і практычныя заняткі, работа з тэхналагічнымі картамі і тэкстамі маршрутаў. Слухачы змогуць атрымаць практычныя навыкі падчас навучальных выхадаў у горад і паездак па вызначаным маршруце. Вучыць спецыялізацыі будуць выкладчыкі ВНУ, спецыялісты турыстычнай індустрыі, практыкі турызму. Па заканчэнні навучання слухачам выдаецца дакумент дзяржаўнага ўзору аб заканчэнні курсаў. 

Пасведчанне лічыцца сапраўдным на працягу пяці гадоў. Па асабістай заяве яго можна аднаразова падоўжыць на пяць гадоў пры ўмове праходжання павышэння кваліфікацыі. У цяперашні час у Гродзенскай вобласці паспяхова працуюць 115 атэставаных экскурсаводаў і 20 гідаў-перакладчыкаў, якія валодаюць польскай, англійскай і нямецкай мовамі.

Які кірунак абраць?

Па законе чалавек мае права праводзіць экскурсіі па тым маршруце, па якім ён прайшоў іспыт. Падаючы дакументы на атрыманне атэстацыі, можна выбраць гатовыя экскурсіі, тэксты якіх зацверджаны Нацыянальным агенцтвам па турызме, або распрацаваць сваю, аўтарскую экскурсію. Апошні варыянт, кажа Таццяна Аляксандраўна, — вельмі нялёгкая праца.

— Маршрут, які зацверджаны Нацыянальным агенцтвам па турызме, складаецца з пэўнага набору звестак і фактаў. Гэта значыць, што спецыяліст старанна павінен вывучыць праграму экскурсіі і прытрымлівацца яе на працягу ўсяго маршруту — ён ведае, дзе трэба спыніцца і што менавіта распавесці ў патрэбных кропках. Каб зацвердзіць аўтарскую экскурсію, трэба правесці ўласнае даследаванне і прарабіць досыць вялікую працу, якая ўключае падбор вялікай колькасці адпаведных гістарычных матэрыялаў. Аўтарскую экскурсію будзе зацвярджаць спецыяльная камісія ў агенцтве па турызме, куды ўваходзяць гісторыкі, прафесійныя экскурсаводы і гіды-перакладчыкі.

Гэтым разам у Гродне тры прэтэндэнты спрабавалі зацвердзіць аўтарскія турыстычныя маршруты па Лідзе і Смаргоні. Аднак былі зафіксаваныя недахопы, таму працы будуць дароблены і адпраўляцца на атэстацыю ў Мінск. На дадзены момант у Гродзенскай вобласці зацверджаныя турыстычныя маршруты ёсць не па ўсіх раёнах, літаральна сёлета атэставаны турыстычныя маршруты па Ваўкавыскім і Навагрудскім раёне.

Намеснік начальніка ўпраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама заўважыла, што алгарытм нацыянальнай атэстацыі яшчэ фарміруецца і ўдакладняецца ў сувязі са змяненнем Закона «Аб турызме».

Хто такі экскурсавод?

На самай справе да Таццяны Аляксандраўны, якая курыруе развіццё турызму ў рэгіёне, я звярнулася нездарма. Перш за ўсё, мяне цікавіла пытанне, якое пачало турбаваць яшчэ з лета. Адзін са знаёмых, бліскучы інжынер, які захапляецца гісторыяй, правёў па ваколіцах Гродна цікавую экскурсію і падзяліўся марай аб тым, каб развіваць сваю справу і знаёміць беларусаў з адным з займальных маршрутаў. Але адзінае, што спыняла яго — гэта неабходнасць мець прафесійную атэстацыю экскурсавода. Ён абурыўся тым, што і так з’яўляецца спецыялістам у сваёй сферы, дык навошта яму яшчэ дадатковае пасведчанне?

Ва ўпраўленні спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама я атрымала вельмі выразны адказ, які датычыцца спецыфікі самой прафесіі. Бо экскурсавод — гэта спецыяліст па правядзенні экскурсій, які павінен мець добрыя веды па гісторыі, культуры і геаграфіі, а не толькі быць эрудзіраваным у вузкай сферы.

— Атэстацыя экскурсаводаў — гэта нейкі бар’ер для ўваходжання ў сферу. Не варта таксама забывацца, што гэты чалавек фармуе меркаванне турыста аб рэгіёне. У дадзеным выпадку аб горадзе, раёне, краіне ў цэлым. Атэстацыя экскурсаводаў — гэта не толькі беларускі вопыт: кожная краіна да гэтага пытання ставіцца вельмі сур’ёзна. Турысты задаюць шмат пытанняў і кожнага цікавіць нешта сваё. Напрыклад, зусім розныя пытанні пра Гродна задаюць палякі, літоўцы або расіяне. Таму да кожнай групы таго ці іншага ўзросту, з розным узроўнем адукацыі, з той ці іншай краіны трэба шукаць пэўны падыход. Акрамя таго, людзі з-за мяжы актыўна цікавяцца сучасным жыццём беларусаў — пытаюцца пра культуру беларусаў, эканоміку краіны і ўзровень даходаў насельніцтва, звычаі і традыцыі — і на ўсе гэтыя пытанні экскурсавод павінен адказаць, каб не здацца некампетэнтным і не расчараваць гасцей, — патлумачыла Таццяна ЛІДЗЯЕВА.

