Краіна шукае новыя магчымасці для развіцця розных складнікаў эканомікі. І турыстычныя праекты займаюць у гэтым плане далёка не апошняе месца. Пра здабыткі і рэсурсы турыстычнай галіны прадстаўнікі газеты «Звязда» пагутарылі з дырэктарам Нацыянальнага агенцтва па турызме Паўлам Сапоцькам.


— Павел Міхайлавіч, Нацыянальнае агенцтва па турызме сваёй асноўнай мэтай ставіць пытанне садзейнічання развіццю турызму ў Рэспубліцы Беларусь і рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сферы турызму і гасціннасці... Калі гэтыя мэты неяк прасцей раскрыць, чым усё ж такі займаецца згаданае агенцтва?

— Спектр задач нашага агенцтва надзвычай шырокі: ажыццяўленне інфармацыйнай падтрымкі арганізацый сферы турызму, прасоўванне іх паслуг на ўнутраным і знешнім турыстычных рынках; арганізацыя і ўдзел у рабоце міжнародных турыстычных выставак у Беларусі і за яе межамі; умацаванне міжнародных сувязяў у сферы турызму, садзейнічанне развіццю міжнароднага і трансгранічнага турызму; навукова-метадычнае і вучэбна-аналітычнае забеспячэнне турыстычнай індустрыі, правядзенне маркетынгавых даследаванняў, садзейнічанне ў стварэнні новых канкурэнтаздольных турыстычных праграм; ажыццяўленне менеджменту якасці турыстычных паслуг, арганізацыя і правядзенне навучальных семінараў для экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў, а таксама мерапрыемстваў для прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі.

Таксама мы займаемся падрыхтоўкай, выданнем і распаўсюджваннем шматлікіх рэкламна-інфармацыйных матэрыялаў пра Беларусь, яе турыстычны патэнцыял, гісторыка-культурную спадчыну, прыродныя багацці (альбомаў, каталогаў, буклетаў, брашур, турыстычных карт, даведнікаў), стварэннем ролікаў пра турыстычныя магчымасці нашай краіны і яе рэгіёнаў; вядзём і актуалізуем Дзяржаўны кадастр турыстычных рэсурсаў Рэспублікі Беларусь і Нацыянальны рэестр экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў Рэспублікі Беларусь. У нашай кампетэнцыі — правядзенне канферэнцый, круглых сталоў, выставак, конкурсаў з мэтай забеспячэння пастаяннага прафесійнага дыялогу спецыялістаў галіны, арганізацыя турыстычных праграм, скіраваных на патрыятычнае выхаванне моладзі і іншыя не менш важныя задачы.

— Ці можна нейкім чынам спрагназаваць развіццё ўнутранага турызму, нягледзячы на найскладанейшую пандэмічную сітуацыю?

— Безумоўна! У сувязі з эпідэміяй цэнтр цяжару пасунуўся на ўнутраны турызм, які і з'яўляецца магутным рэсурсам з пункту гледжання сацыяльна-эканамічнага развіцця, і спрыяе адраджэнню рэгіёнаў, і асаблівую важнасць мае для грамадзянска-патрыятычнага выхавання.

У Беларусі актыўна развіваецца культурна-пазнавальны, ваенна-гістарычны, сельскі, прамысловы, медыцынскі, гастранамічны турызм. У 2020 годзе распрацаваны новыя турыстычныя праграмы, абноўлены экскурсійныя маршруты, з'явіліся кластэры з цікавымі ідэямі. Кластэры аб'ядноўваюць гісторыка-культурныя і іншыя аб'екты адразу некалькіх рэгіёнаў краіны. У беларускіх аграсядзібах пашыраны пералік паслуг, з'явіліся новыя праграмы гістарычнай рэканструкцыі. Не застаюцца ўбаку музеі, якія актыўна ствараюць розныя мабільныя праграмы, сродкі віртуальнай і дадатковай рэальнасці, аўдыягіды і іншыя навінкі электроннага характару. Усё гэта, мы перакананыя, стымулюе беларусаў ездзіць, глядзець, знаёміцца, атрымліваць асалоду ад уражанняў і... здзіўляцца!

