Конік скача па наезджанай дарозе, а мы ў паштовай карэце хутаемся ў цёплыя кажухі, слухаем вясёлы галасок званочка і, пакуль рамізнік вязе нас з губернскага Мінска ў павятовы Ігумен, разглядаем заснежаныя краявіды. Менавіта такім мы ўяўляем падарожжа па Ігуменскім тракце... Канешне, цалкам адчуць усе тыя эмоцыі, якія былі ў падарожніка пару стагоддзяў таму, калі сядзіш у камфартабельным аўтобусе, наўрад ці атрымаецца, але і сучасная вандроўка дазваляе зазірнуць у гісторыю, адкрыць паштовыя сакрэты і больш даведацца пра былы павет.

Ідэя аб падарожжы па Ігуменскім тракце з'явілася яшчэ дзесяць гадоў таму. Такі маршрут супрацоўнікі Чэрвеньскага раённага краязнаўчага музея распрацавалі да 625-годдзя горада. Праўда, доўгі час падарожжа пераважна было ўяўным — разам з юнымі наведвальнікамі музейшчыкі званілі ў званочкі паштовай карэты, «дастаўлялі» пошту і адкрывалі сакрэты павятовага горада. Сёння ў Ігумен можна выправіцца са старшым навуковым супрацоўнікам Чэрвеньскага раённага краязнаўчага музея Ірынай Вабішчэвіч, якая з'яўляецца атэставаным экскурсаводам на гэтым маршруце.


Палацава-паркаквы комплекс Ваньковічаў-Манюшкаў.

Палацава-паркаквы комплекс Ваньковічаў-Манюшкаў.

Старыя шляхі

Паводле пісьмовых крыніц, яшчэ з канца ХІІІ стагоддзя ў Мінску працавала княжацкая паштовая служба. У ХІV стагоддзі яна ўжо мела пэўную структуру, недзе з гэтага часу і пачынаецца рух па паштовым тракце. Яшчэ пры польскім каралі Станіславе Аўгусце было прыдумана паштовае кляймо, якое ставілася на карэспандэнцыю ў пунктах адпраўлення і прызначэння. Такія штампы робяцца і сёння.

У 1795 годзе Мінск становіцца цэнтрам паштовай службы на заходніх землях Расійскай імперыі. Ад яго ў розны бок беглі дарогі. На поўнач сыходзіў Віленскі тракт, ён ішоў праз Радашковічы і Ашмяны. Заходні тракт, які пралягаў праз Новы Свержань і Нясвіж, злучаў з Варшавай і далей з Венай. На ўсход праставаў Магілёўскі тракт, які пасля накіроўваў на Смаленск і на Маскву. Адзін са шляхоў вёў на Ігумен, а пасля праз Бабруйск на поўдзень.

Пісьмовыя крыніцы нават дапамагаюць удакладніць, у якім месцы ў Мінску стаяў паштовы двор, — непадалёк ад Кузьма-Дзям'янаўскага манастыра, які да нашага часу не захаваўся.

Дарэчы, сучасная мінская вуліца, якая носіць назву Ігуменскі тракт, да былой паштовай дарогі не мае дачынення. Хаця знаходзіцца недалёка — старадаўні шлях пралягаў там, дзе сёння знаходзяцца вуліцы Свярдлова, Маякоўскага і Чыжэўскіх.

Трактам у Расійскай імперыі называлі вялікія дарогі, пра якія яшчэ ў народзе казалі «бальшакі». Паміж губернскім Мінскам ды Ігуменам было ўсяго 60 вёрст, і, тым не менш, на гэтым шляху размяшчалася тры паштовыя станцыі: у Каралішчавічах, Смілавічах і Нятрэбах. І гэта пры тым, што ў той час нормай лічылася, што прыпынкі павінны стаяць на адлегласці ў 40 вёрст. Менавіта столькі коні маглі пераадольваць без адпачынку.

Рамізнік павінен быў рухацца з хуткасцю каля 9 вёрст у гадзіну. Затрымаецца ў дарозе — будзе аштрафаваны, прыедзе раней — таксама, бо гэта сведчыць, што ён не беражэ коней. Прасачыць яго шлях мог станцыйны наглядчык, які правяраў адзнакі з папярэдніх прыпынкаў.

І не трэба забывацца, якімі ў той час былі дарогі. У дажджлівае надвор'е паштовыя карэты маглі на іх захраснуць. У непагадзь ці ўначы, каб не збіцца са шляху, фурманы маглі адпускаць лейцы з надзеяй, што коні самі пойдуць па знаёмым ім шляху. Прытрымлівацца маршруту дапамагалі верставыя чорна-белыя слупы. У цёмны час яны былі добра бачныя пры святле ліхтара, якім забяспечвалася карэта.

