У чэрвені 2022 года ў брэсцкім Гарадскім садзе ў рамках першага конкурсу ландшафтнага мастацтва «Горад-сад» з’явілася ўнікальная славутасць — Парк валуноў, аб мэтазгоднасці стварэння якога гаварылася ў артыкуле «Ці захаваем мы ўнікальныя валуны?» («Родная прырода», № 2/2022). Упершыню гэтая частка геалагічнай гісторыі нашай краіны ўвасобілася ў жыццё ў далёкім 1985-м, калі народжаная за 10 гадоў да гэтага ідэя акадэміка Г. І. Гарэцкага аб стварэнні ў Мінску парку валуноў набыла сваё месца ў жылым раёне Уручча.


Тут побач з Інстытутам геахіміі і геафізікі Акадэміі навук БССР размясціўся своеасаблівы музей пад адкрытым небам, аналагаў якому ў Еўропе, уласна кажучы, няма. Падобныя зборы буйных абабітых камянёў маюцца ў Швецыі і Літве, але з меншай колькасцю валуноў і зусім іншай падачай матэрыялу.

І вось нарэшце другі ў нашай рэспубліцы парк камянёў створаны ў Брэсце. Яго па праве можна назваць малодшым братам мінскага Музея валуноў. Гэтай прыроднай калекцыяй могуць цяпер цешыцца ўсе, каму цікавая, а таксама неабыякавая і дарагая родная прырода.

Упершыню ў Брэсце пра Парк валуноў загаварылі яшчэ ў 1990-я, калі ў мясцовых і рэспубліканскіх газетах і часопісах быў апублікаваны шэраг артыкулаў і нататак на гэтую тэму. Адбылося нават спецыяльнае пасяджэнне каардынацыйнага савета па ахове матэрыяльнай і духоўнай спадчыны пры Брэсцкім аблвыканкаме, дзе было прынята рашэнне аб стварэнні такога парку на адной з пляцовак горада. Кіраўніцтва аблвыканкама даручыла супрацоўнікам Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна стварыць карту размяшчэння геалагічных і гістарычных валуноў Брэсцкай вобласці, што і было паспяхова зроблена. Аднак далей за падрыхтоўчы этап справа тады не прасунулася.

У нашы дні праект быў рэалізаваны імкліва — усяго за паўгода. Над канцэпцыяй будучага парку працавалі вучоныя БрДУ імя А. С. Пушкіна, ландшафтныя архітэктары і дызайнеры Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта. Сумеснымі намаганнямі распрацавалі ідэю геалагічнай і эстэтычнай значнасці Парку валуноў, каб кожны наведвальнік змог адчуць прыгажосць і веліч прыроды сваёй краіны.

Трэба адзначыць, што тэрыторыя Брэстчыны за апошнія 700 тысяч гадоў не раз падвяргалася ўплыву вялізных мас лёду. Самае буйное, прыпяцкае, абледзяненне мела дзве стадыі — дняпроўскую (300–250 тысяч гадоў назад) і сожскую (195–130 тысяч гадоў назад). Гэтыя леднікі і прынеслі на Палессе з далёкай поўначы валуны, знойдзеныя геолагамі ў Брэсцкім, Камянецкім і Пружанскім раёнах. Музейнымі экспанатамі пад адкрытым небам сталі 42 валуны, самы масіўны з якіх — габро вагой каля 26 тон. Наогул буйныя валуны на Брэстчыне сустракаюцца нячаста, таму любы з іх даўжынёй больш за 2,5 м ужо цікавы і мае важную навуковую, пазнавальную і эстэтычную каштоўнасць.

Усе валуны ў парку размешчаны не хаатычна, а ў адпаведнасці з уяўленнямі чалавека аб прыгажосці і гармоніі з прыродай. Дарэчы, важная дэталь — дарожка, якая вядзе да зоны адпачынку: яна складзена са старых гранітных бардзюраў, якія былі зняты падчас рэканструкцыі вуліц абласнога цэнтра. Гэта сімвалічна з пункту гледжання агульнасусветнай тэндэнцыі экалагізацыі: другаснае выкарыстанне прыродных матэрыялаў набывае новае жыццё і гарманічна ўпісваецца ў агульную канцэпцыю.

Брэсцкі Парк валуноў мае некалькі лакацый, найважнейшыя з якіх — «Палі Беларусі» і «Лясы Беларусі» — створаныя ландшафтным архітэктарам Наталляй Мартысюк.

