Якія ў вас асацыяцыі пры слове «лаванда»? У мяне — легендарная песня Сафіі Ратару і казачныя бяскрайнія ліловыя палі Праванса, якія бачыла толькі на фотаздымках. Падчас цвіцення лаванды Францыя як магнітам прыцягвае шматлікіх турыстаў. Людзі гатовыя плаціць сотні еўра, каб зладзіць фотасесію на фоне квітнеючага лавандавага поля. Але каб удыхнуць водар Праванса, сёння зусім не абавязкова траціць шмат грошай. Лавандавыя палі, хоць пакуль і не такія маштабныя, ёсць і ў беларускіх вёсках.


Сотні прыгожых сэлфі...

«Не ўпусціце свой шанц! Толькі ў ліпені ў Беларусі квітнеюць лавандавыя палі, як у Правансе на блакітным беразе у Францыі. Колер, водар, асаблівая атмасфера. Вы зробіце сотні прыгожых сэлфі», — такую прывабную прапанову я знайшла ў інтэрнэце. Як бачыце, беларускія турфірмы не спяць у шапку, а ў сезон цвіцення лаванды актыўна ўключаюць у свой маршрут па беларускіх замках ды палацах і такую даволі экзатычную лакацыю. У прыватнасці, падчас тура па Гомельшчыне арганізаваныя групы турыстаў возяць на самую буйную ў нашай краіне плантацыю лаванды, што месціцца ў вёсцы Рудня Споніцкая Веткаўскага раёна. Яе гаспадар — фермер Алег Дабуляк, родам з Малдовы. Мужчына марыў пра яблыневы сад. Але не ўлічыў асаблівасцяў пясчаных глеб, і ў першы ж год усе пладовыя саджанцы загінулі. Выжыла толькі некалькі кусцікаў лаванды, прывезеных з малой радзімы. Фермер прызнаўся: вырошчваць лаванду пачаў больш для душы, бо, гледзячы на ўсе адценні фіялетавага колеру і ўдыхаючы неверагодна прыемны водар, зараджаецца энергіяй на цэлы дзень. Алег Дабуляк займаецца яшчэ і пчалярствам. Кажа, лавандавы мёд не толькі адрозніваецца асаблівым колерам, водарам і смакам, але і валодае гаючымі ўласцівасцямі. Ён па праве павінен быць аднесены да першасортных мядоў. Таму ў планах фермера ў некалькі разоў павялічыць колькасць духмяных кусцікаў. Акрамя таго, ён марыць з часам пачаць вырабляць са сваёй лаванды каштоўны эфірны алей, які прымяняецца ў парфумерыі і касметалогіі. Дарэчы, нягледзячы на тое што лавандавыя палі асацыіруюцца з Правансам, найбуйнейшым сусветным вытворцам прадукцыі з лаванды з'яўляецца Балгарыя. Штогод там вырабляецца 120 тон эфірнага алею, у той час як у Францыі — 30 тон за год.

На Лавандавым фестывалі пад Лепелем можна было набыць рукатворныя вырабы з лавандай.

На Лавандавым фестывалі пад Лепелем можна было набыць рукатворныя вырабы з лавандай.

У кожнай вобласці нашай краіны ёсць сваё лавандавае поле, дзесьці і не адно. Зразумела, пакуль што ў большасці карэнных вяскоўцаў такі спосаб выкарыстання зямлі выклікае здзіўленне. У прыватнасці, калі сем гадоў таму маладая сям'я з Брэста засадзіла ўчастак побач з бабулінай хатай на Палессі лавандай, па вёсцы пайшлі чуткі, што там  новы сорт... бульбы з фіялетавымі кветкамі.

Сезон цвіцення лаванды, як правіла, прыпадае на ліпень і доўжыцца ад двух да чатырох тыдняў у залежнасці ад рэгіёна і надвор'я. На большасці беларускіх палёў водарныя кветкі ўжо зрэзалі, але ёсць як мінімум яшчэ адно месца пад Мінскам, дзе цвіценне ў самым разгары. Таму пры жаданні можна паспець ускочыць у апошні вагон і здзейсніць сваю мару — зладзіць фотасесію ў лавандавым полі. Дарэчы, некаторыя гаспадары не толькі дапамагаюць знайсці прафесійнага фатографа, але і прапануюць сваім гасцям арандаваць сукенкі лавандавага колеру і іншыя аксесуары: чамаданы, плеценыя кошыкі, саламяныя капелюшы...