Паштовыя сакрэты

На кожным прыпынку можна было альбо перапрэгчы коней, альбо даць ім адпачыць. Вазніцы дастаўлялі не толькі пошту, але і грузы і падарожнікаў. На аднаго каня магло выпадаць 10 пудоў грузу і адзін пасажыр.

Пэўныя перавагі пры абслугоўванні на станцыі былі ў кур'ераў, дзяржслужачых і людзей, якія мелі спецыяльную паперу, так званую падарожную. Дарэчы, копія такога дакумента захоўваецца ў Чэрвеньскім краязнаўчым музеі.

Фрагмент экспазіцыі Чэрвеньскага раённага краязнаўчага музея.

Фрагмент экспазіцыі Чэрвеньскага раённага краязнаўчага музея.

Пасля выканання задання рамізнікі маглі адпачыць у вольны дзень, а вось у станцыйнага наглядчыка такой магчымасці не мелася. Ён пастаянна павінен быў знаходзіцца на станцыі, прыслухоўвацца, ці не звініць званочак паштовай карэты, і ў любы час сутак прымаць падарожнікаў. У цёмны час запальваць ліхтар. Дапамагаць гасцям размясціцца на адпачынак, вырашаць іх пытанні і прымаць пошту.

На кожнай станцыі былі стол, табурэткі і хаця б адна канапа. Вядома, што Мінскі губернскі паштовы дом меў 45 коней, 15 паштовых карэт, 16 армякоў, столькі ж пар кажухоў. Цёплымі рэчамі забяспечваліся фурманы, пры неабходнасці іх маглі выдаць і важным пасажырам.

У халоднае надвор'е станцыйныя наглядчыкі сачылі і за тым, каб не астывала вада ў самавары, каб госці хутчэй маглі сагрэцца з дарогі чаем.

Падарожжа па Ігуменскім тракце дае магчымасць адкрываць цікавыя мясціны і гісторыю, у якую ўплецены лёсы знакамітых людзей, паданні, расповеды пра тое, чым займаліся, у што верылі і пра што марылі жыхары.

Вандроўка пралягае праз Смілавічы, дзе можна выпіць кавы ў французскай кавярні «Ратонда» — пад яе стылізавана адна з залаў музея «Прастора Хаіма Суціна». Тут жа даведацца пра творчасць знакамітых мастакоў Парыжскай школы — ураджэнцаў Смілавіч.

Генеалагічнае дрэва ў музеі «Прастора Хаіма Суціна».

Генеалагічнае дрэва ў музеі «Прастора Хаіма Суціна».

У музычнай гасцёўні Станіслава Манюшкі, якая створана ў гарадскім пасёлку, абавязкова трэба паслухаць музыку выдатнага кампазітара, заснавальніка польскай і беларускай оперы. У гэтым жа будынку працуе адзіны ў свеце музей, прысвечаны гэтай славутай асобе.

У адным з пакояў музея Станіслава Манюшкі.

У адным з пакояў музея Станіслава Манюшкі.

Можна паглядзець на палацава-паркавы комплекс Ваньковічаў-Манюшкаў, у якім працягваюцца рэстаўрацыйныя работы, і знайсці чорныя смілавіцкія сосны, якія пасадзіў дзядзька кампазітара — Казімір Манюшка, вядомы батанік. Альпійскія сосны, пасаджаныя ім 200 гадоў таму, — батанічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння. На жаль, адна з соснаў, калі гэтай зімой у межах семінара Нацыянальнага агенцтва па турызме мы наведалі парк у Смілавічах, стаяла сухая. Кажуць, што неаднойчы адсюль ужо бралі шышкі, якіх багата падае, але вырасціць з іх дрэўца ні ў кога не атрымалася. Запасліся шышкамі і мы — праверым, раптам у нас сасновае насенне ўзыдзе.

Наогул, у Смілавічах можна правесці цэлы дзень — і не факт, што вы паспееце азнаёміцца з усімі мясцовымі цікавосткамі. Для падарожнікаў тут ёсць нават падказка — графіці на адным з будынкаў, дзе пазначаны 22 мясціны, якія варта наведаць у гарадскім пасёлку. Але наша «паштовая карэта» ўжо спяшаецца ў Ігумен...

Ганна ПЯТРОВА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Аб самім слаўным горадзе Ігумен (ён жа — Чэрвень) — у наступным выпуску «Ігуменскага тракта».