У 2022-м Беларускі саюз дызайнераў адзначыў 35-годдзе. З 1987 года грамадская арганізацыя займаецца развіццём і прасоўваннем сучасных дызайнерскіх вобразаў і ідэй, а таксама захаваннем і даследаваннем гісторыі папулярнага мастацкага кірунку. Праект віртуальнага музея беларускага дызайну, анансаваны БСД нядаўна, абяцае стаць новым этапам у развіцці галіны ў краіне.


Ордэн. Другая палова 1920-х — пачатак 1930-х. Аўтар эскіза — Г. Змудзінскі.

Ордэн. Другая палова 1920-х — пачатак 1930-х. Аўтар эскіза — Г. Змудзінскі.

Першы дызайнер-беларус

— Даўно мы марылі пра тое, каб стварыць рэальны музей дызайну, але вырашана было адмовіцца ад гэтай ідэі на карысць больш даступнай для публікі віртуальнай галерэі, — распавёў старшыня БСД, дызайнер Дзмітрый Сурскі. — Дызайн — важная частка гісторыі любой краіны, якую цікава даследаваць. Таму мы ў саюзе паспрабавалі асэнсаваць і патлумачыць, чым адметны, чым вылучаецца наш беларускі.

Аднак трэба адзначыць, што спробы ўпарадкаваць гэты бок жыцця грамадства ўжо былі. У другой палове 1960-х адкрылі кафедру прамысловага мастацтва і філіял інстытута тэхнічнай эстэтыкі — думаецца, гэтую падзею і варта лічыць стартам стварэння інстытуцыйных форм у галіне дызайну. Адначасова на некаторых буйных тэхналагічных прадпрыемствах сфарміравалі адмысловыя канструктарскія бюро.

Таксама варта адрозніваць пачатак грунтоўнай працы па вывучэнні і існаванні самога кірунку. З даўніх часоў продкі беларусаў стваралі побытавыя рэчы, якія ў выглядзе рамесных прадметаў і інструментаў адпавядалі паняццю дызайну. У мастацтвазнаўстве прынята адносіць старажытныя ўзоры рамяства да так званага протадызайну.

Крэсла, 1999 г., Масты. Аўтар мадэлі — Э. Шуберт.

Крэсла, 1999 г., Масты. Аўтар мадэлі — Э. Шуберт.

А беларускага першадрукара Францыска Скарыну асобныя даследчыкі называюць першым беларускім графічным дызайнерам. Таму што акрамя непасрэднага друку «Псалтыра» ім былі распрацаваны ўнікальныя шрыфты, малюнкі і аздабленні да выдання. На стыль полацкага асветніка-гуманіста паўплывалі беларускія і хрысціянскія матывы.

— У пачатку 1990-х гг. Інстытут тэхнічнай эстэтыкі распачаў спробу паказаць гісторыю развіцця беларускага дызайну ў гістарычным кантэксце. У выставачнай зале «ВНИИТЭ» арганізавалі вялікую выстаўку з распрацоўкамі сучасных беларускіх дызайнераў, а таксама прадэманстравалі вытокі кірунку, — распавядае Дзмітрый Сурскі. — На жаль, экспазіцыя існавала нядоўга, каля года, і з таго часу спробы стварэння анталогіі беларускага дызайну не распачыналіся. Мне здаецца, надышоў час вярнуцца да гэтых даследаванняў.

Страчаны рэцэпт  «Сталічных»

Дагэтуль досвед працы з беларускай побытавай рэчаіснасцю дазволіў стварыць грунтоўную кнігу «Тутэйшы дызайн. Асобы. Рэчы». Даведнік пабачыў свет у 2016 годзе і стаў вынікам працяглай працы аўтараў з архівамі, музеямі і непасрэдна дызайнерамі. На 550 старонках была сабрана інфармацыя аб знакамітых беларускіх дызайнерах, ма-
дэльерах, майстрах і вызначальных прадметах беларускага жыцця.

Трактар МТЗ-5. Мінскі трактарны завод, 1957—1962 гг.

Трактар МТЗ-5. Мінскі трактарны завод, 1957—1962 гг.

— Нам хацелася не проста сабраць усё, што мелася. Важны крытэрый — рэч павінна быць знаёмая, карыстацца попытам, адным словам, адгукацца ў грамадстве. Часта бывае, што ў кожнай сям’і ёсць умоўны радыёпрыёмнік «Акіян» і ў многіх успаміны аб ім з дзяцінства, але зразумець яго асаблівую форму, адметнасць бывае складана.

Нагодай для стварэння віртуальнага музея стала ідэя правесці сумесна з Міністэрствам культуры і Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі выстаўку, прысвечаную гісторыі беларускага дызайну, якая магла б закрануць аспекты прафесійнага праектавання, прамысловай і рамеснай вытворчасці ў нашай краіне.

