Быць здаровым сёння — справа не толькі асабістая, але і дзяржаўная. Гэты момант агаворваецца ў Канстытуцыі Беларусі, а міжнародная ініцыятыва «Здаровыя гарады і пасёлкі», як заявіў на адным з Усебеларускіх народных сходаў Прэзідэнт, павінна перарасці ў маштабны дзяржаўны праект.


Любімае месца адпачынку ў Цяцерыне.

Любімае месца адпачынку ў Цяцерыне.

У Магілёўскай вобласці ўслед за Горкамі, дзе гэты праект быў запушчаны як пілотны яшчэ 10 гадоў таму, яго актыўным удзельнікам стала Круглае. За два гады поўнамаштабнага дзеяння на тэрыторыі аграгарадка Цяцерына створана добрая база для таго, каб чалавек мог рэалізаваць сваё права на здароўе. І гэта прыйшлося даспадобы мясцовым жыхарам. У планах улад — да канца гэтага года далучыць да карыснай ініцыятывы ўсе сельсаветы раёна.

Тэрэнкур, карысная ежа і прэмія за адмову ад курэння

— Ёсць зацікаўленасць кіраўнікоў сельгаспадарак і старшынь сельсаветаў, — расказаў галоўны санітарны ўрач Круглянскага раёна Ягор Гаўрыленка. — За кароткі тэрмін мы дасягнулі вельмі добрых вынікаў па Цяцерыне, нас адзначалі на ўзроўні вобласці, і з іншых абласцей калегі зацікавіліся. Астатнія сельсаветы пытаюцца, калі і іх падключаць да праекта. Магчыма, хутка раён цалкам будзе захоплены праектам. Патрабуецца спонсарская дапамога: дзесьці банер устанавіць, дзесьці плітку пакласці, развіць пэўныя камунікацыі. Але яно таго варта. Людзі ўбачылі, што пра іх рэальна клапоцяцца, не ўзнікае жадання з'язджаць. Цяпер у Цяцерыне шмат моладзі. Мясціны тут выдатныя: вадаёмы, лясы... Мы зрабілі экалагічны пашпарт аграгарадка.

Ягор Гаўрыленка з захапленнем расказвае, як працуе праграма «Здаровыя гарады і пасёлкі». У яе ўцягнуты ўсе суб'екты гаспадарання: школа, крамы, пошта, прадпрыемствы і арганізацыі, сацыяльная служба. У школе ўсталяваны сучасныя афтальмалагічныя трэнажоры, для прафілактыкі скаліёзу падабрана адпаведная мэбля.

— Дырэктар школы з намі на цеснай сувязі, — заўважае галоўны санітарны ўрач. — Мы даём рэкамендацыі, абмяркоўваем, які трэнажор патрэбны, дзе яго размясціць.

Як толькі Цяцерына ўключылася ў праект, у школьнай сталовай духавую печ замянілі на параканвектамат. Цяпер ежа тут больш карысная: катлета, напрыклад, не абсмажваецца, а запякаецца. Зараз вырашаецца праблема спажывання солі і цукру.

— Па выніках нашых маніторынгаў мы бачым, што дзеці пераядаюць гэтыя дабаўкі, — падзяліўся Ягор Гаўрыленка. — І гэта адбываецца не толькі ў школе. З шасці гадоў у дзяцей фарміруюцца шкодныя звычкі ў ежы. Мы пераглядаем тэхналагічныя карты, каб да мінімуму зменшыць колькасць гэтых дабавак.

У сталовай сельскагаспадарчага прадпрыемства «ААБ Агра-Цяцерына» наогул адмовіліся ад солі.

— Мы ўзгаднілі з аграгаспадаркай адпаведныя тэхналагічныя карты, зацверджаныя Саўмінам, — патлумачыў галоўны санітарны ўрач раёна. — Салянкі стаяць на стале. Калі трэба, самі пасоляць.

