Мастацкая галерэя ў глухой вёсцы? Удалечыні ад сталіцы?.. Мінчане Артур і Лора Паўлавы, калі чуюць падобныя, поўныя здзіўлення, пытанні, толькі ўсміхаюцца. «А чаму б і не? Мастацтва не мае межаў. Чым больш смелая задума, тым большая верагоднасць, што яна будзе мець поспех, адгукнецца людзям».


Тое самае крэсла са старой хаты, якое дапамагло пабудаваць галерэю.

Тое самае крэсла са старой хаты, якое дапамагло пабудаваць галерэю.

Пра рэпрадукцыю Шышкіна ды адно крэсла

Пачалося ўсё дзевяць гадоў таму. З таго, што Артур і Лора купілі на беразе маляўнічага возера ў маленькай, але вельмі прыгожай вёсцы Чаросава, што пад Лепелем, старую хату. Рамантаваць не было сэнсу. За той час, што будынак стаяў без догляду, бярвенні прагнілі. Таму на яго месцы новыя гаспадары пабудавалі іншы дыхтоўны дом.

— Усе гэтыя дзевяць гадоў мы праязджалі міма закінутай драўлянай хаты, якая знаходзіцца за сто метраў ад нашага дома. І не звярталі на яе ўвагі, — кажа Артур Паўлаў. — І толькі летась, у маі, калі чарговы раз праязджалі міма, Лора (яна мастачка) кажа: «Артур, у мяне няма нармальнай майстэрні. А давай купім гэтую хату, і я буду ў ёй маляваць?» — «Трэба падумаць», — адказаў я. І ўжо ў чэрвені афармляў дакументы на той дом.

— Як прыйшла ідэя зрабіць у простай вясковай хаце карцінную галерэю міжнароднага ўзроўню?

— У хаце, якую мы з Артурам першапачаткова набывалі дзеля маёй майстэрні, сярод шматлікага хламу знайшлі дзве карціны ў рамах, — распавядае Лора Паўлава. — Адна з іх — рэпрадукцыя Шышкіна «Мардвінаўскія дубы» 1891 года. Аўтара другой мы не ведаем, але на ёй таксама прырода. Сёння яны займаюць пачэснае месца ў нашай пастаяннай экспазіцыі. Мы іх пакінулі, захавалі як частку гісторыі простай беларускай хаты, якая ператварылася ў мастацкую галерэю. Калі я ўпершыню зайшла сюды, прысутнасць карцін мяне ўразіла. Я адразу адчула, што ў доме добрая энергетыка і мне спадабаецца тут маляваць. І тады я ўявіла, што тут можна не толькі працаваць, але і ладзіць выставы. «Уяўляеш, — кажу Артуру, — калі тут, у Чаросаве, будуць выстаўляцца карціны розных мастакоў, сюды пачнуць ехаць людзі, у тым ліку і з-за мяжы, вёска яшчэ больш ажыве».

— Так з'явілася думка сумясціць майстэрню мастака з міжнароднай карціннай галерэяй... Я ўхапіўся за гэту ідэю, натхніўся, — кажа Артур. — У канцы ліпеня закасаў рукавы і заняўся рэканструкцыяй. Толькі тады яшчэ не ўяўляў, колькі ўсяго прыйдзецца перарабіць...

— Вы набылі дом 13 чэрвеня мінулага года. І ўжо 24 снежня адбылося адкрыццё галерэі-дома мастака «Lora Pavlova gallery Lepey». Прайшло ўсяго нейкія паўгода — а старую хату не пазнаць. Як удалося так хутка ўсё адрэстаўрыраваць?

— Як кажуць, вочы баяцца — а рукі робяць. Ідэя і жаданне — самы галоўны рухавік. Я працаваў амаль штодзень з раніцы да вечара. Практычна ўсё рабіў сам. Толькі час ад часу прыцягваў памочнікаў. Такім чынам сэканоміў шмат грошай. Многія ідэі нараджаліся ў працэсе рэканструкцыі, бо сюрпрызы былі на кожным кроку... Калі куплялі хату, думалі: ну крыху падфарбуем сцены, падлогу, столь... А потым, пасля дажджу, высветлілася, што дах цячэ і печ дыміць... Таму прыйшлося цалкам замяніць стары дах на новы, а вялізную печ, якая займала 1/3 дома, на кампактную, больш энергаэфектыўную печ-камін. Дарэчы, старой цэгле мы далі другое жыццё — закрылі ёй адтуліны, якія засталіся ў падлозе на месцы былой печкі.