— А хіба беларусы, на ваш погляд, здольныя ўвогуле масава вывучаць сваю краіну? Ці нас больш усё ж такі цягне ў Егіпет і Турцыю?

— Зразумела, турэцкі бераг і егіпецкія піраміды цягнуць да сябе! Але з вялікай зацікаўленасцю нашы суайчыннікі падарожнічаюць і па роднай краіне, адкрываючы для сябе нешта новае і цікавае. Бо турызм — гэта самы эфектыўны сродак СПАЗНАЦЬ БЕЛАРУСЬ, вывучыць гісторыю, захапіцца ўласнай нацыянальнай культурай. Дзеля гэтага ў нас ёсць літаральна ўсё: замкі і палацы, старадаўнія храмы розных канфесій, маляўнічыя прыродныя ландшафты, унікальныя нацыянальныя паркі і запаведнікі, яркія фестывалі і святы. У нас багатая нематэрыяльная спадчына, уражальная нацыянальная кухня і ўвогуле шмат што ёсць такога, да чаго хацелася б прыхінуцца. У кантэксце размовы прыгадваюцца словы іспанскага філосафа і пісьменніка Хасэ Артэга-і-Гасета: «Нікчэмнае тое жыццё, у якім не кіпіць вялікая прага да пашырэння сваіх межаў...» Але гэта дакладана не пра беларусаў, якія заўсёды вызначаліся патрэбай у пазнанні нечага новага.

— Апошнія 10—15 гадоў болей акрэслена гавораць пра падвіды турыстычнага прадукту: пра прамысловы турызм, аздараўленчы турызм і г. д. Як складваюцца справы ў гэтых кірунках?

— Работа ў гэтым рэчышчы ніколі не спынялася. Вельмі цікавыя праграмы прапануюць беларускія прамысловыя прадпрыемствы, сярод якіх — БелАЗ, МТЗ, кандытарская фабрыка «Камунарка» і іншыя лідары айчыннай прамысловасці. Многім даспадобы наведванні шклозавода «Нёман», фабрык «Слуцкія паясы» і «Белмастацкераміка», малочных заводаў і іншых прадпрыемстваў. Усё гэта суправаджаецца лекцыямі, сустрэчамі са спецыялістамі, аглядам прадукцыі, дэгустацыямі, майстар-класамі. У найбліжэйшы час агенцтва правядзе азнаямляльныя мерапрыемствы для экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў на некаторых прадпрыемствах канцэрна «Беллегпрам». Нядаўна правялі перагаворы з кіраўніцтвам Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм», якая валодае ўнікальным фондам гульнявога рэквізіту, касцюма, піратэхнічных сродкаў. Для турыстаў будзе цікавы працэс стварэння фільмаў як у павільёнах, так і на натурнай пляцоўцы. Пра медыцынскі турызм у свеце з кожным днём даведваецца ўсё больш людзей. Стаматалогія, трансплантацыя органаў і тканак, спелеалячэнне, камп'ютарная дыягностыка... Дзякуючы кваліфікаваным спецыялістам і сучасным медыцынскім цэнтрам у Беларусь едуць на лячэнне, а таксама для атрымання кансультацый медыкаў з самых розных краін. З мэтай аздараўлення ў беларускіх санаторыях нашу краіну наведвае ўсё большая колькасць замежнікаў. Канешне, усё пералічанае істотна ўмацоўвае імідж нашай дзяржавы.

— Магчымасці ўнутранага турызму — гэта, верагодна, і велізарны патэнцыял той шырокай музейнай дзейнасці, якую ажыццяўляюць у нашай краіне. Наколькі актыўна Нацыянальнае агенцтва садзейнічае прыцягненню музеяў у фарміраванне цэльнага турыстычнага патэнцыялу Беларусі?