Прадпрыемства пайшло далёка ў выкананні рэкамендацый санслужбы. Нават унесла змяненні ў калектыўны дагавор. Калі чалавек, напрыклад, адмовіўся ад шкодных звычак, прадугледжаны бонус у выглядзе грошай або наведвання басейна. Гаспадарка зацікаўлена ў здаровых работніках, развівае спартыўны напрамак. Яе каманда пастаянна ўдзельнічае ў спартыўна-масавых мерапрыемствах і заўсёды ў лідарах.

«ААБ Агра-Цяцерына» распрацоўвае ўласныя методыкі захавання здароўя. Санітарна-бытавыя памяшканні прыведзены ў адпаведны выгляд, ёсць гарачае водазабеспячэнне, для разагрэву ежы ўстаноўлены мікрахвалёўкі. На кантролі — медыцынскія агляды. Калі ў кагосьці выяўлена захворванне, чалавек становіцца пад нагляд у амбулаторыі па месцы жыхарства.

У крамах аграгарадка ёсць паліцы здаровага харчавання. Гэта безглютэнавыя сумесі, дыетычныя прадукты, замяняльнікі цукру і гэтак далей. Распрацаваны маршруты для заняткаў тэрэнкурам. Ёсць такая методыка аздараўлення — прагулка па мясцовасці з плаўнымі пад'ёмамі і спускамі. Распрацаваны тры маршруты ўздоўж Цяцерынскага вадасховішча. Прагуляцца, вядома, можна і па горадзе. Але калі побач машыны, то якое тут аздараўленне? А тут лес, вадаём, чыстае паветра.

— Усе маршруты пазначаны, ёсць прыпынкі з лаўкамі, — расказвае Ягор Гаўрыленка. — Хада да вадаёма і прагулкі па беразе даюць станоўчы эфект. Гэты від адпачынку карыстаецца папулярнасцю, пахадзіць па экалагічных сцяжынках прыязджаюць нават з Круглага. Там, дарэчы, ёсць гаючая крыніца і купель. Дэпутаты разам з насельніцтвам паклапаціліся добраўпарадкаваць пляцоўку і паставілі ліхтары.

Здаровая школа — здаровыя дзеці

Цяцерынская школа ўражвае. У яе сценах фарміруецца матывацыя не толькі весці здаровы лад жыцця, але і быць патрыётам. Сенатар Аляксей Кушнарэнка дапамог абсталяваць клас ваенна-патрыятычнага выхавання па апошнім слове навукі і тэхнікі. Падпалкоўнік Сяргей Літвінюк, які займаецца ваеннай справай з вучнямі, з гонарам дэманструе памяшканне, дзе ўсе сцены і нават столь — наглядны дапаможнік па яго прадмеце.

Уздымаемся з Уладзімірам Аляхновічам, дырэктарам школы, заслужаным работнікам адукацыі, на другі паверх, і кожная прыступка лесвіцы нешта сімвалізуе.

— Яна называецца Лесвіцай поспеху, — удакладняе Уладзімір Адамавіч. — Бачыце, верхняя так і пазначана — «Поспех». А што для гэтага трэба? Вось кожная прыступка і расказвае. Першая — жаданне, паставіў мэту, верыш, што ўсё атрымаецца, спадзяешся, любіш тое, што робіш, адчуваеш ад гэтага шчасце і дасягаеш поспеху. А яшчэ ёсць Лесвіца здароўя. Там таксама пазначаны асноўныя пункты дасягнення мэты.

Другі год у школе існуе спартыўны клас: школьнікі любяць валейбол і лыжныя гонкі, не маюць шкодных звычак. «Усе выдатнікі, — кажа дырэктар. — Шасцёркі ў іх — рэдкасць». І вядзе ў клас, які ўвесь сёлета збіраецца паступаць у МДУ імя А. Куляшова. На маё здзіўленне дырэктар рэагуе жартам: «У нас хутка шмат настаўнікаў ідзе на пенсію — патрэбны новыя кадры». Умовы для вучобы тут выдатныя. У кабінеце рускай мовы і літаратуры, напрыклад, вялікая відэадошка. Настаўніца Тамара Скарабагатая адзначае, што так вывучаць класікаў значна прасцей.