— У сезон шмат ахвотных прыехаць і зрабіць казачныя фотаздымкі на фоне квітнеючай лаванды, — кажа гаспадыня маладога лавандавага поля «Блакітны сад», што ў Вілейскім раёне, Вольга ЛЕАНОВІЧ. — Аднойчы дзяўчына з Мінска вырашыла зрабіць сюрпрыз сваёй сястры. Завязала ёй вочы і прывяла за руку на лавандавае поле. Было столькі пазітыўных эмоцый, што не перадаць словамі! Вельмі прыемна ўсведамляць, што ты маеш да гэтага непасрэднае дачыненне. Да нас, напрыклад, прыязджалі сужэнцы, што чакаюць малое, каб на лавандавым полі «даведацца» пол дзіцяці. Гэта быў, зразумела, жарт, але вельмі рамантычны. Не ва ўсіх ёсць магчымасць з'ездзіць у Праванс і ўбачыць бяскрайнія лавандавыя палі. У нас, вядома, не такія аб'ёмы, пакуль каля 300 кусцікаў лаванды, але мяне натхняе думка, што, магчыма, я камусьці дапамагу ажыццявіць даўнюю мару.

Гаспадыня лавандавага поля «Лаванда Лепей» Лора Паўлава збірае ўраджай.

Гаспадыня лавандавага поля «Лаванда Лепей» Лора Паўлава збірае ўраджай.


Букецік, які не псуецца

Здаўна лаванду вырошчваюць для прыгатавання лекаў, парфумы, касметыкі, вострых прыпраў. Калі кветкі лаванды пакласці ў цукар, закрыць ёмістасць шчыльным вечкам, то праз тыдзень вы атрымаеце лавандавы цукар, які смела можна дадаваць у гарбату ці кулінарныя вырабы — пячэнне, тарты, варэнне, джэмы.

— Людзі, што прыязджаюць на фотасесіі, хочуць нешта забраць на памяць, — кажа Вольга Леановіч. — Я пакуль прапаную свежазрэзаныя букецікі і саджанцы лаванды. Нядаўна пачала рабіць сашэ. Гэта мяшэчкі з засушанымі кветкамі лаванды, якія звычайна кладуць у шафу для араматызацыі адзення і як сродак ад молі. Цудоўна таксама напоўніць сушанай лавандай падушкі для сну, бо яе водар зніжае трывожнасць, дапамагае заснуць. Сёлета вельмі хачу прайсці майстар-класы, каб навучыцца рабіць мыла ды скрабы для лазні з лавандай.

А наогул у марах гаспадыні «Блакітнага саду» — адкрыць маленькую краму, дзе наведвальнікі круглы год змогуць набываць лавандавыя сувеніры. Бо лаванда — тая расліна, якая не псуецца ў засушаным выглядзе.

— Спадзяюся, усё атрымаецца, бо попыт ёсць, — кажа Вольга. — Людзі любяць усё натуральнае (наша лаванда расце без хімічных апрацовак і ўгнаенняў), а тым больш гэта вырашчана на роднай зямлі.

Лавандавае поле «Блакітны сад» знаходзіцца ў вёсцы Дуравічы, дзе раней жыла бабуля Вольгі.

— У Дуравічах праходзіла маё дзяцінства. Але гадоў 20 таму бабуля пераехала ў іншую вёску. Ішоў час, яе ўчастак адышоў дзяржаве. Не так даўно нам з мужам удалося вярнуць яго праз аўкцыён. Мне заўсёды падабаліся кветкі блакітных і сініх адценняў, таму ўздоўж сцяжынкі да дома пасадзіла з двух бакоў лавандавыя кусцікі. Неяк раз, гледзячы з акна на кухні на голае поле, падумала: а чаму б і там таксама не пасадзіць лаванду? Мы жывём і працуем у Мінску, на лецішчы бываем толькі па выхадных. А трава летам расце як на дражджах. Лаванда ж надзвычай непатрабавальная расліна. Мала таго, што мне падабаецца ёй займацца, дык і мужу крыху аблегчылася жыццё — трэба менш касіць.