Хацелася прадэманстраваць дасягненні не толькі праектнай культуры, якая фарміравалася спецыялізаванымі кафедрамі і навукова-тэхнічнымі інстытутамі, але і тыя побытавыя, тэхнічныя, дэкаратыўныя прадметы, якія служылі доўгія гады і былі вядомы не толькі ў Беларусі і за яе межамі. Амаль што ва ўсім свеце вялікай папулярнасцю і попытам карысталіся беларускія халадзільнікі, тэлевізары, фотаапараты, радыёпрыёмнікі, мэбля, адзенне і іншае.

— Даходзіла да смешнага! — успамінае дызайнер. — Вядомы ўсім ласунак — цукеркі «Сталічныя». Мы вырашылі адшукаць аўтара рэцэпта. Пасля працяглых росшукаў стала зразумела, што тэхнолагі, якія стварылі арыгінальны рэцэпт, запатэнтавалі яго, аднак у архівах ніякіх пасведчанняў знайсці не атрымалася. А якая гэта важная дэталь нашага жыцця!

20 рэчаў з ХХ стагоддзя

Асноўнай мэтай праекта віртуальнага музея ў БСД лічаць фарміраванне калекцыі аб’ектаў матэрыяльнай культуры з далейшым яе экспанаваннем, кансервацыяй і захаваннем. Плануецца разгледзець розныя падыходы ў стварэнні анлайн-галерэі: спецыяльная платформа, мабільная праграма, якую можна спампаваць на тэлефон, паўнавартасны сайт. Для страчаных альбо недасяжных аб’ектаў магчыма 3D-мадэляванне.

Прыёмнік «Акіян». Мінскі завод «Гарызонт», 1973 г.

Прыёмнік «Акіян». Мінскі завод «Гарызонт», 1973 г.

Існаванне такой прасторы будзе спрыяць захаванню і пашырэнню пазнавальнасці твораў беларускага дызайну як аб’ектаў сусветнай культурнай спадчыны, вызначэнню адметных рыс і ідэнтычнасці беларусаў у гэтай галіне матэрыяльнай культуры.

— Першым крокам да гэтага стала правядзенне канферэнцыі, на якую мы запрасілі калег, музейных спецыялістаў, гісторыкаў, калекцыянераў, краязнаўцаў, мастацтвазнаўцаў, культуролагаў, — кажа старшыня БСД. — Падчас такой работы неабходна ўлічваць, што падрыхтоўка музея носіць міждысцыплінарны характар.

Пэўнай апрабацыяй праекта стала анлайн-калекцыя «Дваццаць з дваццатага» — шэраг прадметаў, якія ў мінулым стагоддзі сталі адметнай старонкай беларускай дызайнерскай думкі. Менавіта ў той час, калі распачалося станаўленне дызайну як самастойнага віду дзейнасці, адбылося пераасэнсаванне месца і значэння мастацтва ў масавай вытворчасці і свядомасці спажыўца. Ды ў гэты пералік трапілі не толькі творы дызайну, але і побытавыя рэчы, вартасць якіх недаацэнена.

— Гэта спроба вызначэння крытэрыяў, спроба справакаваць прафесійную супольнасць і ўсіх зацікаўленых у стварэнні ўласных анталогій, — прызнаецца Дзмітрый Сурскі. — Хочацца, каб да праекта далучыліся не толькі вядомыя мастацтвазнаўцы і калекцыянеры, а таксама інстытуцыі, напрыклад, краязнаўчыя рэгіянальныя музеі.

Метасусвет дызайну

На чарговым пасяджэнні Беларускага саюза дызайнераў адбылося абмеркаванне праблем пошуку артэфактаў беларускага дызайну, персаналій, інстытуцый, выданняў і вызначэння крытэрыяў адбору найлепшых з іх.

Плакат «Клінам чырвоным — бі белых». Аўтар Э. Лісіцкі.

Плакат «Клінам чырвоным — бі белых». Аўтар Э. Лісіцкі.

— Мы пагадзіліся ў тым, што мэтазгодна пачаць збіраць складнікі анталогій у больш вузкім полі па вызначаных кірунках вытворчасці: мэбля, аўтапрам, вытворчасць шкла, ткацтва і г. д., — падсумоўвае дызайнер. — А ўжо на падставе гэтых пералікаў выбіраць самыя адметныя рэчы для агульных збораў, здольных прадэманстраваць таленавітасць беларусаў. 

Па меркаванні Дзмітрыя Сурскага, музей як праект не можа мець фінальную кропку. Работа па зборы, назапашванні і экспанаванні прадметаў павінна няспынна працягвацца і адкрываць беларусам новыя грані простых побытавых рэчаў; спрыяць паляпшэнню і пашырэнню ведаў грамадзян аб гэтым мастацкім кірунку ў краіне; фарміраваць правільнае стаўленне да прафесіі дызайнера.

Яна ЦЭГЛА

Фота з сайта unid.by