Наш раён у межах выязнога семінара па Віцебскай вобласці 26 кастрычніка наведалі прадстаўнікі Нацыянальнага агенцтва па турызме на чале з начальнікам аддзела якасці і вучэбна-анімацыйнай работы дадзенага агенцтва Ганнай Вашчынчук.


Тэмай семінара стала “Аналіз турыстычнага патэнцыялу ў Шаркаўшчынскім раёне”.


Госці, а сярод іх былі кіраўнікі, прадстаўнікі турыстычных арганізацый, нацыянальнага агенцтва па турызме, грамадскіх турыстычных аб’яднанняў, экскурсаводы, гіды-перакладчыкі, выкладчыкі турыстычных дысцыплін, прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі, змаглі азнаёміцца з помнікамі гісторыі і культуры, архітэктурнымі збудаваннямі. Таксама была магчымасць даведацца, якія брэндавыя культурна-масавыя мерапрыемствы праходзяць у раёне, чым сёння можа зацікавіць турыстаў наш рэгіён. Каардынатарамі мерапрыемства выступілі намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Юрый Васілеўскі, галоўны спецыяліст райвыканкама Наталля Арэшкава і намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Іна Шынкевіч.


Спіс гісторыка-культурнай спадчыны нашага раёна налічвае 19 помнікаў, якія знаходзяцца пад дзяржаўнай аховай і ўяўляюць гістарычную каштоўнасць. У асноўным, гэта рэлігійныя пабудовы і палацава-паркавыя ансамблі. Менавіта з наведвання храмаў і пачалося знаёмства ўдзельнікаў семінара з турыстычным патэнцыялам Шаркаўшчыны.


Пра гісторыю Свята-Успенскай царквы расказалі настаяцель храма протаіерэй Пётр Бараноўскі і шаркаўшчынскі мастак Віктар Крук. Адметнасць храма ў тым, што самы непасрэдны ўдзел у зборы грашовых сродкаў на яго будаўніцтва ў пачатку мінулага стагоддзя прымаў айцец Канстанцін Жданаў, які быў арыштаваны ў 1919 годзе бальшавікамі, забіты імі ў Дзісне, а праз многа дзесяцігоддзяў далучаны праваслаўнай царквой да ліку святых.


На адной з цэнтральных вуліц райцэнтра ў 2015 годзе ўсталявалі помнік свяшчэннамучанніку Канстанціну Жданаву — нябеснаму заступніку шаркаўшчынскай зямлі. Непадалёк размяшчаецца і другі праваслаўны храм нашага гарадскога пасёлка — царква іконы “Усіх смуткуючых Радасць”, пра якую ўдзельнікам семінара расказаў інструктар па турызме фізкультурна-спартыўнага клуба “Шаркаўшчына” Міхаіл Пугаўка. Акрамя таго, Міхаіл Часлававіч на працягу ўсёй паездкі падрабязна знаёміў гасцей з гісторыяй і сучаснасцю Шаркаўшчынскага раёна.


Наступным прыпынкам сталі аграгарадок Лужкі і вёска Гарадзец. Амаль кожная вуліца гэтых мястэчак дыхае даўніной. Тут да цяперашняга часу захаваліся жылыя і былыя прамысловыя пабудовы 19-га стагоддзя, рэшткі сінагогі, царква і касцёл, а таксама брукаваная вуліца Мельнічная. Бібліятэкар Верацееўскай бібліятэкі, атэставаны экскурсавод Ларыса Мядзелец у сваім аповедзе падрабязна расказала пра гэтыя населеныя пункты, паходжанне назваў, славутых ураджэнцаў, іх жыццёвы шлях.


Шмат цікавых гістарычных фактаў удзельнікі семінара даведаліся і пра былое мястэчка Германавічы, а цяпер аграгарадок з аднайменнай назвай. Тут да цяперашняга часу захавалася і служыць прыхаджанам Стараверская Паморская Свята-Успенская царква, якой больш за сто год. На працягу больш чым двух стагоддзяў велічна ўзвышаецца над Германавічамі касцёл Перамянення Пана, які па сваёй архітэктуры і ўнутраным убранстве не ўступае лепшым каталіцкім храмам Беларусі.


Канчатковым пунктам турыстычнага падарожжа па гісторыка-культурных аб’ектах раёна стаў былы маёнтак графаў Шыраных у Германавічах. Цяпер у будынку размяшчаецца мастацка-этнаграфічны музей імя Язэпа Драздовіча і Дом ганчара.


Госці азнаёміліся з экспазіцыяй музея, прынялі ўдзел у майстар-класе па вырабе глінянага посуду. Прысутных зацікавіў працэс вырабу даматканых посцілак, дываноў і ручнікоў. Больш таго, кожны жадаючы змог папрацаваць на старадаўнім ткацкім станку, саткаць з нітак невялікія ўзоры на тканіне.


Ужо даўно візітнай карткай Шаркаўшчынскага раёна стаў народны клуб нацыянальнай кухні “Груца” Радзюкоўскага СДК. “Кулінары” гэтага аматарскага аб’яднання завіталі ў Германавічы, каб прадэманстраваць удзельнікам семінара прыгатаванне дранікаў і мучных бліноў на палаючай драўлянай калодзе. Яны ж прапанавалі і іншыя смачныя стравы беларускай кухні.


Перад падвядзеннем вынікаў мерапрыемства ў фае райвыканкама можна было набыць вырабы народных майстроў раённага цэнтра рамёстваў, сувенірную прадукцыю турысцка-інфармацыйнага пункта ФСК “Шаркаўшчына”.


— Гастранамічны, спартыўны, аздараўленчы, гістарычны, культурны, медыцынскі, паломніцкі — кожны з гэтых відаў турызму актыўна развіваецца ў Беларусі. І гэта далёка не поўны пералік. З кожным днём з’яўляецца ўсё больш новых спосабаў прыцягнення гасцей, — адзначыла Ганна Вашчынчук. — Сёння гасціннасць — гэта сінонім развіцця турыстычнага накірунку. Беларусь — унікальная крыніца рэсурсаў для арганізацыі аграэкатурызму. У апошні час асаблівым попытам карыстаецца адпачынак у аграэкасядзібах.


Падчас пасяджэння “круглага стала” прысутным прадэманстравалі відэапрэзентацыю Шаркаўшчынскага раёна, дзе расказваецца пра ўсе сферы жыцця нашага рэгіёна. Акцэнт тут зроблены на арганізацыі і правядзенні мясцовых фестываляў “Яблычны Спас”, “Бульбяны Фэст”, а таксама даецца падрабязная інфармацыя, якой спектр паслуг прадастаўляюць для турыстаў аграэкасядзібы.


Удзельнікі мерапрыемства прыйшлі да агульнай высновы, што Шаркаўшчынскі раён валодае ўнікальнымі помнікамі гісторыі і культуры, тут пражываюць гасцінныя, шчырыя і таленавітыя людзі, якія працуюць над адраджэннем, захаваннем і распаўсюджваннем багатай культурнай спадчыны сваіх продкаў. Несумненна, што такі патэнцыял павінен быць удасканалены, каб у далейшым стаць яшчэ больш запатрабаваным у турыстаў не толькі Беларусі, але і ў замежных гасцей.


Сяргей РАЙЧОНАК