На свае вочы ўбачыла, як арганізавана здаровае харчаванне дзяцей. Дырэктар школы паказаў, дзе захоўваецца стратэгічны запас вітамінаў, сабраных на школьных градках. Капуста, морква, цыбуля і ўсё астатняе з набору агародніны тут сваё. Вырошчваннем ураджаю займаюцца настаўнікі і ўсе 112 вучняў. У прасторнай сталовай таксама шмат напамінаў пра здаровую ежу.

— Харчаванне, фізкультура і выхаванне — нашы галоўныя інструменты, — кажа намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Анастасія Лемешава. — Сталі больш актыўна праводзіць тлумачальную работу па здаровым харчаванні з бацькамі. У школе ўсё пралічвае тэхнолаг, а дома мы не заўсёды гэта робім. Тое ж самае і з зарадкай. З яе пачынаюцца ўрокі. У нас ёсць тэнісныя і більярдныя сталы, спартзала, якая працуе і ў вячэрні час, стадыён. 16 гадоў запар мы ў спартакіядзе раёна былі першыя ў сваёй катэгорыі, упершыню сёлета аддалі кубак Комсенічам. Але абяцаем, што хутка яго вернем. Шмат праводзім работы па прафілактыцы шкоднай залежнасці, ладзім канферэнцыі, дзе дзеці расказваюць аднагодкам, як важна быць здаровым, самі гаворым пра гэта на бацькоўскіх сходах. У нас створана выдатнае адукацыйнае асяроддзе. І, ведаеце, ёсць плён — колькасць першаклашак у аграгарадку расце!

За справу ўзяліся дэпутаты

Народныя абраннікі першымі ўключыліся ў работу па прапагандзе здаровага ладу жыцця. Без іх прыцягнуць цецераўчан, у тым ліку пенсіянераў, было б складана. Старшыня Круглянскага райсавета Сяргей Храмцоў паказаў крыніцы, якія адрадзілі дэпутаты разам з насельніцтвам. Адна з іх побач з Цяцерынскай школай.

— Калісьці яна была крыніцай пітной вады для школы. На ёй гатавалі ежу, карысталіся для бытавых патрэб, — кажа ён. — Калі з'явіўся водаправод, крыніца прыйшла ў заняпад. У 2019 годзе вырашылі яе аднавіць. Прыбралі паваленыя дрэвы, зрабілі масткі. Экскаватар працаваў два дні. Затое бачыце, які чысты сподак крынічнага азярца атрымаўся! З яго вада ручайком бяжыць у Друць.

Побач з вадаёмам сцяжынкі здароўя, непадалёк нядаўна пасаджаны ельнік. Усё прыгожа і гарманічна звязана. Школьны стадыён непадалёк.

— Мы заўсёды на вышыні па спартыўных паказчыках і добраўпарадкаванні, — дзеліцца старшыня Цяцерынскага сельвыканкама Надзея Яроміна. — Летась наша зборная каманда заняла другое месца па міні-футболе, валейболе, лыжных гонках сярод працоўных калектываў раёна. А сёлета на абласных «Дажынках» у Слаўгарадзе атрымалі трактар «Беларус». Наш аграгарадок стаў пераможцам рэспубліканскага агляду-конкурсу па землекарыстанні і добраўпарадкаванні.

Намеснік старшыні Круглянскага райвыканкама Анжэла Лукашэвіч падсумоўвае:

— Здаровы лад жыцця на слыху ва ўсіх. Усе раёны падключаны да праекта, але найбольш актыўныя Горкі і мы. Праект «Здаровыя гарады і пасёлкі» аб'ядноўвае і дэмаграфію, і адукацыю, і ахову здароўя, і сацыяльную абарону, і выратавальныя службы, і праваахоўныя органы. Гэта заахвочванне пазбавіцца ад шкодных звычак, вакцынацыя, маніторынг здароўя, прафілактыка пажараў, дэвіянтных паводзін... Разам мы дапамагаем людзям заставацца здаровымі і актыўнымі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

г. Круглае.