Архімандрыт Кірыл (Бадзіч) для Хоцімска, лічы, анёл-ахоўнік. Як прыехаў сюды ў 1958 годзе ў якасці настаяцеля мясцовага храма, так і да пачатку гэтага года працаваў. Дзякуючы яму нанова адбудаваны сабор Святой Тройцы — гістарычна-культурная каштоўнасць другой паловы ХІХ стагоддзя, узведзены іншыя царкоўныя пабудовы, у тым ліку нядзельная школа для дзяцей. Ён жа ініцыятар тутэйшага фестывалю звону, стваральнік кнігі ўдзельнікаў войнаў — у ёй ім сабраны і пазначаны прозвішчы больш чым 11 тысяч ураджэнцаў раёна. 25 чэрвеня бацюшку споўнілася 95 гадоў, здароўе не дазваляе яму служыць Богу так, як ён гэта рабіў раней. На гэтым пасту яго змяніў новы настаяцель — айцец Павел. У сабора новы гаспадар, а тыя рарытэты, якія Кірыл (Бадзіч) збіраў усё сваё жыццё (у тым ліку і каштоўныя падарункі) і пра якія ён неаднаразова расказваў журналістам («Звязда» двойчы пісала пра ўнікальнага бацюшку і яго калекцыі), прызнаныя рэдкімі і значымымі для Беларусі. Менавіта дзякуючы бацюшку захаваліся ўнікальныя дарэвалюцыйныя іконы, рызы, кнігі, за якія ў савецкі час можна было атрымаць пакаранне. Сёння некаторыя з іх амаль музейнай каштоўнасці. Бацюшка ведае ім цану і сам паклапаціўся, каб усё гэта зберагчы для краіны і роднага сабора.


— Са згоды архімандрыта Кірыла пракуратура Хоцімскага раёна накіравала ў райвыканкам інфармацыю з прапановай разгледзець пытанне аб магчымасці надзялення каштоўных прадметаў спецыяльным прававым статусам і папаўнення імі нацыянальнай культурнай спадчыны, стварэння прававых гарантый па папярэджанні страты гэтых рэчаў, іх крадзяжу, а таксама для стварэння глебы для паломніцкага турызму, — паведаміла старшы памочнік пракурора Магілёўскай вобласці па прававым забеспячэнні, інфармацыі і грамадскіх сувязях Алена ШУМЕЙКА. — Было ўстаноўлена, што ў Свята-Траецкім саборы сапраўды знаходзяцца матэрыяльныя каштоўнасці, некаторым з якіх больш чым 300 гадоў. Рэчы ўяўляюць значнасць з пункту гледжання гісторыі, мастацтва і культуры.

Сярод рарытэтаў — камплекты адзення праваслаўнага служыцеля канца XVІІІ — пачатку XX стагоддзяў, іконы XІX стагоддзя з разнымі ківотамі і пазалотай, царкоўнае начынне з каштоўных металаў і кнігі XІX стагоддзя — усяго 260 прадметаў.

Па даручэнні пракуратуры галоўнае ўпраўленне культуры Магілёўскага аблвыканкама правяло работу па падрыхтоўцы прапановы аб наданні гэтым прадметам статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. Нядаўна на пасяджэнні Магілёўскага абласнога савета па пытаннях аховы гісторыка-культурнай спадчыны было прынята рашэнне прысвоіць царкоўным рарытэтам статус гісторыка-культурнай каштоўнасці трэцяй катэгорыі.

— Прапанову аб наданні статусу рыхтаваў Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Е. Раманава, — удакладніў галоўны спецыяліст упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Яўген БЕЛАВУСАЎ. — Музейныя эксперты выязджалі ў Хоцімск, вывучалі, фатаграфавалі, апісвалі гэтыя прадметы, і іх каштоўнасць пацвердзілася. Усе яны знаходзяцца ў храме і нікуды выносіцца не будуць. Уласнікам з'яўляецца епархія і хоцімскі сабор Святой Тройцы. Яны будуць знаходзіцца ў прыходзе і задзейнічаны ў богаслужэнні. Гэта рухомая гісторыка-культурная каштоўнасць і на яе распрацаваны пашпарт, падпісана ахоўнае абавязацельства.

— Дадзеная калекцыя сапраўды ўнікальная, айцец Кірыл збіраў гэтыя прадметы ўсё жыццё, у тым ліку прывозіў з Расіі, — кажа намеснік старшыні Хоцімскага райвыканкама Мікалай ХУЧАЎ. — Цяпер гэта гісторыка-культурная каштоўнасць і яе нельга будзе перамяшчаць за межы Беларусі. Кірыл Бадзіч — прыклад для пераймання, такіх, як ён, цяжка знайсці. Ён хоць і з характарам, але добры — заўсёды, калі трэба, мог дапамагчы. Нездарма ён лічыцца ганаровым грамадзянінам Хоцімска. За «проста так» падобнае званне не даюць. Такіх людзей наогул цяпер няма. Ён нічога не рабіў для сябе, усё толькі для Бога і сваіх прыхаджан. Таму і аўтарытэт мае, і павагу ад людзей. У нас дагэтуль успамінаюць пра фестываль звону, які ён арганізаваў. На яго прыязджалі бацюшкі нават з Расіі. Спадзяёмся, што наш новы настаяцель прадоўжыць такую традыцыю.

Нэлі ЗІГУЛЯ