Не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло, сцвярджае народная мудрасць. Пандэмія каранавіруса і ўсе яе наступствы пайшлі на карысць унутранаму турызму Беларусі. Людзі нарэшце пачалі знаёміцца з роднай краінай, адкрываць яе багацці, прывабнасць беларускіх мясцін. Палацы, помнікі, храмы, паркі, сядзібы, азёры — Беларусь умее здзіўляць як замежных турыстаў, так і саміх беларусаў. Але паўнавартасна і цікава расказаць аб усіх багаццях краіны могуць толькі самі беларусы. Менавіта з такой мэтай упершыню праводзіцца Рэспубліканскі конкурс сацыяльнай рэкламы «Пазнай Беларусь».

Арганізатарам з'яўляецца Нацыянальнае агенцтва па турызме пры падтрымцы Міністэрства спорту і турызму, Міністэрства інфармацыі, Міністэрства культуры і Міністэрства адукацыі. Аб'яднаныя погляды на родную краіну ад кожнага ўдзельніка конкурсу складуць цэлую карціну Беларусі, карціну непаўторную і цікавую для ўсіх.

Рэспубліканскі конкурс сацыяльнай рэкламы «Пазнай Беларусь» праводзіцца ў трох намінацыях. Расказваем, у якой форме можна прадставіць свой погляд на краіну. Удзельнікам намінацыі «слоган» трэба прапанаваць ёмісты, яскравы, эмацыянальны выраз, які характарызуе Беларусь. Важна звярнуць увагу на лаканічнасць, выраз павінен складацца з двух-сямі слоў — так ён будзе больш запамінальны. Арганізатары просяць дасылаць ідэі ў фарматах DOC/DOCX/RTF/TXT.

Для тых, хто бачыць Беларусь у вобразах і захапляецца яе краявідамі, падрыхтавана намінацыя «Плакат». Удзел у ёй дае канкурсантам магчымасць максімальна ўключыць фантазію і вобразнае ўяўленне пра Беларусь. Арганізатары звяртаюць увагу, што работы прадстаўляюцца ў фармаце JPG/TІFF з раздзяленнем не менш за 300 dpі, а фізічны памер аднаго файла не павінен перавышаць чатырох мегабайт.

Больш складаная, але не менш творчая і намінацыя «Відэаролік». Удзельнікам прапаноўваецца зняць міні-фільм пра Беларусь і паказаць яе ва ўсёй красе з адметнымі асаблівасцямі, цікавымі людзьмі, прыгожымі мясцінамі. Дасылаецца файл у фармаце AVІ. Арганізатары папярэджваюць, што важна вытрымаць хронаметраж. Зняць відэаролікі можна ў двух фарматах: тэлевізійным — 30 секунд — і пашыраным — не больш за дзве хвіліны. Ахвотным больш часу ўдзяліць Беларусі варта знаёміцца з ёй асабіста, а не на праз відэа.

Усе работы дасылаюцца на электронную пошту іnfo@belarustourіsm.by з пазнакай «#ПознайБеларусь» да 1 верасня 2021 годаПрыклад афармлення заяўкі.

плакаты.jpg

Конкурсныя работы прымаюцца на беларускай і рускай мовах. Замежная мова таксама можа выкарыстоўвацца, але пры ўмове, што такі тэкст адпавядае па змесце і афармленні тэксту на рускай ці беларускай мове. На гэтым патрабаванні ад арганізатараў заканчваюцца. Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца грамадзяне ўсіх узростаў, прафесій і заняткаў — кожны, хто любіць Беларусь і хоча пра яе расказаць. А гэты парыў абмежаваць немагчыма.

Рэспубліканскі конкурс сацыяльнай рэкламы «Пазнай Беларусь» праводзіцца з 7 чэрвеня да 27 верасня 2021 года. Для ўважлівага разгляду работ і іх аб'ектыўнай ацэнкі конкурс праводзіцца ў некалькі этапаў. З 7 чэрвеня да 1 верасня арганізатары прымаюць заяўкі, ствараюць журы з дасведчаных спецыялістаў. Затым з 6 верасня да 24 верасня будзе праводзіцца аналіз і ацэнка конкурсных работ, пачнецца падвядзенне вынікаў. А 27 верасня лаўрэаты і дыпламанты рэспубліканскага конкурсу сацыяльнай рэкламы «Пазнай Беларусь» стануць вядомыя публіцы і ва ўрачыстай атмасферы атрымаюць прызы.

Крэатыўныя ідэі канкурсантаў адкрыюць усе грані Беларусі, створаць яе жывы турыстычны брэнд і дадуць магчымасць кожнаму пазнаць краіну ва ўсёй яе прыгажосці.