Артур Паўлаў адрэстаўрыраваў дом практычна сваімі сіламі. Такім чынам яму ўдалося істотна сэканоміць.

Артур Паўлаў адрэстаўрыраваў дом практычна сваімі сіламі. Такім чынам яму ўдалося істотна сэканоміць.

— Можна было зруйнаваць старую пабудову і ўсё зрабіць з нуля. Але вы пайшлі іншым шляхам...

— Каго сёння здзівіш сучасным будынкам? Яны ўсе аднолькавыя: сцены белыя, усё ідэальна роўнае. Нам хацелася, каб галерэя была з «разыначкай». Таму будавалі новае, захоўваючы ўсё добрае, старое...

— Што ўдалося захаваць?

— Цалкам захавалі стары зруб. Звонку абшылі яго сасновай дошкай па тэхналогіі вентфасаду. Унутры ж адмыслова пакінулі тэкстуру дрэва, я толькі зачысціў усе бярвёны шліфавальнай машынкай. У той частцы дома, дзе зараз месціцца выставачная зала, сцены былі атынкаваныя глінай па драўлянай дранцы. Мы крыху падрэстаўрыравалі тую тынкоўку, адмыслова захаваўшы ўсе няроўнасці, упадзіны і выпукласці, якія былі, і пафарбавалі ў белы колер. Такія сцены можна разглядаць доўга, яны — як асобны твор мастацтва. Таксама пакінулі старую падлогу, бо яна зроблена з дошак таўшчынёй каля васьмі сантыметраў. Цяпер такіх і не знайсці. Такая падлога, як я кажу, праслужыць вечнасць. Калі мянялі старыя вокны на новыя, аказалася, што яны «заваленыя» — стаяць не ў адной плоскасці з фасадам. Можна было, канечне, выраўняць па ўзроўні, але мы вырашылі захаваць і гэтую крывізну. Дарэчы, пасля таго як мы расчысцілі ўчастак ад зараснікаў, высветлілася, што з аднаго боку хаты, дзе зараз месціцца Лорына майстэрня, адкрываецца шыкоўны від на поле, таму мы адмыслова замянілі маленькія вокны на адно вялікае панарамнае. З мэблі, якая тут была, пакінулі толькі крэсла, якое дапамагала нам ад пачатку рэканструкцыі галерэі да канца. Мы сказалі яму «дзякуй» і, крыху падрэстаўрыраваўшы-падфарбаваўшы, падарылі другое жыццё.

Лора Паўлава.

Лора Паўлава.

— Чаму вырашылі пафарбаваць дом у чорны колер?

— У вёсцы ўсе старыя дамы традыцыйна сіняга, жоўтага, блакітнага, зялёнага колераў. Хацелася, каб галерэя выдзялялася, выглядала незвычайна, запамінальна. Спачатку былі думкі пафарбаваць яе ў шэры колер, але мяне апярэдзілі, у нашай вёсцы ўжо ёсць адзін шэры дом. Таму спыніліся на чорным. Дарэчы, мы трапілі ў топ самых арыгінальных будынкаў 2022 года, на думку інтэрнэт-партала, прысвечанага нерухомасці.

Цэгла ад старой печкі атрымала другое жыццё... на падлозе.

Цэгла ад старой печкі атрымала другое жыццё... на падлозе.

Пра касмічны карабель ды лавандавае поле

— Вы сапраўды верыце, што ў вясковую карцінную галерэю будуць прыязджаць гараджане, іншаземцы? Усё ж такі гэта няблізкі свет, 160 кіламетраў ад Мінска...

— Калі б я не паверыў у гэту ідэю, гэтага праекта не было б. І касмічны карабель таксама калісьці быў нерэальны, і лазерная тэрапія, і нанатэхналогіі. Мне здаецца, чым складаней шлях, чым больш неверагодная мэта і мара, тым больш шанцаў яна мае на поспех. Людзі проста прызвычаіліся хадзіць у галерэі ў гарадах. Той жа, хто паедзе ў нашу вясковую карцінную галерэю — атрымае значна больш. Для чалавека гэта будзе цэлая прыгода. Не толькі наведванне экспазіцыі, але яшчэ і знаёмства з мастаком, з новым месцам. Галерэя знаходзіцца паблізу маляўнічага возера, каля ўзгорыстага ўчастка. А калі наведванне выставы сумясціць з сезонам цвіцення лаванды — прыцягальнасць месца павялічваецца ўдвая.