Акрамя таго, турысты прыязджаюць усё больш і больш падрыхтаваныя. Аб месцы, куды яны едуць, можна даведацца з разнастайных крыніц у інтэрнэце або ў сацыяльных сетках, таму экскурсаводам часцяком дастаюцца менавіта няпростыя пытанні. Усё гэта ўскладняе прафесію экскурсавода, які павінен мець вельмі рознабаковыя веды, акрамя поўнага валодання рабочым матэрыялам.

— Сёння недастаткова апераваць сухімі гістарычнымі фактамі накшталт дат або знакавых падзей. Людзі хочуць даведацца, да прыкладу, аб характары, звычках, узаемаадносінах тых ці іншых гістарычных дзеячаў, цікавых фактах аб жыцці розных слаёў насельніцтва ў тым ці іншым гістарычным перыядзе, — заўважае Таццяна Аляксандраўна. — Прафесійныя экскурсаводы і будуюць на гэтым сваю экскурсію, інтэрпрэтуюць гістарычныя даты, цытуюць літаратурныя творы. Як вы ўжо зразумелі, экскурсаводы — гэта высокаадукаваныя ў розных сферах людзі, якія пастаянна павышаюць сваю кваліфікацыю, чытаюць гістарычную літаратуру, ведаюць, на якіх фактах зрабіць акцэнт. Таму спазнаць той ці іншы рэгіён з дапамогай экскурсавода — адно задавальненне.

Турыстычныя кампаніі, індывідуальныя турысты запрашаюць тых экскурсаводаў, пра якія папярэднія падарожнік пакідалі добрыя водгукі, інфармацыя перадаецца з вуснаў у вусны. Заўсёды ацэньваецца і агульная культура паводзін чалавека, уключаючы яго ўменне падаць сябе, манера прамовы, веданне жыцця горада. Таму добрых экскурсаводаў заўсёды недастаткова, у Гродне ёсць запатрабаваныя спецыялісты, рабочы графік якіх распісаны на некалькі месяцаў наперад. Пры гэтым колькасць прадстаўнікоў гэтай прафесіі пастаянна расце. Таму недастаткова здавацца добрым спецыялістам у сферы, трэба быць прафесіяналам у абранай вобласці.

Як развіваецца ўнутраны турызм?

Ва ўпраўленні зазначылі, што гэты год аказаўся вельмі спецыфічным, таму што людзі засталіся дома і пачалі падарожнічаць па Беларусі. Змянілася культура грамадзян, якія пачалі пашыраць свае веды праз паездкі ў іншыя гарады.

— Цяпер у Гродне пачалі прыязджаць не проста вялікія арганізаваныя групы, але і сем’і, невялікія маладзёжныя кампаніі, карпаратыўныя групы, якія хочуць пазнаёміцца з рэгіёнам менавіта з дапамогай экскурсавода. Мы актыўна вядзем сацыяльныя сеткі пад тэгам #visitgrodnoregion, таму што людзей важна зацікавіць. Для прыватных паездак распрацавана мабільнае прыкладанне «GRODNO guide», якое дасць магчымасць не браць экскурсавода, але даведацца аб горадзе больш самастойна. Мы публікуем на сваіх старонках гатовыя турыстычныя маршруты рознай тэматыкі, каб можна было разлічыць свой час і спланаваць падарожжа.

На дарогах Гродзенскай вобласці ўсталявана больш за пяцьсот спецыяльных паказчыкаў, знакаў маршрутнага арыентавання, пазначаныя месцы, дзе можна прыпаркаваць турыстычны аўтобус ці зрабіць прыпынак, пастаянна абнаўляюцца інфармацыйныя і рэкламныя шчыты.

Таксама суразмоўніца звярнула ўвагу, што ёсць яшчэ адна важная задача — затрымаць турыста ў тым ці іншым рэгіёне на некалькі дзён. У такім выпадку падарожнік знаёміцца не толькі з гістарычным складнікам горада, але і актыўна наведвае аб’екты грамадскага харчавання, адпраўляецца ў музеі, галерэі, тэатры, спартыўныя аб’екты, выбірае камфортныя гасцініцы, кватэры, хостэлы, пешыя прагулкі і вытворчыя экскурсіі, падзейныя мерапрыемствы і шопінг.

Напрыканцы размовы спецыяліст адзначае, што важна пры гэтым апраўдаць чаканні гасцей. Гэта значыць, што аўтобус павінен ехаць па добрых дарогах, музеі або іншыя месцы павінны быць адкрыты ў заяўлены час, гістарычныя славутасці даступныя да агляду, а візуальная карцінка з сацыяльных сетак адпавядаць таму, што чакаюць вандроўцы ў рэальнасці.