— Вы, вядома ж, зусім правільнае меркаванне выказваеце! Музей — найважнейшая частка ў ланцужку агульнай турыстычнай сістэмы. Мы плануем актыўна прыцягваць музеі як Мінска, так і рэгіёнаў у стварэнне новых турыстычных маршрутаў, а таксама аказваць магчымую інфармацыйную падтрымку. Сёння беларускія музеі валодаюць цікавымі пастаяннымі экспазіцыямі, арганізоўваюць часовыя выставачныя праекты, праводзяць праграмы гістарычнай рэканструкцыі, ствараюць інтэрактыўныя комплексы, прапаноўваюць розную сувенірную прадукцыю. Паход у музей — гэта паглыбленне ў гісторыю і знаёмства з багатай культурай беларусаў. Цікавасць уяўляюць новыя музеі — музей В. К. Бялыніцкага-Бірулі — філіял Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, музей гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча — філіял Віцебскага цэнтра сучасных мастацтваў, музей Станіслава Манюшкі — філіял Чэрвеньскага раённага краязнаўчага музея, музей Хаіма Суціна ў гарадскім пасёлку Смілавічы.

Турыстам будзе цікава пазнаёміцца з новымі пастаяннымі экспазіцыямі, такімі як «Музей вайны — тэрыторыя міру» ў Мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць — герой», «Мінск. Верхні горад. Археалагічны музей» у Музеі гісторыі горада Мінска, «Беларускія яўрэі» ў Іў'еўскім музеі нацыянальных культур і іншымі. Вялікую цікавасць выклікаюць таксама ведамасныя музеі, школьныя музеі.

— Гістарычнае, літаратурнае, геаграфічнае і нават мастацкае краязнаўства — гэтыя галіны грамадскай, асветніцкай дзейнасці прыкметна заўважныя ў вырашэнні задач дзяржаўнай палітыкі ў галіне турызму?

— Краязнаўцы — добрыя памагатыя і сябры любога арганізатара турыстычнай праграмы, бо яны валодаюць шырокімі ведамі па гісторыі і культуры пэўнага рэгіёна, ім больш блізкія дзіўныя факты, якія можна абыграць у рабоце экскурсавода і якімі можна здзівіць экскурсанта. Роўна год таму ў Мінску на базе Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь адбыўся І Рэспубліканскі краязнаўчы форум Беларусі, да арганізацыі якога самае непасрэднае дачыненне мелі і Міністэрства культуры, і Міністэрства інфармацыі. Форум раскрыў велізарны патэнцыял гэтага феномена — краязнаўства! Таму гістарычнае, літаратурнае, мастацкае краязнаўства можа легчы ў аснову новых цікавых і змястоўных экскурсійных маршрутаў па розных рэгіёнах Беларусі.

— Як вы лічыце, а сёння, улічваючы многія складанасці пандэміі, ці мае сэнс пашырэнне інфармацыйных патокаў пра турыстычны патэнцыял Беларусі ў іншых краінах свету?

— Гэта надзвычай важна! Адна з нашых задач — шырокае інфармацыйнае суправаджэнне сферы турызму: правядзенне прэс-тураў, арганізацыя спецыяльных праектаў са СМІ, падрыхтоўка спецвыпускаў друкаваных выданняў, запуск тэматычных рубрык у сацыяльных сетках, падрыхтоўкі цыкла праграм на тэлебачанні і іншае. У планах — стварэнне ролікаў пра турыстычныя магчымасці Беларусі, кожнай вобласці і Мінска з далейшым забеспячэннем шырокай іх трансляцыі на Беларускім тэлебачанні, на ўласных інфармацыйных рэсурсах, парталах арганізацый-партнёраў, сайтах арганізацый беларускай дыяспары ў розных краінах свету і іншым. Займаемся ўдасканаленнем сайта Нацыянальнага агенцтва па турызме, а яшчэ мадэрнізуем афіцыйны турыстычны партал Беларусі, удасканальваем яго тэхнічныя магчымасці, насычаем актуальным кантэнтам, які ўтрымлівае інфармацыю пра краіну, яе гісторыка-культурную і прыродную спадчыну, знакавыя падзеі, арганізацыі турызму, установы культуры, навіны...

Крыніца: газета «Звязда»