Першая зона — вобраз палёў. Гэта жывая інсталяцыя, якая ўключае сем валуноў і лаву з дубовага слэба (падоўжнай апілоўкі суцэльнага ўчастку драўніны), размешчаныя вакол адзінокай бярозы. Дапаўняе кампазіцыю пасаджаная монаблокам пажарніца востракветкавая, якая сімвалізуе злакавыя палі нашай краіны. У якасці функцыянальнай засыпкі паверхні выкарыстаны дробны камень.

Другая зона — вобраз лясоў. Яна ўключае дзевяць валуноў з лавай са слэба дуба. Фонам для дадзенай кампазіцыі служаць ствалы сухіх соснаў, якія загінулі ад нашэсця жука-караеда і выдалены з лясных масіваў у наваколлях Брэста. Вакол ствалоў — дэкаратыўная засыпка з кары хвойных дрэў, нібыта апалая з пашкоджаных караедам дрэў.

Ідэя кампазіцыі заключаецца ў прыцягненні грамадскай увагі да гэтай даволі сур’ёзнай экалагічнай праблемы, характэрнай для ўсёй Беларусі. У цэнтры яе — невялікі саджанец маладой сасны як сімвал адраджэння новага жыцця. Дапаўняюць карціну піксельныя пасадкі аўсяніцы шызай — тыповай расліны пясчаных глеб, якая расце на краі хваёвага лесу. На працягу двух-трох гадоў на месцы сухіх дрэў паступова будуць высаджваць жывыя расліны, каб падкрэсліць бесперапыннасць і цыклічнасць жыцця. Дарэчы, такім чынам факусіруюць увагу на пытаннях экалогіі ў многіх гарадах свету, такіх як Масква, Нью-Ёрк і іншых. Ідэя стварэння Парку валуноў у Брэсце, як адзначалася вышэй, з’явілася шмат гадоў назад і вось цяпер яна паспяхова рэалізавана пры актыўнай падтрымцы мясцовых органаў улады. Праект заняў першае месца ў конкурсе ландшафтнага мастацтва «Горад-сад», прычым адразу ў дзвюх намінацыях — «Зялёны горад» і «Выстаўка праектаў і рэалізаваных ідэй у ландшафтнай архітэктуры». Наступны крок — абвяшчэнне брэсцкага Парку валуноў, а, магчыма, і іншых «ледавіковых славутасцяў» Брэстчыны помнікамі прыроды мясцовага, а можа, і рэспубліканскага значэння.

Валуны з Брэсцкай вобласці меншыя па памерах, чым у іншых рэгіёнах краіны, але менавіта ў парку можна ацаніць іх некранутую прыгажосць, марфалогію, склад і захаванасць. Больш за тое, створаная зялёная зона — не толькі модны арт-аб’ект прыгранічнага Брэста і ўлюбёнае месца адпачынку гараджан і гасцей горада, але і своеасаблівая навучальная лабараторыя пад адкрытым небам для ўсіх ахвотных. На тэрыторыі экспазіцыі ўстаноўлены таблічкі з кароткімі тлумачэннямі і QR-кодамі, якія вядуць на сайт Парку валуноў, што паступова будзе папаўняцца актуальнай інфармацыяй аб камянях, геалогіі і прыродзе Беларусі. Гэта вельмі важная культурная і адукацыйная задача.

У перспектыве — стварэнне экспазіцый «Сухая рака», «Камяні, якія падаюць», «Брэсцкі кромлех» і, магчыма, асобнай пляцоўкі з гістарычнымі валунамі. Усё гэта павысіць цікавасць жыхароў і гасцей Брэста, у тым ліку школьнікаў і студэнтаў да асаблівасцяў геалогіі і гісторыі Беларусі і паслужыць павышэнню турысцка-рэкрэацыйнага патэнцыялу горада.

Мясцовыя спецыялісты гатовы і далей дапамагаць у рэалізацыі стратэгіі развіцця Брэста як горада-саду і паступовага ператварэння яго ў разумны горад. Так, менавіта ў БрДУ імя А. С. Пушкіна з гэтага года ўпершыню ў Беларусі пачнуць рыхтаваць спецыялістаў будучыні — урбанолагаў і сіці-менеджараў. Адукацыйная праграма будзе пабудавана на сучасных сусветных падыходах да кіравання гарадскім развіццём і дасць магчымасць сфарміраваць унікальных спецыялістаў па такіх кірунках, як гарадскі дызайн, гарадское планаванне і інш.

Альберт БАГДАСАРАЎ, прафесар

Максім БАГДАСАРАЎ, прафесар, член-карэспандэнт НАН Беларусі

Фота Максіма БАГДАСАРАВА

Друкуецца ў часопісе «Родная прырода»