У вёсцы Чаросава побач з домам Артура і Лоры, што за дзесяць метраў ад возера, знаходзіцца лавандавае поле больш як з тысячы кустоў. Летась у ліпені яны правялі першы музычны фестываль «Лаванда Лепей» з фотасесіямі, выставай карцін, канцэртам, прэзентацыяй лавандавай прадукцыі.

— Апошнім часам вёскі становяцца ўсё больш прыцягальнымі. Таму мы плануем зрабіць лавандавы фестываль штогадовым і з часам выйсці на міжнародны ўзровень. Хочацца, каб людзі прыязджалі да нас, бо тут неверагодная прырода, энергетыка. Што датычыцца адлегласці... А што такое 160 кіламетраў? Гэта ўсяго дзве гадзіны на машыне. Дзве гадзіны — і вы ў іншым свеце. Я гэта называю «знаходзіцца на адлегласці аднаго фільма». Хтосьці ўладкоўваецца на канапе, уключае тэлевізар і глядзіць фільм. А нехта садзіцца ў машыну і за тыя ж дзве гадзіны едзе ў новае месца і даведваецца штосьці новае.

— А як успрынялі галерэю мясцовыя жыхары?

— Усё новае, як правіла, людзьмі ўспрымаецца насцярожана... Памятаю, калі мы з Лорай засадзілі ўчастак лавандай, вяскоўцы таксама спачатку не разумелі, маўляў, як гэта засадзіць увесь агарод кветкамі. А як жа бульба?.. Пасля прызвычаіліся і нават прыходзілі да нас на фестываль. Дарэчы, дзякуючы лавандаваму полю вёска ажыла. Тут ужо не засталося пустых дамоў — усе раскупілі. Вось і зараз некаторыя пакуль не разумеюць, як галерэя можа знаходзіцца ў вёсцы. Навошта яна тут? Тым не менш усім цікава. Цяпер шлях прагулак ва ўсіх мясцовых жыхароў ляжыць міма галерэі, каб паглядзець, што там такое.

Гаспадыня галерэі «Лепей» мастачка Лора Паўлава запрашае ўсіх на выставу сваіх карцін.

Гаспадыня галерэі «Лепей» мастачка Лора Паўлава запрашае ўсіх на выставу сваіх карцін.

У дамах і кватэрах на сценах рэдка можна ўбачыць твор мастацтва. Людзі набываюць дарагі санвузел, тэлевізар, але толькі не карціны... А шкада... «Ой, я ў мастацтве нічога не разумею», — гэтую фразу я чуў не ад аднаго чалавека. Мы ж спрабуем данесці, што мастацтва даступнае для ўсіх. Ты ж чуеш музыку — і яна табе альбо падабаецца, альбо не. Так і жывапіс. Карціна табе альбо падабаецца, альбо не. Культуру наведвання выставак, карцінных галерэй трэба пашыраць. Такім чынам, мы ўжо сёння сеем зерне любові да мастацтва. Хочам паказаць, што адпачынак можа быць не толькі перад тэлевізарам. Думаю, галерэя не апошні наш праект.

— Мне вельмі адгукнуліся словы з афішы першай выставы, якая зараз праходзіць у вашай вясковай галерэі: «Ніколі не позна стаць тым, кім ты хочаш стаць! Можна пачаць калі заўгодна».

— Сапраўды, Лора пачала свой шлях мастака ў 38 гадоў. Ёй спатрэбіліся дзесяцігоддзі, каб паверыць у сябе і пачаць дзейнічаць. Яна кажа, што цяпер стала значна больш шчаслівай. Я таксама пасля таго, як завяршыў рэканструкцыю вясковай хаты, адчуваю сябе хоць і стомленым, але шчаслівым. Асабліва як падумаю, наколькі важную справу для людзей мы робім. На адкрыцці галерэі было вельмі цёпла, душэўна, па-дамашняму. Людзей было няшмат. Прыехалі нашы сябры, сваякі... У нейкі момант да мяне падыходзіць Лора і кажа: «Уяўляеш, Артур, там да нас завіталі іншаземцы». Сапраўды, выходжу і бачу немца і японку. Лічу, гэта добры знак. Мы ж задумалі, што ў нас будзе міжнародная карцінная галерэя і самі таго не чакалі, але адкрыццё атрымалася міжнародным. Недарэмна кажуць: як карабель назавеш, так ён і паплыве... Таму не трэба баяцца, дазваляйце сабе самыя смелыя мары, рухайцеся ў абраным кірунку і яны абавязкова рана ці позна спраўдзяцца.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Фота з архіва герояў матэрыялу