Лавандавае поле «Лаванда Лепей» месціцца на беразе маляўнічага возера ў вёсцы Чаросава ў Лепельскім раёне. У пачатку ліпеня там прайшоў першы лавандавы фестываль з фотасесіямі, выставай карцін, канцэртам, прэзентацыяй прадукцыі.

— На фестывалі лаванда была паўсюль, — распавядае Артур ПАЎЛАЎ, гаспадар поля «Лаванда Лепей». — У выглядзе сашэ, свежазрэзаных букецікаў, лавандавага мёду, лавандавай гарбаты... Мы з жонкай Лорай (яна мастачка)  вельмі любім новыя знаёмствы, таму да нас на квітнеючае лавандавае поле прыязджаюць не толькі на фотасесіі, але і на міні-пікнікі, пленэры. Усе былі ў захапленні ад майстар-класа па маляванні лаванды акварэллю на лавандавым полі. А на мінулым тыдні вучылі ўсіх ахвотных зразаць лаванду ў пучкі. Частка іх пойдзе на духмяныя зборы для ваннай ды мядовыя свечы з пчалінага воску. Папулярнасцю карыстаюцца і букецікі, якія могуць радаваць не адзін год. Галоўнае — не ставіць на сонцы і каля батарэй.

Ідэя засадзіць участак у вёсцы лавандай у сям'і Паўлавых з'явілася зусім выпадкова.

— Пачалося ўсё з таго, што купілі закінуты стары дом у вёсцы за 180 кіламетраў ад Мінска, — распавядае Артур. — Аднойчы Лора ўбачыла ў знаёмай на лецішчы квітнеючы лавандавы куст. Яе зацікавіла гэтая кветка, і мы паехалі ў Латвію паглядзець на лавандавае поле. Яно так нас уразіла, што загарэліся зрабіць штосьці падобнае і ў сябе на ўчастку. Пасля вяртання пасадзілі тры кусцікі. З іх на працягу васьмі гадоў сваімі сіламі размножылі і стварылі поле больш як з тысячы лавандавых кустоў.

Нядаўна сям'я Паўлавых купіла яшчэ адзін маленькі ўчастак са старым домам непадалёк ад свайго лавандавага поля. Хочуць адкрыць там карцінную галерэю. А музычныя лавандавыя фестывалі зрабіць штогадовымі, і з часам выйсці на міжнародны ўзровень.

— Хочацца, каб турысты прыязджалі не толькі ў Праванс, але і да нас, на Віцебшчыну, — кажа Артур, — бо тут неверагодная прырода, палі, азёры.

Лавандавае поле ў ліпені — папулярнае месца для фотасесій. Зразаць лаванду ў «Блакітным садзе» пад Мінскам збіраюцца ў нядзелю, таму можна яшчэ паспець здзейсніць сваю мару.

Лавандавае поле ў ліпені — папулярнае месца для фотасесій. Зразаць лаванду ў «Блакітным садзе» пад Мінскам збіраюцца ў нядзелю, таму можна яшчэ паспець здзейсніць сваю мару.

Непатрабавальная прыгажуня

Паводле слоў Барыса АНОШАНКІ, вядучага навуковага супрацоўніка Цэнтральнага батанічнага сада Нацыянальнай акадэміі навук, на беларускіх палях лаванда вузкалістая (Lavandula angustіfolіa MІLL) адчувае сябе камфортна. Экзатычная прыгажуня дастаткова непатрабавальная ў доглядзе. Трэба толькі своечасова праполваць пустазелле і восенню ці вясной стрыгчы кусцікі, тады яны лепш растуць. Вялікі плюс — расліна звычайна не паддаецца ніякім хваробам і шкоднікам. Добра пераносіць засухі і маразы да -35 Со. Карацей, вырасціць лаванду ў нашых кліматычных умовах зусім не складана, галоўнае — правільна падабраць сорт (іх больш як 40, кожны валодае сваімі асаблівасцямі) для свайго рэгіёна.

У Беларусі, дарэчы, ёсць нават школа лаванды. Яе стварыла Алена Дзенісенка, якая 13 гадоў вырошчвае гэтыя ліловыя кусцікі. За мінулы час жанчына вывела для сябе асноўныя правілы догляду лаванды і дзеліцца імі з усімі ахвотнымі. Школа — гэта закрытая старонка ў «Інстаграме». Там сабраныя пасты з тэорыяй і відэаўрокі па ўсіх этапах вырошчвання лаванды, пачынаючы з насення і заканчваючы стрыжкай, чаранкаваннем, угнаеннямі, сушкай. Гэта своеасаблівая энцыклапедыя. У любы момант можна адкрыць пост на патрэбную тэму і вывучыць.

Паводле слоў Барыса Аношанкі, лаванда для Беларусі — культура не новая. Яна завезена на нашы землі дастаткова даўно. З гістарычных дакументаў вядома, што, напрыклад, у радзівілаўскім парку «Альба» ў Нясвіжы ў 1758 годзе вырошчвалі лаванду ў дэкаратыўных мэтах. Даследаваў лаванду і прафесар, французскі медык і батанік Жан Эмануэль Жылібер, які заснаваў першы беларускі батанічны сад ў Гродне.

— Як вы думаеце, ці ёсць перспектывы ў лаванды стаць беларускім турыстычным брэндам? — пацікавілася я ў Барыса Аношанкі, які ў Батанічным садзе займаецца лекавымі раслінамі.

— Ведаеце, чым адрозніваецца добрая кава ад выдатнай? Рэкламай. Беларускія лавандавыя палі можна разрэкламаваць не горш, чым праванскія. Цудоўна было б, каб яшчэ папулярызаваліся палі і з нацыянальнымі лекавымі раслінамі — напрыклад, рамонкамі, бо, як на мой густ, нашы кветкі нічым не горшыя за прывазныя.


Карысна ведаць

Вольга БУКАТ, біёлаг, выкладчыца фіташколы «Дывея», распавяла цікавыя факты пра лавандавы эфірны алей (далей — ЭА):

  • Гэта адзін з нямногіх ЭА, які можна наносіць на скуру, не разбаўляючы (разам з ЭА чайнага дрэва і ладану).
  • Надзвычай эфектыўны супрацьапёкавы сродак. Зніжае ступень апёку на адзінку, калі неадкладна нанесці на пацярпелае месца. Ратуе ад апёкаў кіпенем, прасам, агнём, а таксама баршчэўнікам Сасноўскага, пастарнакам, кіслотамі і шчолачамі.
  • Адносіцца да групы ЭА, якія расслабляюць, пры ўдыханні дапамагае справіцца з бяссонніцай, істэрыяй, нервовай узрушанасцю.
  • Аматары турысцкіх паходаў ацэняць ЭА лаванды як рэпелент ад мошак і камароў.
  • Падчас прастуды напаўняйце памяшканне, дзе знаходзіцеся, эфірамі алею лаванды. Для гэтага можна ўзяць старую пемзу і капнуць на яе некалькі кропель. Пемзу пакласці ў ванную, спальню, туалет, дзіцячы пакой, аўтамабіль і да т. п. Так вы ачуняеце нашмат хутчэй.
  • Пасля душу пагладзьце сябе па мокрых валасах далонямі, на якіх нанесены ЭА лаванды. Бляск забяспечаны.
  • Укусы вос і пчол праходзяць практычна без наступстваў і «свіны» вочак, калі адразу нанесці ЭА лаванды
  • А яшчэ ЭА лаванды дапамагае спыніць кроў пры парэзах. Калі ў вас ёсць малыя дзеці і пра цэлыя каленкі казаць не прыходзіцца, то ЭА лаванды ў дапамогу — наносім проста на ранку. Да таго ж ён яшчэ і абязбольвае.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Фота дадзены героямі матэрыялу